Джордж Соракалд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Джордж Соракалд
Дата нараджэньня 1668
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1738
Занятак інжынэр, архітэктар

Джордж Со́ракалд (к. 1668 — к. 1738) — ангельскі інжынэр XVIII стагодзьдзя. Жыў і працаваў у Дэрбі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дж. Соракалд нарадзіўся ў Дэрбі прыкладна ў 1668 годзе. Бацька — Джэймс Соракалд, які пераехаў у Дэрбі з Ланкашыру.

7 сьнежня 1684 Джордж ажаніўся з Мэры. Зь ёй мелі 13 дзяцей, але выжылі толькі восем[1].

Прыкладна паміж 1685—1687 рокамі Соракалд працаваў у Маклзфілдзе на водазабесьпячэньні. У 1687 займаўся перавешваньнем званоў у Саборы ўсіх Сьвятых (цяпер Катэдральны сабор Дэрбі).

У 1692 ён сканструяваў першы ў Дэрбі водаправод, які выкарыстоўвала вадзяное кола для пампаваньня па зробленых са ствалоў вязу трубах працягласьцю прыкладна чатыры мілі. Для іх ён распрацаваў свідравальны станок, які пазьней запатэнтаваў. Гэты водаправод дзейнічаў прыкладна сто рокаў. Падобныя канструкцыі ён усталяваў таксама ў Брыджнорце, Брысталі, Дзіле, Кінз Ліне, Лідзе, Ньюкасл-эпон-Тайне, Норвічы, Портсмуце, Шэфілдзе і Грэйт Ярмуце. У Лёндане ён збудаваў Марчанцскую водаправодную станцыю, перабудаваў водаправодную станцыю Лёнданскі мост і палепшыў канал Нью-Рывэр. Сярод ягоных новаўвядзеньняў былі помпы з вадзянымі коламі, якія падымаліся і апускаліся ў залежнасьці ад узроўню пару. Патэнт на гэта атрымаў ягоны калега Джон Хэдлі ў 1693 року.

У 1695 і 1699 Соракалд распрацаваў праект па паляпшэньні навігацыі ракі Дэрвэнт, але яны так і не былі рэалізаваныя. Удзельнічаў таксама ў паляпшэньнях на рэках Лі, Эйр і Кэм.

Паводле апісаньня Томаса Котчэта, які меў досьвед працы па ткацтве шоўку ў Лёндане, Джордж Соракалд пабудаваў у Дэрбі першую шаўковую фабрыку з мэханічным прывадам. Станкі ён стварыў паводле галяндзкага ўзору. Ці таму, што яны былі менш прадукцыйныя ў параўнаньні з італьянскімі, ці з эканамічнай немэтазгоднасьці, праект скончыўся беспасьпяхова[2].

Аднак ідэя была падхопленая Джонам Ломбам, які разам з братам Томасам заахвоціў Соракалда пабудаваць новую, вялікшую фабрыку паводле італьянскага ўзору. Яна паўстала на месцы старой і была завершаная ў 1722 року. Абсталяваньне фабрыкі зьмяшчала 10 000 верацёнаў, 25 000 катушак для намотваньня, прыкладна 5000 махавікоў-зорачак, больш за 9000 катушак для скручваньня і 46 000 згібальных катушак. Станкі прыводзіліся ў рух вадзяным колам. У будынку Ломбавай фабрыкі, значна перабудаванай пасьля пажару 1910 року, цяпер месьціцца музэй індустрыі Дэрбі.

Гэтая фабрыка ледзь ня стала месцам сьмерці архітэктара. Аднойчы, суправаджаючы наведнікаў, Соракалд згубіў раўнавагу і зваліўся ў шлюз. Сіла вады выштурхнула яго ла вадзянога кола між двума лапасьцямі. На шчасьце, ён пасьпеў праскочыць празь іх, зваліўшыся ў памяшканьне фабрыкі.

Таксама ён паляпшаў сыстэмы водаадтоку ў шахтах, будаваў кавальні і атмасфэрныя рухавікі.

Соракалд стаў вядомым ва ўсёй краіне і першым цывільным, якога называлі «інжынэрам».

Дата сьмерці дакладна невядомая, але прынятая пасьля 1738 году.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ K. R. Fairclough. Sorocold, George (c. 1668–1738?) // Oxford Dictionary of National Biography. — Oxford University Press, 2004.
  2. ^ Cooper, B. Transformation of a Valley: The Derbyshire Derwent. — Cromford: Scarthin Books, 1991.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ward, Robert. London’s New River. — London: Historical Publications, 2003. — ISBN 9780948667848

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]