Перайсьці да зьместу

Станіслаў Антоні Шчука

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Станіслаў Антоні Шчука
С. А. Шчука. Невядомы мастак, каля 1735—1740. Зборы музэю-палаца ў Вілянаве
С. А. Шчука. Невядомы мастак, каля 1735—1740. Зборы музэю-палаца ў Вілянаве

Герб «Граблі»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1654(1654)
Памёр 19 траўня 1710
Род Шчукі
Бацькі Станіслаў Шчука
Соф’я зь Нерановічаў
Жонка Канстанцыя Марыя Ганна з Патоцкіх
Дзеці Аўгуст Міхал, Марцін Леапольд, Ян Кант; Вікторыя, Марыя Ганна
Дзейнасьць палітык, судзьдзя

Станіслаў Антоні Шчука (1654, маёнтак Любонічы Рэчыцкага павету — 19 траўня 1710, Варшава) — дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай, публіцыст. Рэфэрэндар каронны (з 1688), падканцлер вялікі літоўскі (з 1699).

Валодаў маёткамі Рады ва Ўпіцкім павеце, Сідра ў Гарадзенскім павеце, а таксама ва Ўкраіне і Польшчы. Трымаў у Жамойці Вількійскае (з 1686), Платэльскае (з 1702) і Вякшнянскае (з 1703) староствы, у Польшчы — Люблінскае староства (1687—1710), вёскі ў Гарадзенскай і Берасьцейскай эканоміях. Ад Станіслава Ляшчынскага ў 1707—1708 атрымаў Палангу, Жыжморы, Ушпаль, Прэны і інш.

Прадстаўнік шляхецкага роду Шчукаў гербу «Граблі», сын Станіслава і Соф’і зь Нерановічаў. Навучаўся ў Вільні і Кракаве.

Неаднаразова абіраўся паслом на соймы, ягоны маршалак у 1688—1689 і 1699. 3 1675 сакратар Яна Сабескага, чашнік візнаўскі з 1682, рэгент вялікі кароннай канцылярыі з 1684, рэфэрэндар каронны з 1688, падканцлер вялікі літоўскі з 1699. 3 1701 быў адміністратарам мыта Вялікага Княства Літоўскага. Удзельнічаў у шэрагу дыпляматычных місіяў.

Быў прыхільнікам абраньня сына Яна Сабескага каралевіча Якуба, пазьней падтрымаў абраньне Аўгуста Моцнага, у 1706—1709 падтрымліваў на стальцы Станіслава Ляшчынскага. Празь вялікія дзяржаўныя заслугі карыстаўся папулярнасьцю ў шляхты.

Крытыкаваў удзел Рэчы Паспалітай у Паўночнай вайне (1700—1721). Узмацненьне дзяржавы бачыў у зьвязе з Расейскай імпэрыяй і барацьбе з Турэччынай[1].

Пад псэўданімам Кандзідус Веранэнзіс выдаў на лацінскай мове кнігу «Зацьменьне Польшчы, усяму сьвету паказанае» («Ecclipsis Poloniae orbi publico demonstrata», Варшава, 1709), дзе выклаў праграму фінансавых і вайсковых рэформаў: павелічэньне войска, абкладаньне вайсковым падаткам шляхты і духавенства, стварэньне Скарбовай камісіі і інш.

Выступаў за паляпшэньне адукацыі, увядзеньне ў школьныя праграмы гісторыі і геаграфіі, арганізацыю сталай паштовай службы, якая б дастаўляла шляхце штотыднёвую дармовую газэту з палітычнымі навінамі, за скарачэньне тэрмінаў судовых працэсаў. Быў мэцэнатам, сабраў вялікую бібліятэку, гістарычныя матэрыялы[2].

Разбудаваў места Шчучын на Падляшшы.

У шлюбе з Канстанцыяй Марыяй Ганнай Патоцкай меў сыноў Аўгуста Міхала, Марціна Леапольда, Яна Канта; дачок Вікторыю і Марыю Ганну.

  1. ^ Пазднякоў В. Шчука Станіслаў Антоні // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 763.
  2. ^ Пазднякоў В. Шчука Станіслаў Антоні // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 764.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Станіслаў Антоні Шчукасховішча мультымэдыйных матэрыялаў