Чад
Чад جمهورية تشاد République du Tchad | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: Unité, Travail, Progrès | |||||
Дзяржаўны гімн: «La Tchadienne» | |||||
Афіцыйная мова | арабская, француская | ||||
Сталіца | Нджамэна | ||||
Найбуйнейшы горад | Нджамэна | ||||
Форма кіраваньня | Прэзыдэнцкая рэспубліка Магамат Дэбі (в. а.) Альбэр Пахімі Падаке | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
21 месца ў сьвеце 1 284 000 км² 1,9 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2009) • шчыльнасьць |
75 месца ў сьвеце 11 206 000 8,7/км² | ||||
СУП • агульны (2008) • на душу насельніцтва |
128 месца ў сьвеце $16,18 млрд $1663 | ||||
Валюта | Франк КФА (XAF) | ||||
Часавы пас | WAT (UTC+1) | ||||
Незалежнасьць — ад Францыі |
11 жніўня 1960 году | ||||
Аўтамабільны знак | TD | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .td | ||||
Тэлефонны код | +235 | ||||
Чад, Рэспу́бліка Чад (па-арабску: جمهورية تشاد, па-француску: République du Tchad) — анкляўная дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы, месьціцца паўднёвей Сахары. Мяжуе з Суданам, Лібіяй, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікай, Нігерам, Нігерыяй, Камэрунам. Сталіца — горад Нджамэна, у ім пражывае каля 500 тысяч чалавек.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да прыходу эўрапейцаў на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Чад існавала некалькі дзяржаўных утварэньняў, сярод якіх найболей буйнымі зьяўляліся Сао (5 стагодзьдзе да н. э. — XV стагодзьдзе), Адыдзэм (IX—XIX стагодзьдзі), Борну (XV—XIX стагодзьдзі), Вадаі (XVI—XIX стагодзьдзі), Багірмі (XVI—XIX стагодзьдзі).
Заваёва эўрапейцамі тэрыторыі вакол возера Чад пачалася пасьля ўтварэньня ў 1894 годзе францускай калёніі Ўбангі-Шары. У 1904 годзе Францыя абвясьціла аб стварэньні новай калёніі Ўбангі-Шары-Чад. У 1910 годзе была ўтвораная Фэдэрацыя Францускай экватарыяльнай Афрыкі (ФЭА). У 1914 годзе Чад ізноў стаў асобнай калёніяй. 11 жніўня 1960 году краіна здабыла незалежнасьць і была абвешчаная рэспублікай.
Палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Унутраная палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прэзыдэнт краіны — Ідрыс Дэбі (перавыбраны ў траўні 2001 году на пяцігадовы тэрмін), зьяўляецца таксама галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. Глава ўрада — прэм'ер-міністар Паскаль Ёадымнаджы (прызначаны ў 2005 годзе). Вышэйшы заканадаўчы орган — Нацыянальны сход. Старшыня — Насур Гелендукзія Уайду. Чарговыя парлямэнцкія выбары прайшлі ў сакавіку 2002 году.
У траўні 2004 году парлямэнт Чаду ўхваліў закон аб занясеньні зьмен у Канстытуцыю 1996 году. Прынятыя папраўкі здымаюць абмежаваньне знаходжаньня на пасту прэзыдэнта двума тэрмінамі, касуюць верхнюю палату парлямэнту — Сэнат, ствараюць Раду сацыяльнага эканамічнага і культурнага разьвіцьця. У чэрвені 2005 году вышэйзгаданыя папраўкі да Канстытуцыі ўхваленыя на агульнанацыянальным рэфэрэндуме.
Найболей уплывовыя палітычныя партыі і арганізацыі — Патрыятычны рух выратаваньня, Нацыянальны саюз за дэмакратыю і абнаўленьне, Нацыянальнае дзеяньне за дэмакратыю і разьвіцьцё, Партыя за волю і дэмакратыю.
Вонкавая палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клімат трапічны: у сакавіку — красавіку (да +50 °C у цені), дажджлівы сэзон з чэрвеня па лістапад, сухі сэзон зь сьнежня па травень.
Адміністрацыйна краіна падзяляецца на 18 рэгіёнаў (Нджамэна — самастойны рэгіён), 50 дэпартамэнтаў і 199 супрэфэктураў.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Чадзе маюцца радовішчы баксытаў, урану, волава, вальфраму, знойдзены вельмі буйныя радовішчы нафты (выведаныя запасы — 900 млн барэляў). У кастрычніку 2003 году афіцыйна ўведзены ў дзеяньне нафтаправод Доба — Крыбі (праходзіць праз тэрыторыю Камэруну да ўзьбярэжжа Атлянтычнага акіяна). У 2004 годзе пачаўся экспарт чадзкай нафты, які склаў 65,5 млн барэляў.
Чад — адна з найбяднейшых афрыканскіх краін, якая займае, па дадзеных ПРААН, 167 месца ў сьвеце. СУП Чаду ў 2004 годзе склаў 3,6 млрд эўра, гадавы прыбытак на душу насельніцтва — 440 эўра. У сувязі з пачаткам здабычы нафты ў Чадзе CУП вырас у 2004 годзе на 42,4 %, у тым ліку ў нафтавым сэктары на 355,3 %. У 2004 годзе аб’ём зьнешняй дапамогі замежных крэдытораў Чаду склаў 263,2 млн эўра.
Аснова чадзкай эканомікі — сельская гаспадарка (40% ВУП), галоўнымі галінамі якога зьяўляюцца бавоўнаводзтва і жывёлагадоўля. Вытворчасьць бавоўны-сырцу ў 2003 годзе склала 165,5 млн тон, агульнае пагалоўе быдла — 16 млн галоваў.
Прамысловасьць Чаду (14% ВУП) працягвае заставацца ў зачаткавым стане.
Галоўныя артыкулы экспарту — бавоўна, буйнарагатае быдла, гуміарабік (Чад — адзін зь яго найбуйнейшых экспартэраў у сьвеце), арахіс, тканіны. Галоўныя артыкулы імпарту — нафтапрадукты, харчаваньне, спажывецкія тавары. У коштавым выразе экспарт ураўноўваецца 196 млн даляраў ЗША, імпарт — 775 млн даляраў ЗША.
Асноўныя зьнешнегандлёвыя партнэры — Францыя, Нямеччына, Тайвань, ЗША, Лібія, Нігерыя, Камэрун. Аб’ём прамых замежных інвэстыцыяў у 2002 годзе склаў 901 млн даляраў ЗША, што было зьвязана з засваеньнем амэрыкана-малайзійскім кансорцыюмам нафтавага радовішча Доба і будаўніцтвам нафтаправоду Доба — Крыбі.
Транспартная сыстэма разьвітая слаба. Агульная даўжыня дарог — 32 тыс. км (паводле іншых зьвестак — больш за 40 тыс. км), зь іх 7 тыс. км зь цьвёрдым пакрыцьцём, 2 тыс. км прыдатныя для круглагоднага выкарыстаньня. Чыгунак у Чадзе няма. Водныя шляхі для грузавых перавозак усярэдзіне краін выкарыстоўваюцца нерэгулярна, бо рэкі Лягоне і Шары суднаходныя толькі каля 3 месяцаў на год. У сэзон дажджоў як сталіца, так і прэфэктуры аказваюцца адрэзанымі адзін ад аднаго. Міжнародны аэрапорт — у Нджамэне.
Міжнародная тэлефонная і тэлексная сувязь зьдзяйсьняецца праз Парыж, у сталіцы Чаду дзейнічае наземная станцыя спадарожнікавай сувязі.
Грашовая адзінка — франк КФА (1 эўра = 656 франкаў КФА).
Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Большую частку краіны насяляюць народы, якія размаўляюць на шары-нільскіх мовах: на поўначы — на сахарскіх мовах (11,4%): тубу (тэда і даза), кануры, канэмбу, загава); на ўсходзе — на мовах фурскай сям’і (амданг і фур — 1,1%), усходнесуданскіх мовах (тама, сунгор, марарыт, даго і інш. — 4,1%), таксама маба (марфа, масаліт, кібет, рунга і інш. — 4,5%); на поўдні — на цэнтральнасуданскіх мовах (сара і блізкія да яго лутас ці руба; — 27%; багірмі і блізкія да іх наба, кенга і інш — 2,3%)[1]. Каля 30% насельніцтва — арабы, у тым ліку суданскія (12%)[2].
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каля паловы насельніцтва краіны складаюць мусульмане, 23% — хрысьціяне, астатняя частка насельніцтва прытрымліваецца мясцовых традыцыйных вераваньняў.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нацыянальнае радыё вядзе свае перадачы на пяці найбольш распаўсюджаных мовах краіны (францускай, арабскай і трох мясцовых). Тэлебачаньне існуе з 1987 году, але тэлеперадачы прымаюцца толькі ў сталіцы і яе прыгарадах. Агенцтва друку Чаду выдае свой штодзённы інфармацыйны бюлетэнь «Інфа-Чад». Найболей папулярныя пэрыядычныя выданьні: «Нджамэна-Эбда», «Прагрэс», «Кантакт», «Патрыёт».
Нацыянальнае сьвята: Дзень незалежнасьці — 11 жніўня.
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Чадзе шмат футбольных палёў[3]. У красавіку 2021 году ФІФА прыпыніла ўдзел Чаду ў сваіх спаборніцтвах з-за ўмяшаньня ўраду ў справы футбольнай фэдэрацыі[4]. Нацыянальны алімпійкі камітэт утвораны ў 1963 годзе[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Старикова А. В., Климанова О. А. и др. ЧАД // Большая российская энциклопедия. Электронная версия (2018); https://old.bigenc.ru/geography/text/4679310 Дата обращения: 06.03.2023
- ^ Анціпава, К. А. Чад // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. — С. 204.
- ^ Sport in Chad (анг.) Праверана 3 жніўня 2021 г.
- ^ Fifa bans Chad indefinitely from global football over government interference (анг.). BBC Sport (7 красавіка 2021).
- ^ Team Chad - Profile (анг.). Tokyo 2020 Olympics. Праверана 3 жніўня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чад — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў