Перайсьці да зьместу

Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Банкаўскі кодэкс Беларусі»)
кодэкс
Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь
Заканадаўчы орган
Нумар 441-З
Прыняцьце Палатай прадстаўнікоў
3 кастрычніка 2000 (24 гады таму)
Ухваленьне Саветам Рэспублікі
12 кастрычніка 2000 (24 гады таму)
Падпісаньне прэзыдэнтам Беларусі
25 кастрычніка 2000 (24 гады таму)
Уступ у сілу 2000 год
Першая публікацыя 2000 год
у газэце «Зьвязда»

Ба́нкаўскі ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Беларусі аб гаспадарчых дачыненьнях па прыцягненьні і выкарыстаньні часова вольных грашовых сродкаў, які набыў моц у 2000 годзе.

Паводле 1-га артыкула Кодэксу, «вызначае прынцыпы банкаўскай дзейнасьці, прававое становішча суб’ектаў банкаўскіх праваадносін, рэгулюе адносіны паміж імі, а таксама ўстанаўлівае парадак стварэньня, дзейнасьці, рэарганізацыі і ліквідацыі банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыяў» (НКФА). На 2020 год налічваў 290 артыкулаў і падзяляўся на Агульную частку ў складзе 4-х разьдзелаў і Асаблівую частку ў складзе 3-х разьдзелаў. На 2020 год Банкаўскі кодэкс Беларусі дзейнічаў зь 17-ю зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2002, 2006—2010, 2012, 2015—2016 і 2018 гадоў[1]. 9 чэрвеня 2020 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 17 ліпеня 2018 г. № 133-З[2].

Агульная частка Банкаўскага кодэксу Беларусі налічвала 136 артыкулаў у складзе 4-х разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Нацыянальны банк»; 3) «Банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі»; 4) «Забесьпячэньне стабільнасьці банкаўскай дзейнасьці. Адказнасьць суб’ектаў і ўдзельнікаў банкаўскіх праваадносін». Найбольшым быў 2-і разьдзел у складзе 46 артыкулаў (24—69). Паводле 13-га артыкула Кодэксу, «асноўнымі прынцыпамі банкаўскай дзейнасьці зьяўляюцца:

  1. абавязковасьць атрыманьня банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі (НКФА) спэцыяльнага дазволу на ажыцьцяўленьне банкаўскай дзейнасьці;
  2. незалежнасьць банкаў і НКФА у сваёй дзейнасьці, неўмяшаньне з боку дзяржаўных органаў у іх працу»;
  3. «разьмежаванне адказнасьці паміж банкамі, НКФА і дзяржавай;
  4. абавязковасьць выкананьня ўстаноўленых Нацыянальным банкам нарматываў бясьпечнага функцыянаваньня для падтрыманьня стабільнасьці і ўстойлівасьці банкаўскай сыстэмы Рэспублікі Беларусь;
  5. забесьпячэньне фізычным і юрыдычным асобам права выбару банка, НКФА;
  6. забесьпячэньне банкаўскай таямніцы ў апэрацыях, рахунках і ўкладах кліентаў;
  7. забесьпячэньне вяртаньня грашовых сродкаў укладчыкам банкаў»[1].

Агульныя палажэньні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы разьдзел Банкаўскага кодэксу зьмяшчаў 23 артыкулы ў складзе 3-х главаў: 1) «Асноўныя палажэньні», 2) «Банкаўская дзейнасьць», 3) «Узаемаадносіны суб’ектаў і ўдзельнікаў банкаўскіх праваадносін». Найбольшай была 1-я глава з 11 артыкулаў, якая вызначала: галіновыя віды нарматыўных прававых актаў (НПА), банкаўскія нормы міжнароднага права, асновы грашова-крэдытнай палітыкі, фінансава-крэдытны лад, удзельнікаў і прадметы банкаўскіх правадачыненьняў, грашовую адзінку Беларусі і валюту грашовых абавязкаў. Таксама ў 1-й главе даваліся азначэньні Нацбанку, камэрцыйным банкам і нябанкаўскім крэдытна-фінансавым установам (НКФА). Згодна з 4-м артыкулам асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі «штогод зацьвярджаюцца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленьні Нацыянальнага банка і Ўраду Рэспублікі Беларусь. Паводле 7-га артыкула, «Нацыянальны банк рэгулюе крэдытныя адносіны і грашовае абарачэнне, вызначае парадак разьлікаў. Нацыянальны банк валодае выключным правам эмісіі грошай». У 8-м артыкуле прадугледжвалася, што банкі маюць «выключнае права» на: 1) прыцягненне грашовых сродкаў на рахункі і ва ўклады; 2) разьмяшчэнне прыцягнутых сродкаў «ад свайго імя і за свой кошт на ўмовах зваротнасьці, платнасьці і тэрміновасьці; 3) адкрыцьцё і вядзеньне банкаўскіх рахункаў». Паводле 10-га артыкула, «аб’ектамі банкаўскіх праваадносін зьяўляюцца грошы, каштоўныя паперы, каштоўныя мэталы і каштоўныя камяні». Згодна з 11-м артыкулам «грашовыя абавязкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь павінныя быць выражаныя ў афіцыйнай грашовай адзінцы Рэспублікі Беларусь», у якасьці якой вызначаўся беларускі рубель роўны 100 беларускім капейкам. У 15-м артыкуле Кодэксу банкаўскія апэрацыі падзяляліся на 3 віды: 1) актыўны — даваньне каштоўнасьцяў банкамі і НКФА, 2) пасіўны — прыцягненьне імі сродкаў, 3) пасярэдніцкі — садзейнічаньне імі банкаўскай дзейнасьці. Згодна з 14-м артыкулам да банкаўскіх апэрацыяў адносяцца:

  • прыцягненьне грошай на рахункі і ва ўклады;
  • разьмяшчэньне прыцягнутых сродкаў ад свайго імя і за свой кошт на ўмовах зваротнасьці, платнасьці і тэрміновасьці;
  • адкрыцьцё і вядзеньне банкаўскіх рахункаў;
  • «адкрыцьцё і вядзеньне рахункаў у каштоўных мэталах;
  • ажыцьцяўленне разьліковага і касавага абслугоўвання фізічных і юрыдычных асобаў, у тым ліку банкаў-карэспандэнтаў;
  • валютна-абменныя апэрацыі;
  • купля-продаж каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў»;
  • «прыцягненьне і разьмяшчэньне каштоўных металаў і каштоўных камянёў ва ўклады фізычных і юрыдычных асобаў;
  • выдача банкаўскіх парукаў;
  • давернае кіраваньне фондам банкаўскага кіраваньня на падставе дамовы давернага кіраваньня фондам банкаўскага кіраваньня;
  • давернае кіраваньне грашовымі сродкамі паводле дамовы давернага кіраваньня грашовымі сродкамі;
  • інкасацыя наяўных грашовых сродкаў, каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў»;
  • «выпуск у абарачэнне банкаўскіх аплатных картак;
  • выпуск у абарачэнне электронных грошай;
  • выдача каштоўных папераў, якія пацьвярджаюць прыцягненьне грашовых сродкаў ва ўклады і разьмяшчэньне іх на рахункі;
  • фінансаваньне пад саступку грашовага патрабаваньня (факторынг);
  • даванне фізычным і юрыдычным асобам спэцыяльных памяшканьняў або сэйфаў, якія знаходзяцца ў іх, для банкаўскага захоўвання дакумэнтаў і каштоўнасьцей (грашовых сродкаў, каштоўных папераў, каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў);
  • перавозка наяўных грашовых сродкаў, каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў і іншых каштоўнасьцяў паміж банкамі і НКФА, іх адасобленымі і структурнымі падразьдзяленьнямі, а таксама дастаўка такіх каштоўнасьцяў кліентам банкаў і НКФА»[1].

Таксама банкі і НКФА мелі права ажыцьцяўляць:

  • «паручальніцтва за трэціх асобаў, якое прадугледжвае выкананьне абавязкаў у грашовай форме;
  • давернае кіраваньне каштоўнымі мэталамі і каштоўнымі камянямі;
  • зьдзелкі з каштоўнымі мэталамі і каштоўнымі камянямі;
  • лізінгавую дзейнасьць;
  • кансультацыйныя і інфармацыйныя паслугі;
  • выдачу каштоўных папераў і апэрацыі з каштоўнымі паперамі;
  • залік узаемных грашовых і іншых фінансавых патрабаваньняў і абавязкаў і вызначэньне чыстых пазыцыяў (клірынг);
  • апэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі з памятнымі банкнотамі, памятнымі і зьліткавымі манэтамі, якія зьяўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь, па цане, не ніжэйшай за намінальную;
  • дзейнасьць спэцыялізаванага дэпазытарыя выдзеленых актываў;
  • дзейнасьць кіраўнічай арганізацыі інвэстыцыйнага фонду, спэцыялізаванага дэпазытарыя інвэстыцыйнага фонду»[1].

Другі разьдзел Банкаўскага кодэксу ўлучаў 46 артыкулаў (24—69) у складзе 4-х главаў: 1) «Прававы статус, мэты і функцыі Нацыянальнага банка»; 2) «Асаблівасьці функцыяваньня Нацыянальнага банка»; 3) «Апэрацыі Нацыянальнага банка»; 4) «Структура, орган кіраваньня і арганізацыі Нацынальнага банка». Найбольшай была другая глава зь 15 артыкулаў (37—51), якая акрэсьлівала: ўзаеміны Нацбанка з урадам Беларусі; падачу зьвестак у Нацбанк і іх выкарыстаньне; НПА і маёмасьць, статутны і рэзэрвовы фонды, спэцыяльныя рэзэрвы і прыбытак Нацбанка; справаздачнасьць і аўдыт Нацбанка; абмежаваньне ўдзелу Нацбанка ў гаспадарчых таварыствах; разьмежаваньне яго адказнасьці з камэрцыйнымі банкамі і НКФА; удзел Нацбанка ў міжнародных арганізацыях і ўзаеміны з пазыковымі арганізацыямі іншых дзяржаваў. Паводле 25-га артыкула Кодэксу, задачамі Нацбанка ёсьць: 1) «падтрыманьне цэнавай стабільнасьці; 2) забесьпячэньне стабільнасьці банкаўскай сыстэмы Рэспублікі Беларусь; 3) забесьпячэньне эфэктыўнага, надзейнага і бясьпечнага функцыяваньня аплатнай сыстэмы». Згодна з 24-м артыкулам «Нацыянальны банк падсправаздачны прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь», што азначае:

  1. «зацьвярджэньне прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь Статута Нацыянальнага банка, зьмяненьняў і дапаўненьняў, якія ўносяцца ў яго;
  2. прызначэньне прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыні і сябраў Управы Нацыянальнага банка, вызваленьне іх ад пасады з паведамленьнем Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
  3. вызначэньне прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь аўдытарскай арганізацыі для правядзеньня аўдыту гадавой бухгальтарскай справаздачнасьці Нацыянальнага банка;
  4. зацьвярджэньне прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь гадавой справаздачы Нацыянальнага банка»[1].

Паводле 37-га артыкула, «Урад Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны банк прадстаўляюць адзін аднаму ў парадку і аб’ёме, узгодненых імі, на бязвыплатнай аснове ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь афіцыйную статыстычную, аналітычную і іншую, у тым ліку атрыманую пры ажыцьцяўленні кантрольных і наглядных функцыяў, інфармацыю»[1].

Трэці разьдзел Кодэксу налічваў 39 артыкулаў (70-108) у складзе 7 главаў: 1) «Агульныя палажэньні аб банках»; 2) «Дзяржаўная рэгістрацыя банкаў»; 3) «Адасобленыя і структурныя падразьдзяленьні банка»; 4) «Асаблівасьці стварэньня і дзейнасьці банка, заснавальнікамі якога зьяўляюцца замежныя інвэстары. Прадстаўніцтва замежнага банка на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Асаблівасьці стварэньня даччыных банкаў, адрыцьця філіяў і прадстаўніцтваў банкаў-рэзыдэнтаў за межамі Рэспублікі Беларусь. Удзел банкаў-рэзыдэнтаў у статутных фондах замежных банкаў»; 5) «Ліцэнзаваньне банкаўскай дзейнасьці»; 6) «Рэарганізацыя і ліквідацыя банкаў»; 7) «Агульныя палажэньні аб нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях». Найбольшай зь іх была другая глава з 8 артыкулаў пра: парадак падачы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі банка, прыняцьце рашэньня аб ёй, дзеяньні банка пасьля ўліку і ўлік зьмяненьняў у статут банка. Паводле 71-га артыкула, «банк ствараецца ў форме акцыянернага таварыства» і павінен мець прынамсі 2-х заснавальнікаў. Згодна зь 75-м артыкула для ўтварэньня статутнага фонду могуць выкарыстоўвацца «толькі ўласныя сродкі заснавальнікаў банка, а для павелічэньня статутнага фонду банка — уласныя сродкі акцыянэраў банка»[1].

Забесьпячэньне стабільнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чацьверты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 28 артыкулаў (109—136) у складзе 3-х главаў: 1) «Забесьпячэньне стабільнасьці банкаўскай дзейнасьці. Абарона правоў і інтарэсаў укладчыкаў і іншых крэдытораў банка»; 2) «Накладаньне арышту і абарачэньне спагнаньня на грашовыя сродкі і іншую маёмасьць, якія знаходзяцца ў банку. Прыпыненьне апэрацыяў па рахунках у банку»; 3) «Адказнасьць суб’ектаў і ўдзельнікаў банкаўскіх праваадносін». Найбольшай была першая глава з 18 артыкулаў (109—126), якая апісвала: забесьпячэньне фінансавай надзейнасьці банка; патрабаваньні да арганізацыі кіраваньня банкам, яго рызыкамі і ўнутранага нагляду; фонд абавязковых запасаў у Нацбанку; нарматывы бясьпечнай дзейнасьці і памер нарматыўнага капіталу; нарматывы ліквіднасьці і дастатковасьці нарматыўнага капіталу, абмежаваньня валютнай рызыкі і засяроджаньня рызыкі; абмежаваньне і нарматывы ўдзелу банка ў статутных фондах іншых установаў; апавяшчэньне Нацбанка і падача яму справаздачнасьці; раскрыцьцё зьвестак і банкаўская таямніца; парукі вяртаньня прыцягнутых сродкаў фізычных асобаў; патрабаваньні да кіраўніка банка, яго намесьнікаў і сябраў Управы пры набыцьці паёў банка; зьдзелкі банка з паямі ўласнага выпуску; прыцягненьне ўкладаў і выдача пазыкаў; спосабы забесьпячэньня выкананьня абавязкаў паводле заключаных банкам дамоваў. Паводле 109-га артыкула, «памер адлічэньняў у рэзэрвовы фонд павінен складаць прынамсі 5 % прыбытку банка» да дасягненьня ім 10 % памеру нарматыўнага капіталу банка. «Наглядальная рада банка забясьпечвае арганізацыю карпаратыўнага кіраваньня банкам, сыстэмы кіраваньня рызыкамі і сыстэмы ўнутранага кантролю, выключэньне канфлікту інтарэсаў у дзейнасьці банка і ўмоваў яго ўзьнікненьня». Пагатоў, «у складзе наглядальнай рады банка павінна быць прынамсі 2 незалежныя дырэктары». Таксама «наглядальнай радай банка ствараецца аўдытарскі камітэт, у функцыі якога ўваходзяць агульнае кіраўніцтва і забесьпячэньне дзейнасьці сыстэмы ўнутранага кантролю, службы ўнутранага аўдыту банка, а таксама выбар і арганізацыя ўзаемадзеяньня з аўдытарскімі арганізацыямі, аўдытарамі – індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Аўдытарскі камітэт узначальвае незалежны дырэктар». Урэшце для заняцьця пасады кіраўніка банка патрабуюцца: «наяўнасьць вышэйшай адукацыі і стаж працы ня менш за 3 гады на кіраўнічых пасадах у банку, НКФА, міжнародных фінансавых арганізацыях, Нацыянальным банку і аўдытарскіх арганізацыях, якія ажыцьцяўляюць аўдытарскую дзейнасьць у банках і НКФА». Ад іншых сябраў Управы банка патрабавалася 2 гады стажу. Ад галоўнага бухгальтара банка патрабавалі «спэцыяльнай падрыхтоўкі ў галіне міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасьці, стажу прыцы прынамсі за 3 гады на кіраўнічых пасадах у банку, НКФА і Нацбанку ў галіне бухгальтарскага ўліку, бухгалтарскай справаздачнасьці, унутранага аўдыту або ў якасьці аўдытара – работніка аўдытарскай арганізацыі або ў якасьці аўдытара-ІП» у банках і НКФА, а таксама «сэртыфіката прафэсійнага бухгальтара банка». Ад намесьніка бухгальтара патрабавалі 2 гады стажу[1].

Згодна з артыкулам 1181 «банк абавязаны на працягу 5 працоўных дзён інфармаваць Нацыянальны банк:

  1. аб прызначэньні, пераводзе і звальненьні сябра наглядальнай рады, калегіяльнага выканаўчага органа, кіраўніка, галоўнага бухгальтара, іх намесьнікаў, службовай асобы, адказнай за кіраваньне рызыкамі ў банку, службовай асобы, адказнай за ўнутраны кантроль у банку, і кіраўніка службы ўнутранага аўдыту;
  2. аб фактах неадпаведнасьці сябра наглядальнай рады, калегіяльнага выканаўчага органа, кіраўніка, галоўнага бухгальтара, іх намесьнікаў устаноўленым патрабаваньням да дзелавой рэпутацыі»;
  3. аб зьмяненьні складу ўласнікаў прынамсі 5 % паёў банка;
  4. «аб стварэньні, зьмяненьні месцазнаходжаньня і закрыцьці структурных падразьдзяленьняў, у тым ліку перасоўных, разьмешчаных па-за месцам знаходжання банка, яго філіі і без самастойнага балянсу, а таксама аддаленых працоўных месцаў, якія ажыцьцяўляюць банкаўскія апэрацыі»;
  5. «аб стратах на суму, якая перавышае 5 % памеру нарматыўнага капіталу банка;
  6. аб узьнікненьні падставы для прымянення захадаў папярэджаньня банкруцтва банка»;
  7. «аб спыненьні ажыцьцяўленьня банкаўскіх апэрацыяў, пазначаных у выдадзенай ліцэнзіі»[1].

Артыкулам 1191 прадугледжвалася, што «банк публікуе ў аб'ёме і парадку, устаноўленых Нацыянальным банкам, у друкаваных сродках масавай інфармацыі, вызначаных Нацыянальным банкам, і разьмяшчае на сваім афіцыйным сайце ў глябальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт справаздачнасьць аб сваёй дзейнасьці і гадавую бухгальтарскую справаздачнасьць разам з аўдытарскім заключэньнем, якое складаецца па выніках яе аўдыту». Паводле 121 артыкула, «зьвесткі аб рахунках і ўкладах, у тым ліку аб наяўнасьці рахунку ў банку, яго ўладальніку, нумары і іншых рэквізытах рахунку, памеры сродкаў, якія знаходзяцца на рахунках і ва ўкладах, а роўна зьвесткі аб канкрэтных зьдзелках, аб апэрацыях без адкрыцьця рахунку, апэрацыях па рахунках і ўкладах, а таксама аб маёмасьці, якая знаходзіцца на захоўваньні ў банку, зьяўляюцца банкаўскай таямніцай і не падлягаюць выдаваньню». Пагатоў, «работнікі Нацыянальнага банка і банкаў абавязаныя захоўваць банкаўскую таямніцу». Згодна са 126-м артыкулам «выкананьне абавязкаў паводле дамоваў, якія заключаюцца банкамі, можа забясьпечвацца паручальным укладам грошай, пераводам прававога тытула на маёмасьць, у тым ліку на маёмасныя правы, станам нерухомай і рухомай маёмасьці, паручальніцтвам, гарантыяй». Паводле 134-га артыкула, захадамі нагляднага рэагаваньня Нацбанка ёсьць: 1) рэкамэндацыя; 2) прадпісаньне; 3) нарада зь кіраўніцтвам банка; 4) патрабаваньне ліста з абавязкам выправіць парушэньне ў пэўны тэрмін; 5) пазаплянавая праверка; 6) увядзеньне дадатковай справаздачнасьці і зьмяненьне тэрміну і частасьці яе падачы; 7) папярэджаньне аб захадах узьдзеяньня[1].

Асабліва частка Банкаўскага кодэксу ўлучала 154 артыкулы (137—290), што складала 53 % усіх артыкулаў Кодэксу. У Асаблівай частцы Кодэксу налічвалася 3 разьдзелы: 1) «Актыўныя банкаўскія апэрацыі», 2) «Пасіўныя банкаўскія апэрацыі», 3) «Пасярэдніцкія банкаўскія апэрацыі». Найбольшым зь іх быў трэці разьдзел у складзе 60 артыкулаў (231—290)[1].

Актыўныя банкаўскія апэрацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пяты разьдзел Банкаўскага кодэксу зьмяшчаў 42 артыкулы (137—178) у складзе 3-х главаў: 1) «Банкаўскі крэдыт», 2) «Фінансаваньне пад саступку грашовага патрабаваньня», 3) «Банкаўская гарантыя. Паручальніцтва». Найбольшай была першая глава з 16 артыкулаў (137—152), якая акрэсьлівала: выгляд і ўмовы пазыковай дамовы; вызначэньне дня даваньня пазыкі; права пазычальніка на даведку аб пазыцы; датэрміновае пагашэньне і мэтавае выкарыстаньне пазыкі; адсоткі за карыстаньне пазыкай; страхаваньне пазыкадаўцам ад непагашэньня і пратэрміноўкі вяртаньня пазыкі; спосабы забесьпячэньня выкананьня абавязкаў паводле пазыковай дамовы; паручальны ўклад грошай і перавод на пазыкадаўцу прававога тытулу на маёмасьць; асаблівасьці пазычаньня фізычным асобам; пазыковую лінію і міжбанкаўскую пазыковую дамову. Паводле 140-га артыкула, істотнымі ўмовамі пазыковай дамовы былі: 1) сума пазыкі з пазначэньнем валюты; 2) тэрмін і парадак даваньня і пагашэньня пазыкі; 3) памер адсоткаў за карыстаньне пазыкай і парадак іх выплаты; 4) мэта выкарыстаньня грошай; 5) адказнасьць за невыкананеньне абавязкаў бакамі. Згодна са 150-м артыкулам «даваньне крэдыту фізычным асобам ажыцьцяўляецца ў беларускіх рублях»[1].

Пасіўныя банкаўскія апэрацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шосты разьдзел Кодэксу налічваў 52 артыкулы (179—230) ў складзе 3-х главаў: 1) «Банкаўскі ўклад», 2) «Банкаўскі рахунак», 3) «Давернае кіраваньне грашовымі сродкамі». Найбольшай была першая глава з 18 артыкулаў наконт: відаў, выгляду і ўмоваў дамовы банкаўскага ўкладу; права на прыцягненьне грошай ва ўклады; правоў укладчыка, у тым ліку на вяртаньне ўкладу; парадку налічэньня і выплаты адсоткаў па ўкладзе; унясеньня ўкладу на рахунак укладчыка іншымі асобамі; укладаў на імя іншых асобаў; банкаўскага ўкладу каштоўных камянёў і мэталаў; відаў ашчаднай кніжкі, у тым ліку імянной і на прад'яўніка; ашчаднага і ўкладнога пасьведчаньняў. У 182-м артыкуле прызнавалася 3 віды банкаўскага ўкладу: 1) да запатраваньня, 2) тэрміновы, 3) умоўны — пры надыходзе акалічнасьці. Тэрміновы і ўмоўны ўклады падзяляліся на адклікальныя і неадклікальныя. Паводле 218-га артыкула, грошы ў даверным кіраваньні маглі выкарыстоўваць для: 1) разьмяшчэньня ва ўклад, 2) набыцьця каштоўных папераў, 3) даваньня міжбанкаўскіх пазыкаў, 4) гандлю вытворнымі каштоўнымі паперамі, валютай і каштоўнымі мэталамі. Згодна зь 220-м артыкулам існавала 3 віды давернага кіраваньня: 1) па загадзе, калі «даверны кіраўнік зьдзяйсняе дзеяньні з грашовымі сродкамі даверніка выключна па яго ўказаньні»; 2) па ўзгадненьні — «пры ўмове абавязковага папярэдняга ўзгадненьня з давернікам кожнага дзеяньня» давернага кіраўніка, 3) поўнае, калі «даверны кіраўнік самастойна зьдзяйсняе дзеяньні з грашовымі сродкамі даверніка ў межах даручэньня па кіраваньні з абавязковым паведамленьнем даверніку аб кожным зьдзейсьненым ім дзеяньні»[1].

Пасярэдніцкія банкаўскія апэрацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сёмы разьдзел Банкаўскага кодэксу Беларусі ўлучаў 60 артыкулаў (231—290) у складзе 4-х главаў: 1) «Разьлікі»; 2) «Валютна-абменныя апэрацыі»; 3) «Банкаўскае захоўваньне. Часовае карыстаньне банкаўскім сэйфам»; 4) «Інкасацыя і перавозка наяўных грашовых сродкаў, каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў і іншых каштоўнасьцяў». Найбольшай была першая глава з 45 артыкулаў, дзе тлумачылася: правядзеньне безнаяўных банкаўскіх пераводаў на падставе аплатнай інструкцыі; форма аплатных інструкцыяў; ускладаньне абавязку выканаць такую інструкцыю на іншы банк; права на зьмяненьне і адмену кліентам аплатных інструкцыяў; тэрміны іх выкананьня і адказнасьць банка за іх невыкананьне; тэрміны выкананьня і ажыцьцяўленьне грашовага пераводу пры дапамозе аплатнага даручэньня; прыняцьцё і адмова банкам-адпраўніком і банкам-атрымальнікам такога даручэньня; зьмяненьне і адліканьне аплатнага даручэньня; сьпісаньне грошай, залічаных на рахунак у выніку тэхнічнай памылкі. Тамсама акрэсьліваліся: банк-пасярэднік, аплатнае патрабаваньне, аплатны загад і прамое дэбэтаваньне рахунку; віды акрэдытываў, у тым ліку неадклікальны і пацьверджаны; дачыненьні між загададаўцам і банкам-эмітэнтам, пацьвярджальным банкам і выгадаатрымальнікам, загададаўцам і выгадаатрымальнікам; прававое становішча банка-выканаўцы і авізавальнага банка; спыненьне абавязкаў банка-эмітэнта па акрэдытыве; выпуск і спыненьне абавязкаў датычна банкаўскага аплатнага абавязка; віды інкаса, у тым ліку міжнароднае; абавязкі банка-рэмітэнта і прадстаўнічага банка; банкаўская аплатная картка і электронныя грошы, а таксама безнаяўныя разьлікі[1].

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н А. Лукашэнка. Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 25 кастрычніка 2000 г. № 441-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 11 ліпеня 2020 г.
  2. ^ Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 11 ліпеня 2020 г.