Перайсьці да зьместу

Эдгар Алан По

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эдгар Алан По
па-ангельску: Edgar Allan Poe
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 19 студзеня 1809(1809-01-19)[1][2][3][…]
Памёр 7 кастрычніка 1849(1849-10-07)[1][2][3][…] (40 гадоў)
Пахаваны
Бацькі Дэйвід По (малодшы)[d]
Эліза По[d]
Сужэнец Вірджынія Эліза Клем По[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, пісьменьнік, эсэіст, літаратурны крытык, навэліст
Гады творчасьці 18271849
Кірунак рамантызм
Жанр дэтэктыў[d], гатычная літаратура[d], dark romanticism[d], паэзія і fantastique[d]
Мова ангельская мова[6][7]
Значныя творы Крумкач
Подпіс Выява аўтографу
Творы на сайце Knihi.com

Э́дгар А́лан По (па-ангельску: Edgar Allan Poe; 19 студзеня 1809, Бостан — 7 кастрычніка 1849, Балтымар) — амэрыканскі паэт, празаік, эсэіст, вынаходнік дэтэктыўнай навэлі (detective story), заснавальнік жанру жахаў (horror), крытык і адна зь вядучых постацяў амэрыканскага рамантызму. Найвялікшую славу здабыў як аўтар «жахлівых апавяданьняў».

Эдгар Алан По нарадзіўся 19 студзеня 1809 году ў Бостане, ЗША. Ягоныя бацькі, акторы вандруючай групы, памерлі, калі Эдгару было ўсяго два гады. Маці Эдгара, Элізабэт Арнольд По, была ангельскай, тата Эдгара, Дэвід По, — амэрыканцам ірляндзкага паходжаньня. Хлопчыка прыняў і ўсынавіў заможны гандляр зь Вірджыніі Джон Алан.

Дзяцінства Эдгара прайшло ў даволі багатым становішчы. Аланы не шкадавалі сродкаў на яго выхаваньне, і хоць часам справы ішлі не зусім пасьпяхова (часам ім нават пагражала банкрутства), хлопча гэтага не адчываў: яго апраналі «як прынца», у яго быў свой конь, свае сабакі. Калі Эдгару было шэсьць гадоў, Аланы паехалі ў Ангельшчыну і аддалі хлопчыка ў дарагі пансіён у Лёндане, дзе ён правучыўся пяць год. Па вяртаньні Аланаў у 1820 годзе ў ЗША Эдгар паступіў у каледж у Рычмандзе, які скончыў у 1826 годзе. Завяршаць адукацыю Эдгара адправілі ва ўнівэрсытэт у Рычмандзе, тады толькі што заснаваны.

Эдгар разьвіўся рана: у пяць год ён чытаў, маляваў, пісаў, дэклямаваў, езьдзіў конна. У школе ён добра вучыўся, набыў вялікі запас ведаў па літаратуры, асабліва ангельскай і лацінскай, па агульнай гісторыі, па матэматыцы, па некаторым адгалінаваньням прыродазнаўства, такім як астраномія, фізыка. Фізычна Эдгар быў моцным, удзельнічаў ува ўсіх сяброўскіх свавольствах, а ва ўнівэрсытэце — ува ўсіх іхніх гулянках. Характар будучага паэта зь дзяцінства быў няроўны, палкі, імпэтны. У яго паводзінах зацямлялі шмат дзіўнага. З раньніх год Эдгар пісаў вершы, захапляўся фантастычнымі плянамі, любіў рабіць псыхалягічныя вопыты над сабой і іншымі. Усьведамляючы сваю перавагу, ён даваў іншым гэта адчуць.

Жыцьцё ў багацьці скончылася для Эдгара, калі яму было 17 гадоў. Ва ўнівэрсытэце ён прабыў усяго год. Увосень 1826 году адбыўся разрыў паміж Джонам Аланам і ягоным прыёмным сынам. Хто быў «вінаваты», цяпер даведацца цяжка. Ёсьць сьведчаньні, неспрыяльныя для Эдгара. Напрыклад, пацьверджана, што ён падрабіў вэксалі з подпісам Джона Алана, што аднойчы, нецьвярозы, навымаўляў яму грубіянстваў, замахнуўся на яго з палкай і г. д. Зь іншага боку, невядома, што трываў геніяльны юнак ад разбагацеўшага заступніка (Джон Алан атрымаў нечаканую спадчыну, якое пераўтварыла яго ў міліянэра), непрыхільнага да мастацтва і паэзіі. Відаць, шчыра любіла Эдгара толькі гаспадыня Алан, а яе муж ужо даўно быў незадаволены экцэнтрычным прыёмышам. Падставай да сваркі паслужыла тое, што Алан адмовіўся заплаціць картачныя пазыкі Эдгара. Юнак лічыў іх «пазыкамі гонару» і ня бачыў іншага выйсьця для выратаваньня свайго «гонару», як пакінуць багаты дом, дзе выхоўваўся.

Месца службы По — бостанскі форт Незалежнасьці

Для Эдгара По пачалося бадзяжнае жыцьцё. Пакінуўшы дом Аланаў, ён паехаў у родны Бостан, дзе пад псэўданімам «Бостанец» надрукаваў збор вершаў «Тамэрлан і іншыя вершы», які так і ня выйшаў у сьвет. Гэтае выданьне, імаверна, паглынула ўсе сабраныя грошы юнака. Ня маючы прытулку, ён вырашыўся на стромкі крок — і паступіў жаўнерам у войску пад выдуманым імем. Службу ён нёс каля году, быў у камандваньня на добрым ліку і нават атрымаў чын сэржант-маёра. У пачатку 1828 году паэт, аднак, ня вытрываў свайго становішча і зьвярнуўся да прыёмнага бацькі, просячы дапамогі, і, верагодна, выказваў пакаяньне. Джон Алан, можа быць па хадайніцтву жонкі, пашкадаваў юнака, аплаціў наём намесьніка і выклапатаў Эдгару вызваленьне. Але, прыехаўшы ў Рычманд, Эдгар ужо не засьпеў сваёй заступніцы, гаспадыня Алан памерла за некалькі дзён да таго (28 лютага 1829 году).

Атрымаўшы свабоду, Эдгар По зноўку зьвярнуўся да паэзіі. Ён зноў пабываў у Балтымары і пазнаёміўся тамака са сваімі сваякамі па татавай лініі — зь сястрой, бабуляй, дзядзькай Георгам По і яго сынам Нэльсанам По. Апошні мог пазнаёміць Эдгара з рэдактарам мясцовае газэты, Ўільямам Гвінам. Праз Гвіна Эдгар атрымаў магчымасьць да бачнага тады нью-ёрскага літаратара Джону Нілу. І Гвіну, і Нілу паэт аддаў на суд свае вершы. Водгук, пры ўсіх абмоўках, быў самы памысны. Вынікам было тое, што ў канцы 1829 году ў Балтымары быў другасна выданы збор вершаў По пад яго імем, азагалоўлены «Аль-Аарааф, Тамэрлян і малыя вершы». На гэты раз кніжка паступіла ў кнігарні і ў рэдакцыі, але прайшла незаўважанай.

Паміж тым Джон Алан настойваў, каб Эдгар скончыў сваю адукацыю. Было вырашана, што ён паступіць у Ваенную акадэмію ў Вэст-Пойнце. У сакавіку 1830 году, па хадайніцтве Алана, Эдгар усё ж быў прыняты ў лік студэнтаў, хоць па ўзросту ён не падыходзіў. Яго прыёмны бацька падпісаў зя яго абавязальніцтва адслужыць у войску 5 гадоў. Эдгар неахвотна ішоў у акадэмію. Нармалёвым шляхам пакінуць яе муры ён ня мог. Са звычайнай гарачнасьцю ён узяўся за справу і здолеў дамагчыся таго, каб ў сакавіку 1831 году яго адлічылі. Гэтым юны паэт зноў вярнуў сабе свабоду, але, вядома, зноў рассварыўся з Джонам Аланам.

З Вэст-Пойнта Эдгар По зьехаў у Нью-Ёрк, дзе пасьпяшаўся выдаць трэці зборнік вершаў, названы, аднак, «другім выданьнем»: «Паэмы Эдгара А. По. Другое выданьне». Сродкі на выданьне сабраныя падпіскай; далі свой росьпіс многія паплечнікі з акадэміі, якія чакалі, што знойдуць у кнізе тыя вершаваныя памфлеты і эпіграмы на прафэсараў, якімі студэнт Алан-По стаў вядомым у школе. Але ім давялося расчаравацца. Пакупнікоў у кнігі, ацэненай у два з паловай даляры, не знайшлося.

У 1831 годзе яму давялося зьвяртацца да прыёмнага таты, каб той выдаткоўваў грашовыя дапамогі. Але яны былі вельмі нязначнымі.

По ажаніўся на сваёй трынаццацігадовай кузыне, Вірджыніі Клем. Ейная раньняя сьмерць аказала ўплыў на некаторыя творы паэта

З восені 1831 па восень 1833 году — самы цяжкі пэрыяд для Эдгара По. Улетку 1831 году Эдгар жыў у Балтымары ў сваёй цёткі г-ні Клем — маці той Вірджыніі, якая пазьней стала жонкай паэта. З восені 1831 году яго сьляды губляюцца. Да канца гэтага пэрыяду Эдгар По дайшоў да крайняй галечы. Узяў шлюб у 1836 годзе зь Віджыніяй Клем. Яму было 27, ёй 13.

Несумнёўна, што ў гэтыя гады малады паэт шмат працаваў. Ім быў напісаны шэраг навэлаў — лепшых у ранейшым пэрыядзе ягонай творчасьці. Увосень 1833 году балтымарскі штотыднёвік абьвясьціў конкурс на лепшы аповед і лепшы верш. Эдгар По даслаў шэсьць аповедаў і вершаваны ўрывак «Калізэй». Чальцы журы адзінагалосна прызналі лепшым і аповед, і вершы Эдгара По. Аднак, ня лічачы магчымым выдаць дзьве прэміі адной і той жа асобе, прэміравалі толькі аповед «Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы» (анг. MS. Found in a Bottle), за які аўтару выдалі сто даляраў. Грошы падасьпелі своечасова. Аўтар літаральна галадаў.

У пэрыяд з 1833 па 1840 гады аўтар выпускае шмат паэмаў і аповедаў, працуе ў часопісах «Southern Literary Messenger» у Рычмандзе. У 1841—1843 гадох жыў зь сям’ёй у маёнтку ў Філадэлфіі і працаваў у часопісах «Burton’s Gentleman’s Magazine» і «Graham’s Magazine». У Філядэлфіі Эдгар По таксама мерыўся выдаваць уласны часопіс «The Stylus» (альбо «The Penn»), але гэтая задума ня спраўдзілася.

Аднак хутка яго падпільноўвала сур’ёзнае выпрабаваньне. У Вірджыніі пасьля сьпеваў лопнуў крывяносны сасуд і яна была пры сьмерці (яна хварэла на сухоты).

Да таго ж у 1846 годзе нью-ёрскі часопіс «Broadway Journal», зь якім ён супрацоўнічаў, зачыніўся, і По згубіў сродкі да існаваньня. Зноў пачалося бядотнае жыцьцё.

Апошнія гады жыцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Магіла Эдгара Алана По ў Балтымары

Апошнія гады жыцьця Эдгара По, 1847—1849, былі гадамі беганіны, паўшаленства, высокіх посьпехаў, гаротных падзеньняў і пастаянных паклёпаў ад ворагаў. Вірджынія, паміраючы, узяла клятву з с-ні Ш’ю, сяброўкі Эдгара, ніколі не пакідаць яго. Эдгар По яшчэ захапляўся жанчынамі, уяўляў, што закаханы, нават ішла гаворка аб шлюбе. У жыцьці ён трымаў сябе дзіўна, аднак пасьпеў выдаць яшчэ колькі геніяльных твораў.

Але хвароба ўжо зьнішчала жыцьцё паэта; прыпадкі алькагалізму станавіліся ўсё больш пакутлівымі, нэрвовасьць узрастала амаль да псыхічнага расзладжаньня. С-ня Ш’ю, якая не была здольная зразумець хваравіты стан паэта, палічыла неабходным устараніцца ад яго жыцьця. Увосень 1849 году наступіў канец. Поўны хімерычных праектаў, лічачы сябе зноў жаніхом, Эдгар По сёлета ў верасьні зь вялікім посьпехам чытаў у Рычмандзе курс лекцыяў аб «Паэтычным прынцыпе». З Рычманда Эдгар По выехаў, маючы 1500 даляраў у кішэні. Што здарылася затым, засталося таямніцай. Можа быць паэт трапіў пад уплыў сваёй хваробы; можа быць, рабаўнікі ўсыпілі яго наркотыкам. Эдгара По знайшлі ў беспрытомным стане, абрабаваным. Яго прывезьлі ў Балтымар, дзе Эдгар По і памёр у шпіталі 7 кастрычніка 1849 году.

Эдгар Алан По ўжо ў дзяцінстве чытаў творы Байрана, Колрыджа і шматлікіх рамантычных аўтараў свайго часу. Паглыблена займаўся касмагоніяй, прыродазнаўчымі навукамі і містыцызмам.

Літаратурную дзейнасьць пачаў з паэзіі, выдаўшы ў 1827 годзе ў Бостане кніжку вершаў.

«Беларускі сьлед» Эдгара По

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі ў 1831 годзе Эдгар Алан По разьвітаўся з ваеннай кар’ерай дзеля літаратурных заняткаў і адправіўся ў Нью-Ёрк, там, паводле некаторых сьведчаньняў, пісьменьнік, церпячы нястачы, у сакавіку 1831 году «меркаваў запісацца ў польскае войска (з гэтай нагоды ён зьвярнуўся па рэкамэндацыю да супэрінтэнданта Тэера, але чамусьці ня зьдзейсьніў свайго намеру»[8]. Пра тое, што По пісаў да палкоўніка Тэера, таксама згадваў Герві Ален[9], але не ўдакладніў прычыну звароту.

Гэты факт біяграфіі амэрыканскага літаратара лічыцца «беларускім сьледам»[10] у яго жыцьці, бо войска, пра якое вялася размова, прымала ўдзел у беларуска-польскім паўстаньні супраць самадзяржаўнай Расеі.

Варта зацеміць, што ня ўсе дасьледчыкі жыцьця і творчасьці літаратара ўпэўненыя ў рэальнасьці згаданага намеру По[11].

Пераклады на беларускую мову

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б Edgar Allan Poe // Benezit Dictionary of Artists (анг.)OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
  2. ^ а б Barzun J., Mabbott T. O., Cestre C. Edgar Allan Poe // Encyclopædia Britannica (анг.)
  3. ^ а б Edgar Allan Poe // Internet Broadway Database (анг.) — 2000.
  4. ^ а б По Эдгар Аллан // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  5. ^ а б Архіў гістарычных запісаў — 1808.
  6. ^ Poe, Edgar Allan, 1809-1849 // CONOR.SI
  7. ^ По Эдгар Аллан // ПроДетЛит (рас.) — 2019.
  8. ^ Ковалев Ю. В. Эдгар По: Новеллист и поэт. Л., 1984. С. 45
  9. ^ Аллен Г. Эдгар По. — Москва, 1987. С.121
  10. ^ «Беларускі сьлед» Эдгара По // Наша Ніва, №25/1993
  11. ^ Малюковіч С., Саркісава Н. У палоне журбы: Паэзія Эдгара По і амерыканскі рамантызм // Роднае слова, 2003. № 5,6

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]