Перайсьці да зьместу

Дортмунд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дортмунд
ням. Dortmund
Герб Дортмунду Сьцяг Дортмунду
Дата заснаваньня: 882
Краіна: Нямеччына
Зямля: Паўночны Райн — Вэстфалія
Кіраўнік: Alexander Kalouti[d][1]
Плошча:
Вышыня: 103 м н. у. м.
Насельніцтва: 601 343 чал. (2023)
Тэлефонны код: 0231, 02304
Паштовы індэкс: 44135–44388
Нумарны знак: DO
Геаграфічныя каардынаты: 51°30′50″ пн. ш. 7°27′55″ у. д. / 51.51389° пн. ш. 7.46528° у. д. / 51.51389; 7.46528Каардынаты: 51°30′50″ пн. ш. 7°27′55″ у. д. / 51.51389° пн. ш. 7.46528° у. д. / 51.51389; 7.46528
Дортмунд на мапе Нямеччыны
Дортмунд
Дортмунд
Дортмунд
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.dortmund.de/

До́ртмунд (па-нямецку: Dortmund) — горад зямельнага падпарадкаваньня на захадзе Нямеччыны, у фэдэральнай зямлі Паўночны Райн — Вэстфалія. Насельніцтва 601 343 чалавекі (2023). Гэта трэці паводле велічыні горад свайго рэгіяну пасьля Кёльну і Дусэльдорфу, а таксама дзявяты горад у Нямеччыне агулам. Горад уважаецца таксама другім паводле велічыні, дзе ўжываюць ніжненямецкі дыялект пасьля Гамбургу.

Цэрквы сьвятой Марыі і сьвятога Райнальдса.

На поўдні сучаснага Дортмунда месьціцца было гарадзішча Зыгібург, якое стаіць ля ракі Рур пры ейным утоку ў раку Леннэ. Зараз на месцы Зыгібурга стаяць руіны пазьнейшага замка Гогэнсыбург. Як мяркуецца, гарадзішча мае саксонскае паходжаньне, але археалягічных і дакумэнтальных пацьверджаньняў гэтаму бракуе. Падчас Саксонскіх войнаў ён быў узяты франкамі, ачоленымі Карлам Вялікім, у 772 годзе, але праз два гады адваяваны саксамі. У 77 годзе быў ізноў узяты і ўмацаваны Карлам Вялікім. Археалягічныя знаходкі сьведчаць аб тым, што Зыгібург быў заселены ў эпоху нэаліту[3]. Першы раз Дортмунд быў згаданы ў афіцыйных дакумэнтах прыкладна ў 882 годзе як Тротмані. У 1005 годзе тут ладзіўся царкоўны сабор, а ў 1016 годзе зьбіраўся імпэрскі сойм[4].

Пасьля таго, як горад быў зьнішчаны пажарам, імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Фрыдрых I Барбароса адбудаваў яго наноў у 1152 годзе і жыў у ім сярод іншых месцаў цягам двух гадоў. У 1267 годзе ўпершыню згадваецца царква сьвятой Марыі ў Дортмундзе, а праз тры гады ў 1270 годзе — царква сьвятога Райнальда. Спалучэньне добрай сеткі шляхоў, наяўнасьці рынкавага пляцу і статусу адміністрацыйнага цэнтру зрабіла Дортмунд важным цэнтрам у Вэстфаліі. У 1293 годзе ён стаў імпэрскім вольным горадам і адным зь першых гарадоў у Эўропе з афіцыйным правам на браварства[5]. Цягам XII—XIV стагодзьдзяў места зважалася адным з галоўных гарадоў Ганзейскага зьвязу.

Старая ратуша.

Напярэдадні 1344 году ангельскі кароль Эдўард III нават запазычыў грошы ў заможных дортмундзкіх купецкіх сем’яў Бэрсворт і Клепінг, прапанаваўшы каралеўскую карону ў якасьці закладу. У 1388 годзе граф Марк аб’яднаў свае сілы з арцыбіскупам Кёльну і паспрабаваў захапіць гораду. Пасьля доўгай аблогі, якая доўжылася 18 месяцаў, адбыліся мірныя перамовы, зь якіх Дортмунд выйшаў пераможцам. У 1400 годзе рэзыдэнцыя першага Фэмічнага суда знаходзілася ў Дортмундзе, на плошчы між дзьвюма ліпамі. З ростам уплыву Кёльну ў XV стагодзьдзі рэзыдэнцыя была перанесена ў Арнсбэрг у 1437 годзе. Пасьля таго, як Кёльн быў выключаны з Ганейскага зьвязу паводле вынікаў ангельска-ганзейскай вайны (1470—1474), Дортмунд стаў сталіцай Райнска-Вэстфальскай і Нідэрляндзкай акругаў зьвязу. У 1543 годзе ў месьце адкрылася гарадзкая гімназія, якая стала адной з найстарэйшых школаў у Эўропе[5]. У 1661 годзе землятрус спрычыніў разбурэньне царквы сьвятога Райнальда. Згодна з заключнай рэзалюцыяй імпэрскай дэпутацыі 1803 году Дортмунд быў далучаны да княства Насаў-Аранж-Фульда, у выніку чаго ён страціў статус вольнага імпэрскага гораду.

Падчас індустрыялізацыі Прусіі Дортмунд стаў буйным цэнтрам здабычы вугалю і сталі. Горад пашырыўся, а ягонае насельніцтва павялічылася з 57 742 чалавек у 1875 годзе да 379 950 чалавек у 1905 годзе. Таксама зьявіліся новыя жылыя раёны, якія паўсталі менш чым за 10 гадоў. У 1920 годзе Дортмунд быў адным з цэнтраў супраціву Капаўскага путчу, то бок правага вайсковага перавароту, зьдзейсьненага супраць ураду, які быў ачолены на той час сацыял-дэмакратамі. Падчас паўстаньня ў Руры радыкальныя рабочыя сфармавалі 50-тысячную Рурскую Чырвоную Армію ў надзеі стварыць урад савецкага тыпу. Яны былі разьбітыя ўрадавымі войскамі і часткамі Фрайкорпсу са значнымі стратамі[6]. 11 студзеня 1923 году францускія і бэльгійскія войскі акупавалі Рур. Прэм’ер-міністар Францыі Раймон Пуанкарэ такім чынам рэагаваў на невыкананьне Нямеччынай патрабаваньняў Вэрсальскага дагавора аб рэпарацыях[7]. Акупацыя ўсьцяж трывала да жніўня 1925 году. За гітлераўскі час Старая сынагога, якая адчыніла свае дзьверы ў 1900 годзе, была зьнішчаная ў 1938 годзе. Здольная зьмясьціць 1300 вернікаў, гэта быў адзін з найбуйнейшых габрэйскіх малітоўных дамоў у Нямеччыне.

Бізнэсовы раён Вальрынг.

Дортмунд адаптаваўся да новай рэчаіснасьці пасьля краху сваёй стагадовай сталеліцейнай, вугальнай і броварнай прамысловасьці. Рэгіён перайшоў на разьвіцьцё высокія тэхналёгіі, робататэхніку, біямэдычныя тэхналёгіі, мікрасыстэмныя тэхналёгіі, інжынэрыю, турызм, фінансы, адукацыю і паслугі, і таму ўважаецца за адзін з самых дынамічных гарадоў новай эканомікі ў Нямеччыне. У 2009 годзе Дортмунд быў клясыфікаваны як вузлавы горад у Індэксе інавацыйных гарадоў, апублікаваным на 2thinknow[8].

Шмат малых і сярэдніх прадпрыемстваў дагэтуль базуюцца ў Дортмундзе і ягоных ваколіцах. У Дортмунде таксама працуе шэраг сярэдніх кампаніяў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў[9], многія зь якіх павязаныя зь мясцовым тэхнічным унівэрсытэтам, дзякуючы стварэньню першага тэхналягічнага цэнтру Нямеччыны пад назовам Тэхналёгіяпарк-Дортмунд, які быў зафундаваны ў 1980-х гадах. У гэтым тэхналягічных парку зарэгістраваныя блізу 280 кампаніяў, такіх як Boehringer Ingelheim і Verizon Communications, а ашгулам тут працуюць больш за 8500 супрацоўнікаў. Такім чынам, ён уважаецца адным з самых пасьпяховых тэхналягічных паркаў у Эўропе. Места шчыльна супрацоўнічае з навукова-дасьледчымі інстытутамі, прыватнымі ўнівэрсытэтамі і кампаніямі ў камэрцыялізацыі навуковых ініцыятываў. Акрамя таго, у Дортмундзе налічваецца 680 кампаніяў, якая працуюць у сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў, а колькасьць супрацоўнікаў сягае 12 тысячаў, што робіць горад адным з найбуйнейшых цэнтраў праграмнага забесьпячэньня ў Нямеччыне. Два з 10 найбуйнейшых дастаўцаў ІТ-паслугаў у Нямеччыне месьціцца ў Дортмундзе, як то — adesso SE і Materna Group.

У Дортмундзе месьцяцца сядзібы многіх страхавых кампаній, як то Signal Iduna, Continentale Krankenversicherung, BIG direkt і Volkswohl Bund. У апошнія гады тут добра павялічыўся сэктар паслугаў і высокатэхналягічная галіна.

Папулярная гандлёвая вуліца Вэстэнгельвэг.

Вэстэнгельвэг уважаецца за папулярнае месца для закупаў. У 2013 годзе гэта была самая наведвальная гандлёвая вуліца Нямеччыны, якую за гадзіну праходзіла амаль 13 тысяч чалавек[10]. У Сярэднявеччы Дортмунд быў адзіным свабодным імпэрскім горадам у Вэстфаліі, бо ўжо тады лічыўся важным гандлёвым цэнтрам. Сёньня тут ёсьць некаторыя з самых вядомых крамаў і ўнівэрмагаў краіны. Вэстэнгэльвэг мае адную з самых высокіх арэндных ставак за гандлёвыя і офісныя памяшканьні ў Паўночным Райне — Вэстфаліі[11].

Вядомымі гандлёвымі цэнтрамі места ёсьць Тыр-Галерэя, Галерэя-Каўфгаф і Карштат, дзе месьцяцца буйныя крамы моднага адзеньня. Цягам месяца перад Калядамі ў пашыранай пешаходнай зоне ладзіцца Дортмундзкі калядны кірмаш, адзін з найбуйнейшых і найстарэйшых калядных кірмашоў краіны. З больш чым 3,5 мільёнамі наведвальнікаў і 300 шапікамі вакол гіганцкай каляднай яліны вышынёю 45 мэтраў, гэта адзін з самых наведвальных і папулярных кірмашоў у сьвеце[12]. Непадалёк ад канцэртнай залі Дортмунду месьціцца раён Брукштрасэнфіртэль, дзе пераважна адпачывае моладзь. Жыхары места называюць вуліцу Брукштрасэ, якая месьціцца ў гэтым раёне, «Вуліцаю памідораў фры». Яна ператварылася на сучасную гандлёвую прамэнадную вуліцу, арыентаваную на маладую аўдыторыю.

  1. ^ а б https://www1.wdr.de/nachrichten/ruhrgebiet/kalouti-amtsantritt-ob-dortmund-100.html
  2. ^ https://www.destatis.de/DE/ZahlenFakten/LaenderRegionen/Regionales/Gemeindeverzeichnis/Administrativ/Aktuell/05Staedte.html
  3. ^ «Widukind». Deutsche Biographie.
  4. ^ «Dortmund». Encyclopædia Britannica. Vol. 8 (11th ed.). 1910. — С. 437.
  5. ^ а б Trudy Ring, ed. (1995). «Dortmund». Northern Europe. International Dictionary of Historic Places. Fitzroy Dearborn. — С. 215+. — ISBN 978-1-136-63944-9.
  6. ^ Wulfert, Anja (22.01.2002). «Der Märzaufstand 1920». Deutsches Historisches Museum.
  7. ^ Scriba, Arnulf (10.05.2022). «Die Ruhrbesetzung». Deutsches Historisches Museum
  8. ^ «2thinknow Innovation Cities Global 256 Index». Innovation Cities.
  9. ^ «The new Dortmund — space for change». Stadt Dortmund
  10. ^ «Beliebteste Einkaufsstraßen in Deutschland — Statistik». Handelsdaten.
  11. ^ «Hellweg». DORTMUNDtourismus.
  12. ^ «Weihnachtsmärkte: Köln ist Publikumsmagnet». Topnews.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць]