Перайсьці да зьместу

Царква Сьвятога Мікалая (Мікалаеўшчына)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Сьвятога Мікалая
Мікалаеўская царква, каля 1900 г.
Мікалаеўская царква, каля 1900 г.
Краіна Беларусь
Вёска Мікалаеўшчына
Каардынаты 53°24′13.5″ пн. ш. 26°50′14.4″ у. д. / 53.40375° пн. ш. 26.837333° у. д. / 53.40375; 26.837333Каардынаты: 53°24′13.5″ пн. ш. 26°50′14.4″ у. д. / 53.40375° пн. ш. 26.837333° у. д. / 53.40375; 26.837333
Канфэсія праваслаўе
Эпархія Менская 
Архітэктурны стыль расейская эклектыка (тыповы праект)
Першае згадваньне 1866
Будаваньне 18721876 гады
Стан зьнішчана
Царква Сьвятога Мікалая на мапе Беларусі
Царква Сьвятога Мікалая
Царква Сьвятога Мікалая
Царква Сьвятога Мікалая
Царква Сьвятога Мікалая на Вікісховішчы

Царква́ Сьвято́га Мікала́я Цудатво́рца — помнік гісторыі другой паловы XIX стагодзьдзя (мураўёўка) у Мікалаеўшчыне. Знаходзілася ў цэнтры мястэчка на Грудку, на месцы разабранага расейскімі ўладамі касьцёла Сьвятога Яна Хрысьціцеля. У 1960-я гады савецкія ўлады зруйнавалі будынак царквы. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі.

У народнай вучэльні, заснаванай пры царкве, у 1890—1892 гадох навучаўся будучы клясык беларускай літаратуры Канстантын Міцкевіч (Якуб Колас)[1].

Царква з боку Рынку, да 1939 г.

У 1866 годзе ўлады Расейскай імпэрыі зачынілі ў Мікалаеўшчыне касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і гвалтоўна далучылі мясцовых сялянаў да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Прызначаны сюды сьвятар Пётар Трускоўскі склаў ліст, адрасаваны менскаму архіяпіскапу Міхалу Галубовічу. У тэксце дакумэнту сьцьвярджалася, што «Жыхары мястэчка Менскага павету Мікалаеўшчыны… далучыліся да праваслаўнай царквы і… просяць, каб касьцёл іхні… быў зьвернуты ў праваслаўную царкву і пры ёй была адчынена народная вучэльня.» Таксама адзначалася, што мястэчка знаходзіцца «сярод каталіцкага насельніцтва», касьцёл у ім «драўляны, крэпкі, пабудаваны алтаром на ўсход, звонку прыгожы, з двума купаламі, годны да пераробкі ў праваслаўную царкву»[2]. Адказ архіяпіскапа быў станоўчым, аднак расейскія ўлады пастанавілі выдзяліць 3500 рублёў на пабудову новай царквы і адкрыцьцё народнай вучэльні. На працягу шасьці гадоў набажэнствы адбываліся ў будынку былога касьцёла, па чым за некалькі гадоў збудавалі новы пяцікупальны храм, асьвячэньне якога адбылося пры канцы 1876 году.

На 1878 год у склад царкоўнага прыходу ўваходзілі сяло Мікалаеўшчына і вёскі Прусінава, Сьверынава і Русаковічы. Прыхаджанаў мужчынскай стаці налічвалася 549 чалавек, жаночай — 550. Усе прыхаджане былі сялянскага паходжаньня, займаліся земляробствам[3]. Прыходзкі прыбытак на працягу году быў нязначным і не дасягаў 10 рублёў. Да царквы прыпісваліся 33 дзесяціны зямлі, у тым ліку 1 дзесяціна сядзібнай зямлі, 4 — сенажатнай і 28 — ворнай, разьмешчаныя за Нёманам, за пяць вёрстаў ад царквы. Плян і межавая кніга не складаліся. Зь ліку пабудоваў існавалі: плябанія, восець, сьвіран, хлеў, а дзеля псаломшчыка — хата і дзьве адрыны. Адзначалася, што пабудовы трухлявыя і патрабуюць капітальнага рамонту, апрача хаты сьвятара[3]. У прыходзе было двое могілак, у вёсцы Прусінаве дзеяла прыпісная царква.

Царква значна не пацярпела ў часы Першай сусьветнай вайны, Другой сусьветнай вайны і дзеяла да пачатку 1960-х гадоў, калі савецкія ўлады пастанавілі зруйнаваць будынак царквы ў рэчышчы змаганьня з рэлігіяй. Сёньня на месцы зьнішчанай царквы знаходзіцца будынак Мікалаеўшчынскага сельсавету.

Прыклад эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі. Збудаваная паводле «ўзорнага» праекту, мела тыповую для шматлікіх мураваных мураўёвак 3-часткавую кампазыцыю: складалася з квадратнага асноўнага аб’ёму, завершага 5 глухімі купаламі, алтара і бабінца з званіцаю[4]. У архітэктуры выкарыстоўваліся прапорцыі, формы і дэкор, гістарычна ўласьцівыя дойлідзтву Маскоўскай дзяржавы, у тым ліку купалы-цыбуліны.

Апісаньне царквы, складзенае ў 1878 годзе, паведамляла, што царква драўляная, завершаная даўгаватым крыжом зь 7 глухімі купаламі і званіцаю ва франтоннай частцы. Дах пакрыты жалезам, вокны разьмяшчаліся на адным узроўні, уваходных дзьвярэй трое; як дах, так і вонкавыя сьцены афарбаваныя. Унутраная плошча складала 30 квадратных сажаняў (136,5 квадратных мэтраў). Падлога драўляная. Да апалу царква не прыстасаваная. Іканастас пафарбаваны ў блакітны колер, з пазалочанымі карнізамі і рамамі, складаўся зь 15 абразоў, зьмешчаных у 2 ярусы. Рызьніца зьмяшчалася ў асобным прыдзеле каля алтарнай часткі. Патрэбных для набажэнстваў рэчаў удосталь, усе малакаштоўныя, з выняткам срэбранага прыбору літургічных пасудзінаў. Сьвятарскіх убораў толькі пяць, усе яны з малакаштоўнай парчы, у тым ліку адно зусім трухлявае. Эвангельле адно, у вокладцы, абкладзенай малінавым аксамітам; набажэнскіх кніг дастатковая колькасьць. У царкоўным архіве былі мэтрычныя кнігі і сьпісы прыхаджанаў толькі ад 1867 году. Царква атачалася дашчатай агароджай. У званіцы знаходзіілся тры званы вагою 8, 7 і 1 пудоў (131, 115 і 16 кіляграмаў адпаведна)[3].

  1. ^ Маляўка М. Коласаў абярэг. — Менск: Мастацкая літаратура, 2011. С. 20.
  2. ^ О переходе жителей села Николаевщина в православие
  3. ^ а б в Описаніе церквей и приходовъ Минской епархіи. Минскій уездъ. — Менск: Типо-Литографія Б.И. Соломонова, 1878. — С. 104-105. — 175 с.
  4. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Стаўбцоўскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Стаўбцоўскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. — 831 с.: іл. ISBN 985-11-0312-8.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]