Маці Божая Вастрабрамская
У гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Ма́ці Бо́жая Вастрабра́мская (па-летувіску: Aušros Vartų Dievo Motina, па-польску: Matka Boska Ostrobramska, па-ангельску: Our Lady of the Gate of Dawn), таксама званая Маці Міласэрнасьці — тытул, дадзены Рыма-каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі Блаславёнай Панне Марыі, Маці Ісуса Хрыста, цудатворная ікона якой знаходзіцца ў капліцы Вострай брамы ў Вільні. Днём асаблівага шанаваньня Іконы Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасьці стала 16 лістапада. Маці Божая Вастрабрамская зьяўляецца Апякункай Беларусі й Летувы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арыгінал Іконы Маці Божай Вастрабрамскай памерам 163 × 200 см быў намаляваны, імаверна, у XVI стагодзьдзі. Пасьля ікона была зачынена каля 1671 году срэбнай і залатой сукенкамі.
2 ліпеня 1927 Ікона Маці Божай Вастрабрамскай была каранавана пазалочанымі каронамі і названая Блаславёнай Дзевай Марыяй Маці Міласэрнасьці.
Малітвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуе мноства разнастайных малітваў і набажэнстваў да Маці Божай Вастрабрамскай, што тлумачыцца яе вялікім шанаваньнем хрысьціянамі й дзейснасьцю, як яны вераць, дапамогі Маці Міласэрнасьці.
Самы распаўсюджаны варыянт малітвы:
Будзь вітаная, Каралева, Маці Міласэрнасьці, жыцьцё, суцяшальніца і надзея наша! Мы — выгнаньнікі, сыны Эвы — просім Цябе, на Цябе спадзяемся, плачучы ў гэтай даліне сьлёз. О, Заступніца наша, глянь на нас літасьціва! А Ісуса — блаславёны плод улоньня Твайго — пасьля гэтага выгнаньня дазволь нам бачыць, о Ласкавая, о Літасьцівая, о Найсьвяцейшая Панна Марыя.
Іншая малітва да Маці Божай Вастрабрамскай:
Беззаганная Маці Божая, Каралева неба, Маці Міласэрнасьці, Заступніца й Прытулак грэшнікаў! Вось я, натхнёны ласкамі, якія Ты так шчодра выпрасіла для мяне сваёю Мацярынскаю ласкавасьцю са скарбаў любові Божай, пастанаўляю цяпер і назаўсёды аддаць у Твае рукі сваё сэрца, каб Ты прысьвяціла яго Ісусу. Амэн.
Культ Маці Божай Вастрабрамскай у сьвеце
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сёньня сьвяты абраз распаўсюджаны сярод верных у многіх краінах сьвету, уключаючы Летуву, Беларусь, Польшчу, а таксама ў іх дыяспарах.
У Летуве каля 15 цэркваў прысьвечаны Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасьці, а таксама летувіскія рыма-каталіцкія парафіі Новага Ёрку, Манрэалю й Буэнас Айрэсу.
У Беларусі культ Маці Божай Вастрабрамскай распаўсюджаны сярод усіх традыцыйных хрысьціянскіх канфэсіяў. Асабліва шмат храмаў і капліц, у якіх зьмешчаны копіі Іконы Маці Божай Вастрабрамскай, знаходзіцца ў памежных зь Летувой раёнах, у тым ліку ў Гародні, Ашмянах, Вілейцы ды іншых населеных пунктах.
У Польшчы найбуйнейшым храмам, прысьвечаным Маці Божай Вастрабрамскай, зьяўляецца касьцёл сьвятой Марыі ў Гданьску. Іншыя цэрквы са сьвятой іконай знаходзяцца ў Беластоку, Кентжыне, Альштыне, Уроцлаве, Варшаве ды іншых гарадах. Таксама існуе некалькі польскіх парафіяў Маці Божай Вастрабрамскай у Вялікай Брытаніі, ЗША, Аўстраліі.
Напрыканцы 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя вялікае разьвіцьцё атрымаў зьвязаны з Маці Божай Вастрабрамскай і Вільняй культ Божай Міласэрнасьці, які пачаў пашырацца дзякуючы сьвятой Фаўстыне Кавальскай, манахіні Ордэну Сёстраў Маці Божай Міласэрнасьці.