Уладзімер Пефціеў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Пефціеў
Дата нараджэньня 1 ліпеня 1957(1957-07-01) (66 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак бізнэсмэн, мэцэнат, інвэстар, пісьменьнік, прадпрымальнік
Навуковая сфэра бізнэс[1] і мэцэнацтва[d][1]

Уладзімер Паўлавіч Пефціеў (нар. 1 ліпеня 1957) — беларускі прадпрымальнік, паводле некаторых ацэнак, найбагацейшы і найуплывовейшы бізнэсовец Беларусі[2]. Нарадзіўся ў Бэрдзянску Запароскай вобласьці, Украіна. Ягонае багацьце ацэньваецца ў 1 млрд даляраў[3].

Бізнэс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пефціеву належыць кіраўнічая кампанія «Белтэх Холдынг», якая займаецца распрацоўкай, вытворчасьцю й продажам узбраеньняў і прадукцыі падвойнага прызначэньня. Холдынг зьяўляецца інвэстыцыйным агентам ураду Беларусі ў вайскова-прамысловай сфэры. Акрамя гэтага Пефціеву належуць актывы ў сфэры нерухомасьці, тэлекамунікацыяў, гульнёвага бізнэсу, хіміі ў Беларусі й у шэрагу іншых краінаў[2].

Афшоры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пефціеў быў згаданы ва ўцечках Багамскіх афшораў(en) у 2016 годзе: нібыта ён праз пясярэдніка валодаў трыма кампаніямі на Багамах[4].

У 2020 годзе расьсьледаваньне, праведзенае «The Times» і «Transparency Networks», паказала, што сям’і Пефціева належала 12 кватэраў у Лёндане на агульную суму каля 18 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Гэты партфель быў набыты праз шэраг афшорных кампаніяў. Сям’я Пефціева не патрапіла пад санкцыі, і куплі не былі парушэньнем санкцыяў[5].

Грамадзкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уладзімер Пефціеў — старшыня Беларускай тэніснай фэдэрацыі, сябра Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, суаўтар шэрагу запатэнтаваных вынаходніцтваў[2]

Міжнародныя санкцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 чэрвеня 2011 году разам са сваімі кампаніямі «БТ Тэлекамунікацыі», «Белтэхэкспарт», «Спорт-Пары» быў унесены ў Чорны сьпіс Эўразьвязу[6]. У рашэньні Рады Эўрапейскага зьвязу(be) ад 15 кастрычніка 2012 году Пефціеў быў названы асобаю, зьвязанаю з Аляксандарам, Віктарам і Дзьмітрыем Лукашэнкамі, якая дае эканамічныя кансультацыі й зьяўляецца ключавым спонсарам рэжыму Лукашэнкі ў рамках сваіх дзелавых інтарэсаў у прыналежных яму кампаніях[7]. У сакавіку 2012 году санкцыі былі пашыраныя й на іншыя кампаніі Пефціева: ТАА «Дзелавая сетка», ЗАТ «Сыстэмы інвэстыцыяў і інавацыяў», «Сен-Ко», ПУП БТ «Інвэст», сьпіртзавод «Аквадыў», «Белтэх Холдынг», «Спэцпрыборсэрвіс», «Тэхнасаюзпрыбор»[8].

У 2022 годзе Пефціеў трапіў пад санкцыі Канады[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]