Барань (Менская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Барань
трансьліт. Barań
Першыя згадкі: 16 стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Маісееўшчынскі
Вышыня: 182 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць: 135 чал. (2010)
колькасьць двароў: 80
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222150
СААТА: 6208852006
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°29′33.0″ пн. ш. 28°39′56.2″ у. д. / 54.4925° пн. ш. 28.665611° у. д. / 54.4925; 28.665611Каардынаты: 54°29′33.0″ пн. ш. 28°39′56.2″ у. д. / 54.4925° пн. ш. 28.665611° у. д. / 54.4925; 28.665611
Барань на мапе Беларусі ±
Барань
Барань
Барань
Барань
Барань
Барань
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Бара́нь[1] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 9 км на поўдзень ад Маісееўшчыны. Барань уваходзіць у склад Маісееўшчынскага сельсавету.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе паданьне, што Барань калісьці зьяўляўся вялікім горадам, які насіў назву Баран (або Залаты-Баран), у якім было 12 цэркваў. Быў вельмі разьвіты гандаль. Яшчэ нядаўна хто-ніхто са старажылаў нават мог указаць межы гэтага гораду. Згодна паданьня ён быў дашчэнту зьнішчаны ў час вайны са швэдамі. Аналіз старых дакумэнтаў і археалягічных помнікаў у навакольлях Барані пацьвярджае магчымасьць сапраўднасьці такіх фактаў.

У навакольлях Барані людзі жылі са старажытных часоў. Сьведчаньнем гэтаму зьяўляюцца, у прыватнасьці, чатыры дыярытавыя сякеры, якія былі знойдзены ў ХІХ стагодзьдзі ў навакольлях вёскі ля Схі.

Захавалася ля Барані месца былога ўмацаванага пасяленьня — гарадзішча. Яно можа быць датавана канцом першага тысячагодзьдзя да нашай эры — першай паловай першага тысячагодзьдзя нашай эры. Тут на ўзвышшы добра захавалася пляцоўка гарадзішча і яго абарончы вал. Знаходзіцца яно за кілямэтар на паўночны ўсход ад вёскі ля дарогі на Маісееўшчыну і мае тутэйшую назву «Царкавішча». Народная сьвядомасьць зьвязвае зь ім адно са сваіх паданьняў.

У больш позьнія часы — у другой палове першага тысячагодзьдзя нашай эры — адбылося перасяленьне жыхароў на неўмацаванае пасяленьне — селішча. Яго сьляды ёсьць ля гарадзішча ва ўрочышчы Старцы. Было ў гэтых мясьцінах вялікае пасяленьне і на мяжы першага і другога тысячагодзьдзяў і ў больш позьні час. Сьведчаньнем таму зьяўляюцца вялікія групы курганоў (ці як іх тут называюць — скапцоў), якія ўяўляюць сабой тагачасныя пахаваньні. Да нашага часу дайшла толькі іх невялікая колькасьць. Шмат курганоў было зьнішчана і ў ХХ стагодзьдзі. Так на поўдзень ад вёскі ва ўрочышчы Робскае ў 1924 годзе адзначалася 50 курганоў, у 1979 годзе — толькі 11. Было і ёсьць шмат курганоў у бок Вобчы. Дарэчы, наяўнасьць у навакольлі пасяленьня некалькіх курганных групаў з такой вялікай колькасьцю пахаваньняў у гэтым краі, акрамя Барані, было толькі ля Барысава.

Найбольш старыя пісьмовыя сьведчаньні аб Барані адносяцца да ХVІ стагодзьдзя, але і яны сьведчаць аб яго велічы. На той момант гэта быў буйнейшы цэнтар землеўладаньня. Тутэйшы маёнтак належыў такой вядомай асобе ў дзяржаве, як князь Канстантын Астроскі. У больш раньнія часы тут уладарылі князі вядомага ў Вялікім Княстве Літоўскім роду Гальшанскіх. Зьвесткі, якія б непасрэдна характарызавалі Барань на той час, адсутнічаюць.

У ХVІІІ стагодзьдзі, у прыватнасьці, па стане на 1732 год, Барань мела статус мястэчка. Дарэчы, на той момант дакладна вядома, што там ужо існавала Пакроўская царква, якая на той час хутчэй за ўсё была ўніяцкай. У ХVІІІ стагодзьдзі яна знаходзілася на тым самым месцы, што і на пачатку ХХ стагодзьдзя аднайменная праваслаўная царква. Старыя жыхары Барані яго называюць Сьвінтар (былы цьвінтар). Відавочна, што царква мусіла стаяць на галоўнай плошчы мястэчка, якая і знаходзілася на роўнай пляцоўцы перад ёй (ля сёньняшняга аўтобуснага прыпынку). Храм і яго прыход былі прымусова пераведзены ў маскоўскае праваслаўе ў 1839 годзе пасьля касаваньня ўніяцтва на Беларусі.

У ХІХ стагодзьдзі Барань уяўляе сабой звычайнае невялікае сяло, якіх было шмат у гэтым краі. У 1848 годзе тут было 35 двароў, у 1886 годзе — усяго 29 двароў і 170 жыхароў. Да 1909 году вёска павялічылася да 59 двароў і 399 жыхароў.

Адносілася Барань да Зачысьценскай воласьці. Празь вёску яшчэ са старых часоў ішоў бальшак з Барысава на Лепель, які ў 60-х гадах ХІХ стагодзьдзя адносіўся да шляхоў другога разраду.

У другой палове ХІХ стагодзьдзя тут адкрываецца царкоўна-прыхадзкая школа. Па стане на 1879 год у баранскім прыходзе было пісьменных 10% жыхароў. У 1911 годзе ў школе вучыліся 45 вучняў. Знаходзілася яна на пачатку ХХ стагодзьдзя на вуліцы насупраць Пакроўскай царквы.

На пачатку ХХ стагодзьдзя заставаліся яшчэ сьведчаньні былой велічы пасяленьня. Так, на такую малую вёску ў ёй было дзьве царквы: прыхадзкая Пакроўская, якая была пабудавана яшчэ ў ХVІІІ стагодзьдзі, і Ільлінская, што была прыпісана да яе. Абедзьве царквы былі драўлянымі і былі ў свой час ўзьведзены намаганьнямі прыхаджан. Па стане на 1879 год прыход Пакроўскай царквы ў Барані меў 40 дзесяцін сядзібнай, ворнай зямлі і пашаў і аб’ядноўваў 578 прахаджан мужчын і 666 жанчын. Штатнае гадавое жалаваньне прытчу складала 236 рублёў. Акрамя Ільлінскай да прыходу Пакроўскай царквы былі прыпісаны яшчэ дзьве царквы на могілках у іншых вёсках.

У 1903 годзе прыход аб’ядноўваў ужо 22 пасяленьні з 1285 мужчынамі і 1266 жанчынамі. Апошнім сьвятаром баранскага прыходу напярэдадні падзеяў 1917 году быў Цімафей Мацкевіч. Пасьля рэвалюцыі царква была закрыта, і ў ёй быў зроблены клюб, а пазьней, падчас апошняй вайны, будынак былой царквы спалілі партызаны.

Нягледзячы на закрыцьцё храма пасьля рэвалюцыі, яшчэ на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў на Пакроў вернікі зьбіраліся на Сьвінтары, на месцы былой царквы, каб падтрымліваць спрадвечныя традыцыі. У 1948 годзе на могілках была зроблена драўляная капліца. Разабрана яна была гады два таму ў сувязі з пабудовай новай капліцы.

У Барані, як і ў іншых месцах Барысаўшчыны, у былыя часы штогод ладзіліся кірмашы. Праводзіліся яны на Троіцу і на Пакроў. Пачыналася ўсё у Пакроўскай царкве, а потым ішлі да сваякоў. Было шмат музыкі, шмат частаваньняў. Гуляла ўся вёска.

Народная памяць данесла да нас, што ў Барані калісьці была карчма, якой валодаў габрэй. Знаходзілася яна па Перакавой вуліцы.

Быў тут да рэвалюцыі і панскі маёнтак, які хоць і ня быў такім вядомым і багатым, як у далёкім ХVІ стагодзьдзі, але і не зьяўляўся бедным. Да яго адносіўся і млын у Прудах. Кажуць, што і цяпер на асобных падворках, якія, мусіць, знаходзяцца на месцы былога панскага маёнтка, з даўніх часоў растуць незвычайна прыгожыя кветкі. Спрабавалі ня раз іх памножыць і пасадзіць у іншых месцах. Але ўсе спробы так і засталіся марнымі.

Цікавыя зьвесткі аб Барані захаваліся ў апытальных лістах, што рассылаліся на Беларусі ў 1924 годзе і захоўваюцца цяпер у архіве Інстытуту гісторыі АН Беларусі. Згодна іх на той час у навакольлі вёскі яшчэ былі сьляды старога пасяленьня — падмуркі будынкаў, паросшыя калодзежы, невялікія курганы з гліны і камянёў, якія ўяўлялі сабою рэшткі былых печак, штучная канава, якая, як меркавалася, была ля былога выгану. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя адзін з паросшых калодзежаў быў раскапаны. Было знойдзена залатое кальцо. У навакольлях Барані ў бок Страшнога (цяпер — вёска Высокі Бераг) быў знойдзены скарб з залатых рэчаў і каштоўных камянёў.

Адзначаецца ў апытальных лістах і паданьне аб тым, што Барань калісьці была вялікім горадам. Аднак падчас кампаніі 1812 году гэта ўжо ніяк не праяўлялася. Таму французы казалі так: «Барань — горад, а ён аўцы ня варты».

Захаваліся да нашых дзён у народнай памяці назвы тутэйшых вуліц. Так вуліца Бальнічная раней насіла назву Лагавая (ад слова лог), Школьная вуліца — гэта былая Цэнтральная, Цэнтральная вуліца — былая Перакавая (бо ішла ўпоперак вёскі), а Садовая раней насіла назву Сьценка (паходжаньне назвы невядома). Захаваліся і назвы шматлікіх мясьцінаў у навакольлях Барані. Гэта Мутня, Начоўкі, Вялікія Рызы, Падрызьзе, Кладзьдзё і інш. Тлумачэньне паходжаньня большасьці зь іх ужо даўно забыта.

Вялікую каштоўнасьць маюць зьвесткі пра тыя абрады, што выконваліся продкамі ў Барані, а асобныя з іх не забыты і маюць жыцьцё і зараз. Так, пры працяглай адсутнасьці дажджоў і засухі хадзілі з макам, які быў асьвечаны на Макавея (малы спас — 14 жніўня) з малітвамі вакол калодзежаў. Пасьля таго сыпалі сьвячоны мак у калодзеж. І, кажуць, дождж ішоў!

Пры набліжэньні цяжкіх хмар, што прадвяшчалі навальніцу, станавіліся ў варотах, выносілі хлеб ды соль. Чыталі малітву, клалі соль і хлеб на стойкі варот, хрысьціліся.

Нягледзячы на былыя гістарычныя і духоўныя здабыткі, жыцьцё ў Барані затухае. Колькасьць жыхароў вёскі нязьменна скарачаецца. Яшчэ ў 1995 годзе тутэйшая 8-гадовая школа была зроблена 4-х гадовай. Аднак і яна была зачынена ў 1998 годзе. А яшчэ крыху больш за 50 гадоў у ёй вучылася каля сотні хлопцаў і дзяўчат. У 2002 годзе ў вёсцы налічвалася каля 80 дамоў і 100 жыхароў.

Апошнія гады зьяўляецца спадзяваньне на адраджэньне Барані. Падстава для гэтага — заснаваньне і фармаваньне тут духоўнага цэнтру. Пасьля знаёмства з багатай гісторыяй Барані ўжо не здаецца дзіўным тое, што ён заснаваны менавіта тут. З 1998 году ў Барані прымаліся захады для ўтварэньня сястрынства, а з 2002 году тут утвораны праваслаўны жаночы манастыр. Цяпер ён аб’ядноўвае адну манахіню, двух інакінь і трох паслушніц. Ужо не адзін год ідзе ўзьвядзеньне на могілках Сьвята-Ксенееўскай царквы. У ёй жа будзе ніжні прадзел Серафіма Сароўскага. Гэты храм павінен стаць галоўным храмам манастыра. Там жа будуецца і Сьвята-Георгіеўская каплічка. Узводзіцца яна замест старой драўлянай.

У цэнтры Барані ў 1996 годзе была пабудавана новая царква, якая для захаваньня традыцыяў зроблена Пакроўскай. Асьвячэньне яе адбылося на Прачыстую, 28 жніўня.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1848 год — 35 двароў
  • 1886 год — 29 двароў, 170 жыхароў
  • 1909 год — 59 двароў, 399 жыхароў
  • 1999 год — 177 жыхароў
  • 2002 год — 80 двароў, 100 жыхароў
  • 2010 год — 80 двароў, 135 жыхароў

Інфармацыя для турыстаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнікі архітэктуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Царква Покрыва Прасьв. Багародзіцы

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Капліца Сьв. Ільлі (19 ст.)
  • Царква Покрыва Прасьв. Багародзіцы (18 ст.)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 76

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]