Уладзіслаў Завальнюк
Уладзіслаў Завальнюк | |
Род дзейнасьці | рэлігійны дзеяч, тэоляг, рыма-каталіцкі дэкан, пробашч Чырвонага касьцёла |
---|---|
Дата нараджэньня | 8 ліпеня 1949 |
Месца нараджэньня | Жданава, Віньніцкая вобласьць Украінская ССР |
Месца вучобы | |
Занятак | публіцыст, каталіцкі сьвятар, гісторык, тэоляг |
Навуковая сфэра | гісторыя[1] і багаслоўе[1] |
Сябра ў | ТБМ |
Бацька | Мацей Завальнюк |
Маці | Ганна з Рошакаў |
Узнагароды | |
Уладзіслаў Завальнюк (нар. 8 ліпеня 1949 г.) — беларускі рыма-каталіцкі сьвятар, рэлігійны дзеяч, тэоляг, перакладчык і публіцыст. Сёньня — дэкан Паўночна-Заходняга дэканату г. Менску і пробашч касьцёла сьвятых Сымона і Алены ў Менску.
Нарадзіўся 8 ліпеня 1949 г. ў вёсцы Жданава Віньніцкай вобласьці Ўкраінскай ССР у сялянскай каталіцкай сям’і Мацьвея і Ганны (з дому Рошакаў) Завальнюкоў. Пасьля заканчэньня Жданаўскай сярэдняй школы навучаўся ў духоўнай сэмінарыі ў Рызе, быў высьвячаны на сьвятара 26 траўня 1974 г.[2]
Пасьля высьвячэньня быў накіраваны ў Малдову, дзе Каталіцкая Царква на той час была практычна зьнішчана. Яе адраджэньне ў Малдове зьвязваюць з прыездам туды ў 1974 а. Уладзіслава Завальнюка.[3] Служыў ён у каталіцкай капліцы на армянскіх могілках у Кішынёве. Сьвятар не абмяжоўваўся служэньнем ў Кішынёве, але гуртаваў вернікаў і адкрываў каталіцкія капліцы і ў вёсках. Знаходзячыся ў Малдове, абслугоўваў каля 70 каталіцкіх парафіяў і місійных пунктаў (у тым ліку 11 нямецкіх). Карыстаўся глыбокай павагай вернікаў, актыўна займаўся катэхізацыяй дзяцей і моладзі. За сваю рэлігійную дзейнасьць прасьледаваўся савецкімі ўладамі.
У 1976—1977 гг. у сяле Слабазія-Рашкаў вернікі пад кіраўніцтвам кс. Уладзіслава Завальнюка без дазволу савецкіх уладаў пабудавалі храм, бо афіцыйнага дазволу на будаўніцтва ўлады не давалі. Пабудаваная царква была разбурана 25 лістапада 1977.[4] Некаторыя вернікі былі аддадзены пад суд, а сам сьвятар быў арыштаваны за «рэлігійную прапаганду» і высланы ў Казахстан. Займаўся душпастырствам у Цалінаградзе, але потым быў вымушаны пераехаць у Краснаярск. У 1980 г. зноў вярнуўся ў Латвію, дзе займаўся сьвятарствам.
У 1984 г. пераведзены ў Беларусь, служыў у Глыбокім, быў вікарыем у Менскім Кальварыйскім касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа. З 1989 г. быў актыўным удзельнікам малітоўнага змаганьня вернікаў за вяртаньне каталіцкіх сьвятыняў у Менску (касьцёл сьв. Сымона і Алены, катэдральны касьцёл, касьцёл сьв. Роха). Аднавіў і адкрыў шэраг каталіцкіх парафіяў у розных мястэчках Беларусі.
Уладзіслаў Завальнюк мае ступені доктара тэалёгіі і кандыдата гістарычных навук, аўтар больш як 50 кніг, актыўны папулярызатар беларускай мовы ў царкоўным жыцьці[2]. Зьяўляецца старшынём Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры пры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, суаўтар слоўніка сучаснай беларускай мовы і энцыкляпэдычнага слоўніка рэлігійнай лексыкі беларускай мовы.
Быў стваральнікам рэлігійнай перадачы «Голас душы» на Беларускім радыё, якую вёў з 1993 да 2000.
Працы і рэлігійныя выданьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Сьвятая Імша», 1990.
- «Катэхізіс» (на 4 мовах), 1993.
- «Будслаўскі касьцёл — сьвятыня Беларусі», 1993.
- «Сьвятыня Беларусі», 1994.
- «Сьвяты Ружанец», 1994.
- «Прыгатаваньне да першай Сьвятой споведзі», 1995.
- «Абрады пахавання», 1998.
- Кс. Уладыслаў Завальнюк. История Будславской базилики. — Менск, Pro Chrisro, 1998.
- В. В. Грыгор’ева, У. М. Завальнюк, У. І. Навіцкі, А. М. Філатава. «Канфесіі на Беларусі (канец ХVІІІ — ХХ ст.)». — Менск, 1998.
- У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. «Слоўнік сучаснай беларускай мовы». — Менск, «Народная асвета», 2009.
- «Не адзіным хлебам». Менск, НП «Экоперспектива», 2011.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Zaval‘njuk, Uladzìslaŭ Macvejevìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б Завальнюк Уладзіслаў // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. — Менск-Мюнхэн: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
- ^ История Католической Церкви в России Архіўная копія
- ^ Краткая история католиков в Молдове и Бессарабии