Альхімік, які вынаходзіць фосфар
Альхімік, які вынаходзіць фосфар | |
анг.: The Alchemist Discovering Phosphorus | |
Мастак | Джозэф Райт |
---|---|
Год | 1771 |
Тып | Палатно, алей |
Памеры | 127 × 101,6 |
Месцазнаходжаньне | Музэй і мастацкая галерэя Дэрбі, Вялікабрытанія |
«Альхі́мік, які́ вынахо́дзіць фо́сфар» (па-ангельску: The Alchemist Discovering Phosphorus) — карціна ангельскага мастака Джозэфа Райта, напісаная ў 1771 року і перапрацаваная ў 1795[1]. Поўная назва карціны — «Альхімік у пошуках філязофскага камяню вынаходзіць фосфар і моліцца за пасьпяховае сканчэньне ягоных дзеяньняў, паводле звычаю старажытных хімічных астролягаў» (анг. The Alchymist, in Search of the Philosopher’s Stone, Discovers Phosphorus, and prays for the successful Conclusion of his operation, as was the custom of the Ancient Chymical Astrologers). Было выказанае меркаваньне, што «Альхімік» апісвае вынаходніцтва фосфару альхімікам з Гамбургу Геньнігам Брандам у 1669 року[2]. Гэтая гісторыя была шырока вядомая і часта згадвалася ў навукова-папулярных кнігах па хіміі, апублікаваных пры жыцьці мастака.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На карціне паказаны альхімік, які спрабуе атрымаць філязофскі камень, які нібыта можа пераўтвараць звычайныя мэталы ў золата, але замест гэтага, на сваё зьдзіўленьне, вынаходзіць фосфар. Аднак Райт не адлюстраваў альхіміка XVII стагодзьдзя, а надаў пакою больш рамантычны выгляд, дадаўшы сярэднявечныя гатычныя аркі і высокія, завостраныя вокны, нібы альхімік знаходзіцца ў царкве. Мастак таксама прыўпрыгожыў працэс атрыманьня фосфару, які заключаецца ў выпарваньні мачы. Апісаньне вытворчасьці фосфару 1730 року згадвала неабходнасьць наяўнасьці 50—60 вёдраў гнілой мачы, у якой «завяліся чарвякі»[3].
Райт таксама ўжывае рэлігійныя алюзіі. Альхімік стаіць на каленях перад бліскучым сасудам, выцягнуўшы рукі ў жэсьце, які прымяняўся Эль Грэкам у карціне «Сьвяты Францішак, які атрымоўвае стыгмату» або «Сьвяты Джэром, які моліцца»[4]. Гісторык мастацтва Бэнэдыкт Нікалсан параўноўваў гэтую позу з позай апосталаў, што атрымоўваюць прычасьце. Ён лічыць, што кампазыцыя карціны, мажліва, была ўзята з карціны пра альхіміка галяндзкага мастака Томаса Вэйка, якая таксама зьмяшчае аналягічныя зводы, разьмешчаныя хаатычна прадметы і памочніка, вылучанага слупом сьвятла. Гэтая карціна XVI стагодзьдзя выстаўлялася ў Лёндане пры жыцьці Райта[5]. Аднак з накіду сябра Райта, Пітэра Бэрдэта бачна, што ён аказаў значны ўплыў на кампазыцыю карціны. Ягоны накід ад 4 лютага 1771 утрымоўвае і зводы, і кампазыцыю карціны з фокусам на шкляной пасудзіне. Менавіта Бэрдэт вызначыў, дзе разьмясьціць фігуры на карціне, і пазнаёміў Райта з Мэт’ю Тэрнэрам, каб Райт здолеў зразумець асноўны экспэрымэнт, адлюстраваны на карціне[6].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З моманту першага паказу ў 1771 року карціна выклікала шмат супярэчлівых інтэрпрэтацыяў. Яе загадка, відавочна, усхваляла гледачоў васямнаццатага стагодзьдзя, і хоць Райт быў міжнародна прызнаным мастаком, карціна не была прададзеная. Райт узяў яе ў сваё італьянскае падарожжа ў 1773—1775 гадах, прывёз назад у Ангельшчыну, перапрацаваў яе ў 1795 року, аднак яна была прададзеная толькі праз чатыры рокі пасьля ягонай сьмерці падчас зладжанага аўкцыёнам «Крыстыс» продажу ягоных рэчаў[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Light and Enlightenment in Joseph Wright of Derby’s The Alchymist (анг.). ReoCities. Праверана 26 красавіка 2011 г.
- ^ The Alchymist in Search of the Philosopher’s Stone (Exhibited 1771) (анг.). Revolutionary Players. Праверана 1 траўня 2011 г.
- ^ Kenneth W. Whitten. Chemistry. — Cengage Learning, 2007. — С. 126.
- ^ Art treasure — The Alchymist (анг.) Праверана 1 траўня 2011 г.
- ^ Benedict Nicholson. Joseph Wright of Derby: painter of light. — Taylor & Francis, 1968. — Т. 1. — С. 52.
- ^ Benedict Nicholson. Joseph Wright of Derby: painter of light. — Taylor & Francis, 1968. — Т. 1. — С. 118.