Андрэй Уцюрын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Андрэй Уцюрын
Дата нараджэньня 28 ліпеня 1971(1971-07-28) (52 гады)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак афіцэр
Узнагароды
За службу Радзіме

Андрэй Аляксандравіч Уцюрын (па-расейску: Андрей Александрович Втюрин; нар. 1971, Пенза, Пензенская вобласьць, РСФСР, СССР) — беларускі вайсковец рэжыму Лукашэнкі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе. У 1992 годзе скончыў Саратаўскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню(uk) МЎС Расеі(be), у 2002 годзе — Акадэмію МЎС Беларусі.

З 1995 году працаваў у Службе бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько ўспамінаў, што ў сакавіку 2006 году, калі яго арыштавалі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, у камеру да арыштантаў заходзіў Уцюрын:

« Уцюрын, ня зьняўшы норкавай шапкі, пытаўся нас, хто мы, а мы, васьмёра нас было ў камеры, стаялі перад імі і адказвалі. І, калі хто адказваў яму па-беларуску, нянавісьць закіпала ў ім і аж вусны яму крывіла…[1] »

Кіраўнік Службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 17 ліпеня 2007 году[2] па 11 верасьня 2014 году[3]. 11 верасьня 2014 году прызначаны намесьнікам дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі[3][4].

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Санкцыі ЭЗ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, 2 лютага 2011 году быў унесены ў Чорны сьпіс Эўразьвязу[5]. Згодна з рашэньнем Рады Эўрапейскага зьвязу(be) ад 15 кастрычніка 2012 году Ўцюрын як начальнік атраду бясьпекі прэзыдэнта быў прызнаны адказным за камандаваньне супрацоўнікамі ягонай службы, якія ўдзельнічалі ў допытах палітычных актывістаў пасьля Плошчы 2010[6].

Крымінальная справа[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад канец красавіка 2019 году зьявілася інфармацыя, што КДБ Беларусі затрымаў Уцюрына[7], а яго катэдж у Драздах-2(be) апячатаны[8]. 30 красавіка стала вядома, што ўказам ад 24 красавіка Лукашэнка звольніў Уцюрына з пасады намесьніка дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі «за ўчыненьне праступкаў, якія дыскрэдытуюць званьне войскаслужбоўца»[9][10]. 4 траўня сьледчая ўправа КДБ паведаміла, што Ўцюрын быў затрыманы разам з доказамі злачынства пры атрыманьні 148600 даляраў ЗША ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры за садзейнічаньне ў прасоўваньні ейных інтарэсаў у Беларусі[11][12].

11 траўня 2019 году Лукашэнка паведаміў, што Ўцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Раду бясьпекі ды ўжо на працягу амаль двух год знаходзіўся пад кантролем спэцслужбаў, у якіх было шмат фактаў пра яго проціпраўнаю дзейнасьць. Паводле Лукашэнкі, Уцюрына затрымалі з доказамі злачынства, калі «150 тысячаў даляраў яму чарговы раз прывезьлі расейцы»[10].

Справу Уцюрына Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пачаў разглядаць 10 сакавіка 2020 году; у працэсе некалькі разоў абвяшчаліся працяглыя перапынкі. Агулам на лаве падсудных апынулася 16 чалавекаў.

27 ліпеня 2020 году Вярхоўны суд прызнаў Уцюрына вінаватым у атрыманьні й падбухторваньні да дачы хабару й па сукупнасьці злачынстваў прызначыў 12 год пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, прысудам суду Ўцюрын быў пазбаўлены званьня палкоўніка й яму было забаронена на працягу пяці год займаць пэўныя пасады[13].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]