Алентанскі бегемот
Алентанскі бегемот — шкілет рэальна існаваўшага бегемота (Hippopotamus amphibius), знойдзены ў Алентане (цяпер у Дэрбі, Ангельшчына) у 1895 року[1]. Шкілет выстаўлены ў музэі й мастацкай галерэі Дэрбі і складае 3 м у даўжыню.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Алентан, прымесьце Дэрбі, раней было звычайнай вёскай за 5 км ад места. У сакавіку 1895 року ў вёсцы пачалося выкопваньне новае студні, але пасьля таго, як капальнікі адчулі смурод, а пазьней знайшлі вялізныя незвычайныя косткі, праца была спыненая. Некаторыя людзі згадзіліся зафундаваць далейшыя дасьледаваньні пры ўмове, што частка выдаткаў будзе пакрывацца грамадзкасьцю.
Давялося набываць помпы для вады, якая займала сьвідравіну, а таксама людзей, якія працавалі на помпах. Паводле дамоўленасьці з фундатарамі знойдзеныя косткі былі перададзеныя музэю Дэрбі, які працаваў ужо шаснаццаць рокаў[2].
Агулам былі адкрытыя 127 костак, прычым некаторыя зь іх належалі таксама насарогу і слану. Арнальд Бэмроўз скарыстаў гэтыя косткі як доказ тэорыі пра тое, што паміж Брытаніяй і кантынэнтальнай Эўропай існаваў пярэсмык, і такім чынам можна было абгрунтаваць зьяўленьне гэтых жывёлаў у Ангельшчыне, Эўропе і на дне Паўночнага мора[1].
Знойдзеныя рэшткі гэтых жывёлаў былі датаваныя эпохай іпсьвіцкага міжледавікоўя(en) (прыкладна 120 000 рокаў таму). Рэшткі бегемота сьведчаць пра тое, што клімат у той час быў цяплейшы за сучасны, зімы былі кароткія, а сярэдняя тэмпэратура ўлетку складала ня меней за васямнаццаць градусаў Цэльсія[3].
Пазьнейшыя знаходкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У ліпені 1973 падчас вядзеньня працаў па выкопваньні каналізацыі яшчэ ў адным прымесьці Дэрбі — Бултан Мур — былі знойдзеныя іншыя фрагмэнты костак, таксама выстаўленыя ў музэі й мастацкай галерэі. Косткі належаць мядзьведзю, аленю, валу, а таксама іншым бегемоту, насарогу і сланам. Сківіца бегемота, знойдзеная гэтым разам, зьяўляецца адной з найбольшых па памерах у Вялікабрытаніі[4].
У 2006 Майкл Дэн Арчэр атрымаў замову на стварэньне для Алентана скульптуры, якая б адлюстроўвала ягоную мінуўшчыну. Створаная Арчэрам скульптура складаецца з трох частак паламанага кальца з чорнага граніту. Памер частак дастатковы для таго, каб мець магчымасьць сядзець. Над паліраванай гранітнай паверхняй усталяваныя чыгунныя копіі костак са шкілету бегемота. Акрамя ніжняй сківіцы, зробленай паводле глінянае копіі, некалькі костак былі створаныя з жалеза паводле кампутарнай 3-хвымернай мадэлі, зробленай у Лафбараўскім унівэрсытэце. Гэтая 3D-мадэль дазволіла М. Д. Арчэру стварыць дакладную копію костак[5].
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б H.H. Arnold Bemrose. Derbyshire. — Cambridge University Press, 1910. — С. 53. — 172 с.
- ^ Derby Museum Treasures (анг.) Праверана 7 лютага 2011 г.
- ^ Th. van Kolfschoten. The Eemian mammal fauna of central Europe // Netherlands Journal of Geosciences. — 2000. — Т. 79. — № 2/3. — С. 269–281.
- ^ William Grange. When Hippos ... Swam in the Derwent. — Derby Museum and Art Gallery, 2003.
- ^ Derby Sculpture (анг.) Праверана 5 студзеня 2011 г.