Белводгас
Каардынаты: 53°54′45″ пн. ш. 27°33′43″ у. д. / 53.9125° пн. ш. 27.56194° у. д.
Тып | дзяржаўнае аб’яднаньне |
---|---|
Заснаваная | 1932 (92 гады таму) |
Заснавальнікі | Народны камісарыят земляробства Беларускай ССР |
Уласьнікі | Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Цэнтральны раён, Камуністычная вул., д. 11[1] |
Ключавыя фігуры | Віктар Аскерка (генэральны дырэктар), Іван Лазоўскі (галоўны інжынэр) |
Галіна | будаўніцтва, рыбаводзтва |
Прадукцыя | дамба, плаціна, рыба |
Паслугі | рыбалка |
Матчына кампанія | Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі[2] |
Даччыныя кампаніі | «Белдзіправодгас», «Пінскводбуд» |
«Белводгас» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1932 годзе ў якасьці Ўправы мэліярацыі і воднай гаспадаркі Наркамзему Беларускай ССР.
На 2024 год выступала заказчыкам абслугоўваньня і будаўніцтва гідратэхнічных прыладаў і збудаваньняў паводле заявак земляробчых і сялянскіх гаспадарак у рамках выкананьня дзяржаўных праграмаў мэліярацыі земляў. Наглядала за выкарыстаньнем і вяла дзяржаўны ўлік гідратэхнічных збудаваньняў Беларусі. Загадвала рыбнай гаспадаркай на паверхневых вадаёмах[3]. Праз даччыныя рыбныя гаспадаркі прадавала таварную рыбу, у тым ліку асятроў, карпаў, стронгу і таўсталобікаў[4]. Тамсама аказвала паслугі платнай рыбалкі ў 8 раёнах Беларусі, у тым ліку ў Ганцавіцкім («Лактышы», Вялікія Круговічы), Дарагічынскім (Навасёлкі), Ігуменскім («Волма», Азёрны пасёлак), Любанскім, Маладэчанскім (Цеменіца), Пінскім (Вяз) і Салігорскім (Вызна). Там дадаткова для вылаву былі даступныя: акунь і белы амур, карась, платва і шчупак[5]. Іншымі паслугамі былі: разьлік кармленьня рыбы і ўгнаеньня сажалкі, адбор рыбы паводле плоці для нерасту і падбор разьмяшчэньня аэратараў для папярэджаньня замору рыбы[6].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2024 год «Белводгас» улучаў 12 прадпрыемстваў:
- 7 рыбных гаспадарак — рыбакамбінат «Любань» (Менская вобласьць) і досьледная «Лахва» (Лунінецкі раён), «Волма» (Азёрны пасёлак, Ігуменскі раён), «Грыцава» (Цеменіца, Маладэчанскі раён), «Трэмля» (Капаткевічы, Петрыкаўскі раён) і «Чырвоная Слабада» (Вызна, Салігорскі раён);
- 2 будаўнічыя прадпрыемствы — «Калінкавічыводбуд» (Гомельская вобласьць) і «Пінскводбуд» (Берасьцейская вобласьць);
- 2 праектныя інстытуты — «Белдзіправодгас» (Менск, прасп. Машэрава, д. 25) і «Палесьседзіправодгас» (Пінск);
- рэдакцыю газэты «Жывая вада» (Пінск)[7].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1932 годзе Народны камісарыят земляробства Беларускай ССР утварыў Управу мэліярацыі і воднай гаспадаркі (Белводгас). У 1938 году яе перайменавалі ва Ўправу мэліярацыі і торфу пры Наркамземе Беларускай ССР. 15 сакавіка 1941 году Ўправу пераўтварылі ў Народны камісарыят мэліярацыі і торфу БССР[8].
26 сакавіка 1946 году ведамства стала Міністэрствам мэліярацыі БССР. 15 сакавіка 1953 году яго пераўтварылі ў Галоўную ўправу мэліярацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і нарыхтовак БССР. 5 красавіка 1954 году яе зноў зрабілі Міністэрствам мэліярацыі БССР. 30 чэрвеня 1957 году ведамства пераўтварылі ў Галоўную ўправу мэліярацыі і воднай гаспадаркі Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. 13 чэрвеня 1960 году яе перайменавалі ў Галоўную ўправу мэліярацыі і рамонтна-тэхнічных і мэліярацыйных станцыяў Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР[8]. 19 красавіка 1961 году Савет міністраў Беларускай ССР наўпрост падпарадкаваў сабе Галоўную ўправу мэліярацыі і воднай гаспадаркі. 19 лістапада 1965 году ведамства пераўтварылі ў Міністэрства мэліярацыі і воднай гаспадаркі БССР[9]. У 1990 годзе яго перайменавалі ў Міністэрства воднай гаспадаркі і аднаўленьня земляў БССР.
На Дзень Адраджэньня 25 жніўня 1991 году Міністэрства стала ведамствам незалежнай Беларусі. 19 верасьня 1991 году атрымала назву Міністэрства воднай гаспадаркі і аднаўленьня земляў Рэспублікі Беларусь паводле Закону № 1085-XII «Аб назьве Беларускай ССР і ўнясеньні зьмяненьняў ў Дэклярацыю Вярхоўнага Савету БССР аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР і Канстытуцыю БССР». У сакавіку 1992 году ведамства стала дзяржаўным канцэрнам водагаспадарчага будаўніцтва і эксплюатацыі мэліярацыйных сыстэмаў «Белводгас». 23 красавіка 1992 году «Белводгас» зарэгістравалі ў Менску па Камуністычнай вуліцы, д. 11. 3 жніўня 1994 году канцэрн перайменавалі ў «Белмэліяводгас». [10]. У 1999 годзе «Белмэліяводгас» вырасьціў 5000 тонаў прамысловай рыбы[11].
28 сьнежня 2006 году канцэрн пераўтварылі ў дзяржаўнае аб’яднаньне[10]. За 2010 год «Белмэліяводгас» аднавіў збудаваньні асушэньня на 220 кв.км земляў Беларусі[12]. У 2012 годзе адлоў рыбы павялічылі да 16 100 тонаў[11]. У 2013 годзе плошчу асушэньня павялічылі на 650 кв.км за год. Агульная плошча асушаных прадпрыемствам земляў Беларусі складала 36 000 кв.км, зь якіх большасьць была пад кармавымі культурамі[12]. 30 ліпеня 2013 году прадпрыемства зноў перайменавалі ў «Белводгас»[10].
У 2014 годзе адлавілі 9600 тонаў рыбы, што рабіла Беларусь адным з найбольшых вытворцаў прэснаводнай рыбы ў Эўропе на ўзроўні Вугоршчыны і Чэхіі. Большасьць таварнай рыбы паставілі ў Расею, а рыбапасадачнага матэрыялу — у Летуву. На карп прыпадала 75% вырашчанай рыбы, бо з 1 гектару сажалкі было магчыма атрымаць да 3-х тонаў такой рыбы. Іншымі пашыранымі расьлінаеднымі рыбамі былі стракаты і белы таўсталобік, а таксама белы амур, вырошчваньне якіх дазваляла атрымаць па 600 кг рыбы з 1 га сажалкі. Таксама разводзілі карася. Менш за ўсё вырошчвалі шчупака і сома, бо іх магчыма было атрымаць да 50 кг/га. Сярод іншага, вырасьцілі 500 тонаў такіх высокакаштоўных відаў рыбы, як вясёлкавая стронга, сёмга і сьцерлядзь. У 2014 годзе наладзілі вытворчасьць ікры сьцерлядзі, якая склала 400 кг[11].
У 2023 годзе «Белводгас» павялічыў гадаваньне рыбы на 10% да 10 500 тонаў, зь якіх прамысловым спосабам вылавілі 8513 тонаў. Сярод 16 рыбаводчых установаў 11 аказвалі паслугі платнай рыбалкі, якая доўжылася ад 1 красавіка да 1 кастрычніка і каштавала ад 30 да 50 рублёў за 5 кг рыбы. Прадалі 7200 тонаў вылаўленай рыбы, у тым ліку 3000 тонаў насельніцтву і 2000 тонаў установам, 1600 тонаў накіравалі на перапрацоўку. Пры гэтым лоўлю карпа павялічылі на 12% да 5582 тонаў. Улоў таўсталобіка ўпаў да 552 тонаў, белага амура вырас да 314 тонаў, ласося вырас да 402 тонаў, асётра ўпаў да 37 тонаў, а сома вырас да 23-х тонаў[13].
На 2024 год Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія накіроўвала ва ўстановы «Белводгасу» на навучаньне студэнтаў мэліярацыйна-будаўнічага факультэту[14].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікалай Кудракоў (1941)
- Даніл Юневіч (1946—1947)
- Захар Галадушка (1947—1951)
- Фёдар Вінакураў (1954—1956)
- Васіль Зубец (1956—1957)
- Аляксандар Аляксанкін (1965—1971)
- Уладзімер Паўлючук (1971—1986)
- Аляксей Шахновіч (1986—1991)
- Адам Басюкевіч (1991—1992)
- Анатоль Булыня (на 2014 год)[12]
- Віктар Аскерка (на 2024 год)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакты // ДА «Белводгас», 2024 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.
- ^ Палажэнне аб міністэрстве // Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі, 2024 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.
- ^ Дзейнасьць // ДА «Белводгас», 2024 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.
- ^ Рыбапасадачны матэрыял // ДА «Белводгас», 2024 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.
- ^ Платная рыбалка // ДА «Белводгас», 28 жніўня 2020 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.
- ^ Платныя паслугі аддзелу сажалкавага рыбаводзтва (рас.) // ДА «Белводгас», 2024 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.
- ^ Каталёг прадпрыемстваў-удзельнікаў аб’яднаньня // ДА «Белводгас», 2024 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.
- ^ а б Гісторыя мэліярацыі (рас.) // ДА «Белводгас», 2024 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.
- ^ Міністэрства мэліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, г. Менск (рас.) // Фондавы каталёг дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь, 2024 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.
- ^ а б в ДА «Белводгас», УНП 100736093 (рас.) // ТАА «БізІнспэкт», 25 красавіка 2024 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.
- ^ а б в Марына Шыпулька. Прэснаводная рыба нашых вадаёмаў // Зьвязда. — 27 кастрычніка 2015. — № 207 (28065). — С. 9.
- ^ а б в Яраслаў Лыскавец. Дыягностыка на службе ў мэліярацыі // Зьвязда : газэта. — 3 чэрвеня 2014. — № 101 (27711). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Праз канкурэнцыю з боку РФ рэнтабельнасьць беларускай рыбы «мінімальная» — намесьнік кіраўніка «Белводгаса» // Інфармагенцтва «Позірк», 23 красавіка 2024 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.
- ^ Факультэты // Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, 2024 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Электронныя звароты грамадзянаў // ДА «Белводгас», 2024 г. Праверана 3 лістапада 2024 г.