Перайсьці да зьместу

Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў (Дуброўна)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў
Кляштар бэрнардынаў
Кляштар бэрнардынаў
Краіна Беларусь
Места Дуброўна
Каардынаты 54°34′17.84″ пн. ш. 30°40′45.88″ у. д. / 54.5716222° пн. ш. 30.6794111° у. д. / 54.5716222; 30.6794111Каардынаты: 54°34′17.84″ пн. ш. 30°40′45.88″ у. д. / 54.5716222° пн. ш. 30.6794111° у. д. / 54.5716222; 30.6794111
Ордэнская прыналежнасьць Бэрнардыны
Архітэктурны стыль Барока
Заснавальнік Мікалай Глябовіч
Дата заснаваньня 1630
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар бэрнардынаў — помнік архітэктуры пачатку XIX стагодзьдзя ў Дуброўне. Знаходзіцца ў заходняй частцы места, на ўзвышаным беразе ракі Задубровенкі пад адрасам вуліца Аршанская, 3. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс Дубровенскага бэрнардынскага кляштару складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл (захаваліся падмуркі).

Касьцёл і кляштар, каля 1760 г.
Касьцёл (налева). 1840 г.

Бэрнардыны (ад імя прапаведніка Бэрнарда Сіенскага памерлага ў 1450 годзе) — манахі францішкане Закону Братоў Меньшых Абзэрвантаў (Ordo Fratrum Minorum — OFM (лац.)) рэфармаванай галіны манаскага ордэна францішканаў — OFM (Ordo Fratrum Minorum) (лац.) у Каралеўстве Польскім і Вялікім Княстве Літоўскім[1].

Канстанцкі сабор у 1415 годзе задаволіў просьбу францішканскага прапаведніка Бэрнарда Сіенскага аб вяртаньні першапачатковага, больш строгага статута Францішка Асізскага. У 1431 годзе пры папе Эўгеніюшы IV-м францішканы-абзэрванты атрымалі права ўвесьці пасаду генэральнага вікарыя. Ім стаў Бэрнард Сіенскі.

У 1453 годзе па просьбе караля Казімера Ягайлавіча й кардынала Зьбігнева Алесьніцкага ў Кракаў прыбыў прапаведнік францішканаў-абзэрвантаў Яан Капістран і ў наступны год (04.12.1454) быў заснаваны ў Кракаве першы кляштар і касьцёл Сьвятога Бэрнарда Сіенскага[2]. Апраналіся манахі бэрнардыны ў сутану цёмна-шэрага колеру з капюшонам, плашч, насілі пояс з белай воўны.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мапа Гірша Ляйбовіча. XVIII ст.

Першыя кляштары бернардынаў у Вялікім Княстве Літоўскім былі заснаваны ў XV ст. у Коўне (1468), Вільні (1469) і Полацку (1498).

Кляштар бэрнардынаў у Дуброўне быў заснаваны ў 1624—1630 годзе з фундацыі ўладальніка Дуброўна Мікалая Глябовіча[3][4].

У 1641—1716 гадох з фундацыі Юрыя Глябовіча праводзілася рэканструкцыя касьцёла і кляштару. Першапачаткова касьцёл і кляштар былі драўлянымі. Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў 1654 годзе места Дуброўна й кляштар з касьцёлам былі спалены на загад цара Аляксея Міхайлавіча[5][6][7], і пазьней былі адноўлены з дрэва.

У канцы 17 ст. Дуброўна пераходзіць ад Глябовічаў да гетмана польнага ВКЛ і віленскага ваяводы Казімера Яна Сапегі. Паколькі ў час Паўночнай вайны 1700–21 гадоў Сапегі былі на баку швэдаў, Дуброўну разам з замкам занялі й спалілі калмыкі расейскага атрада капітана Салаўёва[8]. Пасьля гэтай вайны касьцёл і кляштар зноў былі адбудаваныя, але ўжо з цэглы.


Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Дуброўна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскай правінцыі. Дуброўнай у той час валодаў ваявода полацкі Аляксандар Міхал Сапега (1730—1793)[a]. З 1777 г. Дуброўна знаходзілася ў Аршанскім павеце Магілёўскага намесьніцтва. У 1780 г. кляштар бэрнардынаў быў зачынены й бэрнардыны пакінулі Дуброўну. На іх месца ў 1785 годзе новы ўласьнік Рыгор Пацёмкін запрасіў айцоў Піяраў зь Віцебску, якім былі перададзены касьцёл і кляштар, дзе быў створаны калегіюм. Кляштар і Калегіюм Піяраў існаваў з 1785 па 1797 гг.[9][10]. Вядома, што ў ёй вучыўся Анёл Доўгірд — беларуска-польскі філёзаф, лёгік, псыхоляг, пэдагог. У 1792 годзе Францішак Ксавэры Любамірскі абмяніў Дуброўну ў князя Рыгора Пацёмкіна на маёнтак Сьмела ў Кіеўскім ваяводзтве. Францішак Ксавэры Любамірскі дамогся закрыцьця кляштара піяраў пераводу іх у Віцебск у 1797 годзе[11]. Паводле некаторых зьвестак замест піяраў у Дуброўна былі запрошаны манахі трапісты[12].

У 1801 годзе кляштар згарэў, аднак неўзабаве былі адбудаваныя – касьцёл асьвяціў ксёндз Ізідор Блажаловіч, які на той час зьяўляўся адміністратарам парафіі. На той час касьцёл насіў тытул Сьвятога Юрыя[13]. Пазьней Францішак Ксавэры Любамірскі наноў запрасіў бэрнардынаў, якія былі зноў выгнаны з Дуброўна пасьля Паўстаньне 1830—1831 гадоў. Кляштар быў зачынены, касьцёл стаў парафіяльным.

У 1860 годзе ў Дуброўне жылі 74 парафіяніна (35 мужчын і 39 жанчын)[14][15], а ўся парафія налічвала 819 вернікаў.

У ліпені 1865 года магілёўскі губэрнатар Беклямішаў інфармаваў Віленскага генэрал-губэрнатара аб неабходнасьці скасаваньня Горацкага касьцёла. 15 лістапада 1865 года выйшла прадпісаньне за № 3032 аб закрыцьці ў Магілёўскай губэрні 19 касьцёлаў, у тым ліку й Горацкага. 4 студзеня 1866 году Горацкі касьцёл быў зачынены і апячатаны, частка маёмасьці перададзена ў Дубровенскі касьцёл[16][17][18]

У 1895 годзе прыхаджан 506 мужчын і 489 жанчын[19]. На 1912 г. Дуброўна — гэта адна з найменшых парафій у Магілёўскай архідыяцэзіі, што налічвала 560 вернікаў.

13 студзеня 1930 г. парафіяльны касьцёл быў зачынены й аддадзены пад Дом культуры. Будынак кляштара перабудавалі пазбавіўшы барочных рысаў. Касьцёл быў перабудаваны пад кінатэатар. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зьнішчылі касьцёл. Застаўся толькі будынак кляштара, які займалі розныя ўстановы.

Рэспубліка Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спусьцелы будынак былога кляштара бернардынаў у сярэдзіне 90-х гадоў перадалі раённаму аддзелу культуры й распрацавалі праект рэстаўрацыі кляштара. На працягу дзесяці гадоў ад 1996 году да 2007 году адбывалася рэстаўрацыя. Аднавілі тры франтоны, дах з чырвонай дахоўкі й вокны з рамамі. У 1999 годзе будаўнікі ўзьвялі тры франтоны з чырвонай цэглы й старажытны будынак набыў новы воблік. Завяршылі кладку перагародак унутры будынка, кладку вэнтыляцыйных шахт, устанавілі дадатковыя лесьвічныя пляцоўкі. Потым усе сілы будаўнікоў былі накіраваны на ўзьвядзеньне даху, які ўмацавалі дадатковымі драўлянымі канструкцыямі. Чарапіца чырвонага колеру, памерам 30–40см. Потым уставілі аконныя блёкі з рамамі. Але рэстаўрацыйныя работы прыпыніліся ў 2007 годзе на нявызначаны тэрмін[20].

1 ліпеня 2001 г. арганізавана парафія ў Дуброўне. 10 жніўня 2001 г. парафія была зарэгістравана дзяржаўнымі ўладамі, а ў Дуброўну праз шмат гадоў зноў вярнуліся браты бэрнардыны – айцец Сабін Яцэк Тлок і Адам Наталіс Фалькус. Аднак гарадзкія ўлады адмовіліся аддаць католікам спрадвеку належны ім бэрнардынскі кляштар, занядбаны за савецкімі часамі. 22 студзеня 2004 г. адбылася перарэгістрацыя парафіі, у гэтым жа годзе бэрнардыны выехалі з Дуброўны. 24 верасьня 2006 г. біскуп Уладзіслаў Блін асьвяціў пляц пад будову касьцёла. У 2007 г. быў закладзены фундамэнт і распачалася будова касьцёла. 26 красавіка 2016 г. біскуп Віцебскі Алег Буткевіч зьдзейсьніў асьвячэньне муроў касьцёла Маці Божай Фацімскай[21].

Першапачатковае архітэктурнае аблічча кляштара схематычна перадае выява на мапе Гірша Ляйбовіча 1760 году. Драўляны касьцёл — твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. Гэта быў прастакутны зруб пад 2-схільным дахам. Абапал галоўнага фасада ўзвышаліся дзьве 3-ярусныя чацьверыковыя вежы з купальнымі завяршэньнямі і трыкутным франтонам пасярэдзіне. Да бакавога фасада касьцёла прылягаў П-падобны ў пляне двухпавярховы будынак кляштара, які разам з касьцёлам утвараў закрыты ўнутраны двор. Комплекс не зьбярогся.

Мураваны касьцёл — помнік архітэктуры барока. Гэта была бязьвежавая базыліка зь фігурным франтонам.

Франтон заходняга фасада

У кляштары выявіўся сынтэз традыцыйных прыёмаў мясцовага дойлідзтва і рысаў барока. Гэта 2-павярховы будынак з сутарэньнямі, які складаецца з двух узаемна пэрпэндыкулярных карпусоў: больш доўгага восьсю захад — усход і кароткага, арыентаванага на поўнач. Сьцены атынкаваныя.

Архітэктура будынка ляканічная. Дах двухсхільны зь люкарнамі. Адзінымі элемэнтамі дэкору выступаюць тонкія пілястры, нескладаны карніз і паяскі. Тарцовыя сьцены завяршаюцца высокімі трохкутнымі крывалінейнага абрысу, фігурнымі франтонамі. Тымпаны франтонаў падзяляюцца карнізнымі цягамі на 2 ярусы, зь люкарнай і двума пілястрамі ў першым ярусе.

Плян паверхаў галерэйна-калідорны. Цэнтральны вузел (месца злучэньня карпусоў) фармуюць вітыя ўсходы. Перакрыцьце першага паверху скляпеністае, другога — бэлькавае[22].

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Аляксандар Міхал Сапега — сын Казімера Лявона Сапегі (1697—1738), унук Аляксандра Паўла Сапегі (1672—1734), праўнук Казімера Яна Сапегі (1642—1720)
  1. ^ Kantak, Stefan Kamil Juliusz. Bernardyni polscy tom I. 1453-1572. — Lwow: Nakładem prowincij polskiej oo. bernardynów, 1933. — Т. 1. — С. 11. — XXIII,324 с.
  2. ^ Joannes de Komorowo (1465?—03.11.1536)(pl)Joannes de Komorowo (1466?—03.11.1536). Memoriale Ordinis Fratrum Minorum.  (лац.) / wydali Xawery Liske i Antoni Lorkiewicz (пол.) // Wydany nakładem akademii umijetności w Krakowe. Opracowany przez członkow lwowskiej historycznej tejże akademii Monumenta Poloniae Historica. — Lwów: w księgarni Gubrynowicza i Schmidta, 1888. — Т. V. — С. 169, 995, 1113.
  3. ^ TeKa wileńska / wydawana priez Jana Ze Śliwina. — Wilno}: Drukiem Teofila Glucksberga, 1858. — Т. 4. — С. 147. — 444,48 с.
  4. ^ Baliński, Michał (1794–1864); Lipiński, Tymoteusz (1797-1856). Starożytna Polska pod względem historycznym, jeograficznym i statystycznym opisana. — Warszawa: Nakład i druk S. Orgelbranda, 1846. — Т. 3. — С. 715. — 866,XXVIII с.
  5. ^ Генадзь Сагановіч. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мінск: Навука і тэхніка, 1995. — С. 25, 26. — 144 с. — 10 000 ас. — ISBN 5-343-01637-5
  6. ^ Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века. — М.: Изд. МГУ, 1974. — С. 48, 49. — 256 с. — 1650 ас. (рас.)
  7. ^ Расейскі дзяржаўны архіў старажытных актаў — РГАДА ф. 210 Разрядный приказ, г. Москва: оп. 9, столбцы Московского стола. 1572-1706 гг. ст. 254, л. 225; оп. 11, столбцы Новгородского стола. 1615-1702 гг. ст. 212, л. 171 ]].. (рас.)
  8. ^ Вячаслаў Насевіч. Дубровеншчына ў складзе Вялікага княства Літоўскага. // Памяць. Дубровенскі раён.. — Мінск: Паліграфафармленьне, 1997. — Т. 1. — С. 50—66. — ISBN 985-6351-02-02.
  9. ^ Ігар Ганчарук. Навучальныя ўстановы рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі: канец XIV—XX ст. / рэдкал. Уладзімер Конан, Адам Мальдзіс і інш. // Выдавецкая сэрыя: Беларусіка-Albaruthenica. — Менск: Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны, 1997. — № 6 Ч. 1: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыянага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу дыялогу і сінтэзу. — С. 180—188; 184. — ISBN 985-6419-01-8.
  10. ^ Заблоцкая Т. М. Дакументы па гісторыі ордэна Піяраў Літоўскай правінцыі канца XVII — першай паловы XIX ст. у архівах Беларусі, Літвы і Расіі. / рэдкал.: В. І. Кураш (старшыня) і інш. // Беларускія архівы на мяжы тысячагоддзяў: здабыткі і страты : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 80-годдзю Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (Мінск, 28 чэрвеня 2018 г.). — Менск: БелНДІДАС, 2019. — С. 228—235. — ISBN 978-985-7131-29-7.
  11. ^ Безъ-Корниловичъ Мих. Осип. Историческія свѣдѣнія о примѣчательнѣйшихъ мѣстахъ въ Бѣлоруссіи. — СанктПетербургъ: въ типографіи III Отд. Собст. Е. И. В. Канцеляріи, 1855. — С. 219, 220. — 355 с.
  12. ^ Żyskar, Fryderyk Józefat. Nasze kościoły. Archidiecezija Mohylowska. Dekanat orszanski. Dekanat sieńnienski. (пол.). — Warszawa, Petersburg: P. Laskauer, 1913. — С. 108—110.
  13. ^ Дубровенскі касьцёл Святога Юрыя. 1693—1861 гг. НГАБ: фонд 2383, 19 адзінак захоўваньня.Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ..
  14. ^ Дубровна.  (рас.) // Семенов-Тян-Шанский П. П. Географическо-статистический словарь Российской империи. — СанктПетербургъ: 1865. — Т. 2. — С. 140. (рас.)
  15. ^ Памятная книжка Могилевской губерніи на 1861 год.. — Могилевъ губ. : Изданная Могилевскимъ губернскимъ статистическимъ комитетомъ, 1861. — С. Отд. ІІІ с. 89; Отд. ІV c. 69—71. — 18,34,106,109,142,17,8 с. (рас.)
  16. ^ НГАБ. Магілёўская рымска-каталіцкая духоўная кансысторыя... 1573—1950 гг. 54 978 ед. хр.фонд 1781, вопіс 26, справа 1500, аркушы 164-169Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ..
  17. ^ Уладзіслаў Завальнюк. Касьцёлы царскай Расіі. — Мінск: Рымска-Каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены, 2009. — Т. Вып. 1. — С. 189. — 219 с.
  18. ^ Гістарычны нарыс Горацкай парафіі.
  19. ^ Памятная книжка Могилевской губерніи на 1895 год. — Могилевъ на Днепрѣ: Изданіе Могилевскаго Губернскаго Статистическаго Комитета, 1895. — С. 117, 254.
  20. ^ Амаль чатыры стагоддзі гісторыі. // Дняпроўская Праўда : газэта. — 2018.
  21. ^ Зьміцер Лупач. Марына Сінкевіч, фота. Леанід Юрык, відэа. Урачыстае адкрыцьцё касьцёла ў Дуброўне. // Каталіцкі веснік : часопіс. — 2016. — № 5 (62). — С. 4.
  22. ^ Якімовіч Ю. Кляштар бернардзінцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць. — Менск, 1985. С. 261.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  213Г000453