Дзеяздольнасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Дзеяздольнасьць — здольнасьць сваім уласным учынкам набыць і ажыцьцявіць грамадзянскае права, стварыць для сябе і выканаць грамадзянскі абавязак, несьці адказнасьць за правапарушэньне, быць удзельнікам працэсу па цывільнай справе ў судзе[1].

Улучае здольнасьць даручыць прадстаўніку набыцьцё права, выкананьне абавязка і вядзеньне справы. У поўным аб’ёме ўзьнікае з паўналецьцем (18 гадоў у Беларусі). Зьвязаная з праваздольнасьцю, што ўзьнікае адначасна (права-дзеяздольнасьць, правасуб’ектнасьць) у такіх галінах, як права на працу (у 16 гадоў у Беларусі), на ўступленьне ў шлюб і быць выбарцам[1].

Частковасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзіця (да 15 гадоў у Беларусі) мае права самастойна заключыць дробную побытавую дамову (прыкладам набыць ежу і кнігу, аддаць у рамонт абутак). Бацькі або іншыя апекуны (усынаўляльнікі) заключаюць больш буйную дамову ад імя дзіцяці, замест якога ўступаюць у правадачыненьні. Бацькі, усынаўляльнікі і іншыя апекуны бароняць у судзе законнае права і зацікаўленасьць такога непаўналетняга дзіцяці, а таксама нядзеяздольнай асобы ў выніку душэўнай хваробы і разумовага парушэньня. Падлетак (з 15 да 18 гадоў у Беларусі) уступае ў дамову асабіста з згоды бацькоў, усынаўляльнікаў і іншых апекуноў. Таксама падлетак мае права заключыць невялікую побытавую дамову (прыкладам набыць адзеньне), распарадзіцца сваім заробкам і стыпэндыяй, ажыцьцявіць сваё аўтарскае і вынаходніцкае права на свой твор, вынаходніцтва, прамысловы ўзор і рацыяналізатарскую прапанову, права на сваё адкрыцьцё. Непаўналетні падлетак мае права асабіста бараніць у судзе свае правы і зацікаўленасьці па справе дамовы распараджэньня атрыманым заробкам, працоўных і шлюбна-сямейных правадачыненьняў[1].

16 кастрычніка 2013 году Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь ухваліў Рашэньне № Р-847/2013 «Аб абмежаваньні дзеяздольнасьці грамадзяніна з прычыны псыхічнага разладу». Паводле Рашэньня, Канстытуцыйны суд «вырашыў прызнаць неабходным унясеньне зьмяненьняў і дапаўненьняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь у частцы замацаваньня магчымасьці абмежаваньня дзеяздольнасьці грамадзяніна з прычыны псыхічнай хваробы ў залежнасьці ад ступені фактычнага зьніжэньня здольнасьці разумець значэньне сваіх дзеяньняў або кіраваць імі і прызнаньня абмежавана дзеяздольным грамадзяніна, раней прызнанага нядзеяздольным з прычыны псыхічнай хваробы ў выпадку аднаўленьня яго здольнасьці разумець у пэўнай меры значэньне сваіх дзеяньняў або кіраваць імі, а таксама замацаваньня грамадзянска-прававых вынікаў прызнаньня судом грамадзянаў, якія пакутуюць на псыхічныя разлады, абмежавана дзеяздольнымі»[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Дзеяздольнасьць // Юрыдычны энцыкляпэдычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 168-169. — 636 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-087-4
  2. ^ Пётар Міклашэвіч. Рашэньне Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь «Аб абмежаваньні дзеяздольнасьці грамадзяніна з прычыны псыхічнага разладу» // Зьвязда : газэта. — 30 кастрычніка 2013. — № 205 (27570). — С. 5. — ISSN 1990-763x.