Перайсьці да зьместу

Андрэй Шаўчэнка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Андрэй Шаўчэнка
Андрэй Шаўчэнка
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 29 верасьня 1976(1976-09-29)[1][2] (48 гадоў)
Дворкіўшчына, Ягатынскі раён,
Кіеўская вобласьць, Украіна
Рост 183 см
Вага 83 кг
Пазыцыя нападнік
Моладзевыя клюбы
1986—1994 Дынама Кіеў
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1994—1999
1999—2006
2006—2009
2008—2009
2009—2012
Дынама Кіеў
Мілян
Чэлсі Лёндан
Мілян (арэнда)
Дынама Кіеў
117 (60)
208 (127)
47 (9)
18 (0)
55 (23)
Зборныя
1995—2012 Украіна 111 (48)
Трэнэрскія клюбы
2016—2021
2021—
Украіна
Джэноа

Андрэ́й Мікала́евіч Шаўчэ́нка (па-ўкраінску: Андрій Миколайович Шевченко; нарадзіўся 29 верасьня 1976 году, сяло Дворкіўшчына, Ягатынскі раён, Кіеўская вобласьць) — былы ўкраінскі футбаліст. Заслужаны майстар спорту Ўкраіны (2003). У цяперашні час зьяўляецца галоўным трэнэрам «Джэноа».

Шаўчэнка — выхаванец футбольнай школы кіеўскага «Дынама». У 2004 годзе быў уганараваны прызам «Залаты мяч», які ўручаецца найлепшаму футбалісту Эўропы па выніках году. Да гэтага ў галасаваньні за «Залаты мяч» двойчы займаў трэцяе месца. З 1999 па 2006 годы гуляў у італьянскім клюбе «Мілян», за гады выступу ў якім стаў другім найлепшым бамбардзірам у гісторыі клюбу. 26 траўня 2006 году разам з прэзыдэнтам «Міляну» Адрыяна Галіяні Андрэй Шаўчэнка правёў прэс-канфэрэнцыю, на якой афіцыйна абвясьціў аб сваім рашэньні пакінуць «Мілян» па сямейных абставінах[3]. 31 траўня 2006 году ён падпісаў кантракт зь лёнданскім клюбам «Чэлсі». Ён атрымаў у камандзе сёмы нумар, пад якім выступаў у «Міляне» й зборнай Украіны. Ад 29 жніўня 2009 году ён вярнуўся ў кіеўскае «Дынама», за якое выступаў да 2012 году. 15 ліпеня 2016 году прызначаны галоўным трэнэрам нацыянальнай зборнай Украіны.

Андрэй Шаўчэнка нарадзіўся 29 верасьня 1976 году ў горадзе Ягатыне (Кіеўская вобласьць). Першыя гады яго жыцьця мінулі ў пасёлку Дворкіўшчына, затым у 1979 годзе сям’я пераехала ў Кіеў у адзін з новых гарадзкіх раёнаў — Абалона.

Першыя крокі ў футболе Андрэй зрабіў на спортпляцоўцы сярэдняй школы нумар 216 (тут ён вучыўся зь першай па дзясятую клясу, у 1983—1993 гг.). Гуляў за каманду жэка, якой кіравала інструктар-жанчына. На адным зь дзіцячых турніраў Шэву зацеміў трэнэр дзіцяча-юнацкай спартовай школы кіеўскага «Дынама» Аляксандар Шпакаў, запрасіўшы ў сваю клясу.

Бацькі Андрэя спачатку былі супраць захапленьня сына. Мікалай Шаўчэнка жадаў, каб пасьля заканчэньня школы спадчыньнік пайшоў па яго ступнях — стаў вайскоўцам. Ды і езьдзіць на трэніроўкі трэба было праз увесь горад. Але Шпакаў пераканаў Мікалая Рыгоравіча і маму Андрэя, Любоў Мікалаеўну, у тым, што ў іх дзіцяці ёсьць далягляды ў футболе. Гульня ў скураны мяч стала для Шэвы галоўнай справай у жыцьці.

Але заняткі спортам ледзь не былі перакрэсьленыя аварыяй на атамнай станцыі ў Чарнобылі. Увесну 1986-га кіеўскіх школьнікаў сьпешна вывозілі далей ад рэгіёнаў, «пазначаных» радыяцыяй. Да шчасьця, усё абыйшлося, вярнуўшыся дадому, Андрэй працягнуў спасьцігаць асновы вялікай гульні.

Каманда, у якой выступаў Шэва (у 1992 годзе Шпакава на трэнэрскім пасту зьменіць Аляксандар Лысенка), у жніўні 1991-га стала пераможцам апошняга першынства СССР сярод юнакоў 1976 году нараджэньня. У яе складзе Шаўчэнка, распачыналы, дарэчы, на пазыцыі апорнага паўабаронцы, заваяваў свае першыя міжнародныя прызы і тытулы. У 1990-м юныя дынамаўцы выйгралі ва Ўэльсе «Кубак Яна Раша», а Андрэй, стаўшы лепшым бамбардзірам, атрымаў у падарунак ад знакамітага бамбардзіра пару буцаў. Упершыню пабываўшы ў Італіі на стадыёне «Сан-Сыра», Шаўчэнка абзавёўся марай — згуляць калі-небудзь на гэтай услаўленай арэне.

Шлях на Апэніны, натуральна, ляжаў праз кіеўскае «Дынама». У першынстве Ўкраіны-1992/93 Андрэй праводзіць шэсьць матчаў у складзе другой каманды ўслаўленага клюбу, якая выступала ў другім дывізіёне пад кіраўніцтвам трэнэра Ўладзімера Анішчанкі. А ўжо ў наступным сэзоне з 12 мячамі становіцца найлепшым бамбардзірам гэтага калектыва.

26 красавіка 1994 году Шаўчэнка ўпершыню зьяўляецца на «вялікім экране» — украінскае тэлебачаньне трансьлюе зь Львова матч сваёй юніёрскай зборнай супраць галяндзкіх аднагодкаў. Андрэй забівае адзін з двух мячоў (паядынак завяршаецца ўнічыю — 2:2), дэманструючы выдатную тэхніку і байцоўскі характар.

8 лістапада таго жа году 18-гадовы форвард дэбютуе ў асноўным складзе кіеўскага «Дынама». У сустрэчы з «Шахцёрам» ён на 54-й хвіліне зьмяняе Джышкарыяні. Увосень і ў пачатку зімы 1994-га апісаньне шматлікіх падзеяў у футбольнай біяграфіі Андрэя пачынаецца словам «упершыню»: 11 кастрычніка ў паядынку з камандай Славеніі (1:0) ён дэбютаваў у моладзевай зборнай (трэнэр — Уладзімер Мунцян), 23 лістапада згуляў свой першы матч у Лізе чэмпіёнаў («Дынама» саступіла ў Маскве «Спартаку» — 0:1, а Шаўчэнка на 57-й хвіліне замяніў Раброва), 1 сьнежня забіў першы гол у вышэйшай лізе (у вароты «Дняпра», усталяваўшы канчатковы рахунак матчу — 4:2), а 7-га ўпершыню адзначыўся ў Кубку чэмпіёнаў, забіўшы мяч мюнхэнскай «Баварыі» (дынамаўцы прайгралі — 1:4).

Толькі праславуты нямецкі характар і жахлівае нешанцаваньне мяшае камандзе-зорцы Лабаноўскага прабіцца ў фінал Лігі чэмпіёнаў-1998/99. Але лёс Шаўчэнкі вырашаны — дыямэнт такой агранкі павінен зіхацець у адным з заходніх супэрклюбоў. «Мілан» дамагаецца свайго: 1 ліпеня Андрэй пазуе ў чырвона-чорнай суколцы на віа Тураці. У Італіі яго завуць новым ван Бастэнам. Андрэю лісьлівяць такія параўнаньні, але ён ветліва заўважае, што жадаў бы заставацца самім сабой — Шаўчэнкам.

Пасьля сямі гадоў выступаў за італьянскі «Мілян» Шаўчэнка вырашыў перабрацца ў Лёндан, у клюб Рамана Абрамовіча «Чэлсі». Сума ягонага трансфэру склала каля 30 млн фунтаў. У першай жа гульні за новы клюб ён стаў аўтарам гола: гэта быў матч за Супэркубак Ангельшчыны супраць «Лівэрпулу», які скончыўся перамогай «Лівэрпуля» зь лікам 2:1. Але, нягледзячы на ​​нядрэнны пачатак і давер тагачаснага трэнэра «Чэлсі» Жазэ Маўрыньню, кар’ера Шаўчэнкі ў Ангельшчыне не была ўдалай. За два гады ў «Чэлсі» ён перанёс дзьве апэрацыі і цяжкую траўму сьпіны.

Вяртаньне ў «Мілян»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

23 жніўня 2008 году, пасьля двух гадоў у Лёндане, афіцыйны сайт «Чэлсі» паведаміў аб вяртаньні Шаўчэнкі ў «Мілан» у гадавую арэнду з магчымым правам выкупу. Вярнуўшыся, Шаўчэнка гуляў пад 76-м нумарам, паколькі ягоная любімая «сямёрка» была занятая Алешандрэ Пата.

Вяртаньне ў «Дынама»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

27 жніўня 2009 году галоўны трэнэр «Чэлсі» Карлё Анчэлёцьці паведаміў Шаўчэнку, што не плянуе ўключаць яго ў заяўку на Лігу чэмпіёнаў. 29 жніўня 2009 году Андрэй падпісаў кантракт з кіеўскім «Дынама» па схеме 2+1, атрымаўшы сёмы нумар.

Асабістыя ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Найлепшы бамбардзір чэмпіянату Ўкраіны (18 мячоў): 1999
  • Найлепшы нападнік Лігі чэмпіёнаў (вэрсія УЭФА): 1999
  • Найлепшы бамбардзір Лігі чэмпіёнаў (10 мячоў): 1999
  • Ордэн «За заслугі» 3-й ступені: 1999
  • Найлепшы бамбардзір чэмпіянату Італіі (24 мяча): 2000
  • Ордэн Сьвятога роўнаапостальнага князя Ўладзімера 3-й ступені: 2000
  • Найлепшы бамбардзір чэмпіянату Італіі (24 мяча): 2004
  • «Залаты мяч»: 2004
  • «Зорка» (вэрсія газэты «Спорт-Экспрэс»): 2004
  • Герой Украіны «за велізарны ўнёсак у разьвіцьцё ўкраінскага футболу»: 2004
  • «Зорка» (вэрсія газэты «Спорт-Экспрэс»): 2005
  • Найлепшы бамбардзір Лігі чэмпіёнаў: 2006
  • У сьпісе ФІФА 100
Папярэднік
Сяргей Раброў
Найлепшы бамбардзір
Вышэйшай лігі чэмпіянату Ўкраіны
1998—1999
Наступнік
Максім Шацкіх
  1. ^ а б в Andriy Shevchenko // Transfermarkt (мн.) — 2000.
  2. ^ а б в ANDRIY SHEVCHENKO // Argentine Soccer Database (гішп.)
  3. ^ http://www.germany06.ru/2006/05/26/a_153372.shtml

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]