Аляксандар Дамбавецкі
Дамбавецкі, Аляксандар Станіслававіч (1840 — каля 1918) — магілёўскі губэрнатар (1872—1893) (па-расейску: Дембовецкий).
Біяграфічныя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сёньня вельмі мала вядома пра жыцьцё Дамбавецкага. Дакладна не вядома яго паходжаньне, інфармацыя пра гады жыцьця не зусім дакладная (1840 — каля 1918), не вядома зь якога ён саслоўя (існавалі чуткі, што нібыта ён быў пазашлюбным сынам імпэратара Аляксандра II), якую пасаду займаў пасьля таго, як перастаў быць губэрнатарам. Нават па-рознаму ў розных выданьнях згадваецца яго прозьвішча: Дамбавецкі, Дэмбавецкі, Дзембавецкі. Невядома і месца ягонага пахаваньня.
Але няма сумневу, Аляксандар Станіслававіч Дамбавецкі ўнёс найбольшы ўклад сярод расейскіх губэрнатараў Магілёўскай губэрні ў разьвіцьцё і дасьледаваньне культуры, гісторыі, эканамічнай і фізычнай геаграфіі Магілёва і ваколіцаў.
Плённая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Так, Аляксандар Дамбавецкі аддаваў шмат увагі разьвіцьцю сыстэмы навучальных устаноў : здабыў сродкі для ўвядзеньня ў Магілёве будынка жаночай гімназіі, па яго ініцыятыве адчынена фэльчарская школа (1875), рэальнае вучылішча (1885). Па ініцыятыве губэрнатара быў адкрыты гісторыка-этнаграфічны музэй у Магілёве (1879). Для пасьпяховай дзейнасьці прамысловых прадпрыемстваў у горадзе было створана некалькі крэдытных устаноў.
Па яго закліку былі сабраныя ахвяраваньні жыхароў гораду для будаўніцтва будынка драматычнага тэатра ў Магілёве (1886-1888 гг.), які існуе пасьля рэстаўрацыі і па сёньняшні дзень.
«Спроба апісаньня Магілёўскай губэрні…»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Самым буйным праектам Дамбавецкага стала калектыўная праца ў трох тамах з поўнай назвай «Спроба апісаньня Магілёўскай губэрні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчах, лясных, вучэбных, мэдыцынскіх і статыстычных адносінах, з дзьвюма картамі губэрні і 17 рэзанымі на дрэве гравюрамі відаў і тыпаў» (па-расейску: Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географичесном,этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях, с двумя картами губернии и 17 резаными на дереве гравюрами видов и типов) (Кн. 1-3, Магілёў, 1882-1884 гг.). Дамбавецкі склаў праграму і займаўся рэдагаваньнем працы.
У ёй даведзена характарыстыка асноўных заняткаў насельніцтва, матэрыяльнай і духоўнай культуры жыхароў Магілёўшчыны, апісаныя помнікі архітэктуры, археалёгіі, гісторыі населеных пунктаў, гульні, абрады, забабоны, зьмешчана каля 500 народных сьпеваў.
Цікавай працай, зробленай Дамбавецкім, можна лічыць зборнік беларускага эратычнага фальклёру. Гэтак, вясельныя песьні, сабраныя Дамбавецкім выйшлі ў 1882 годзе, але ўсяго ў 20 рукапісных экзэмплярах і з пазнакаю «выключна для навуковага выкарыстаньня!»
Дамбавецкі арганізоўваў археалягічныя раскопкі ў Падняпроўі, выставы археалягічных знаходак у Магілёве, садзейнічаў выданьню «Дзёньніка курганных раскопак» М. В. Фурсава. і С. Ю. Чалоўскага (1892), рабоце Е. Р. Раманава над «Археалягічнай картай Магілёўскай губэрні», правядзеньню навуковых дасьледаваньняў рэгіёна.
Шэраг абставін спрыяў посьпехам Дамбавецкага на «ніве» культуры. Гэта і працяглы час знаходжаньня на пасадзе губэрнатара (1872—1893), і павелічэньне прыбыткаў губэрні ў ІІ пал. 19 ст. у выніку разьвіцьця капіталістычных адносінаў у эканоміцы. Але, безумоўна, не апошнюю ролю мела асабістая зацікаўленасьць, грамадзянская пазыцыя і сьветапогляд губэрнатара.
Памяць пра Дамбавецкага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сучасны парк Горкага ў Магілёве пэўны час насіў назву Сад Дамбавецкага. Сам парк на месцы замчышча быў таксама закладзены зь ініцыятывы губэрнатара.
Гарадзкая інтэлігенцыя спрабуе аднавіць памяць пра адну з найбольш яскравых асобаў гісторыі Магілёва. Гэтак, 26-27 кастрычніка 2000 году ў Магілеве праходзілі абласныя чытаньні «Магілеўшчына вачыма А. Дамбавецкага». Двухдзённыя чытаньні былі прысьвечаныя 160-м угодкам са дня нараджэньня Аляксандра Дамбавецкага. Арганізатары чытаньняў — Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова, Магілёўскі краязнаўчы музэй, музэй гісторыі Магілёва, рэдакцыйная рада альманаха «Магілёўская даўніна».
У 2009 годзе быў перавыдадзены трохтомны зборнік "Спроба апісаньня Магілёўскай губэрні…" (факсымільнае выданьне).
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Урывак са «Спробы апісаньня Магілёўскай губэрні...» з апісаньнем Магілёва
- Расейская дзяржаўная кніжніца. «Спробы апісаньня Магілёўскай губэрні...».Кн. 1, Кн. 2,Кн. 3.