Гісторыя Гомелю

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Гомель — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), колішні цэнтар абароны на паўднёвым усходзе Вялікага Княства Літоўскага.

Старажытнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XII—XVII стагодзьдзях Гомель лічыўся моцным цэнтрам абароны Ніжняга Пасожжа. Умацаваньні зь земляным валам ды найпрасьцейшым частаколам зьявіліся тут ужо ў XI ст., пазьней вал шматразова дасыпаўся. Археалягічныя дасьледаваньні, якія праводзіліся ў Гомельскім парку на пачатку 90-х гадоў XX ст., паказалі, што першыя паселішчы ўсходніх славянаў-радзімічаў былі тут у IX—X стагодзьдзях.

Гістарычнае места Гомель, з супрацьлеглага боку ракі
Гістарычнае места Гомель, з супрацьлеглага боку ракі

Першы ўспамін пра Гомель зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе й датуецца 1142 годам: «И слышавъ уже билися Ольговичи у Переяславля съ стрыемъ его с Вячеславомъ и съ братомъ его Изяславомъ. И поиде на волость ихъ и взя около Гомия». У той час горад знаходзіўся ў складзе Чарнігаўскага княства.

Каля 1157 смаленскі князь Расьціслаў Мсьціславіч выкарыстаў барацьбу за кіеўскі сталец і ўчыніў выправу на Чарнігаўскае княства «и взя около Гомия волость их всю», але неўзабаве чарнігаўскія князі вярнулі Гомель.

У 1159 у Гомелі ратаваўся ад міжусобіцаў вялікі кіеўскі князь Ізяслаў Давыдавіч. А ў 1164 тут заснавалі княжы стол, якім валодаў князь Ігар Сьвятаслававіч — герой паэмы «Слова пра паход Ігараў».

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1335 Гомель далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага і адгэтуль жыў лёсам памежнага ўмацаванага гораду на паўднёва-ўсходняй ускраіне дзяржавы, займаў важнае месца ў абарончым поясе замкаў Пасожжа. Разам са Старадубам быў часткаю «ўдзелу» князя Патрыкія Нарымунтавіча, пляменьніка Альгерда. З 1406 па 1419 местам кіраваў вялікакняскі намесьнік, потым ім валодалі розныя князі: Свідрыгайла (да 1435), уцекач з Маскоўскага княства князь Васіль Бароўскі (1436—1452), які пазьней вярнуўся дадому. З 1452 места зноў у руках састарэлага Сьвідрыгыйлы. Пасьля яго сьмерці Гомель быў адданы зьбеглым мажайскім князям, адмова якіх у 1499 ад прыняцьця каталіцтва прывяла да доўгай барацьбы за валоданьне местам. У гэтую барацьбу ў 1500 умяшаўся маскоўскі князь, у якога мажайскія ўцекачы знайшлі падтрымку. Такім чынам, да 1535 Гомель амаль штогод зазнаваў рэйды войскаў Вялікага Княства Літоўскага, але ж кожны раз вытрымліваў аблогі. Гэта можа зьяўляцца доказам моцы яго сьценаў і вежаў, за якімі маскоўскія князі ўвесь час трымалі значны гарнізон.

Гомельскі замак з мапы XVI ст.

У чэрвені 1535 быў арганізаваны паход вялікакняскага войска, якое ўзначаліў гетман Вялікага Княства Літоўскага Юры Радзівіл, гетман каронны Ян Тарноўскі ды кіеўскі ваявода Андрэй Няміра. Яны ўзялі Гомель у аблогу, выкарыстоўваючы тактычныя прыёмы тагачаснай вайсковай навукі. Акрамя артылерыі ў войску былі спэцыялісты па падкопах. Жыгімонт Стары паставіў задачу: «И естли б Бог милый допомог напервей замку Гомья достати, або огнем его спалити, приказуем вам: […] двадцать человеков, с топоры, которыи бы мели тот замок Гомей зарубити, поки войски наши оттоль не выйдуть, штобы теж люди Московскии не впередили». Тым часам у ніводным зь вядомых на сёньня дакумэнтаў няма сьведчаньняў таго, што вялікі князь аддаў войску загад спаліць Гомель, калі яму не адчыняць брамы[1].

Гетман Юры Радзівіл, пачаўшы аблогу, асноўную стаўку зрабіў на артылерыйскі абстрэл Гомельскага замку: «А так в середу весь день… на замок стрелба била, а потом с середы на четверг всю ночь и в четверг мало не весь день с наших дел стрелбу чинили». Як сьведчыць Патрыяршы летапіс, маскоўскі намесьнік князь Дзьмітры Шчэпін-Абаленскі, што перабываў тады ў Гомелі, выявіўся «не храбр и страшлив, видев люди многие и убоявся, из града побежал, и дети боярские с ним же и пищалники». У замку засталіся толькі «тутошние люди немногие Гомьяне», якія, пабачыўшы «воеводское нехрабрство и страхование… здаша град». Замак, папраўлены прысланымі цясьлярамі, быў папоўнены боепрыпасамі. Вялікакняскі падскарбі Іван Гарнастай накіраваў сюды «вси потребы — салетру и порох и кули и свинец».

Вялікі князь Жыгімонт Стары заснаваў у 1535 годзе Гомельскае староства як асобнае дзяржаўнае ўтварэньне ў складзе гаспадарскіх Падняпроўскіх воласьцяў[2].

Гістарычны герб Гомелю, атрыманы 21 сакавіка 1562

Пастановай вялікага князя літоўскага ў 1537 мяшчане Гомлю ды ўся воласьць былі вызваленыя ад «роблення замку Гомейского на 1 год… под тым обычаем иж они не мели до году одного замку рубити и ничего в нем оправовати, хиба естли бы которые кгонты в замку опали, або дощчка ся где оторвала, то мели за ся прибити и направити». Аднак мясцовы дзяржаўца князь Талачынскі адабраў гаспадарскі прывілей у мяшчан ды валашчан, пачаў іх вымушаць выконваць розныя работы ў замку, а непаслухмяных садзіў у вежу, адбіраючы ў заклад жанок і дзяцей. Прысланага дзеля разбору адмысловага каралеўскага двараніна дзяржаўца «зсоромотил и бити его хотел». Гэта выклікала гнеў гаспадара. Галоўная прычына яго незадаволеннасьці і неспакою за сытуацыю ў Гомлі сфармулявана была вельмі выразна ў наступных словах прысланай дзяржаўцы грамаце: «знать и помнить необходимо, …иж тот замок за великим накладом к рукам нашим пришол, …иж тот замок на украйне есть, а к людем украинным треба ся ласкаве захвати и не годиться им ни в чем обтяженья чинити».

Таксама як і іншыя беларускія замкі, Гомельскі замак меў моцны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сьцены-горадні з баявой галерэяй — «блянкаваньнем», а таксама ўездную браму з пад’ёмным мастом — «узводам», перакінутым цераз роў. Сьцены ўмацаваньняў на значную вышыню былі абмазаны глінай, якая прадухіляла іх гніеньне ды выконвала проціпажарную ролю. З замку быў прарыты патаемны падземны ход да Сожу, адкуль у час аблогі бралі ваду.

Улічваючы важнасьць і значнасьць Гомельскага замка для абароны дзяржавы й зыходзячы з таго, што «…иж кождому оборона и осторожность есть потреба», сюды з бліжэйшых гарадоў дастаўляліся хлебныя запасы ды адмыслова вылічаныя группы коннай варты, а зь Віленскага арсэнала ў 1552, 1562 ды 1563 дастаўляліся ўзбраеньне ды амуніцыя. Так Чачэрская воласьць абавязвалася вярхоўнай уладай забясьпечваць у Гомелі за прыватны рахунак увесь год атрад «старожы». Ня выключана, што яе дасылалі й іншыя бліжэйшыя гарады — Прапойск, Рагачоў. Сюды ж з Рагачова прывезьлі значную колькасьць жыта ды аўса «ку наспижованью замку». У 1557 гарнізон Гомельскага замка быў павялічаны да 200 чалавек «драбаў». Дзеля рамонта ўмацаваньняў далучалася насельніцтва Чачэрску, Прапойску ды іншых валасьцей Падняпроўя ды Пасожжа. У сярэдзіне XVI ст. Гомельскі замак ператварыўся ў рэгіянальны цэнтар абароны паўднёва-ўсходніх зямель Вялікага Княства Літоўскага ад рабаўнічых нападаў перакопскіх татараў.

Базарная плошча (леваруч месьціцца касьцёл, праваруч — ратуша), малюнак сяр. XIX ст.

З 1561, разам з умацаваньнямі Гомельскага замка, згадваюцца й умацаваньні места, г.зн. лініі ўласна мескай фартыфікацыі. Гомель быў акружаны земляным валам, наверсе якога стаялі драўляныя вежы й сьцены — гародні. Уезд і выезд зьдзяйсьняліся праз брамы: Чачэрскую, Магілёўскую, Рэчыцкую ды Водную, якая выводзіла на мескую гандлёвую прыстань. Перад валам ішоў глыбокі абарончы роў зь перакінутым празь яго пад’ёмнымі мастамі, падведзенымі да брамаў места.

21 сакавіка 1560 (паводле іншых зьвестак — 1562[3]) вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст зацьвердзіў мескія пячатку і герб Гомелю «ў чырвоным полі срэбны крыж»[3][4]. Гэта было адно з шасьцідзесяці местаў Вялікага Княства Літоўскага, якія мелі ўласны герб. Варта зазначыць, што ў межах сучаснай Беларусі такіх местаў усяго чатыры (акрамя Гомлю, Барысаў, Крычаў ды Ворша).

Згодна з вынікамі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Гомель і староства ўвайшлі ў склад Рэчыцкага павету новаўтворанага Менскага ваяводзтва.

У часы Лівонскай вайны Гомель быў неадначасова заняты войскамі Івана Жахлівага, аднак у ліпені 1576 атрад гетмана Юрыя Радзівіла здолеў зноў захапіць яго. Празь 5 гадоў, 5 траўня 1581, Гомель зноў зазнаў напад царскіх войскаў, якія «...до замку неведоме ночью пришедши, на место ударили и место огнем выпалили». Замак, аднак, захапіць ня ўдалося.

У час антыфэадальнага паўстаньня пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі (1595) места на пэўны час зрабілася прыстанкам паўстанцаў-казакаў, якіх падтрымалі гомельскія мяшчане.

Гомельская ратуша, ХІХ ст.

Цягам 1614—1615 (часы вайны Рэчы Паспалітай і Маскоўскім княствам) у Гомельскім замку стала знаходзіўся невялікі гарнізон, які налічваў 40 казакаў ды 40 жаўнераў. Іх падтрымлівала мескае апалчэньне.

У 1633 Гомель процістаяў казацкім сотням Багдана Булгакава й Івана Ярмоліна, якія таксама ня здолелі захапіць замак. Падчас аблогі места Б. Булгакаў быў паранены.

У кастрычніку 1648 украінскія казакі на чале з палкоўнікам Главацкім і беларускія сяляне занялі места, абрабаваўшы шляхту ды заможных людзей. Мяшчане амаль што ўсе «паказачыліся». Аднак атрад Главацкага быў у Гомлі нядоўга, яго адклікаў да Ўкраіны Багдан Хмяльніцкі.

Пасьля Корсунскай бітвы 1649 з дапамогаю часткі мяшчан Гомель быў захоплены казакамі палкоўніка Нябабы. Але Збароўскі мір дазволіў гетману Янушу Радзівілу сканцэнтраваць дастатковую колькасьць войска дзеля аднаўленьня ўрадавай улады ў Гомелі, Чачэрску ды іншыя местаў.

У 1651 Багдан Хмяльніцкі пачаў новы наступ на паўднёвыя месты Беларусі. У чэрвені палкоўнік Нябаба накіраваў войска палкоўнікаў Забелы ды Окшы на Гомель. Спачатку тут было 7 тысячаў казакаў, а затым падыйшло яшчэ 10 тысячаў. Места абаранялі вялікі наёмны гарнізон (на чале з капітанам Мантгомэры) ды мясцовае апалчэньне. 13 чэрвеня была першая спроба ўзяць места з дапамогаю падкопаў ды штурму, але ж абаронцы вытрымалі.

Расейскі герб Гомелю, 1855

Пасьля першай няўдачы Забела паслаў людзей у Чарнігаў да Нябабы за падмогай. Тым часам казакі паспрабавалі вымантачыць гарнізон з Гомелю, разыграўшы сцэну бою нібыта з падышоўшым на дапамогу месту войскам. Аднак абложаныя разабраліся ў абставінах і аніводны жаўнер з брамы ня выйшаў. Пасьля гэтага казакі два дні рыхтаваліся да штурму, зладзілі 14 гуляй-гарадоў, якія замаскіравалі зялёнымі галінамі. Уначы чатыры гуляй-гораду пад’ехалі да Чачэрскай брамы, а тры — да самага моста цераз абарончы роў. Але праз агонь гармат ды мушкетаў з замкавых умацаваньняў мусілі адыйсьці. Той жа ноччу казакі палкоўнікаў Літвенкі й Паповіча беспасьпяхова «раз по 15 ходили на штурм» замка. Пазьней Нябаба тэрміновым лістом на некаторы час адазваў казакаў ад Гомелю. Аднак пры канцы чэрвеня 1651 яны зноў аблажылі места. Але да гарнізона прыйшло падмацаваньне й ён утрымаўся.

Грамадзка-палітычнае становішча сярэдзіны XVII ст., а таксама пагроза акупацыі з боку войскаў Маскоўскай дзяржавы прымусілі дзяржаўную ўладу ўжо ў 1653 разьмясьціць у памежных замках Пасожжа дадатковыя гарнізоны. У Гомельскім замку ў сакавіку 1654 было 700 чалавек пяхоты, прысланай гетманам Радзівілам. Паводле некаторых зьвестак улетку 1654 гомельскі гарнізон налічваў дзьве тысячы чалавек, галоўным чынам нямецкай і вугорскай пяхоты, у тым ліку была й рота татар.

У чэрвені 1654, на самым пачатку вайны паміж Расейскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай, на Гомель з Ноўгарада-Северскага накіравалася войска наказнога атамана Залатарэнкі. Яно налічвала 20 тысячаў конных і пешых ратнікаў. Паводле сьведчаньня Летапіса Самавідца, Залатарэнка «…армат узял из собою немало, а так же запас пушечный», дазваляўшы яму ўзяцца за аблогу гэтага буйнейшага на Ніжнім Пасожжы замка. Сам атаман, паведамляя цару Аляксею Міхайлавічу аб свайм выступе, пісаў, што «Гомель… есть всем местам граничным литовским головою. Место велми оборонное, людей служилых немало, снарядов и пороху много…»

Гомель на малюнку Н. Орды

Войска Залатарэнкі без асаблівых намаганьняў пераадолела мескія ўмацаваньні й падыйшло да замку. Паставіўшы навокал яго й па суседніх узгорках гарматы, казакі пачалі аблогу, «промышляя всеми промыслы ратными». За ўвесь час ад пачатку аблогі да 11 ліпеня казакі чатыры разы хадзілі на штурм, але ўсе йх прыступы былі адбіты. Абложаныя таксама прадпрымалі вылазкі ў адказ. У час адной зь іх быў забіты чарнігаўскі палкоўнік Сьцяпан Падбайла, які ўжо быў аднойчы ў Гомелі ў 1649. Аблога зацягнулася й казакі вырашылі вымусіць замак здацца «голодом и безводьем».

За хадой аблогі Гомелю сачыла ўся Ўсходняя Беларусь, абодва бакі канфлікту. Разумеючы, што гамельчукі сваёй упартасьцю «всей Литве и войскам ее сердца и смелости додают», Залатарэнка зьвярнуўся да абложаных ад імя цара й Багдана Хмяльніцкага з прапановай здацца, але тыя «гордо и сурово» адмовіліся. Тады казакі ўцягнулі некалькі невялікіх гарматаў на Спаскую царкву, што стаяла за Гамеюком непадалёк ад замка. Страляючы распаленымі ядрамі, яны выклікалі ў замку пажар. Вылазка з мэтай ліквідацыі гэтай артылерыйскай пазыцыі скончылася для абложаных няўдачай. Неўзабаве казакі знайшлі й узарвалі патайны ход да вады, што ў канчатковым выніку вырашыла лёс замку. Як пісалася ў данясеньні цару 13 жніўня 1654, пасьля больш як паўтарамесячнай аблогі «гомляне, полковники, ротмистры и со всеми своими людьми покорилися».

Палацава-паркавы ансамбль Пашкевічаў на малюнку А. Ідзкоўскага, XIX ст.

Вайна 1654—1667 моцна адбілася на стане Гомелю. Аднак замак, калі ўлічваць зьвесткі 1666, усе яшчэ захоўваў сваю моц.

У 1670 места атрымала Магдэбурскае права. У 1681 у Гомелі было 165 дымоў[5].

З пач. XVIII ст. у Гомелі дзейнічаў касьцёл, а з 1717 пры вуніяцкай царкве Сьв. Міколы — базылянскі кляштар. Апроч таго, у Спасавай Слабадзе, што месьцілася каля Гомельскага замка, уцекачы-стараверы заснавалі манастыр. Вядома, што ўладальнік Гомельскага староства князь Міхайла Чартарыйскі ў 1737 збудаваў у Гомелі новы моцны дубовы замак зь вежамі й сьценамі, у якіх меліся шматлікія байніцы, паглыбіў ровы й паправіў пад’ёмны мост.

У 1764 расейскія карныя войскі спалілі слабаду старавераў каля Гомелю, а яе жыхароў вывезьлі ў Расею. У 1765 у месьце налічвалася 206 дымоў[5].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Гомель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рэчыцкай правінцыі Магілёўскай губэрні. Кацярына II падаравала колішняе магдэбурскае места Пятру Румянцаву «для увеселения». Апошні загадаў разабраць вежы й сьцены драўлянага замка, зрыць валы. У 1785, паводле праекту Б. Растрэльлі, на іх месцы пачалі будаваць мураваны палац[6]. Румянцаў, не жадаючы прысутнасьці ў Гомелі павятовых чыноўнікаў, дамогся ператварэньня паселішча ў прыватнаўласьніцкае мястэчка пры ўмове пабудовы ім новага гораду, дзе б разьмясьціўся павятовы цэнтар. Пазьней Гомель увайшоў у склад Беліцкага павету. Румянцаў у 1777—1786 збудаваў новы павятовы цэнтар (Новая Беліца) на левым беразе ракі Сож, за 3 вярсты ад Гомелю. У 1793 на беразе Сажа збудавалі Ільлінскую царкву. У 1809—1819 паводле праекту архітэктара Д. Кларка вялося будаваньне Петрапаўлаўскага сабора. 8 лістапада 1819 у Гомелі адкрылася першая ў Расейскай імпэрыі лянкастарская школа. Апроч таго, у месьце існавалі гімназія (з 1797), гасьціны двор, шкляны, кафляны, сьпіртавы заводы, ткацкая і прадзільная фабрыкі, сталы драўляны мост праз Сож. У 1822 завяршылася ўзьвядзеньне касьцёла.

У 1852 новы ўладар князь Іван Паскевіч перавёў павятовы цэнтар у Гомель (павет пераназвалі ў Гомельскі) і абвясьціў Новую Беліцу заштатным горадам, а ў 1854 годзе яе далучылі да Гомелю ў якасьці прадмесьця (цяпер — Навабеліцкі раён). На падставе гербу Новай Беліцы, дараванага ёй у 1781 годзе, распрацавалі герб Гомелю, зацьверджаны ў 1856 годзе. За часамі Паскевіча адкрыліся шкляная мануфактура, цукровы завод (1832), зьнічкавы завод (1840), крупарушка (1853), некалькі канатных і лесапільных прадпрыемстваў, царкоўна-прыходзкая аднаклясная вучэльня (у Новай Беліцы, 1835), народная вучэльня (1841). У 1850 праз Гомель прайшла шашэйная дарога Санкт-Пецярбург — Адэса і першая ў Расейскай імпэрыі тэлеграфная лінія Санкт-Пецярбург — Севастопаль, у 1873 — Лібава-Роменская чыгунка, у 1888 — Палеская чыгунка. Станам на 1854 у месьце было 1219 будынкаў. Гомель значна пацярпеў ад пажару ў 1856, калі згарэла 540 будынкаў[7]. У 1857 праз раку збудавалі аркавы мост. У 1873 пачало ўжывацца газавае асьвятленьне, у 1879 — брукаваньне вуліцаў. Да 1913 Гомель зрабіўся буйным прамысловым цэнтрам, найбуйнейшымі прадпрыемствамі места былі мэханічныя майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі і запалкавая фабрыка «Везувий».

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Першую сусьветную вайну 1 сакавіка 1918 Гомель занялі нямецкія войскі, пазьней — украінскія войскі Сымона Пэтлюры, з 14 студзеня 1919 — бальшавікі. Яшчэ 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Гомель увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 29 красавіка 1923 адбыўся ўвод у эксплюатацыю 1-й чаргі мескай электрастанцыі. У сьнежні 1926 Гомель вярнулі БССР, дзе ён зрабіўся цэнтрам раёну, з 1938 — вобласьці. 4 лістапада 1928 пачаўся рух на чыгуначнай лініі Навабеліца — Прылукі. У 1928 пачалося ўзьвядзеньне заводу «Гомсельмаш». У 1937 годзе, у пэрыяд сталінскіх рэпрэсіяў, супрацоўнікі НКВД у мясьціне пад назвай Шчакатоўскі лес (на поўдзень ад места) праводзілі масавыя расстрэлы мірных жыхароў. Станам на 1940 у Гомелі працавалі 264 прамысловыя прадпрыемствы, аб’ёмам прадукцыі места займала 3-е месца ў БССР пасьля Менску і Віцебску, ягоная ўдзельная вага складала 16,6% прамысловасьці БССР. Функцыянавалі настаўніцкі і лесатэхнічны інстытуты, 2 НДІ. У Другую сусьветную вайну з 19 жніўня 1941 да 23 лістапада 1943 Гомель знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

Валадары Гомелю[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • невядома — 980 гг. — радзімічы;
  • 980—1015 гг. — Уладзімер Сьвятаславіч;
  • 1015—1023 гг. — Яраслаў Ўладзімеравіч (Разумны);
  • 1023—1036 гг. — Мсьціслаў Ўладзімеравіч;
  • 1036—1054 гг. — Яраслаў Ўладзімеравіч (Разумны);
  • 1054—1073 — Сьвятаслаў Яраславіч;
  • 1073—1078 гг. — Усевалад Яраславіч;
  • 1078 г. — Алег Сьвятаславіч (валадарыў 39 дзён);
  • 1078—1083 гг. — Усевалад Яраславіч;
  • 1083—1094 гг. — Уладзімер Ўсеваладавіч Манамах;
  • 1094—1096 гг. — Алег Сьвятаславіч;
  • 1097—1123 гг. — Давыд Сьвятаславіч;
  • 1123—1127 гг. — Яраслаў Сьвятаславіч;
  • 1127—1139 гг. — Усевалад Ольгавіч;
  • 1139—1142 гг. — Ігар Ольгавіч;
  • 1142 г. — Расьціслаў Мсьціславіч (захапіў горад, але валодаў ім ня доўга — горад быў вернуты Ігару Ольгавічу);
  • 1148—1161 гг. — Ізяслаў Давыдавіч;
  • 1161—1164 гг. — Сьвятаслаў Ольгавіч;
  • 1164—1180 гг. — Алег Сьвятаславіч;
  • 1180—1202 гг. — Ігар Сьвятаславіч;
  • 1202—1204 гг. — Алег Сьвятаславіч ІІІ (сын Ўсеваладавіча);
  • 1204—1212 гг. — Усевалад Сьвятаславіч Чорны (Рыжы);
  • 1212—1223 гг. — Мсьціслаў Сьвятаславіч;
  • 1223—1246 гг. — Міхайла Ўсеваладавіч;
  • 1335—1386 гг. — Патрыкі Нарымунтавіч;
  • 1386—1406 гг. — Іван Патрыкіевіч і Аляксандар Патрыкіевіч (дзеці Патрыкія Нарымунтовіча);
  • 1406—1419 гг. — вялікі князь літоўскі Вітаўт (ускосна, праз намесьнікаў);
  • 1419—1435 гг. — князь Сьвідрыгайла Альгердавіч;
  • 1436—1447 гг. — князь серпухоўскі і бароўскі Васіль Яраславіч;
  • 1447—1452 гг. — вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімер Ягайлавіч (ўскосна, праз намесьнікаў);
  • 1452 г. — князь Сьвідрыгайла Альгердавіч (валодаў Гомелем некалькі месяцаў);
  • 1452—1454 гг. — Андрэй Саковіч (намесьнік вялікага князя літоўскага і караля польскага Казімера Ягайлавіча);
  • 1454—1483 гг. — князь Мажайскі Іван Андрэіч;
  • 1483—1505 гг. — Сямён Іванавіч (сын Івана Андрэіча);
  • 1505—1535 гг. — Расейскае войска (расейска-літоўская вайна);
  • чэрвень 1535 г. — Літоўска-польскае войска (Ю. Радзівіл, Я. Тарноўскі, А. Неміра);
  • 1535—1536 гг. — Алесь Андрэіч Кашырскі;
  • 1536—1541 гг. — Васіль Юрьевіч Талачынскі;
  • 1541—1543 гг. — Ян Дарашэвіч;
  • 1543—1547 гг. — Ян Хрышчановіч;
  • 1547 г. — Анікей Гарнастай;
  • 1558—1583 гг. — Іван IV Жахлівы (ўскосна, праз намесьнікаў);
  • 1595—1596 гг. — атрад паўстанцаў (казацка-сялянскае паўстаньне пад кіраўніцтвам С. Налівайка);
  • 1633 г. — аблога Гомлю казацкімі сотнямі Б. Булгакава і І. Ярмоліна;
  • 1648—1649 гг. — запароскія казакі на чале з Б. Хмяльніцкім;
  • 1649—1651 гг. — казакі Чарнігаўскага палкоўніка М. Нябабы;
  • 1651—1654 гг. — аблога Гомлю казакамі палкоўніка Забелы і Окшы;
  • 1654—1655 гг. — казацкае войска на чале з казацкім гетманам Іванам Залатарэнкам;
  • 1655—1661 гг. — палкоўнік І. Нячай;
  • 1661 г. — Васіль Залатарэнка;
  • 1667 г. — М. К. Радзівіл, Чартарыйскія;
  • 1700—1721 гг. — войска А. Д. Меншыкава;
  • 1775—1796 гг. — Пётар Аляксандравіч Румянцаў-Задунайскі;
  • 1796—1826 гг. — Мікалай Пятровіч Румянцаў;
  • 1826—1834 гг. — Сяргей Пятровіч Румянцаў;
  • 1834—1856 гг. — Іван Фёдаравіч Паскевіч-Эрыванскі;
  • 1856—1903 гг. — Фёдар Іванавіч Паскевіч-Эрыванскі;
  • 1903—1917 гг. — Ірына Іванаўна Паскевіч-Эрыванская.[8]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Задума К. Моцны Гомей, злы Жыгімонт і круцельствы нашых дарэвалюцыйных гісторыкаў, Пошукі старога Гомеля, 17 ліпеня 2018 г.
  2. ^ Алег Трусаў. Старадубская вайна // «Наша слова» № 39 (827), 12 кастрычніка 2007.
  3. ^ а б Гомель // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
  4. ^ Валерый Пазднякоў. Гомель // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 542.
  5. ^ а б Валерый Пазднякоў. Гомель // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 543.
  6. ^ Гомельские укрепления // Ткачев М. Замки Беларуси. — Менск, 2002. С. 63.
  7. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.
  8. ^ Гомельские правители (список)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Гісторыя Гомелюсховішча мультымэдыйных матэрыялаў