Бэнджамін Вальямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Бэнджамін Вальямі
Benjamin Vulliamy
Benjamin Vulliamy.jpg
Дата нараджэньня 1747
Месца нараджэньня Лёндан, Ангельшчына
Дата сьмерці 1811
Месца сьмерці Ўэстмінстэр, Вялікі Лёндан, Вялікі Лёндан (рэгіён), Ангельшчына, Аб’яднанае каралеўства Вялікабрытаніі і Ірляндыі
Жонка Мэры Грэй Вальямі
Дзеці Бэнджамін Льюіс Вальямі

Бэнджамін Вальямі (па-ангельску: Benjamin Vulliamy; 17471811) — гадзіньнікар, адказны за канструяваньне мэханічнага гадзіньніку, паводле якога ў 17801884 гадах афіцыйна зьвяраўся час у Лёндане[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бэнджамін быў сынам Джастына Вальямі, гадзіньнікара швайцарскага паходжаньня, які пераехаў у Лёндан каля 1730 году. Джастын стаў партнэрам Бэнджаміна Грэя, вядомага гадзіньнікара з вуліцы Пэл-Мэл, на дачцэ якога ён неўзабаве ажаніўся і меў ад яе сына Бэнджаміна[1]. Джастын атрымаў у спадчыну бізнэс свайго цесьця і з 1780 ягоны сын Бэнджамін увайшоў у аб'яднаньне «Vulliamy & Son». Бацька і сын працавалі поруч да самой сьмерці Джастына 1 сьнежня 1797 году[2].

Фарфоравы гадзіньнік зроблены Б. Вальямі, Музэй і мастацкая галерэя Дэрбі

З раньняга ўзросту Вальямі выказваў інтарэс да разьвіцьця бацькоўскае справы. Яшчэ падлеткам, ён пачаў рабіць рэпутацыю стваральніка дэкаратыўных і камінных гадзіньнікаў, якія аздаблялі маёнткі прадстаўнікоў вышэйшага кола грамадзтва (некаторыя зь іх цяпер можна ўбачыць у Музэі і мастацкай галерэі Дэрбі)[3]. Ягоны талент дазволіў яму атрымаць прызначэньне на пасаду каралеўскага гадзіньнікара Георга III, на якой ён атрымаліваў штогадовую выплату ў 150 фунтаў. Кароль, будучы аматарам гадзіньнікавых і іншых мэханічных прыладаў, быў патронам Джастына Вальямі, але толькі Бэнджамін удастоўіся такога ганаровага званьня[4].

Каля 1780 году Вальямі было даручана сканструяваць асноўны мэханічны гадзіньнік для Каралеўскай абсэрваторыю ў К'ю, які служыў нулявым мэрыдыянам і быў адказны за афіцыйны лёнданскі час да 1884 году, пасьля чаго Грынвіч узяў на сябе абедзьве гэтыя функцыі[1].

У 1780 годзе нарадзіўся Бэнджамін Льюіс Вальямі; ён быў апошні з Вальямі, хто прысьвяціў сваё жыцьцё гадзіньнікаваму сямейнаму бізнэсу. Ніхто з далейшых нашчадкаў Бэнджаміна не працаваў на гэтай ніве, хоць ягоны ўнук, Льюіс Вальямі, быў выбітным архітэктарам.

Гадзіньнікі Вальямі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гадзіньнікі Вальямі мелі надзвычайную каштоўнасьць і прадстаўлялі вяршыню тагачасных тэхналёгіяў. Гэтыя гадзіньнікі прадстаўляліся кітайскаму імпэратару падчас дыпляматычнай місіі 1793 году Джорджа Макартні ў Пэкін[5]. Выраб храномэтраў Б. Вальямі спалучаўся з аздабленьнем фарфоравымі фігурамі, што сымбалізавала еднасьць навукі і мастацтва. Агульны дызайн заўсёды ствараўся Вальямі, але таксама ён запрашаў выбітных скульптараў, якія непасрэдна стваралі належныя фігуры не без уплыву тагачасных францускіх канонаў у гэтай галіне мастацтва. Сям'я Вальямі карысталася паслугамі Royal Crown Derby для вырабу фарфоравых фігураў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Kew Time. Arcadian Times. Праверана 2011-05-21 г.
  2. ^ Vulliamy, London. No. 220. Montpellier Clocks. Праверана 2011-05-21 г.
  3. ^ The astronomy clock by Benjamin Vullliamy. Antique-Marks. Праверана 2011-05-21 г.
  4. ^ Vulliamy Mantle Clock. Derby City Council. Праверана 2011-05-21 г.
  5. ^ William Proudfoot, Biographical Memoir of James Dinwiddie: Embracing Some Account of His Travels in China and Residence in India (Liverpool: Edward Howell, 1868), 45.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]