Барыс Тасман
Барыс Тасман | |
Род дзейнасьці | журналістыка |
---|---|
Дата нараджэньня | 13 лістапада 1954 |
Месца нараджэньня | Менск, Беларуская ССР |
Дата сьмерці | 25 чэрвеня 2022 |
Месца сьмерці | Менск, Рэспубліка Беларусь |
Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Занятак | журналіст |
Месца працы |
Барыс Рафаілавіч Тасман (13 лістапада 1954, Менск, цяпер Беларусь — 25 чэрвеня 2022, Менск) — беларускі журналіст, спартовы аглядальнік, аналітык і публіцыст.
Аўтар праблемных публікацый і журналісцкіх расьсьледаваньняў пра спартовую галіну Беларусі, гісторык спорту.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Менску ў габрэйскай сям’і. Маці Рыва Яўсееўна (Плоц) — карэнная мянчанка, падчас Другой Сусьветнай вайны страціла на фронце бацьку і двух братоў. Працавала ў Менску бухгальтаркай. Бацька, дзед і прадзед — ураджэнцы мястэчка Лебедзева (Маладэчанскі раён). Бацька Рафаіл Мееравіч — вэтэран і інвалід вайны, 40 год адпрацаваў на менскім заводзе «Ударнік». Адна зь сясьцёр бацькі і ягоная цётка загінулі ў Менскім гета ў 1942 годзе[1].
Скончыў менскую сярэднюю школу № 23. Вучыўся ў Палітэхнічным інстытуце, але ня скончыў. Працаваў грузчыкам на «Паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа», рабочым у зборачным цаху заводу «Ударнік», у лябараторыі Белдзіправадгасу. Скончыў вечаровае аддзяленьне геафаку БДУ (1980)[2].
З 1981 па 1994 год — настаўнік геаграфіі ў менскіх школах № 117 і 46. Стварыў у СШ № 46 першы ў Менску школьны Музэй касманаўтыкі (1987—1994)[3], які адкрываў беларускі касманаўт Уладзімер Кавалёнак[4][5].
Журналістыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь дзяцінства цікавіўся спортам, «марыў пра спартовую журналістыку»[1]. 5 студзеня 1993 году першая незалежная спартовая газэта Беларусі «Прессбол» апублікавала дэбютны артыкул 38-гадовага Тасмана, тады яшчэ настаўніка геаграфіі[6] — пра рэформу футбольнага чэмпіянату краіны.
З 1994 па 1997 год — штатны супрацоўнік «Прессбола». У газэце асьвятляў футбол, лёгкую атлетыку, тэніс, барацьбу, дзюдо, фэхтаваньне, шахматы ды іншыя алімпійскія віды спорту.
У 1997-1998 год — спартовы аглядальнік самай масавай незалежнай грамадзка-палітычнай газэты Беларусі «Свабода». З 1999 па 2002 год — рэдактар аддзелу спорту «Белорусской деловой газеты». Працаваў штатным аглядальнікам «Белорусской газеты» (2002), быў рэгулярным аўтарам часопісаў «Кур’ер», «Дело», Belarus&Business, «Белорусский ежегодник», газэт «Известия», «Беларускі час», «Салідарнасць» ды інш. З 2002 па 2020 — зноў аглядальнік «Прессбола», курыраваў у рэдакцыі алімпійскія віды спорту.
У розныя гады — аўтар цыкляў публікацый пра гісторыю Алімпійскіх гульняў, шматлікіх інтэрвію з славутымі беларускімі спартоўцамі, трэнэрамі, функцыянэрамі розных эпох, якія складаюць летапіс беларускага спорту. Аўтар праблемных аналітычных тэкстаў і журналісцкіх расьсьледаваньняў аб спартовай галіне Беларусі[7].
Зь месца падзей асьвятляў чэмпіянаты сьвету і Эўропы ў лёгкай атлетыцы ў Гётэборгу (1995), Парыжы (1997), Будапэшце (1998), Маскве (2013) ды інш. На грамадзкіх пачатках выконваў ролю прэс-аташэ Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі (2005—2006). Сышоў з пасады пасьля таго, як дзейнасьць новага кіраўніцтва фэдэрацыі страціла празрысты характар[2].
Выступаў у друку ня толькі пад сваім прозьвішчам, але і пад псэўданімамі Сямён Плоц, Міхась Мошын.
Даробак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Барыса Тасмана называлі «адным з найбольш аўтарытэтных знаўцаў спорту»[8] ў Беларусі, «легендай беларускай спартовай журналістыкі»[9]. Быў вядомы «энцыкляпэдычнымі ведамі ў галіне спартовай гісторыі і статыстыкі»[8], ягоная спартовая аналітыка «стала асобнай зьявай у беларускай журналістыцы»[10].
«Тасман памятаў усё на сьвеце. Ня ведаю, хто яшчэ можа гэтаксама любіць спорт, як ён. Гэтаксама разьбірацца ва ўсіх алімпійскіх відах спорту, сачыць, ведаць напамяць рэкорды. А самае галоўнае — рэчы, які няма нават у гугле. Прычым дзяліцца ўсімі гэтымі ведамі ахвотна, з радасьцю, чакаючы, што можа атрымацца добры матэрыял». Андрэй Вашкевіч'[9]
Барыс Тасман першым прапанаваў і цягам доўгіх гадоў абгрунтоўваў канцэпцыю рэформы футбольнага чэмпіянату Беларусі, якая была прынятая Беларускай фэдэрацыяй футболу праз 20 год[6].
У сваіх публікацыях зафіксаваў і прадказаў посьпех будучых зорак спорту тэнісістаў Максіма Мірнага, Уладзімера Ваўчкова, Уладзімера Самсонава, лёгкаатлеткі Юліі Несьцярэнкі ды інш. Адстойваў правы Несьцярэнкі і яе трэнэра Віктара Ярашэвіча падчас канфлікту з чыноўнікамі, калі спрынтарка была ў кроку ад завяршэньня кар’еры — усяго за паўтара году да алімпійскай перамогі ў Атэнах-2004[11] [12].
Пасьля публікацый Тасмана былі вернутыя з забыцьця і рэабілітаваныя імёны славутых беларускіх спартоўцаў — фэхтавальшчыка Аляксея Ніканчыкава[13] і стралка Ігара Бакалава [14]; заснаваныя мэмарыяльныя спаборніцтвы памяці Ніканчыкава, Мечыслава Аўсяніка, Сяргея Хамчука[2].
Пасьлядоўна выступаў супраць сыстэмнага ўжываньня допінгу ў беларускім спорце, крытыкаваў палітыку завозу ў Беларусь расейскіх спартоўцаў — на шкоду разьвіцьця нацыянальных спартовых школаў і традыцыяў, выкрываў праявы карупцыі з боку чыноўнікаў і функцыянэраў[4].
Падчас працы ў «Белорусской деловой газете» пісаў артыкулы на сацыяльна-палітычную тэматыку з крытыкай палітыкі ўладаў Беларусі. Вёў аўтарскую публіцыстычную калёнку на сайце інфармагенцтва БелаПАН Naviny.by.
Аўтар даведніка «100 лет чемпионатов Европы по греко-римской борьбе. Справочник» (Менск, 1998).
Сьмерць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заўчасна памёр 25 чэрвеня 2022 году ад анкалягічнай хваробы[15].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Р. Игнатович. Борис Тасман: Политики должны понимать, к чему призывают людей, куда ведут, и нести за это ответственность — Белорусский партизан», 13.01.2017
- ^ а б в Борис Тасман: в роли телеграфного столба. - “Прессбол“, 19.06.2007
- ^ "Средняя школа № 46 г.Минска. Летопись школы
- ^ а б "Ён пакінуў сьвятло ў жыцці тысяч чалавек": сын пра легендарнага спартовага журналіста Барыса Тасмана. — Беларуская асацыяцыя журналістаў, 27.06.2022
- ^ Б.Тасман. 12 апреля 1961 года, 26.10.2017
- ^ а б Тасман о его давней идее реформирования чемпионата Беларуси по футболу. - Telegraf.news, 04.02.2013
- ^ У Менску разьвіталіся з журналістам Барысам Тасманам. - Радыё Свабода, 27.06.2022
- ^ а б Наше мнение. Сообщество экспертов Беларуси. Борис Тасман.
- ^ а б А.Вашкевич. "Борис, ты прав!" Тасман, которого мы потеряли. - "Прессбол", 26.06.2022
- ^ Умер спортивный журналист Борис Тасман. - Bdg.by, 26.06.2022
- ^ Б. Тасман. Судьба тренера. Виктор Ярошевич: кто тормозит спринт? - “Прессбол“, 05.03.2003
- ^ Б. Тасман. Анатомия победы. “Тайны” Юлии Нестеренко. - “Прессбол“, 23.08.2004
- ^ Б. Тасман. Помянем. Жизнь после смерти. - "Прессбол", 27.11.2002
- ^ Б. Тасман. Помянем. Игорь Бакалов: недолет Стрельца. – «Прессболл», 22.06.2003
- ^ Памёр Барыс Тасман. — "Наша ніва", 25.06.2022
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 13 лістапада
- Нарадзіліся ў 1954 годзе
- Памерлі 25 чэрвеня
- Памерлі ў 2022 годзе
- Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Беларускія журналісты
- Спартовыя журналісты
- Супрацоўнікі і аўтары «Белорусской деловой газеты»
- Супрацоўнікі і аўтары газэты «Свабода»
- Супрацоўнікі і аўтары газэты «Прессбол»
- Выпускнікі геафаку Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Беларускія настаўнікі
- Нарадзіліся ў Менску