Перайсьці да зьместу

Байдакі (зьніклая вёска)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Байдакі
лац. Bajdaki
Населены пункт
Краіна Беларусь
Першыя згадкі 1734 год
Часавы пас
Насельніцтва
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код

Байдакі́ [a] — даўні хутар, пазьней засьценак у межах сучаснага Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі.

Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Герб Карыбут князёў Вішнявецкіх.
Жыхары хутару Байдак у 1745 г.
Герб Равіч паноў Ракіцкіх.

Найранейшую на сёньня згадку пра futor Baydaków сустракаем у тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага 1734 года, складзеным на падставе папярэдняй люстрацыі. Хутар належаў да часткі Брагінскага маёнтку, якую трымалі ў заставе яшчэ ад серадзкага ваяводы пана Яна Канецпольскага паны Сілічы[1]. Але ў 1733 годзе князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі ці не ўпершыню падпісаўся, акрамя іншага, «графам на Брагіне»[2], і, такім чынам, большасьць ранейшых заставаў, што да брагінскіх добраў, была спыненая.

У 1745 годзе, як занатавана ў мэтрычнай кнізе Астраглядаўскага касьцёлу, у адсутнасьць ксяндза Лукаша Антонія Пянькоўскага, прэсбітэр уніяцкай Мікуліцкай царквы Леан Кладкевіч ахрысьціў Крысьціну, дачку шляхетных Дамініка і Даратэі Сасьніцкіх; кумамі выступілі жыхары хутару Байдак Мікалай Байдак і Марыяна Шумская[3].

У 1754 годзе з 6 двароў (×6 — прыкладна 36 жыхароў) хутара Байдакоў Брагінскага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 27 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 3 злотых, 18 грошаў[4]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам войскім ашмянскім Францам Антоніем Ракіцкім.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.
Байдакі на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Байдакі ў складзе Рэчыцкай акругі апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[5].

У крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, Байдакі названыя ў пераліку паселішчаў, нібыта адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстаньні 1794 года[6]. Але Мікулічы, Байдакі, Пудакоў і іншыя паселішчы, якія раней належалі да Брагінскага маёнтку, пан М. Аскерка трымаў па сваёй жонцы пані Барбары Ракіцкай; на яе, імаверна, і былі запісаныя. Таму нядзіўна, што ўсе яны, урэшце, вернутыя сыну Рафалу Міхалу Аскерку, якому пашчасьціла вярнуцца зь сібірскай няволі. Гэта засьведчана ведамасьцю сяла Мікулічаў Богаяўленскай царквы 1801 году[7]. З мэтрычных запісаў той жа царквы 1796, 1797, 1801 гадоў вядомыя прозьвішчы байдакоўцаў — Байдак, Бандарэнка, Гуц, Іваніцкі, Кабашнік, Палхоўскі, Прымак, Шахніцкі[8].

Згодна з «Фармулярнай ведамасьцю» Мікуліцкай царквы 1822 году, вёска Байдакі з 53 душамі мужчынскага і 54 душамі жаночага полу, што месьцілася за 2 вярсты ад прыходзкай царквы, нібыта яшчэ належала пану Рафалу Аскерку[9], які спачыў, аднак, у 1818 годзе[10]. Пасьля вяртаньня Байдакоў да паноў Ракіцкіх, прыгонныя іх жыхары, падобна, былі пераселеныя ў Пудакоў, а іх месца занялі вольныя людзі каталіцкага веравызнаньня.

Байдакі на мапе-дзесяцівярстоўцы 1832 г. Ф. Шубэрта.
Засьценак Байдакі на мапе Менскай губэрні А. К. Фіцінгофа. 1846 г.

6 студзеня 1836 году ксёндз Тадэвуш Рагоўскі, вікары Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, ахрысьціў Анелю, дачку Казімера і Караліны Кастэцкіх, а кумамі выступілі Ян Андрэеўскі і Ванда Казачкоўская з Байдакоў[11]. Вёска Байдакі згаданая ў 1848 годзе, калі 19 лістапада сьвятар Міхаіл Казьлякоўскі, настаяцель Мікуліцкай Богаяўленскай царквы, ахрысьціў Марка, сына рыма-католіка Сымона і праваслаўнай Мар'яны, як запісана ў мэтрыцы, Казачэнкаў[b][13].

Ці не астатні ўпамін пра засьценак Байдакі сустрэты ў «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.», дзе засьведчана, што 5 ягоных жыхароў мужчынскага полу і 1 жанчына заставаліся парафіянамі Астраглядавіцкага касьцёлу[14].

  1. Пры бальшавіках такую назву надалі паселішчу Бардакі, якое знаходзілася вельмі далёка ад сапраўдных, зьніклых на той час, Байдакоў.
  2. Гэты ж сьвятар у 1835, 1837 і 1839 г. маці дзяцей Ігнацыя Стравінскага Аляксандру чамусьці запісаў Елісаветай[12].
  1. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285, 359, 405
  2. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  3. НГАБ у Менску. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 152
  4. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 191, 201, 248
  5. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. С. 181—182
  6. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 73
  7. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40420. А. 55адв.-57
  8. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 493. А. 169адв.-170. Спр. 494. А. 229-237. Спр. 499. А. 176-184адв.
  9. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40552. А. 66
  10. Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 208
  11. НГАБ. Ф. 937. Воп. 4. Спр. 134. А. 9
  12. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 537. А. 404. Спр. 539. А. 495адв. Спр. 551. А. 765адв.
  13. НГАБ. Ф. 136. Воп.14. Спр. 397. А. 553адв.
  14. Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381