Нарымонтавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Нарымонтавічы — група княжацкіх родаў у ВКЛ, Наўгародзкай фэадальнай рэспубліцы і Маскоўскай дзяржаве, нашчадкі Нарымонта. Галіна Гедзімінавічаў. Найбольш вядомыя:

Міхаіл — старэйшы сын Нарымонта, князь пінскі (сярэдзіна XIV стагодзьдзя). Магчыма, тоесны Міхаілу, затрыманаму ханам Джанібекам у 1348 годзе разам зь іншымі літоўскімі пасламі ў Арду, а таксама Міхаілу, першаму вядомаму друцкаму князю пасьля далучэньня Друцкага княства да ВКЛ, родапачынальніку князёў Друцкіх, які вядомы паводле грэцкага Ватыканскага зборніку сярэдзіны XIV стагодзьдзя. Напаўфантастычны радавод Друцкіх, які захаваўся ў маскоўскай лініі гэтага роду і называе Міхаіла Друцкага сынам невядомага паводле іншых крыніц князя Рамана, нібыта сына Аляксандра Ўладзімеравіча Бэлзскага, магчыма, утрымлівае інфармацыю, якая паказвае на сапраўднае паходжаньне Міхаіла: брат Міхаіла Нарымонтавіча Юры (а не Аляксандар) сапраўды княжыў у Бэлзы на захадзе Валыні і меў сына Рамана. Скажэньне радаводу маскоўскай галіной князёў Друцкіх можа быць аднесенае да сярэдзіны XVI стагодзьдзя, калі паходжаньне ад Рурыкавічаў лічылася ў Маскоўскай дзяржаве больш прэстыжным і бясьпечным, чым ад Гедзімінавічаў.

Аляксандар († да 1386) — сын Нарымонта. Некаторы час (да 1338 году) быў яго намесьнікам у Арэшку. Магчыма, яго сынамі былі Даніла і Юры Аляксандравічы (князі капорскія ?), згаданыя ў 1407 годзе.

Юры Нос († пасьля 1398) — сын Нарымонта. У 1352 годзе княжыў у Бэлзе, бараніў горад ад аблогі вугорскага караля Людвіка I. У 1354 годзе атрымаў Крамянец як васал і ВКЛ і Польшчы. У 1366 прызнаў сюзэрэнітэт Казімера III над Бэлзам, атрымаў ад яго Холмскую зямлю. У 1376 годзе выступіў супраць польска-вугорскай гегемоніі на Заходняй Украіне, разам з Кейстутам і Любартам наяжджаў на Сандомір, Тарнаў і Кракаў. У адказ Людвік І арганізаваў у 1377 годзе карную выправу, у выніку якой Юры страціў свае ўладаньні на Валыні. У 13781379 гадах у Вугоршчыне, з 1379 пэўны час служылы князем у Вялікім Ноўгарадзе. У 1387 годзе дапамагаў Ягайлу ў выцясьненьні вугорцаў з Галіча. У 13901392 гадах закладнік Вітаўта ў Ордэне. У 1398 годзе быў пінскім князем, падпісаў Салінскі (Залінвэрдэрскі) дагавор. У хроніцы Быхаўца і Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай паведамляецца пра яго намесьніцтва ад імя Вітаўта ў Пскове ў 1410-х1420-х гадах, але гэта не пацьвярджаецца расейскімі крыніцамі.

Патрыкей († пасьля 1408) — сын Нарымонта. У 13831386 гадах і пэўны час па 1398 год — служылы князь у Вялікім Ноўгарадзе. У 1408 годзе выехаў у Маскоўскую дзяржаву ў сьвіце Сьвідрыгайлы.

Раман († 1398) — сын Юрыя Носа. Упершыню згадваецца ў 1379 побач з бацькам як служылы князь у Порхаве (Вялікі Ноўгарад). У 1394 годзе ўзначальваў наўгародцаў у вайне супраць Пскова, у 1395 годзе — у паходзе на маскоўскія вобласьці Клічан і Ўсьцюжню. Загінуў у бітве на рацэ Шалонь.

Іван Нос († 12 жніўня 1399) — сын Юрыя Носа. У 1386 годзе атрымаў ад Ягайлы Любачоў на Валыні. Загінуў у бітве на Воскле 1398 году.

Аляксандар († пасьля 1410) — сын Патрыкея. Княжыў у Старадубе, пасьля 1407 году — у Корцы (Усходняя Валынь). У 1402 годзе ўдзельнічаў у бітве з разанцамі пад Любуцкам. Заснавальнік княскага роду Карэцкіх — адзінай галіны Нарымонтавічаў, якая засталася ў ВКЛ (згасла ў 1651 годзе).

Фёдар († 1426) — сын Патрыкея. Да ад’езду ў Маскву (1408) — князь рыльскі. У 1420 годзе — намеснік вялікага князя маскоўскага Васіля I Дзьмітрыевіча ў Вялікім Ноўгарадзе, у 14241425 гадах — у Пскове. Заснавальнік расейскага княскага роду Хаванскіх.

Юры († пасьля 1446) — сын Патрыкея. З 1418 жанаты з дачкой вялікага князя маскоўскага Васіля I Дзьмітрыевіча (Аннай ці Марыяй). Удзельнік фэадальнай вайны ў Маскоўскай дзяржаве 14251453 гадоў на баку Васіля II Цёмнага. Заснавальнік расейскіх княскіх родаў Булгакавых, Галіцыных, Куракіных, Шчаняцевых, Патрыкеевых.

Аляксандар Нос († пасьля 1436) — сын Івана Юр’евіча. У 1418 годзе адзін з арганізатараў вызваленьня Сьвідрыгайлы з Крамянецкага замку. У 1431 годзе атрымаў ад апошняга Луцкае княства. Імкнучыся захаваць Луцак, спачатку падтрымліваў Сьвідрыгайлу ў барацьбе з Жыгімонтам Кейстутавічам, з 1434 году перайшоў на бок апошняга, пазьней ізноў перайшоў да Сьвідрыгайлы. Бязьдзетны.

Апроч таго, паводле няпэўных зьвестак польскага гісторыка Пузыны, да Нарымонтавічаў належала дынастыя князёў Давыд-Гарадоцкага княства, заснавальнікам якой быў Дзьмітры, нібыта сын Нарымонта. Да яе належалі таксама Давыд, сын Дзьмітрыя († да 1431) і Дзьмітры (Мітка, † каля 1442), сын Давыда.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Алесь Белы //
  • Stadnicki K. Bracia Władysława Jagielly. Lwów, 1867.
  • Wolff J. Ród Giedymina. Kraków, 1886.
  • Tenże. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
  • Приселков М. Д., Фасмер М. Р. Отрывки В. Н. Бенешевича по истории русской церкви XIV в. // Изв. ОРЯС, 1916, Т. 21, кн. 1.
  • Puzyna J. Narymunt Giedyminowicz // Miesięcznik Heraldyczny. R. 9, 1930. № 3.
  • Tenże. Potomstwo Narymunta Giedyminowicza // Miesięcznik Heraldyczny. R. 11, 1932. № 10.
  • Шабульдо Ф. М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. К., 1987.
  • Зимин А. А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV — первой трети XVI в. М., 1988.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]