Перайсьці да зьместу

Жартайка (вёска)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жартайка
трансьліт. Žartajka
Першыя згадкі: 19 стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Маісееўшчынскі
Вышыня: 200 м н. у. м.
Насельніцтва: 20 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222152
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°32′56.00″ пн. ш. 28°35′30.98″ у. д. / 54.5488889° пн. ш. 28.5919389° у. д. / 54.5488889; 28.5919389Каардынаты: 54°32′56.00″ пн. ш. 28°35′30.98″ у. д. / 54.5488889° пн. ш. 28.5919389° у. д. / 54.5488889; 28.5919389
Жартайка на мапе Беларусі ±
Жартайка
Жартайка
Жартайка
Жартайка
Жартайка
Жартайка

Жарта́йка[1]вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, на правым беразе ракі Жартайка, за 14 км на захад ад Маісееўшчыны. Жартайка ўваходзіць у склад Маісееўшчынскага сельсавету.

Назва вёскі Жартайка паходзіць ад назвы рэчкі, на якой яна знаходзіцца.

У навакольлях вёскі захавалася ўмацаванае пасяленьне — гарадзішча, якое мае ўзрост каля дзьвюх тысяч гадоў, і старажытныя пахаваньні — курганы, якія тут называюць капцамі. Яны маюць узрост каля тысячы гадоў ці трошкі меней.

Празь месца, дзе знаходзіцца Жартайка, праходзіў важны для тутэйшых земляў шлях. На пачатку другога тысячагодзьдзя нашай эры ён зьвязваў Менск і Полацак. Пазьней, пасьля заснаваньня Барысава, зь яго дапамогаю з поўначы можна было трапіць і ў горад. Гэтая дарога захоўвала сваю значнасьць, хоць і ў значна меншай меры, да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя.

Шлях з Жартайкі ішоў на паўднёвы захад у кірунку Крацэвічаў. За імі былі ростані на Барысаў і Менск. Гэтая частка дарогі выкарыстоўваецца і цяпер: невялікі кавалак — як шлях на Барань, і астатняя частка — шлях на Крацэвічы. У іншы бок стары шлях ішоў на Каршавіцу (але не праз Жортай), а ў пэўныя часы на РжаўкуМаісееўшчыну. Першы — асноўны варыянт шляху яшчэ нядаўна выкарыстоўваўся як лясная дарога. Аднак цяпер ужо ім практычна не карыстаюцца, і ён зарастае. Другі варыянт шляху актыўна выкарыстоўваецца як лясная дарога паміж вёскамі і цяпер.

Шлях з Барані на Жартайку, Жортай і далей на Сялец, які існуе цяпер, гістарычных каранёў ня мае.

ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на тое, што Жартайка здаўна знаходзілася на старажытным шляху, пра яе практычна не захавалася старых дакумэнтаў. Самае старое пісьмовае сьведчаньне пра Жартайку можа быць аднесена да 20-х — 30-х гадоў ХІХ стагодзьдзя, калі яна ўпершыню была адзначана на мапе. Сустракаецца вёска і на больш позьніх картах ХІХ стагодзьдзя.

Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя Жартайка належала да Багданаўскага сельскага таварыства, уваходзіла ў Красналуцкаю воласьць. Па стане на 1890 год тут было 15 сялянскіх гаспадарак.

Землі ля Жартайкі яшчэ з даўніх часоў належалі пану ў Лютцы. Яшчэ да зьліквідаваньня прыгону жартайцы хадзілі адпрацоўваць яго ў Люцец.

Быў у Жартайкі на аднайменнай рэчцы млын. Але ён люцецкаму пану не належаў. Яго гаспадаром пэўны час была нейкая габрэйка. Потым у яго быў іншы гаспадар. На пачатку ХХ стагодзьдзя ён згарэў. У 1912 годзе Алег Дашкевіч з Жортаю назьбіраў грошы і пабудаваў у Жартайцы новы млын. Пры «саветах» ён быў канфіскаваны ў калгас. Сяляне на ім малолі зерне яшчэ да апошняй вайны. Пры млыне быў тартак, на якім пілавалі дошкі.

Акрамя млына ў Жартайцы была карчма. Належала яна габрэйцы. Быў у вёсцы і смалакурна-скіпідараны завод. Спыніў сваю дзейнасьць ён у 1913 годзе.

Вынішчальны пажар

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку ХХ стагодзьдзя хаты, хлявы і іншыя пабудовы былі выключна драўляныя і шчыльна стаялі адна ля адной. У 1919 годзе, калі два тутэйшыя хлопцы неасьцярожна палілі, распачаўся пажар. Вёска згарэла ўшчэнт. Захаваліся толькі карчма і млын, якія знаходзіліся ў баку ад сялянскіх хатаў. Пасьля гэтага выпадку Жартайка была адбудавана наноў.

Няўдалая спроба электрыфікацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 30-я гады ХХ стагодзьдзя ў Жартайцы быў свой калгас, які называўся «Новая Жартайка». У 1934 годзе яго старшыні хтосьці параіў асьвяціць вёску з дапамогаю электрычнасьці. Раздабылі новую дынама-машыну, прывезьлі і ўсталявалі яе на млын. Ён з дапамогаю рэчкі пачаў спраўна выпрацоўваць для вёскі электрычнасьць. Па ўсіх хатах было ўсталявана асьвятленьне. Аднак было прадумана ня ўсё, што прывяло да трагічнага выпадку.

У тым жа 1934 годзе была вялікая навальніца. На вуліцы вада была паўсюдна. У гэты час адна з маланак трапіла ў правады. У хаце старшыні калгаса Швайбовіча ў гэты час быў яго сын, дачка, сястра і яшчэ адна жанчына зь вёскі. Лямпачка ў хаце вісела насупраць стала. Дачка, ёй тады было тры гады, сядзела на стале. Сын, якому было чатыры гады, стаяў ля акна і назіраў за навальніцай. Сілай маланкі дачку Швайбовіча кінула на падлогу. Сына ад акна кінула ў дзьверы. Бацька звычайна ў гэты час дома ня быў. На гэты раз ён знаходзіўся на сваім падворку, але ня ў хаце. Бацька пачуў грукат ад удару сына аб дзьверы і прыбег паглядзець, што здарылася. Сына выцягнулі ў двор, адкачалі, закапалі ў зямлю па горла. Так ён прасядзеў пэўны час. Неўзабаве прыбег доктар. Сястру Швайбовіча (ёй на той момант было 17 гадоў) ён выратаваць ня змог.

Пасьля гэтага выпадку ўсе правады ў вёсцы абарвалі, дынама-машыну выкінулі. Так трагічна скончылася першая спроба электрыфікацыі Жартайкі.

Вада ў рэчцы Жартайцы была вельмі каштоўнай. Яна ня толькі малола зерне, пілавала дошкі, але і дазваляла сплаўляць лес да Пяліка. Апошні факт, пэўна, будзе нечаканасьцю шмат для каго. Жартайка рака вельмі маленькая. Таму непасрэдна сплаў лесу па ёй немагчымы. Але было знойдзена выйсьце з гэтага становішча. На ёй былі зроблены плаціны. Акрамя Жартайкі іх уніз да Пяліка было пяць (на іх, у адрозьненьне ад Жартайкі млыноў не было). Перад плацінамі зьбіраліся бярвеньні. Калі вады ў азерцы станавілася дастаткова шмат, яе разам зь лесам спускалі. Пры гэтым сплаўшчыкі беглі да наступнай плаціны. Калі вады там было дастаткова — спускалі лес далей. Калі вады было мала — ішлі дадому і чакалі, пакуль яе ня стане дастаткова.

Так цягнулася да апошняй вайны. Пасьля яе плаціны былі адноўлены і сплаў лесу працягнуўся. У 1946 годзе ў Клетнае прывезьлі паравоз. Была зроблена вузкакалейка, якая мэханізавала і значна спрасьціла перавоз лесу да Пяліка. Сплаў па Жартайцы быў спынены. Па вузкакалейцы лес працягвалі вывозіць недзе да 1970 году.

У лепшыя для сябе часы — праз два-тры дзесяцігодзьдзі пасьля вайны — насельніцтва Жартайкі дасягала каля трох соцень чалавек. Сёньня ж яна зьяўляецца вельмі ціхай і нешматлюднай вёскай. У ёй каля 40 хат. Раней іх было практычна столькі ж, але зараз жыхароў у вёсцы зусім мала.

Нічога не засталося ад млына. Ён згарэў яшчэ ў 1943 годзе. Адзін з камянёў жорнаў цяпер перавезены на падворак аднаго з жыхароў вёскі, другі — пакуль знаходзіцца на месцы млына. Але ляжаць яму там засталося нядоўга. Няма даўно ў Жартайцы і карчмы. Толькі гарадзішча, капцы і старыя назвы ўрочышчаў (Лаўнік, Ручай, Пратасаўка і іншыя) нагадваюць пра былыя часы. Навакольлі ж вёскі — лясы застаюцца, як і ў даўнія часы, прытулкам для розных жывёлаў, а рака Жартайка зноў, як і ў старажытнасьці, шчыльна «заселена» бабрамі.

  • 1890 год — 15 двароў
  • 1999 год — 58 жыхароў
  • 2007 год — каля 40 двароў
  • 2010 год — 20 жыхароў

Інфармацыя для турыстаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Царква Сьв. Духа
  • Млыны
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 76

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]