Перапіс насельніцтва Беларусі (2019)
Перапіс насельніцтва ў Беларусі 2019 року — трэці пасьля здабыцьця сувэрэнітэту перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусі, які адбыўся 4—30 кастрычніка 2019 году[1]. Афіцыйна мэтаю правядзеньня перапісу было названае атрыманьне інфармацыі пра насельніцтва Беларусі, неабходнай дзеля распрацоўкі дзяржаўных прагнозаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны, актуальных разьлікаў і прагназаваньня колькасьці ды складу насельніцтва, вывучэньня разьмяшчэньня і выкарыстаньня працоўных рэсурсаў, правядзеньня навуковых дасьледаваньняў[2].
Падрыхтоўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]24 кастрычніка 2016 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 384 «Аб правядзеньні ў 2019 годзе перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь», які прызначыў на 4-30 кастрычніка. Паводле 2-га пункту Ўказу, гарадзкія і раённыя выканаўчыя камітэты мелі прыцягнуць у якасьці часовага перапіснога пэрсаналу студэнтаў, чыноўнікаў, супрацоўнікаў грамадзкіх аб'яднаньняў, беспрацоўных і пэнсіянэраў[3]. Згодна з 3-м пунктам дапускаўся ўдзел у перапісе празь Сеціва. У 4-м пункце згадвалася, што перапісчыкам надаваўся бясплатны праезд у грамадзкім транспарце з 23 верасьня па 13 лістапада 2019 году. Згодна з 6-м пунктам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Белтэлерадыёкампанія мелі забясьпечыць асьвятленьне перапісу ў СМІ[4]. 23 лістапада 2016 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 953 «Аб захадах рэалізацыі Ўказу...», паводле якой ухваліў Палажэньне і склад камісіі правядзеньня перапісу. Камісію з 34 намесьнікаў міністраў і старшыняў аблвыканкамаў узначаліў 1-ы намесьнік старшыні ўраду Аляксандар Турчын. Згодна з 3-м пунктам Пастановы для перапісу мелі выкарыстаць: цягам 19 працоўных дзён па рэгістратары на 700 дамоў, цягам 28 дзён па перапісчыку на 750 чалавек і цягам 37 дзён па загадніку ўчастка на 14 500 чалавек. Паводле Пастановы, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь абавязалі разаслаць тэкставыя паведамленьні пра перапіс сотавым абанэнтам, Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Рэспублікі Беларусь — разьмясьціць сацыяльную рэкляму ад 3 чэрвеня да 30 кастрычніка 2019 году, Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь — перадаць Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту асабістыя зьвесткі з рэгістра насельніцтва, Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь — прыцягнуць рэгістратараў зь ліку супрацоўнікаў ЖКГ і разьмясьціць абвесткі на дошках каля пад'ездаў, мясцовыя органы ўлады — падабраць да 1 верасьня 2019 году дастатковы лік перапісчыкаў і вылучыць памяшканьні для ўчасткаў з 16 верасьня да 20 лістапада[5]. 28 чэрвеня 2018 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 505 «Аб зацьвярджэньні Праграмы перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 году», што зьмяшчала 50 пытаньняў да пастаянных жыхароў Беларусі і 8 пытаньняў да часовых жыхароў[6].
10 кастрычніка 2018 году Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 98 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі па арганізацыі і правядзеньні перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 году». Згодна зь Інструцыяй 4-20 кастрычніка 2019 году можна было запоўніць перапісны ліст у Сеціве і на ўчастку. 21-30 кастрычніка 2019 году перапісчыкі мелі правесьці апытаньне па месцы жыхарства а 9:00-21:00. Участкі мелі працаваць 4-6 кастрычніка а 9:00-21:00 і 7-30 кастрычніка а 9:00-20:00. Паводле Інструкцыі, да 3 лютага 2020 году вызначылі выкласьці ў вольны доступ папярэднія зьвесткі перапісу, а да 1 чэрвеня 2020 году — асноўныя зьвесткі[7]. 5 лістапада 2018 году 1000 рэгістратараў пачала абыход па прынамсі 700 домаўладаньняў за дзень на чалавека для падліку адраснай гаспадаркі цягам 19 дзён[8]. Пры канцы лістапада 2018 году 1000 рэгістратараў ад жыльлёва-камунальнай гаспадаркі склала сьпісы 626 000 пабудоваў і жылых памяшканьняў у рамках падрыхтоўкі да перапісу. Задзейнічалі ад 44 супрацоўнікаў у Менску да 187 у Гомельскай вобласьці. Да абыходу Рэестар адрасоў і Рэгістар несельніцтва зьмяшчалі каля 500 000 будынкаў. Рэгістратары выдалілі зь пераліку каля 8000 дамоў і дадалі каля 126 000. Яны выкарыстоўвалі пляншэты з мапаграфічнай праграмай, што дазваляла перадаваць зьвесткі на сэрвэр Нацстаткаму Беларусі[9]. 23 жніўня 2019 году Нацстаткам Беларусі запусьціў сайт перапіс.бел. Празь яго вырашылі правесьці першы ў Беларусі анлайн-перапіс на аснове створанай у 2016 годзе Міжбанкаўскай сыстэмы ідэнтыфікацыі (МСІ), што зьмяшчала зьвесткі пра 6,8 млн жыхароў, або 71,8% насельніцтва. Занесеныя ў базу зьвестак МСІ грамадзяне мелі ўвесьці 14-значны асабісты нумар пашпарта і нумар мабільнага тэлефона, каб атрымаць код для запаўненьня перапіснога ліста. Долю бюджэтных выдаткаў на перапіс 2019 году скарацілі з 95% да 35% параўнальна зь 2009 годам. Беларускі парк высокіх тэхналёгіяў вылучыў каля 5000 з 12 800 задзейнічаных пляншэтаў. Сусьветны банк (Вашынгтон, ЗША) вылучыў Нацстаткаму грант на $1,9 млн. Іншымі 5 найбольшымі спонсарамі выступілі «Беларуская калійная кампанія», «Менскі трактарны завод», «Галантэя», «Белфармацыя» і «Эўрагандаль»[10]. 11 верасьня 2019 году старшыня Нацстаткаму Іна Мядзьведзева паведаміла, што зьвесткі перапісу пра сельскую гаспадарку абнародуюць у ліпені 2021 году[11]. 1 кастрычніка 2019 году пачала працаваць бясплатная тэлефонная даведка Нацстаткаму пра перапіс пад нумарам 8-801-100-3131[12].
Праграма
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пералік пытаньняў, па якіх адбываўся збор пэрсанальных зьвестак у дачыненьні грамадзянаў Беларусі, зацьверджаны Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь[13]:
- Пытаньні, датычныя асноўных дэмаграфічных характарыстык
- прозьвішча, імя, імя па бацьку;
- ідэнтыфікацыйны нумар;
- дата нараджэньня, лік поўных гадоў;
- плоць;
- сваяцкія ці іншыя стасункі з асобай, пазначанай першай у хатняй гаспадарцы;
- стан у шлюбе (для асобаў векам 15 гадоў і старэйшых);
- месца нараджэньня.
- Пытаньні, датычныя міграцыйнай актыўнасьці
- бязупыннасьць пражываньня ў гарадзкім паселішчы ці сельскай мясцовасьці гэтага адміністрацыйнага раёну;
- пэрыяд прыбыцьця ў дадзены населены пункт;
- месца папярэдняга жыхарства;
- пражываньне болей за 1 год безупынна ў якой-кольвек іншай краіне;
- краіна, у якой пражываў рэспандэнт да даты прыбыцьця ў Рэспубліку Беларусь на сталае месца жыхарства;
- месяц і год прыбыцьця ў Рэспубліку Беларусь;
- прычына прыбыцьця ў Рэспубліку Беларусь на сталае месца жыхарства;
- намер і прычына, па якой плянуецца выехаць з Рэспублікі Беларусь (для асобаў векам 15—74 гадоў);
- тэрмін, на які плянуецца выехаць з Рэспублікі Беларусь.
- Пытаньні, датычныя нацыянальна-этнічных характарыстык
- нацыянальнасьць (паводле самавызначэньня і жаданьня рэспандэнта, для дзяцей — па вызначэньні бацькоў).
- родная мова;
- мова, якою рэспандэнт звычайна размаўляе дома;
- іншая(-ыя) мова(-ы), якой(-імі) вольна валодае рэспандэнт.
- Пытаньні, датычныя адукацыі
- узровень адукацыі (для асобаў векам 10 гадоў і старэйшых), наяўнасьць навуковай ступені;
- уменьне чытаць і пісаць;
- навучаньне ва ўстанове адукацыі (для асобаў векам 6—60 гадоў);
- наведваньне дзіцём дашкольнай установы (для дзяцей векам 3—7 гадоў, якія не наведваюць школу).
- Крыніцы сродкаў да існаваньня, якія мае ў 2019 року.
- Пытаньні, датычныя занятасьці (для асобаў векам 15 гадоў і старэйшых)
- асноўная аплачваная работа, занятак, які прыносіць прыбытак, ці работа без аплаты працы ў сваяка (далей — работа) у апошні тыдзень да пачатку перапісу насельніцтва;
- месцазнаходжаньне працы;
- прычына, па якой рэспандэнт не працуе ў населеным пункце па месцы жыхарства;
- пэрыядычнасьць выезду на працу на тэрыторыю іншай дзяржавы;
- характарыстыка работы, выконванай рэспандэнтам;
- кім рэспандэнт зьяўляўся на працы (статус у занятасьці);
- пошук працы рэспандэнтам цягам апошняга месяцу да пачатку перапісу насельніцтва, гатовасьць прыступіць да яе ў найбліжэйшыя 2 тыдні;
- прычына адмовы ад пошуку працы.
- Колькасьць народжаных дзяцей (для жанчын векам 15 гадоў і старэйшых).
- Пытаньні, датычныя жыльлёвых умоваў
- месца жыхарства;
- лік хатніх гаспадарак, якія жывуць у памяшканьні, і іхні склад;
- памер агульнай плошчы аднакватэрнага жылога дому ці кватэры;
- існыя віды дабрабыту ў памяшканьні, якое выкарыстоўваецца для пражываньня;
- уласьнік памяшканьня, якое выкарыстоўваецца для пражываньня;
- колькасьць жылых пакояў, якую займае хатняя гаспадарка.
- Часовае пражываньне (побыт) на дату правядзеньня перапісу насельніцтва сярод чальцоў хатняй гаспадаркі асобаў, якія стала пражываюць па-за межамі Рэспублікі Беларусі
- Пытаньні, датычныя сельскагаспадарчай дзейнасьці
наяўнасьць ва ўласнасьці або валоданьні, карыстаньні хатняй гаспадаркі зямельных надзелаў у 2019 року з пазначэньнем іхняй колькасьці
- характарыстыка зямельных надзелаў (месцазнаходжаньне і агульная плошча, у тым ліку занятая пад пасевы па відах сельскагаспадарчых культураў) ды мэты іхняга выкарыстаньня;
- наяўнасьць на земляных надзелах пладова-ягаднага дрэвастану і хмызьнякоў на 1 кастрычніка 2019 р.;
- колькасьць (плошча) пладова-ягаднага дрэвастану ў пладаносным веку па відах;
- наяўнасьць у гаспадарцы скаціны, птушкі і пчоласем’яў на 1 кастрычніка 2019 року;
- колькасьць скаціны і птушкі па відах, колькасьць пчоласем’яў.
Да часовых жыхароў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У дачыненьні асобаў, якія часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, праграма была іншай:
- адрас у пэрыяд прахаджэньня перапісу;
- прозьвішча, імя, імя па бацьку;
- плоць;
- дата нараджэньня;
- краіна нараджэньня;
- грамадзянства;
- краіна сталага пражываньня;
- мэта прыезду ў Рэспубліку Беларусі.
Правядзеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]4 кастрычніка 2019 году перапіс пачаўся анлайн апоўначы а 0:00. Аднак Міжбанкаўская сыстэма ідэнтыфікацыі, якую выкарыстоўвалі для ўваходу на сайт, мела толькі расейскамоўную вэрсію, што абмяжоўвала моўныя правы беларускамоўных жыхароў краіны[14]. Ранкам запрацавалі 644 участкі, інтэрактыўную мапу якіх Нацстаткам разьмясьціў на сваёй бачыне[15]. На сотавыя тэлефоны жыхароў Беларусі разаслалі тэкставыя паведамленьні з 2 спасылкамі для запаўненьня перапіснога ліста анлайн[16]. Цягам 4 кастрычніка сайт Нацстаткаму стаў часова недаступным, бо быў разьлічаны на 60 000 заходаў адначасова. Тым часам, нагрузка перавысіла 70 000 заходаў[17]. Да 6 кастрычніка на 9:00 у перапісе прынялі ўдзел 505 100 (5,3%) жыхароў Беларусі, зь іх 52% (264 000) празь Сеціва[18].
На 9 кастрычніка а 9:00 лік перапісаных вырас да 1 544 900 (16,3%) жыхароў, зь якіх 42% (646 600) прайшлі яго празь Сеціва[19]. На 11 кастрычніка а 9:00 перапісалі 2 295 100 (24,3%) жыхароў, зь іх 38% (866 700) празь Сеціва[20]. На 14 кастрычніка а 9:00 перапісалі 2 753 300 (29,1%) чалавек, зь іх празь Сеціва 39% (1 073 900)[21]. 15 кастрычніка 2019 году Нацстаткам Беларусі ўпершыню разаслаў на сотавыя тэкставыя паведамленьні па-беларуску з запрашэньнем да перапісу[22]. На 16 кастрычніка а 9:00 у перапісе паўдзельнічалі 3 419 100 (36,2%) жыхароў, зь якіх 38% (1 286 500) у Сеціве. Пагатоў у Менску каля 60% удзельнікаў перапісаў прайшлі яго ў Сеціве[23]. На 18 кастрычніка а 9:30 у сеціўным перапісе паўдзельнічалі 1,833 млн чалавек (19,4% жыхароў)[24]. 20 кастрычніка старшыня Нацстаткаму Іна Мядзьведзева заявіла, што перапісалі 4,9 млн чалавек (51,8%), у тым ліку празь Сеціва 21% жыхароў Беларусі. Таксама задзейнічалі 12 500 перапісчыкаў замест 48 000 у 2009 годзе[25].
22 кастрычніка 2019 году А. Лукашэнка пазначыў пры перапісе ў якасьці роднай мовы беларускую[26]. Да 29 кастрычніка ў перапісе прынялі ўдзел звыш 90% насельніцтва Менскай вобласьці, зь іх чвэрць запоўніла перапісныя лісты анлайн[27].
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 лютага 2020 году Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь абнародаваў першыя вынікі перапісу, паводле якога насельніцтва Беларусі на 4 кастрычніка 2019 году склала 9 413 446 чалавек. Насельніцтва скарацілася прыкладна на 41 000 чалавек параўнальна з улікам напярэдадні перапісу 1 кастрычніка 2019 году. Большасьць скарачэньня склаў выезд зь сем'ямі на заробкі за мяжу тэрмінам больш за год. Рэшта прыпала на выміраньне. Жанчыны склалі 53,8% насельніцтва. Вырасла насельніцтва Менску, якое перавысіла 2,018 млн жыхароў, і Менскай вобласьці, дзе былі большыя заробкі. Гараджане склалі 77,5% насельніцтва краіны (каля 7,3 млн), сяляне — 2 113 457 чалавек. Таксама адзначалася перасяленьне ў раёны, што прылягалі да абласных цэнтраў, у тым ліку з гарадоў. На ўсходзе Менскага раёну гарадзкія рысы набылі такія прадмесьці, як Бараўляны і Копішча. У перапісе ўдзельнічала 95% жыхароў Беларусі. З гэтага ліку 48% апыталі дома, 28% выбралі стацыянарны або мабільны ўчастак, 22% выкарысталі інтэрнэт-сайт і 2% адмовіліся ад перапісу. Падчас перапісу выдаткі ўпалі да 57 цэнтаў на чалавека параўнальна з 1,53 даляра пры перапісе 2009 году. Сродкі рэспублікансага бюджэту склалі 28%, бо асноўную частку выдаткавалі Беларускі парк высокіх тэхналёгіяў, Сусьветны банк, «Беларуская калійная кампанія», «Менскі трактарны завод» і ўласьнік берасьцейскага футбольнага клюба «Дынама» Аляксандар Зайцаў[28]. У абласьцях перапісалі наступны лік насельніцтва: Менская — 1,471 млн, Гомельская — 1388,5 тыс., Берасьцейская — 1,348 млн, Віцебская — 1135,7 тыс., Гарадзенская — 1026,8 тыс. і Магілёўская — 1024,7 тыс. жыхароў. Насельніцтва Менску вырасла за кошт перасяленьня, якое перакрыла выміраньне. Сярод перапісаных было 20 500 іншаземных падарожнікаў, якія часова знаходзіліся ў Беларусі[29].
10 верасьня 2020 году Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі абнародаваў бюлетэнь пра вынікі перапісу 2019 году, паводле якіх доля беларусаў у насельніцтве вырасла да 84,9 % (7 990 719 чалавек) параўнальна з папярэднім перапісам 2009 году. Доля расейцаў упала да 7,5 % (706 992 чал.). Доля палякаў і ўкраінцаў засталася на ўзроўні 3,1 % (287 693 чал.) і 1,7 % (159 656 чал.) насельніцтва. Сярод іншых найбольш вырасла доля азіяцкіх народнасьцяў — кітайцаў, туркмэнаў і таджыкаў[30]. Доля тых, для каго беларуская мова — родная, вырасла да 54 %, у тым ліку сярод беларусаў да 61,2 %. Таксама беларуская была роднай для 54,5 % палякаў, 11,5 % жыдоў, 8,2 % украінцаў і 2,8 % расейцаў. Доля тых, хто размаўляе па-беларуску дома, таксама вырасла да 26 %: 28,5 % беларусаў, 46 % палякаў, 6,5 % украінцаў, 2,5 % расецаў і 2,1 % жыдоў[31]. Пагатоў, доля гараджанаў, якія размаўляюць па-беларуску, амаль падвоілася да 21,3 % і склала большасьць карыстальнікаў беларускай мовы — 63,6 %. Паказальна, што сярод менчукаў доля карыстальнікаў беларускай мовы падскочыла амаль 6-кратна да 34,1 %[32]. Па 0,1 % насельніцтва складалі жыды, армяне, татары, цыганы, азэрбайджанцы, летувісы і туркмэны. Менш за 0,1 % і звыш 1000 чалавек налічвалі немцы, грузіны, малдаване, латышы, узбэкі, казахі, арабы і таджыкі. Найбольш шматлікай узроставай групай былі людзі ў веку 30—34 гадоў (781 253 чал.), найменш шматлікай — у веку 75—79 гадоў. Сярэдні ўзрост насельніцтва складаў 40,7 году, у тым ліку 43,1 году ў жанчынаў і 38 гадоў у мужчынаў. Наймаладзейшым было насельніцтва Менску — 39,3 году, найстарэйшым у Віцебскай вобласьці — 42,5 году. Працаздольнае насельніцтва скарацілася на 432 555 чалавек да 5 420 271 жыхароў Беларусі. Старэйшых за працаздольны ўзрост было 2 309 218 чалавек, маладзейшых — 1 683 957 чалавек. У шлюбе пражывала 4 286 433 жанчынаў і 3 533 358 мужчынаў (+753 075 замужніх жанчынаў), што большасьцю тлумачылася пашыранасьцю працы за мяжой мужоў, а таксама шматжэнствам. Па найме працавалася 51,2 % жыхароў Беларусі, 28,3 % былі пэнсіянэрамі, 24,5 % знаходзіліся на ўтрыманьні (пераважна дзеці) і 4,2 % былі самазанятымі. Сярод жыхароў у веку ад 10 гадоў 2 388 982 (287 на 1000 насельніцтва) мелі сярэднюю спэцыяльную адукацыю, 2 055 139 (247) — вышэйшую, 1 767 729 (212) — агульную сярэднюю, 576 085 (69) — пачатковую, 481 139 (58) — агульную базавую (9 клясаў) і 21 030 (3) — пасьлядыплёмную (магістры, кандыдаты і дактары навук)[33].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Указ Президента Республики Беларусь от 24 октября 2016 г. № 384 «О проведении в 2019 году переписи населения Республики Беларусь»
- ^ Закон Республики Беларусь от 13 июля 2006 года «О переписи населения»
- ^ Перапіс насельніцтва пройдзе 4—30 кастрычніка 2019 году // Зьвязда : газэта. — 25 кастрычніка 2016. — № 206 (28316). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 384 «Аб правядзеньні ў 2019 годзе перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2 кастрычніка 2018 г. Праверана 22 студзеня 2020 г.
- ^ Андрэй Кабякоў. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2016 г. № 953 «Аб захадах рэалізацыі Ўказу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 кастрычніка 2016 г. № 384» (рас.) // Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 19 ліпеня 2019 г. Праверана 22 студзеня 2020 г.
- ^ Андрэй Кабякоў. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2018 г. № 505 «Аб зацьвярджэньні Праграмы перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 году» (рас.) // Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 29 чэрвеня 2018 г. Праверана 22 студзеня 2020 г.
- ^ Перапіс насельніцтва 2019 // Газэта «Зьвязда», 30 кастрычніка 2018 г. Праверана 22 студзеня 2020 г.
- ^ Аляксандар Харавец, тэлеканал «Беларусь 1». Беларусь рыхтуецца да перапісу насельніцтва // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 верасьня 2018 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Натальля Лубнеўская. Анкета на пяць хвілінаў // Зьвязда. — 1 сьнежня 2018. — № 232 (28848). — С. 4.
- ^ Сяргей Куркач. Інтэрнэт-перапіс будзе максімальна зашыфраваны // Зьвязда. — 23 жніўня 2019. — № 159 (29026). — С. 2.
- ^ Белстат: максімальная задача перапісу - яго пройдзе больш за 98 працэнтаў насельніцтва, звыш 25 працэнтаў - па інтэрнэце // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 11 верасьня 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Кол-цэнтар па перапісе насельніцтва пачаў працаваць у Беларусі // БелТА, 2 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 28 июня 2018 г. № 505 «Об утверждении программы переписи населения Республики Беларусь 2019 года»
- ^ Валяр'ян Шкленьнік. Карэспандэнт «Зьвязды» пратэставаў перапіс насельніцтва анлайн // Газэта «Зьвязда», 4 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Перапіс насельніцтва стартаваў у Беларусі // БелТА, 4 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Дадзены старт перапісу насельніцтва Беларусі // Белтэлерадыёкампанія, 4 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Белстат распавёў пра нечаканыя праблемы падчас перапісу праз інтэрнэт // Тэлеканал «Белсат», 19 лістапада 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ У перапісе насельніцтва Беларусі прынялі ўдзел ужо больш за 500 тыс. чалавек // БелТА, 7 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Ужо больш за 1,5 млн беларусаў прынялі ўдзел у перапісе насельніцтва // БелТА, 9 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Амаль 2,3 млн беларусаў прынялі ўжо ўдзел у перапісе насельніцтва // БелТА, 11 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Больш за 1 млн беларусаў прынялі ўдзел у перапісе насельніцтва па інтэрнэце // БелТА, 14 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Белстат упершыню запрасіў на перапіс па-беларуску // Тэлеканал «Белсат», 15 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Штодзённа ў перапісе прымаюць удзел да 300 тыс. чалавек // БелТА, 17 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Сёньня апошні дзень анлайн-перапісу насельніцтва // БелТА, 18 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Белстат задаволены правядзеннем інтэрнэт-перапісу // БелТА, 21 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Лукашэнка прыняў удзел у перапісе насельніцтва Беларусі // БелТА, 22 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Натальля Кезік, тэлеканал «Беларусь 1». Заўтра апошні дзень перапісу насельніцтва // Белтэлерадыёкампанія, 29 кастрычніка 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- ^ Марыя Дадалка. «У нас было чатыры Алы Пугачовы» // Зьвязда. — 21 лютага 2020. — № 35 (29149). — С. 1, 4.
- ^ Белстат агучыў першыя даныя перапісу: нас больш за 9,4 млн // БелТА, 20 лютага 2020 г. Праверана 25 лютага 2020 г.
- ^ Лічба дня // Зьвязда : газэта. — 11 верасьня 2020. — № 177 (29291). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Сяргей Гудзілін. Вынікі перапісу: вырасла доля тых, для каго беларуская мова — родная // Партал «Наша ніва», 11 верасьня 2020 г. Праверана 12 верасьня 2020 г.
- ^ Надзея Бужан. 34% менчукоў заявілі, што размаўляюць дома па-беларуску // Партал «Наша ніва», 11 верасьня 2020 г. Праверана 12 верасьня 2020 г.
- ^ БелаПАН. Белстат апублікаваў вынікі перапісу 2019 году // Радыё «Рацыя», 11 верасьня 2020 г. Праверана 12 верасьня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Перапіс насельніцтва-2019 // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 30 кастрычніка 2019 г. Праверана 22 студзеня 2020 г.
- Перапіс насельніцтва // Газэта «Зьвязда», 25 кастрычніка 2019 г. Архіўная копія ад 4 кастрычніка 2019 г. Праверана 22 студзеня 2020 г.
- Тэма: Перапіс 2019 // Белтэлерадыёкампанія, 6 лістапада 2019 г. Праверана 24 студзеня 2020 г.
- Перапіс насельніцтва // Тэлеканал «Белсат», 19 лістапада 2019 г. Праверана 22 студзеня 2020 г.
- Перапіс насельніцтва 2019 году (рас.) // Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 22 студзеня 2020 г.