Гігіена

Гігіе́на (ад грэц. Υγιεινός — «гаючы») — галіна навукі, у прыватнасьці мэдыцыны, якая вывучае ўплыў умоваў жыцьця, працы на чалавека і якая распрацоўвае прафіляктыку розных захворваньняў; забясьпечвае аптымальныя ўмовы для існаваньня; захоўвае здароўе і падаўжае жыцьцё. Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, гігіена стасуецца да ўмоваў і практык, якія дапамагаюць падтрымліваць здароўе і прадухіляць распаўсюд хваробаў[2]. Асабістая гігіена азначае падтрыманьне чысьціні цела. Гігіенічныя захады можна згрупаваць у наступныя групы, як то хатняя і паўсядзённая гігіена, асабістая гігіена, мэдычная гігіена, гігіена сну і гігіена харчаваньня. Хатняя і паўсядзённая гігіена ўлучае мыцьцё рук, рэсьпіраторную гігіену, гігіену харчаваньня дома, гігіену на кухні, гігіену ў ванным пакоі, гігіену бялізны і мэдычную гігіену дома.
Многія людзі атаясамліваюць гігіену толькі чысьцінёю, але гігіена ўважаецца за больш шырокі панятак. Яна ўлучае ў сябе такія асабістыя звычкі, як часта браць душ або ванную, мыць рукі, падстрыгаць пазногці і праць бялізну. Яна таксама ўлучае ў сябе ўвагу да падтрыманьня чысьціні паверхняў у доме і на працоўным месцы, у тым ліку ванных пакояў. Захаваньне рэгулярных гігіенічных практык часта разглядаецца як сацыяльна адказныя і паважаныя паводзіны, у той час як грэбаваньне належнай гігіенай можа ўспрымацца як сацыяльна непрымальным або непаважлівым, а таксама ўяўляе рызыку для грамадзкага здароўя.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ UNICEF and WHO (2021). «State of the World’s Hand Hygiene: A global call to action to make hand hygiene a priority in policy and practice». New York: UNICEF.
- ^ «Hygiene: Overview». World Health Organization.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вада, санітарыя і гігіена. Сусьветная арганізацыя здароўя.
| Гэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |