Дэпапуляцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Дэпапуля́цыя (лац. de + populus — спад + народ) — памяншэньне колькасьці папуляцыі віду жывых арганізмаў пад уплывам прыродных і чалавечых чыньнікаў. У дачыненьні расьлінаў — зрэджваньне. У асобных краінах назіраюцца праявы чалавечай дэпапуляцыі[1].

Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ; Жэнэва, Швайцарыя), чыньнікам скарачэньня насельніцтва служыць спажываньне звыш 8 літраў чыстага сьпірту на душу насельніцтва за год[2].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва Беларусі перастала ўзнаўляцца з 1978 году, калі каэфіцыент простага ўзнаўленьня ўпаў ніжэй за парогавае значэньне ў 205 дзяцей на 100 жанчынаў. Надалей яго рост адбываўся за кошт перасяленьня зь іншых краінаў. З 1993 году ў краіне адбываецца скарачэньне насельніцтва, бо сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць[3]. Пагатоў у 1995 годзе 188 спаронаў прыпадала на 100 родаў. У 2012 годзе гандаль сьпіртовымі напоямі ў Беларусі склаў 12,5 літру чыстага сьпірту на душу насельніцтва, што больш як у 1,5 разы перавышала вызначаны САЗ узровень, пасьля якога наставала пагроза скарачэньня насельніцтва. Адначасна нараджальнасьць узнавіла насельніцтва толькі на 70%, бо на 100 родаў у Беларусі адбылося 29,5 выпадку спаронаў[2]. У 2018 годзе нараджальнасьць упала параўнальна з 2017 годам на 8% да менш як 95 000 дзяцей. Адначасна сьмяротнасьць павялічылася на 600 чалавек да амаль 200 000. У выніку натуральная страта насельніцтва вырасла на 9000 да звыш 25 000 жыхароў. А насельніцтва Беларусі склала каля 9,476 млн чалавек[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дэпапуляцыя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 354. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
  2. ^ а б Аляксандар Шпакоўскі. 20 мільёнаў беларусаў: мара дасягальная // Зьвязда : газэта. — 17 кастрычніка 2013. — № 196 (27561). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б Міхаіл Маціеўскі. Дэмаграфічную сытуацыю і падтрымку сем'яў зь дзецьмі абмеркавалі на нарадзе ў Лукашэнкі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 лютага 2019 г. Праверана 1 жніўня 2019 г.