Сялец (Маісееўшчынскі сельсавет)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сялец
трансьліт. Sialiec
Першыя згадкі: 1619
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Маісееўшчынскі
Вышыня: 200 м н. у. м.
Насельніцтва: 103 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222152
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°36′55.01″ пн. ш. 28°38′21.01″ у. д. / 54.6152806° пн. ш. 28.6391694° у. д. / 54.6152806; 28.6391694Каардынаты: 54°36′55.01″ пн. ш. 28°38′21.01″ у. д. / 54.6152806° пн. ш. 28.6391694° у. д. / 54.6152806; 28.6391694
Сялец на мапе Беларусі ±
Сялец
Сялец
Сялец
Сялец
Сялец
Сялец

Сяле́ц[1]вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 9 км на паўночны захад ад Маісееўшчыны. Сялец уваходзіць у склад Маісееўшчынскага сельсавету.

Месцазнаходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Сялец — сьвету канец» — такую прымаўку даводзілася чуць шмат каму. Вёска Сялец знаходзіцца на самым ускрайку Барысаўшчыны, у баку ад усіх шляхоў. Нават невялікая мясцовая дарога са жвіру ідзе толькі да гэтай вёскі. На поўнач і паўночны захад ад яе разьмяшчаюцца вялікія лясы. На паўночным усходзе — таксама лес, за якім знаходзяцца вёскі Сеньненскага раёну Віцебскай вобласьці (раней — Барысаўскага павету). Але «адарванай» ад сьвету вёска Сялец была не заўсёды.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва Сялец сьведчыць пра старажытныя карані вёскі. Паходзіць яна, хутчэй за ўсё, ад старога пасяленьня, якія называлі селішчамі. Такія айконімы найбольш характэрны для населеных пунктаў, якія існавалі ў другой палове першага тысячагодзьдзя — першай палове другога тысячагодзьдзя нашай эры.

Даўнія часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пра заселенасьць навакольляў Сяльцу ў старыя часы сьведчаць пахаваньні — курганы, якія захаваліся да нашага часу ў навакольлях вёскі. Прычым сярод іншых аналягічных археалягічных помнікаў на Барысаўшчыне яны вылучаюцца сваімі вялікімі памерамі. Навукоўцам яны вядомы з 1924 году. Тады на полі ля вёскі існавала 12 курганоў. Яшчэ 4 курганы былі паміж вёскамі Сялец і Ўцеха.

Сялец — назва досыць пашыраная на Беларусі. Таму ў старых дакумэнтах часта бывае досыць цяжка прасачыць, пра які менавіта Сялец ідзе ў іх гаворка. Найбольш стары зь вядомых дакумэнтаў, які сьведчыць пра існаваньне Сяльцу (дакладней, яго маёнтку), датаваны 1619 годам (7 верасьня). На той час ён адносіўся да Ашмянскага павету. Маецца пісьмовае згадваньне Сялец і за 1737 год.

Па стане на 1766 год, згодна апісаньня маёнтку Латыгаль (Латыгалічы) Чашніцкага графства Полацкага ваяводзтва, у Сяльцы была 21 хата, мелася карчма. Быў веснавы млын.

Сялец у тыя часы знаходзіўся на вельмі старым шляху, які, верагодна, распачынае сваю гісторыю задоўга да заснаваньня Барысава. Першапачаткова гэта быў шлях зь пераправы празь Бярэзіну на Полацак, потым — з Барысава на Полацак. Як шлях гэта дарога выкарыстоўвалася да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя. Сялец паказаны на ўсіх больш ці менш падрабязных тутэйшых мапах ХІХ стагодзьдзя.

На 1890 год у Сяльцы адзначаецца 16 сялянскіх гаспадарак. Адносіліся яны да Дуброўскага сельскага таварыства Красналуцкай воласьці.

Маёнтак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маёнтак у Сяльцы існуе прынамсі з 1619 году. На 1766 год, згодна вышэй названага апісаньня, фальварак Сялец меў 23 хаты. Да яго належыў млын на ручаі і дзьве карчмы. Адна зь іх была непасрэдна ў Сяльцы, другая — у Тарантове. Аднак блізкасьць зьвестак пра Сялец і аднайменны фальварак у апісаньні 1766 году дае падставу для выказваньня меркаваньня, што ў абодвух месцах часткова ўказаны тыя самыя аб’екты.

У першай палове ХІХ стагодзьдзя фальварак Сялец належыў да маёнтку ў Латыгалі, якім па меншай меры ў 1830-х — 1840-х гадах валодаў Белікевіч.

На 1876 год маюцца зьвесткі, што Сяльцом у Барысаўскім павеце валодаў Мікіта Аляксандраў, які набыў яго па купчай крэпасьці 2 траўня 1872 году (аднак, няма дакладнай упэўненасьці, што ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе менавіта гэты Сялец). Згадваецца ў гаспадарцы і карчма. Кіраваў гаспадаркай у Сяльцы ня сам яе гаспадар, а арандатар.

Гаспадары маёнтку ў апошнія дзесяцігодзьдзі яго існаваньня часта мяняліся. Таму пра іх мясцовыя жыхары кажуць наступнае. Спачатку быў адзін пан. Ён прадаў маёнтак другому пану. Той праз пэўны час прадаў яго трэцяму — былому ваеннаму, які знаходзіўся на той час у адстаўцы. Праз пэўны час ён прапіў маёнтак. Так у ім зьявіўся чацьверты гаспадар.

Маёнтак на пачатку ХХ стагодзьдзя займаў значную плошчу на паўднёвым захадзе вёскі. Быў немалы драўляны панскі дом. Меўся вельмі дагледжаны вялікі сад, які быў абсаджаны ліпамі. Было дзьве сажалкі. Адна зь іх была ў садзе. Другая была з зацэмэнтаванымі берагамі, вельмі глыбокая.

ХХ стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да рэвалюцыі школы ў Сяльцы не было, найбліжэйшая пачатковая школа знаходзілася ў Студзёнцы. Для працягу адукацыі хадзілі ў Латыгаль. Па гэтай прычыне пісьменных людзей у вёсцы раней амаль не было. У 1919 годзе ў Сяльцы была адкрыта пачатковая школа. Разьмясьцілася яна ў былым панскім доме. У далейшым школа была зроблена 9-гадовай. У час вайны панскі будынак згарэў. У тыя ж часы ў вёсцы знаходзіўся нямецкі гарнізон. Паколькі яны баяліся партызан, панскі сад быў высечаны.

Панскія сажалкі праіснавалі болей. Праўда пасьля пабудовы каля адной зь іх фэрмы, адна зь іх пачала хуткімі тэмпамі засыпацца. Да нашага часу захаваліся толькі малыя часткі тых сажалак, якія існавалі на пачатку ХХ стагодзьдзя.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1766 год — 21 двор
  • 1890 год — 16 двароў
  • 1999 год — 147 чалавек
  • 2010 год — 103 чалавекі

Інфармацыя для турыстаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У школе ў Сяльцы ў апошнія дзесяцігодзьдзі яе існаваньня быў свой музэй. У ім мелася шмат разнастайных мясцовых экспанатаў. Былі тут шматлікія акамянеласьці — адбіткі дагістарычных жывёлаў, якія жылі ў цёплым моры, што існавала на гэтых землях у далёкай старажытнасьці. Для збору экспанатаў настаўнікі з вучнямі хадзілі да мясцовых людзей. Шмат у каго яшчэ былі даўнія куфэркі. Яны былі абклеены старымі газэтамі. Апошнія таксама сталі экспанатамі музэю. Былі ў школьным музэі ў Сяльцы шматлікія запісы ўспамінаў людзей пра мінуўшчыну краю, яго адметныя мясьціны. Для ўдакладненьня зьвестак настаўнікі езьдзілі ў архіў. Вялі перапіску з прадстаўнікамі палка імя Нармандыі-Нёман.

Агульнымі намаганьнямі настаўнікаў і вучняў у школе ў Сяльцы ў свой час быў створаны сапраўдны невялікі музэй.

Музэй у школе захоўваўся да таго часу, пакуль існавала сама школа. Напрыканцы 1990-х гадоў з-за малой колькасьці дзетак яна зноў была зроблена пачатковай. А праз тры гады па тых самых прычынах яна наогул была зачынена. Экспанаты музэю яшчэ захоўваліся да лютага 2002 году. Пасьля таго найбольш каштоўная частка зь іх была вывезена ў Барысаўскі аб’яднаны музэй. Частка экспанатаў працягвала знаходзіцца ў былым памяшканьні школы. Аднак потым замок будынка быў узламаны і значная частка іх рэшткаў была зьнішчана. Так завяршыўся лёс асноўнай часткі экспанатаў музэю. Выратаваць атрымалася толькі малую частку былога збору.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Млын
  • Прадцечанская царква

Царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Час заснаваньня царквы ў Сяльцы невядомы. Яшчэ ў першай палове ХІХ стагодзьдзя яна хутчэй за ўсё была прыхадзкой. У 60-х гадах ХІХ стагодзьдзя яна — Прадцечанская царква была прыпісанай да царквы ў Латыгалі. Была яна драўлянай і будавалася гаспадаром маёнтку ў Латыгалі Беліковічам, да якога ў часы прыгоннага права і належаў фальварак Сялец.

Царква ў Сяльцы, якая існавала напярэдадні падзеяў 1917 году, была таксама драўлянай, невялікай. Яна свайго бацюшку ня мела. Па меры неабходнасьці сюды прыязджаў сьвятар з Латыгалі.

Царква ў Сяльцы ня доўга змагла праіснаваць пры савецкай уладзе. Яна была разбурана.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 77

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]