Перайсьці да зьместу

Дарвін Нуньес

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дарвін Нуньес
Дарвін Нуньес
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 24 чэрвеня 1999(1999-06-24)[1] (25 гадоў)
Рост 187 см
Вага 81 кг
Пазыцыя нападнік
Клюбная інфармацыя
Клюб Лівэрпул
Нумар 9
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
2017—2019
2019—2020
2020—2022
2022—
Пэньяроль
Альмэрыя
Бэнфіка
Лівэрпул
15 (4)
32 (16)
57 (32)
74 (22)
Зборныя
2019— Уругвай 33 (13)

¹ Колькасьць гульняў і галоў за прафэсійны клюб лічыцца толькі
для нацыянальнай лігі, адкарэктавана на
24 лістапада 2024.
² Колькасьць гульняў і галоў за нацыянальную зборную
ў афіцыйных матчах, адкарэктавана на
20 лістапада 2024.

Дарвін Габрыель Нуньес Рыбэйра (па-гішпанску: Darwin Gabriel Núñez Ribeiro; нар. 24 чэрвеня 1999 году) — уругвайскі футбаліст, нападнік ангельскага клюбу «Лівэрпул» і нацыянальнай зборнай Уругваю.

22 лістапада 2017 году дэбютаваў у «Пэньяролі», калі выйшаў на зьмену Максі Радрыгесу ў другой паловы матчу супраць сталічнага «Рывэр Плэйту»[2]. У наступным месяцы атрымаў пашкоджаньне і выбыў на нейкі час. Свой першы гол Нуньес здабыў 13 кастрычніка 2018 году, пацэліўшы першы гол сутрэчы ў браму «Фэніксу» (2:0)[3]. 14 ліпеня 2019 году зарабіў першы хет-трык у матчы супраць «Бостан Рывэр» (4:0)[4]. Пасьля таго як нападнік зарэкамэндаваў сябе, гульца рупліва прыдбала «Альмэрыя», якая на той момант выступала ў другім дывізіёне гішпанскага першынства. Паводле чутак, Нуньес каштаваў каля 6 млн эўра, але выдаткі былі акупленыя, бо ў дэбютным сэзоне ўругваец здабыў 16 галоў на свой рахунак за 30 гульняў.

Нуньес у кашулі «Бэнфікі» ў матчы Лігі чэмпіёнаў супраць «Барсэлёны».

4 верасьня 2020 году Нуньес падпісаў пяцігадовы кантракт з партугальскім клюбам «Бэнфіка», які заплаціў рэкордныя грошы ў памеры 24 млн эўра. Гэты трансфэр стаўся самым буйным паводле сумы для «Альмэрыі», а таксама для Сэгунды. Паводле дамоўленасьці «Альмэрыя» атрымала мажлівасьць зарабіць 20% ад будучага продажу футбаліста[5]. Праз адзінаццаць дзён уругваец дэбютаваў у клюбе ў матчы супраць грэцкага ПАОКу ў трэцім кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў 2020—2021 гадоў[6]. Пачаў гулец няблага, зарабіўшы пяць асыстэнцкіх пунктаў у чатырох матчах партугальскай Прымэйры, а таксама здабыўшы хет-трык у матчы Лігі Эўропы супраць польскага «Леху» (4:2). Тым ня менш, пасьля паўзы, выкліканай пандэміяй каранавірусу, уругваец на працягу сэзону змагаўся з рознымі траўмамі і не забіваў чатыры месяцы[7].

У траўні 2021 году Нуньес перанёс апэрацыю на правым калене, прымусіўшы яго прамінуць першыя месяцы сэзону 2021—2022 гадоў[8]. Павярнуўся гулец 21 жніўня, замяніўшы Эвэртана на 72-й хвіліне, у пераможным матчы супраць «Жыл Вісэнці» (2:0). Пасьля дубляў у матчах супраць «Санта-Клары» і «Баавішты» нападнік быў абраны гульцом месяцу Прымэйры ў верасьні[9]. 29 верасьня галеадор адзначыўся дублем і ў Лізе чэмпіёнаў, вынікова стрэліўшы ў браму «Барсэлёны». Наступныя месяцы былі такія ж плённыя. Нуньес адзначыўся хет-трыкам у браму «Бэленэнсішу» ў лістападзе, а ў наступным месяцы столькі ж галоў забіў у браму «Фамалікану». Гулец зарабіў на свой рахунак 26 галоў у матчах чэмпіянату, стаўшы найлепшым бамбардзірам першынства і ўвайшоўшы ў сымбалічную зборную турніры. Тым ня менш, «Бэнфіка» фінішавала толькі на трэцім месцы. У Лізе чэмпіёнаў клюб дасягнуў чвэрцьфіналу, дзе саступіў «Лівэрпулу». Нуньес улучыў мяч у браму ангельцаў у кожным матчы з двубою, у выніку перасягнуўшы клюбны рэкорд паводле колькасьці галоў у сэзоне за «Бэнфіку», які быў усталяваны раней Нуну Гомішам[10].

13 чэрвеня 2022 году «Бэнфіка» дасягнула пагадненьня з клюбам Прэм’ер-лігі «Лівэрпулам» аб пераходзе Нуньеса да ангельцаў за 75 млн эўра плюс 25 млн эўра ў дадатак[11]. 30 ліпеня нападнік дэбютаваў за «чырвоных» ў пераможным матчы Супэркубка Ангельшчыны супраць «Манчэстэр Сіці» (3:1). 6 жніўня ён забіў свой першы гол у складзе лівэрпульцаў у дэбютным матчы Прэм’ер-лігі супраць «Фулгэма», які скончыўся ўнічыю 2:2.

У верасьні 2019 году Нуньес быў выкліканы да складу нацыянальнай зборнай Уругваю на таварыскія матчы супраць зборных Коста-Рыкі і ЗША. Але дэбютаваў нападнік 16 кастрычніка ў нічыйным матчы супраць зборнай Пэру. У гэтай сустрэчы Нуньес забіў адзіны гол сваёй каманды праз пяць хвілінаў па сваім зьяўленьні на пляцоўцы[12]. Як плянавалася, нападнік мусіў быў згуляць на Кубку Амэрыкі 2021 году, але праз траўму быў вымушаны прапусьціць турнір[13].

«Пэньяроль»:

«Лівэрпул»:

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]