Гімназія імя Адама Міцкевіча (Пружаны)
Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Адама Міцкевіча | |
Wyższe Gimnazjum Państwowe im. A. Mickiewicza | |
Выпускная кляса гімназіі (1936) | |
Дэвіз | «Айчына, навука, дабрадзейнасьць» |
---|---|
Заснаваная | 3 кастрычніка 1922 |
Зачыненая | 1939 |
Дырэктар |
Зьбігнэў Нячай-Хрузевіч (1922—1924) Уладыслаў Ціхоцкі (1924—1928) Канстанты Касінскі (1934 — ?) |
Тып | гімназія |
Адрас | Польшча, Пружана, вул. Стражацкая, 10[1] |
Геаграфічныя каардынаты | 52°33′30.7″ пн. ш. 24°27′23.6″ у. д. / 52.558528° пн. ш. 24.456556° у. д.Каардынаты: 52°33′30.7″ пн. ш. 24°27′23.6″ у. д. / 52.558528° пн. ш. 24.456556° у. д. |
Патрон | Адам Міцкевіч |
Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Адама Міцкевіча |
Дзяржа́ўная вышэ́йшая гімна́зія імя́ Ада́ма Міцке́віча (па-польску: Wyższe Gimnazjum Państwowe im. A. Mickiewicza) — 8-клясная адукацыйная ўстанова Пружаны ў міжваеннай Польшчы. Дзейнічала ў 1922—1939 роках, выкладаньне вялося па-польску.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля сканчэньня Першай сусьветнай вайны і заняцьця Заходняе Беларусі Польшчай сярэднія школы пачалі зьяўляцца і на гэтай тэрыторыі. Аднак бліжэйшыя ўстановы, якія б давалі магчымасьць па іх сканчэньні паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, знаходзіліся толькі ў Кобрыню ды Берасьці. Таму мясцовыя шляхцічы, заможныя жыхары, жыды ды чыноўнікі пачалі ўздымаць пытаньне пра стварэньне падобнае ўстановы і ў Пружане. Канчатковае рашэньне было прынятае пасьля бурнае дыскусіі. Вырашылі ствараць тут гімназію матэматычна-прыродазнаўчага тыпу за кошт сродкаў места.
21 верасьня 1922 року магістрат атрымаў дазвол ад кураторыюму Палескай школьнай акругі. Гімназія разьмясьцілася ў выкупленым драўляным будынку па вул. Стражацкай, 9[2] (польск. Strażacka, за савецкім часам Пажарная; не захавалася[a]), дзе дагэтуль знаходзілася рэзыдэнцыя мескага вайсковага камэнданта[3]. Дырэктарам прызначаны інжынэр-тэхноляг Зьбігнэў Нячай-Хрузевіч, створаныя тры клясы (IV, V, VI). 3 кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыцьцё гімназіі[2].
1 кастрычніка 1923 пастановаю Міністэрства веравызнаньняў і публічнай асьветы (польск. Ministerstwo Wyznań Religijnych i Oświecenia Publicznego) пераўтвораная ў вышэйшую матэматычна-прыродазнаўчую гімназію[4].
6 лістапада 1923 гімназія атрымала назву «Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружане» (польск. Państwowe Wyższe Gimnazjum im. A. Mickiewicza w Prużanie). У 1923—24 навучальным року ў гімназіі навучаліся 74 вучні і 75 вучаніц; існавалі 5 вышэйшых клясаў (ад IV да VIII) і адна паралельная. У 1924—1925 займаліся 93 вучні і 90 вучаніц[4].
З 2 кастрычніка 1924 тып гімназіі зьменены на гуманітарны. Напрыканцы таго ж року дырэктарам гімназіі быў прызначаны Ўладыслаў Ціхоцкі (польск. Władysław Cichocki), прафэсар II дзяржаўнай гімназіі ў Жэшаве[4].
Напачатку гімназія месьцілася ў адным драўляным будынку, аднак жадаючых вучыцца было столькі, што неўзабаве спатрэбіліся дадатковыя памяшканьні. Пружанскі магістрат адрамантаваў і перадаў у выкарыстаньне гімназіі цагляны будынак, а землеўласьнік з маёнтку Букрабаўшчына (польск. Bukrabowszczyzna, ля вёскі Мікалаевічы; не захаваўся) дапамог піламатэрыяламі, зь якіх былі пабудаваныя два аднапавярховыя будынкі; арганізаванае футбольнае поле, якое ўзімку выкарыстоўвалася як коўзанка[5].
З пачаткам 1925—1926 навучальнага року былі адчыненыя тры ніжэйшыя клясы. Колькасьць вучняў вырасла да 297, зь іх 140 хлопцаў і 157 дзяўчат. З прычыны недахопу памяшканьняў для ўзрослай колькасьці гімназістаў навучаньне адбывалася ў дзьве зьмены. Аднак дзякуючы захадам бацькоўскага камітэту непадалёк было знойдзенае дадатковае памяшканьне, і ўжо ў наступным року навучаньне вернутае на ранейшую схему[4].
У 1932 року бацькоўскі камітэт збудаваў побач новы двухпавярховы будынак, які мог зьмясьціць усе клясы, прасторную залю і калідор. Агульная плошча гімназіі склала 967 м².
Уладыслаў Ціхоцкі займаў пасаду дырэктара да пераводу ў берасьцейскую гімназію імя Рамуальда Траўгута ў 1928 року[6]. З 1934[7] і прынамсі да 1938 року[8] дырэктарам пружанскай гімназіі зьяўляўся Канстанты Касінскі.
З прыходам Саветаў гімназія была пераўтвораная ў сярэднюю школу. Частка пэдкалектыву гімназіі ў 1940 року па абвінавачаньні ў контрарэвалюцыйнай дзейнасьці была сасланая на пасяленьне ў Калпашава Томскай вобласьці і Казахстан[2].
З прыходам нацыстаў на тэрыторыі школы быў створаны фільтрацыйны пункт для ваеннапалонных, а ў 1943 року ў гэтым будынку пачала дзейнічаць беларуская школа, дырэктарам якой стаў Янка Жэдзік з Шакуноў[9]. Аднак ужо праз рок яна спыніла сваё існаваньне ў сувязі з надыходам Чырвонай арміі[10].
Па сканчэньні вайны будынак быў аддадзены першай беларускай сярэдняй школе Пружанаў, створанай у 1941 року. Пазьней у ім разьмяшчаўся Дом піянэраў. На пачатку 1990-х рокаў падчас узьвядзеньня новага Палацу культуры будынак быў зруйнаваны.
Выкладчыкі і выпускнікі гімназіі, якія пражываюць у Польшчы, зьбіраліся на шторочныя агульныя сустрэчы ў Дарлуўку(pl) на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора.
Навучаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Навучаньне было платным, 22 000 злотых у рок; аплата ўносілася дзьвюма часткамі — за першае і другое паўгодзьдзе. Аднак для дзяцей дзяржаўных службоўцаў і настаўнікаў існавала шмат ільготаў, ажно да поўнага вызваленьня ад аплаты. Таму такіх дзяцей у гімназіі было найбольш, а найменш — сялянскіх, якія ня мелі сродкаў для аплаты навучаньня. Частка жыдоўскіх дзяцей займалася ў жыдоўскай школе ля плошчы, бо там яны мелі магчымасьць вывучаць старажытна-габрэйскую і сучасныя замежныя мовы (у тым ліку ангельскую), якія ў гімназіі не выкладаліся[11].
Заняткі пачыналіся 1 верасьня, сканчаліся напрыканцы чэрвеня. Паводле праграмы дзяржаўных установаў матэматычна-прыродазнаўчага тыпу выкладаліся:
- польская і замежныя (нямецкая, лацінская[b]) мовы;
- матэматыка;
- прыродазнаўства;
- фізыка;
- гісторыя;
- рымска-каталіцкая, праваслаўная і юдэйская рэлігіі — для адпаведных катэгорыяў вернікаў;
- гімнастыка;
- сьпевы;
- маляваньне;
- гігіена;
- ваенная падрыхтоўка[2].
Усе гімназісты абавязаныя былі насіць школьную форму ўсталяванага ўзору[12][13]: хлопцы — мундзірыкі цёмна-сіняга колеру з баваўнянай тканіны, дзяўчаты — спаднічкі ў складачку і блузкі з доўгімі рукавамі. На левым рукаве была нашыўка са знакам гімназіі, на сьпінжаках — пазнакі клясы. На галовах хлапцы насілі капелюшы са значкамі з намаляванай лямпадкай на тле кнігі; дзяўчаты — такія самыя бярэты[11].
У выпадку хваробы або іншае прычыны неабходна было ў 24-гадзінавы тэрмін паведаміць пра немагчымасьць прысутнічаць на занятках. Калі вучань адсутнічаў на занятках болей за 8 дзён без тлумачэньняў, яго выключалі з гімназіі. Пасьля 8-й гадзіны вечара гімназістам забаранялася выходзіць на вуліцу[14].
На заднім двары гімназіі была разьмешчаная спартовая пляцоўка, дзе ладзіліся гімнастычныя заняткі, гульні ў валейбол, рэгбі, баскетбол, футбол, трэніроўкі ў кіданьні кап’я, ядра.
У гімназіі дзейнічала вучнёўская бібліятэка, якая напрыканцы 1927/1928 навучальнага року мела 1810 працаў, 2120 кніг. Настаўніцкая бібліятэка налічвала 819 працаў, 829 тамоў[15].
Выхаваўчая праца таксама ладзілася праз гурткі і клюбы[16][17]:
- паляністычны
- нямецкай мовы
- матэматычны
- гістарычны
- драматычны
- марыянскае братэрства
- гуф вайсковай падрыхтоўкі
- мужчынскі і жаночы хоры
- зьмяшаны аркестар
- хлапечая і дзявочая харцарскія дружыны імя Завішы Чорнага
- шахматны
- авіяканструктарскі
Выдавалася насьценгазэта «Наш шлях» (выйшла 13 нумароў).
Стаўленьне да беларускай мовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раіса Жук-Грышкевіч згадвала, што нягледзячы на родную беларускую мову, у школе яны размаўлялі па-польску:
У школе мы, дзеці, гаварылі па-польску, але як толькі высыпалі на вуліцу, усё зашчабятала па-свойму. | ||
—Раіса Жук-Грышкевіч, На адзін кароткі момант у Пружаны // «Раённыя будні». — 4 верасьня 1993. — С. 3. |
Пасьля «вывядуўкі» (наведаньня школы) бацька аднаго з вучняў дзяліўся ўражаньнямі з дамашнімі: «Настаўнік польскай мовы сказаў, што калі мы ня будзем дома гаварыць па-польску, то дачка ня скончыць школу»[2].
Падчас аднаго з апытаньняў вучням задавалі пытаньне пра родную мову. Усе адказвалі «родны ензык — польскі», толькі адна дзяўчынка назвала роднай беларускую мову. Пасьля таго, як пан прафэсар ня здолеў пераканаць вучаніцу, што яе родная мова не беларуская, а польская, прапанаваў назваць лепей роднай расейскую, «бо яна прыгажэйшая». На што дзяўчынка ня вытрымала і адказала: «Запішыце, што француская: яна, кажуць, найпрыгажэйшая!»[2]
Штандар гімназіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 17 рок існаваньня гімназіі было прынятае рашэньне стварыць для гімназіі штандар. У распрацоўцы малюнку прымалі ўдзел вучні гімназіі, а сшылі штандар мясцовыя манашкі ў канцы 1938 або пачатку 1939 року. Пасьля асьвячэньня ў касьцёле ён быў урачыста пранесены па вуліцах.
З аднаго боку на штандары была выяўленая Маці Божая Вастрабрамская, зь іншага — белы арол і словы зь верша заступніка гімназіі Адама Міцкевіча «Песьня філярэцкая» — «Ojczyzna, Nauka, Cnota» (бел. Айчына, навука, дабрадзейнасьць). Міцкевіч быў асабліва шанаваны ў павеце з прычыну цеснай сувязі рэгіёну зь Вільняй[2].
У верасьні 1939 року штандар захоўваўся ў працоўнай майстэрні. Па прыходзе Саветаў было вырашана схаваць штандар, бо існавала небясьпека ягонага зьнішчэньня з прычыны таго, што на ім была выяўленая Маці Божая Вастрабрамская. За часам нямецкай акупацыі штандар захоўваўся ў доме прафэсара гімназіі Базана, які пасьля пакінуў Пружану разам з адыходзячымі нямецкімі войскамі, выехаўшы ў Седльцэ. Тут штандар зьнік, і доўгі час пра яго нічога не было вядома.
Нечакана праз шмат рокаў ён знайшоўся ў Дзяржонюве, падкінуты сыну прафэсара Базана Веславу. Гэтую гісторыю прафэсар і распавёў на трэцім спатканьні выпускнікоў пружанскае гімназіі ў Дарлуўку ў 1987 року. Цяпер штандар захоўваецца ў сям’і Веслава[18].
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Настаўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Тэадор Асевач — нямецкая мова
- Эдвард Базан — праца
- Уладыслаў Вайс — гісторыя, геаграфія
- Марыя Вінарская — польская, француская мовы
- Юлія Гейбовіч — хімія, фізыка, факультатыўна ангельская мова
- Казімер Гечыс — рыма-каталіцтва
- Канстантын Губараў — праваслаўе
- Мойша Гутэнтаг — юдаізм
- Зыгфрыд Дамброўскі — нямецкая мова
- Аляксандар Дзьмітрук — рэлігія
- Марыя Добкава — матэматыка, польская мова
- Апалінары Дэсьпінуа — польская мова, філязофія; загаднік бібліятэкі
- Уладзімер Імшэньнік — закон Божы
- Камінскі — праца
- Ян Круль — гімнастыка, сьпеў, вайсковая падрыхтоўка
- Яна Кудлераўна — польская мова, геаграфія, гісторыя
- Ян Лазоўскі — матэматыка, фізыка, лацінская мова
- Ян Лех — польская мова, геаграфія, загаднік бібліятэк
- Тэадосі Лявіцкі — фізыка
- Станіслава Ляпкоўская — француская мова
- Соф’я Мацкевіч — польская і француская мовы, пачаткі філязофіі
- Казімер Мірэцкі — рысунак, матэматыка
- Юзэф Мразевіч — рысунак, праца, каліграфія
- Францішак Палка — польская мова
- Тадэвуш Парноўскі — польская мова
- Станіслаў Паслаўскі — каталіцтва, гісторыя
- Караль Пацэвіч — гігіена, школьны лекар
- Фабіян Пачобут-Адляніцкі — рыма-каталіцтва
- Адольф Пішнат — лацінская мова
- Леантына Планчынская — рысунак
- Міхал Прэндкі — польская мова, філязофія
- Балеслаў Руткоўскі — рыма-каталіцтва
- Рэлюга — лацінская мова, харцары
- Марыя Рыла — рысунак, ручная праца, пісьмо ў 1-й клясе
- Міхал Салява — гісторыя, геаграфія
- Тадэвуш Сікорскі — матэматыка, нямецкая і польская мова
- Дыянізі Скарупскі — прыродазнаўчыя навукі
- Францішак Тамака — гісторыя, геаграфія
- Юзэф Тыркель — лацінская, польская і нямецкая мовы
- Антоні Ўрубель — гімнастыка, сьпевы і музыка
- Фельгель — нямецкая мова
- Б. Францішак — рыма-каталіцтва; школьны лекар
- Уладыслаў Харкавы — лацінская мова, гісторыя, філязофія
- Уладыслаў Ціхоцкі — геаграфія, гісторыя; дырэктар (1924—1928)
- Канстанты Цішкевіч — музыка; капэльмайстар дзіцячага аркестру
- Юзэф Шыхоўскі — фізыка, хімія
Вучні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ігар Балабушэвіч — настаяцель Петрапаўлаўскай царквы ў Мокрым, Ільінскага храму ў Хараве[19]
- Ян Вуйцік — польскі пісьменьнік эміграцыі[20]
- Васіль Гарустовіч — хірург, правёў больш за 20 000 апэрацыяў
- Раіса Жук-Грышкевіч — дзяячка беларускай эміграцыі, жонка прэзыдэнта БНР Вінцэнта Жука-Грышкевіча
- Антон Лабуда — доктар фізычна-матэматычных навук, прафэсар
- Стэфан Казімер Маляўскі — артапэд, доктар мэдыцынскіх навук
- Міхаіл Мартынюк — прафэсар, доктар фізычна-матэматычных навук, ганаровы доктар Расейскага ўнівэрсытэта дружбы народаў
- Міраслаў Масакоўскі — прафэсар нэўрахірургіі, старшыня польскай Акадэміі навук; скончыў падпольныя гімназічныя курсы
- Сэрафін Міхалеўскі — філёляг, сябра Акадэміі навук Польшчы
- Уладыслаў Найбіч — афіцэр авіяцыі, кавалер ордэну «Віртуці Мілітары»
- Валянтына Пашкевіч — навукоўца, дзяячка беларускай эміграцыі
- Эўгеніюш Поўх — лекар, дырэктар мескага шпіталю Пілы[21]
- Людвіка Прус — прафэсарка археалёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэта
- Тадэвуш Цярпілоўскі — прафэсар хіміі Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту
- Фрэдэрык Чашка — прафэсар Горна-мэталюргічнай акадэміі імя Станіслава Сташыца ў Кракаве; скончыў падпольныя гімназічныя курсы
- Эдвард Шыманскі — інжынэр-будаўнік, прафэсар Варшаўскай палітэхнікі[5]
- Уладыслаў Ягела — генэрал брыгады Войска Польскага
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ішла раўналежна вуліцы Пацэвіча
- ^ неабавязковы прадмет
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Amy Levinson. Pruzhany 1937 Phone Book (анг.). Children of Pruzany and the Surrounding Area. Праверана 15 лістапада 2011 г.
- ^ а б в г д е ё Юры Зялевіч. Вышэй крыжоў і ордэнаў узнагарода — вучні вашы… // «Раённыя будні». — 5 кастрычніка 2002. — С. 3.
- ^ Казлоўская Надзея Анатольеўна. (24 сакавіка 2020) 90 годоў з часу заснавання ў г. Пружаны Палескага ваяводства Дзяржаўнай вышэйшай гімназіі імя А. Міцкевіча (1922) Краязнаўства Берасьцейшчыны. Берасьцейская абласная бібліятэка. Праверана 12 траўня 2020 г.
- ^ а б в г I Sprawozdanie… za rok szkolny 1925/26. — С. 1
- ^ а б Janina Pisanko-Świeżewska. Gimnazjum Państwowe im. Adama Mickiewicza w Prużanie // Echa Polesia. — 2009. — № 4 (24). — С. 65.
- ^ Kronika zakładu // I Sprawozdanie Dyrekcji Państwowego Gimnazjum im. Romualda Traugutta w Brześciu nad Bugiem za rok szkolny 1928/29. — Brześć nad Bugiem: Nakładem Dyrekcji Państw. Gimnazjum, 1929. — С. 4.
- ^ Konstanty Kosiński (1887–1961) // Białostoczanie XX wieku: wielki plebiscyt «Gazety Wyborczej», Radia Białystok i Telewizji Białystok / Pod redakcją Daniela Boækowskiego i Jana Kwasowskiego. — Białystok: Książnica Podlaska, 2000. — С. 55. — 1000 ас. — ISBN 978-83-88248-85-5
- ^ Вольга Папко. Адлюстраваньне паўсядзённага жыцьця павятовага горада Пружаны ў 1921—1939 гг. у дакументах Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласьці Гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі гарадоў і працэсаў урбанізацыі ў Беларусі: зборнік навуковых артыкулаў. Старонка №1 горада Ліды і Лідскага павета. Праверана 22 сакавіка 2012 г.
- ^ Лявон Юрэвіч. Юры Жывіца. Маё паходжаньне // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. — Нью-Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, 1999. — С. 227.
- ^ Міхась Лебедзь. Юры Попка і яго ўнёсак у беларускую культуру на эміграцыі. МГА «Бацькаўшчына». Праверана 26 сьнежня 2011 г.
- ^ а б Сэрафін Корчак-Міхалеўскі. Дзе дух Міцкевіча лунаў… // «Раённыя будні». — 30 кастрычніка 1993. — № 85 (7122). — С. 3.
- ^ II Sprawozdanie… za rok szkolny 1926/27. — С. 19
- ^ III Sprawozdanie… za rok szkolny 1927/28. — С. 23
- ^ I Sprawozdanie… za rok szkolny 1925/26. — С. 15
- ^ III Sprawozdanie… za rok szkolny 1927/28. — С. 6
- ^ II Sprawozdanie… za rok szkolny 1926/27. — С. 5-7
- ^ III Sprawozdanie… za rok szkolny 1927/28. — С. 7-9
- ^ Losy szkolnego sztandaru // Echa Polesia. — Brześć: Oddział Brzeski ZS «Związek Polaków na Białorusi», 2007. — № 4.
- ^ Маракоў, Леанід. Балабушэвіч (Балабушевич) Ігар Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I Праверана 17 лістапада 2011 г.
- ^ Mały słownik pisarzy polskich na obczyźnie 1939-1980 / red. Bolesław Klimaszewski. — Warszawa: Instytut Badań Polonijnych Uniwersytetu Jagiellońskiego, Wydawnictwo Interpress, 1992. — С. 351.
- ^ Michał Początek. Doktor Eugeniusz Pouch — lekarz, dyrektor szpitala w Pile // Kronika Wielkopolski. — 2004. — № 3 (111). — С. 99–103.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Юры Зялевіч. Вышэй крыжоў і ордэнаў узнагарода — вучні вашы… // «Раённыя будні». — 5 кастрычніка 2002. — С. 3.
- Janina Pisanko-Świeżewska. Gimnazjum Państwowe im. Adama Mickiewicza w Prużanie (пол.) // Echa Polesia. — 2009. — № 4 (24). — С. 65.
- I Sprawozdanie Dyrekcji Państwowego Gimnazjum im. A. Mickiewicza w Prużanie za rok szkolny 1925/26. — Prużana: Nakładem Dyrekcji Państw. Gimnazjum z drukarni Sejmiku Prużanskiego, 1926. — 14 с.
- II Sprawozdanie Dyrekcji Państwowego Gimnazjum im. A. Mickiewicza w Prużanie za rok szkolny 1926/27. — Prużana: Nakładem Dyrekcji Państw. Gimnazjum z drukarni Sejmiku Prużanskiego, 1927. — 18 с.
- III Sprawozdanie Dyrekcji Państwowego Gimnazjum im. A. Mickiewicza w Prużanie za rok szkolny 1927/28. — Prużana: Nakładem Dyrekcji Państw. Gimnazjum z drukarni Sejmiku Prużanskiego, 1928. — 21 с.
- Spis nauczycieli szkół wyższych, średnich, zawodowych, seminarjów nauczycielskich oraz wykaz zakładów naukowych i władz szkolnych. Rocznik II / Zestawił Zygmunt Zagórowski. — Warszawa — Lwów: Książnica-Atlas, 1926.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гімназія імя Адама Міцкевіча (Пружаны) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў