Вандалін Шукевіч
Вандалін Шукевіч | |
па-польску: Wandalin Maciej Szukiewicz | |
Дата нараджэньня | 10 сьнежня 1852 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1 сьнежня 1919 (66 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Занятак | археоляг, этнограф |
Навуковая сфэра | гісторыя |
Сябра ў | Polish Tourist Society[d] і Віленскае таварыства сяброў навук[d] |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Шукевіч.
Вандалін Шукевіч (10 сьнежня 1852, в. Нача Лідзкага павету, цяпер Вярэнаўскі раён — 1 сьнежня 1919) — польска-беларускі археоляг і этнограф, сябра-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі навук.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вандалін нарадзіўся ў сям’і адваката Аляксандра Шукевіча й Аліны Воўк-Карачэўскай. Маёнтак Нача ў Лідзкім павеце зьяўляўся маёмасьцю маці. Пасьля нараджэньня Вандаліна бацькі разьвяліся, і ўвесь цяжар выхаваньня лёг на добра адукаваныхі, разам з тым, глыбока веруючых маці й бабулю. Яны фармавалі характар будучага вучонага й займаліся яго адукацыяй.
3 1883 В. Шукевіч дасьледаваў археалягічныя помнікі на паўночным захадзе Беларусі і поўдні Літвы. Адкрыў больш за 130 помнікаў каменнага веку, вёў раскопкі грунтавых і курганных могільнікаў каля вёсак Нача, Пузелі (Вярэнаўскі раён), Вензаўшчына, Дварчаны, Апонаўцы, Сырні, Чарнішкі (Шчучынскі раён). Дасьледаваў 16 курганоў і 376 каменных магіл тыпу жальнікаў XIII—XIV стст.[1]
Паміж 1884 і 1894 гадамі Шукевіч знайшоў 27 пахаваньняў у Вензаўшчыне, 14 у Апанаўцах, 39 каля Дварчан, 6 каля Сабакінцаў, 8 каля Забалаці, 7 у Некрашунцах, 19 у Пузелях — усяго 120 пахаваньняў у 8 магільніках. Каля Начы, на палёх ваколіцы Пузелі, былі раскапаны старадаўнія каменныя магілы, дзе пры мужчынскіх шкілетах знаходзіліся сякеры, нажы, наканечнікі дзіды, а пры жаночых — разнастайныя бронзавыя ўпрыгажэньні: пярсьцёнкі, завушніцы, бронзавыя дыядэмы з бронзавымі ці пазалочанымі сярэбранымі падвескамі, шкляныя пацеркі рознай велічыні й шмат іншага[2].
Восеньню 1903 году Шукевічам было зроблена вельмі цікавае, адразу заўважанае ў навуковым сьвеце, адкрыцьцё так званых грунтовых магіл. Вандалін Шукевіч дасьледаваў Троцкі, Лідзкі і Радунскі замкі[2].
У ваколіцах Ліды Шукевіч запісваў народныя паданьні, легенды, прыкметы, якія потым публікаваў у часопісах. Дзьве вялікія цікавыя працы Вандаліна Шукевіча данесьлі да нас сотні запісаў помнікаў духоўнай народнай творчасьці. Так, у артыкуле «Народныя вераваньні й абрады (забабоны, прымхі, прадказаньні й інш.), сабраныя ў Віленскай губ.» зьмешчана 432 запісы. Гэты збор дапаўняецца тэкстамі 15 легеыд, паданьняў, чарадзейных апавяданьняў і 159 вераваньняў, прымхаў у артыкуле «Некаторыя вераваньні, прымхі й забабоны нашага люду, легенды й паданьні». Значную цікавасьць уяўляе й артыкул Шукевіча «Старажытныя лекавыя сродкі», прысьвечаны народнай мэдыцыне.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першай жонкай Вандаліна была Браніслава, дачка чыноўніка курыі біскупаў у Вільні. Зь ёй меў сына Рамана Зыгмунта й дачку Ванду Аліну[2].
Пасьля сьмерці Браніславы, у 1888 годзе, Шукевіч ажаніўся другі раз зь Юліяй Каменскай. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся сыны Зыгмунт і Генрых. Другі шлюб аказаўся вельмі няўдалым. Юлія не разумела навуковых інтарэсаў мужа, часта сварылася на яго за пакупку кніг і часопісаў, бо лічыла гэта марнатраўствам часу й грошай, і крыўдзілася з‑за таго, што Вандалін выдаткоўваў вялікія грошы на раскопкі. Сяброў-вучоных, якія адведвалі Шукевіча ў Начы, называла старымі дармаедамі. Спрэчкі й лаянкі ўсё больш узмацняліся, і ў выніку ў 1902 годзе Юлія пакінула дом мужа й перасялілася да сваіх бацькоў[2].
Лёс калекцый
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Археалягічныя й этнаграфічныя калекцыі Вандалін Шукевіч захоўваў у маёнтку ў Начы, потым перадаў у музэй Таварыства сяброў навук у Вільні, а таксама ў зборы Эразма Маеўскага ў Варшаве і ў Этнаграфічны музэй у Кракаве. Пэўныя рэчы трапілі таксама ў музэі Пецярбурга й Масквы. Віленскія зборы падчас войнаў, рэвалюцый і зьмен улад былі амаль поўнасьцю зьнішчаны й разрабаваны[2].
Выбраныя публікацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Poszukiwania archeologiczne w powiecie lidzkim guberni Wileńskiej, Kraków 1907.
- Roboty w celu podtrzymania murów zamku w (nieczytelnie) i badania przeprowadzone w r. 1905, BJ, sygn. 62210 II.
- Szkice z archeologii prehistorycznej Litwy, cz.1. Epoka kamienna w guberni Wileńskiej, Wilno 1901.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Лаўрэш Л. Вандалін Шукевіч: беларускі археолаг і краязнаўца. — Мінск: Харвест, 2014. — 63 с.: малюнкі. — (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры). Архівавана 7 жніўня 2021.
- Шукевіч Вандалін Аляксандравіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 771. — 800 с — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- 482 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2