Крэсўэльская культура
Крэсўэльская культура (па-ангельску: Creswellian culture) — археалягічная культура верхняга палеаліту, якая існавала на тэрыторыі Вялікабрытаніі. Назву ёй дала археоляг Дораці Гарад у 1926 року паводле археалягічнага помніка Крэсўэл-Крэгс у Дэрбішыры. Існавала ў пэрыяд 10 500—10 000 рокаў да н. э. (некалібраваная храналёгія) і была заменена мэзалітычнай культурай Маглемозэ.
Крэсўэльская культура мае падобныя характарыстыкі да культурай Фэдэрмэсэр і Гамбурскай культурай цэнтральнай Эўропы, а таксама з Мадленскай культурай поўдню Эўропы. Характэрныя прылады, паводле якіх дыягнастуецца культура — трапецыяпадобныя рубілы, называныя «чэдараўскімі наканечнікамі», а таксама іхнія адмены, вядомыя як «крэсўэльскія наканечнікі» і меншыя рубілы. Сярод іншых відаў прыладаў сустракаюцца скрабкі, вырабленыя з доўгіх простых рубілаў.
Іншыя знаходкі ў кантэксьце крэсўэльскай культуры улучаюць балтыйскі бурштын, костку маманта, зубы і косткі іншых жывёлаў. Яны ўжываліся для вырабу гарпуноў, шылаў, караляў й іголак. У пячоры Гоф (анг. Gough’s Cave) у Сомэрсэце і ў Кенцкай пячоры ў Дэваншыры былі знойдзеныя незвычайныя канічныя стрыжні з мамантавае косткі.
У Ангельшчыне і Ўэльсе «чэдараўскія наканечнікі» знойдзеныя ў 28 месцах раскопак, аднак у Шатляндыі і Ірляндыі да цяперашняга часу такіх знаходак ня знойдзена. Верагодна, гэтыя тэрыторыі былі заселеныя людзямі пазьней.
Большасьць крэсўэльскіх помнікаў знойдзеныя ў пячорах, аднака апошнія знаходкі сьведчаць пра дзейнасьць на адкрытых мясцовасьцях, а таксама пра тое, што крамянёвыя прылады маглі апынуцца на адлегласьці да 150 км ад месца здабычы камяня. Некаторыя з крамянёў у пячоры Гоф паходзяць з Вэйл-оф-П’юсі (анг. Vale of Pewsey) ў Ўілтшыры, а немясцовыя марскія ракавіны і бурштын — з узьбярэжжа Паўночнага мора, што таксама сьведчыць пра высокую мабільнасьць насельніцтва. Гэта нагадвае помнікі Мадленскай культуры ў іншых месцах Эўропы і можа сьведчыць пра наяўнасьць шырокага абмену рэсурсамі між рознымі тэрыторыямі ў тыя часы.
Сярод жывёлаў, якіх ужывалі ў ежу крэсўэльцы, былі дзікі конь, марал, палярны заяц, мамант, сайга, тур, мядзьведзь, рысь, ліса, воўк і інш.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- http://www.encyclopediefrancaise.com/Creswellian.html(недаступная спасылка)