Эдгар Алан По
Эдгар Алан По | |
па-ангельску: Edgar Allan Poe | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 19 студзеня 1809[1][2][3][…] |
Памёр | 7 кастрычніка 1849[1][2][3][…] (40 гадоў) |
Пахаваны | |
Бацькі | Дэйвід По (малодшы)[d] Эліза По[d] |
Сужэнец | Вірджынія Эліза Клем По[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, пісьменьнік, эсэіст, літаратурны крытык, навэліст, навэліст |
Гады творчасьці | 1827 — 1849 |
Кірунак | рамантызм |
Жанр | дэтэктыў[d], гатычная літаратура[d], dark romanticism[d], паэзія і fantastique[d] |
Мова | ангельская мова[6][7] |
Значныя творы | Крумкач |
Подпіс | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Э́дгар А́лан По (па-ангельску: Edgar Allan Poe; 19 студзеня 1809, Бостан — 7 кастрычніка 1849, Балтымар) — амэрыканскі паэт, празаік, эсэіст, вынаходнік дэтэктыўнай навэлі (detective story), заснавальнік жанру жахаў (horror), крытык і адна зь вядучых постацяў амэрыканскага рамантызму. Найвялікшую славу здабыў як аўтар «жахлівых апавяданьняў».
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эдгар Алан По нарадзіўся 19 студзеня 1809 году ў Бостане, ЗША. Ягоныя бацькі, акторы вандруючай групы, памерлі, калі Эдгару было ўсяго два гады. Маці Эдгара, Элізабэт Арнольд По, была ангельскай, тата Эдгара, Дэвід По, — амэрыканцам ірляндзкага паходжаньня. Хлопчыка прыняў і ўсынавіў заможны гандляр зь Вірджыніі Джон Алан.
Дзяцінства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства Эдгара прайшло ў даволі багатым становішчы. Аланы не шкадавалі сродкаў на яго выхаваньне, і хоць часам справы ішлі не зусім пасьпяхова (часам ім нават пагражала банкрутства), хлопча гэтага не адчываў: яго апраналі «як прынца», у яго быў свой конь, свае сабакі. Калі Эдгару было шэсьць гадоў, Аланы паехалі ў Ангельшчыну і аддалі хлопчыка ў дарагі пансіён у Лёндане, дзе ён правучыўся пяць год. Па вяртаньні Аланаў у 1820 годзе ў ЗША Эдгар паступіў у каледж у Рычмандзе, які скончыў у 1826 годзе. Завяршаць адукацыю Эдгара адправілі ва ўнівэрсытэт у Рычмандзе, тады толькі што заснаваны.
Эдгар разьвіўся рана: у пяць год ён чытаў, маляваў, пісаў, дэклямаваў, езьдзіў конна. У школе ён добра вучыўся, набыў вялікі запас ведаў па літаратуры, асабліва ангельскай і лацінскай, па агульнай гісторыі, па матэматыцы, па некаторым адгалінаваньням прыродазнаўства, такім як астраномія, фізыка. Фізычна Эдгар быў моцным, удзельнічаў ува ўсіх сяброўскіх свавольствах, а ва ўнівэрсытэце — ува ўсіх іхніх гулянках. Характар будучага паэта зь дзяцінства быў няроўны, палкі, імпэтны. У яго паводзінах зацямлялі шмат дзіўнага. З раньніх год Эдгар пісаў вершы, захапляўся фантастычнымі плянамі, любіў рабіць псыхалягічныя вопыты над сабой і іншымі. Усьведамляючы сваю перавагу, ён даваў іншым гэта адчуць.
Жыцьцё ў багацьці скончылася для Эдгара, калі яму было 17 гадоў. Ва ўнівэрсытэце ён прабыў усяго год. Увосень 1826 году адбыўся разрыў паміж Джонам Аланам і ягоным прыёмным сынам. Хто быў «вінаваты», цяпер даведацца цяжка. Ёсьць сьведчаньні, неспрыяльныя для Эдгара. Напрыклад, пацьверджана, што ён падрабіў вэксалі з подпісам Джона Алана, што аднойчы, нецьвярозы, навымаўляў яму грубіянстваў, замахнуўся на яго з палкай і г. д. Зь іншага боку, невядома, што трываў геніяльны юнак ад разбагацеўшага заступніка (Джон Алан атрымаў нечаканую спадчыну, якое пераўтварыла яго ў міліянэра), непрыхільнага да мастацтва і паэзіі. Відаць, шчыра любіла Эдгара толькі гаспадыня Алан, а яе муж ужо даўно быў незадаволены экцэнтрычным прыёмышам. Падставай да сваркі паслужыла тое, што Алан адмовіўся заплаціць картачныя пазыкі Эдгара. Юнак лічыў іх «пазыкамі гонару» і ня бачыў іншага выйсьця для выратаваньня свайго «гонару», як пакінуць багаты дом, дзе выхоўваўся.
Маладосьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для Эдгара По пачалося бадзяжнае жыцьцё. Пакінуўшы дом Аланаў, ён паехаў у родны Бостан, дзе пад псэўданімам «Бостанец» надрукаваў збор вершаў «Тамэрлан і іншыя вершы», які так і ня выйшаў у сьвет. Гэтае выданьне, імаверна, паглынула ўсе сабраныя грошы юнака. Ня маючы прытулку, ён вырашыўся на стромкі крок — і паступіў жаўнерам у войску пад выдуманым імем. Службу ён нёс каля году, быў у камандваньня на добрым ліку і нават атрымаў чын сэржант-маёра. У пачатку 1828 году паэт, аднак, ня вытрываў свайго становішча і зьвярнуўся да прыёмнага бацькі, просячы дапамогі, і, верагодна, выказваў пакаяньне. Джон Алан, можа быць па хадайніцтву жонкі, пашкадаваў юнака, аплаціў наём намесьніка і выклапатаў Эдгару вызваленьне. Але, прыехаўшы ў Рычманд, Эдгар ужо не засьпеў сваёй заступніцы, гаспадыня Алан памерла за некалькі дзён да таго (28 лютага 1829 году).
Атрымаўшы свабоду, Эдгар По зноўку зьвярнуўся да паэзіі. Ён зноў пабываў у Балтымары і пазнаёміўся тамака са сваімі сваякамі па татавай лініі — зь сястрой, бабуляй, дзядзькай Георгам По і яго сынам Нэльсанам По. Апошні мог пазнаёміць Эдгара з рэдактарам мясцовае газэты, Ўільямам Гвінам. Праз Гвіна Эдгар атрымаў магчымасьць да бачнага тады нью-ёрскага літаратара Джону Нілу. І Гвіну, і Нілу паэт аддаў на суд свае вершы. Водгук, пры ўсіх абмоўках, быў самы памысны. Вынікам было тое, што ў канцы 1829 году ў Балтымары быў другасна выданы збор вершаў По пад яго імем, азагалоўлены «Аль-Аарааф, Тамэрлян і малыя вершы». На гэты раз кніжка паступіла ў кнігарні і ў рэдакцыі, але прайшла незаўважанай.
Паміж тым Джон Алан настойваў, каб Эдгар скончыў сваю адукацыю. Было вырашана, што ён паступіць у Ваенную акадэмію ў Вэст-Пойнце. У сакавіку 1830 году, па хадайніцтве Алана, Эдгар усё ж быў прыняты ў лік студэнтаў, хоць па ўзросту ён не падыходзіў. Яго прыёмны бацька падпісаў зя яго абавязальніцтва адслужыць у войску 5 гадоў. Эдгар неахвотна ішоў у акадэмію. Нармалёвым шляхам пакінуць яе муры ён ня мог. Са звычайнай гарачнасьцю ён узяўся за справу і здолеў дамагчыся таго, каб ў сакавіку 1831 году яго адлічылі. Гэтым юны паэт зноў вярнуў сабе свабоду, але, вядома, зноў рассварыўся з Джонам Аланам.
З Вэст-Пойнта Эдгар По зьехаў у Нью-Ёрк, дзе пасьпяшаўся выдаць трэці зборнік вершаў, названы, аднак, «другім выданьнем»: «Паэмы Эдгара А. По. Другое выданьне». Сродкі на выданьне сабраныя падпіскай; далі свой росьпіс многія паплечнікі з акадэміі, якія чакалі, што знойдуць у кнізе тыя вершаваныя памфлеты і эпіграмы на прафэсараў, якімі студэнт Алан-По стаў вядомым у школе. Але ім давялося расчаравацца. Пакупнікоў у кнігі, ацэненай у два з паловай даляры, не знайшлося.
У 1831 годзе яму давялося зьвяртацца да прыёмнага таты, каб той выдаткоўваў грашовыя дапамогі. Але яны былі вельмі нязначнымі.
З восені 1831 па восень 1833 году — самы цяжкі пэрыяд для Эдгара По. Улетку 1831 году Эдгар жыў у Балтымары ў сваёй цёткі г-ні Клем — маці той Вірджыніі, якая пазьней стала жонкай паэта. З восені 1831 году яго сьляды губляюцца. Да канца гэтага пэрыяду Эдгар По дайшоў да крайняй галечы. Узяў шлюб у 1836 годзе зь Віджыніяй Клем. Яму было 27, ёй 13.
Несумнёўна, што ў гэтыя гады малады паэт шмат працаваў. Ім быў напісаны шэраг навэлаў — лепшых у ранейшым пэрыядзе ягонай творчасьці. Увосень 1833 году балтымарскі штотыднёвік абьвясьціў конкурс на лепшы аповед і лепшы верш. Эдгар По даслаў шэсьць аповедаў і вершаваны ўрывак «Калізэй». Чальцы журы адзінагалосна прызналі лепшым і аповед, і вершы Эдгара По. Аднак, ня лічачы магчымым выдаць дзьве прэміі адной і той жа асобе, прэміравалі толькі аповед «Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы» (анг. MS. Found in a Bottle), за які аўтару выдалі сто даляраў. Грошы падасьпелі своечасова. Аўтар літаральна галадаў.
1830-я — 1840-я гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пэрыяд з 1833 па 1840 гады аўтар выпускае шмат паэмаў і аповедаў, працуе ў часопісах «Southern Literary Messenger» у Рычмандзе. У 1841—1843 гадох жыў зь сям’ёй у маёнтку ў Філадэлфіі і працаваў у часопісах «Burton’s Gentleman’s Magazine» і «Graham’s Magazine». У Філядэлфіі Эдгар По таксама мерыўся выдаваць уласны часопіс «The Stylus» (альбо «The Penn»), але гэтая задума ня спраўдзілася.
Аднак хутка яго падпільноўвала сур’ёзнае выпрабаваньне. У Вірджыніі пасьля сьпеваў лопнуў крывяносны сасуд і яна была пры сьмерці (яна хварэла на сухоты).
Да таго ж у 1846 годзе нью-ёрскі часопіс «Broadway Journal», зь якім ён супрацоўнічаў, зачыніўся, і По згубіў сродкі да існаваньня. Зноў пачалося бядотнае жыцьцё.
Апошнія гады жыцьця
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апошнія гады жыцьця Эдгара По, 1847—1849, былі гадамі беганіны, паўшаленства, высокіх посьпехаў, гаротных падзеньняў і пастаянных паклёпаў ад ворагаў. Вірджынія, паміраючы, узяла клятву з с-ні Ш’ю, сяброўкі Эдгара, ніколі не пакідаць яго. Эдгар По яшчэ захапляўся жанчынамі, уяўляў, што закаханы, нават ішла гаворка аб шлюбе. У жыцьці ён трымаў сябе дзіўна, аднак пасьпеў выдаць яшчэ колькі геніяльных твораў.
Але хвароба ўжо зьнішчала жыцьцё паэта; прыпадкі алькагалізму станавіліся ўсё больш пакутлівымі, нэрвовасьць узрастала амаль да псыхічнага расзладжаньня. С-ня Ш’ю, якая не была здольная зразумець хваравіты стан паэта, палічыла неабходным устараніцца ад яго жыцьця. Увосень 1849 году наступіў канец. Поўны хімерычных праектаў, лічачы сябе зноў жаніхом, Эдгар По сёлета ў верасьні зь вялікім посьпехам чытаў у Рычмандзе курс лекцыяў аб «Паэтычным прынцыпе». З Рычманда Эдгар По выехаў, маючы 1500 даляраў у кішэні. Што здарылася затым, засталося таямніцай. Можа быць паэт трапіў пад уплыў сваёй хваробы; можа быць, рабаўнікі ўсыпілі яго наркотыкам. Эдгара По знайшлі ў беспрытомным стане, абрабаваным. Яго прывезьлі ў Балтымар, дзе Эдгар По і памёр у шпіталі 7 кастрычніка 1849 году.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эдгар Алан По ўжо ў дзяцінстве чытаў творы Байрана, Колрыджа і шматлікіх рамантычных аўтараў свайго часу. Паглыблена займаўся касмагоніяй, прыродазнаўчымі навукамі і містыцызмам.
Літаратурную дзейнасьць пачаў з паэзіі, выдаўшы ў 1827 годзе ў Бостане кніжку вершаў.
«Беларускі сьлед» Эдгара По
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Калі ў 1831 годзе Эдгар Алан По разьвітаўся з ваеннай кар’ерай дзеля літаратурных заняткаў і адправіўся ў Нью-Ёрк, там, паводле некаторых сьведчаньняў, пісьменьнік, церпячы нястачы, у сакавіку 1831 году «меркаваў запісацца ў польскае войска (з гэтай нагоды ён зьвярнуўся па рэкамэндацыю да супэрінтэнданта Тэера, але чамусьці ня зьдзейсьніў свайго намеру»[8]. Пра тое, што По пісаў да палкоўніка Тэера, таксама згадваў Герві Ален[9], але не ўдакладніў прычыну звароту.
Гэты факт біяграфіі амэрыканскага літаратара лічыцца «беларускім сьледам»[10] у яго жыцьці, бо войска, пра якое вялася размова, прымала ўдзел у беларуска-польскім паўстаньні супраць самадзяржаўнай Расеі.
Варта зацеміць, што ня ўсе дасьледчыкі жыцьця і творчасьці літаратара ўпэўненыя ў рэальнасьці згаданага намеру По[11].
Пераклады на беларускую мову
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Авальны партрэт» (пер. Сяргей Шупа, 2-гі пераклад — Ганна Янкута)
- «Сэрца выкрывае» (пер. Юрась Бушлякоў)
- «Калодзеж і ківач» (пер. Юля Цімафеева)
- «Марэла» (пер. Марына Дзергачова)
- «Маска Чырвонае Сьмерці» (пер. Сяргей Шупа)
- «Чалавек натоўпу» (пер. Сяргей Шупа)
- «Маска Чырвонае Сьмерці»: Выбр. творы (пер. Уладзімер Шчасны, Сяргей Шупа, Лявон Баршчэўскі, Ганна Янкута, Юлія Цімафеева, Кацярына Маціеўская, Марына Дзергачова і інш. — Менск: Кнігазбор, 2010.
- «Выбраныя вершы» (пер. Лявон Баршчэўскі, Кацярына Маціеўская, Алег Мінкін, Андрэй Хадановіч, Максім Шчур, Ганна Янкута). — Менск: Зьміцер Колас, 2017.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Edgar Allan Poe // Benezit Dictionary of Artists (анг.) — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
- ^ а б Barzun J., Mabbott T. O., Cestre C. Edgar Allan Poe // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б Edgar Allan Poe // Internet Broadway Database (анг.) — 2000.
- ^ а б По Эдгар Аллан // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ а б Архіў гістарычных запісаў — 1808.
- ^ Poe, Edgar Allan, 1809-1849 // CONOR.SI
- ^ По Эдгар Аллан // ПроДетЛит (рас.) — 2019.
- ^ Ковалев Ю. В. Эдгар По: Новеллист и поэт. Л., 1984. С. 45
- ^ Аллен Г. Эдгар По. — Москва, 1987. С.121
- ^ «Беларускі сьлед» Эдгара По // Наша Ніва, №25/1993
- ^ Малюковіч С., Саркісава Н. У палоне журбы: Паэзія Эдгара По і амерыканскі рамантызм // Роднае слова, 2003. № 5,6