Расьціслаў Жмойдзяк
Расьцiслаў Афанасьевiч Жмойдзяк (нарадзіўся ў 1936, в. Яжоны, Баранавіцкі раён) — географ, картограф, заслужаны работнiк народнай адукацыi Беларусi. Прафэсар, дэкан геаграфічнага факультэту БДУ (1983—1998).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў 1936 годзе ў в. Яжоны Баранавіцкага раёна Берасьцейскай вобласьці.
Адукацыя і праца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1954 на выдатна скончыў Ганцавіцкую пэдагагічную вучэльню. Паступіў на геаграфічны факультэт БДУ. Пасьля яго сканчэньня працаваў навуковым супрацоўнікам НДІ Эканомікі і арганізацыі сельгасвытворчасьці Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР.
З сакавіка 1961 г. пэдагагічная і навуковая дзейнасьць Жмойдзяка Р. А. зьвязаная з Белдзяржунівэрсытэтам, дзе ён прайшоў шлях ад асыстэнта да прафэсара. З 1971 па 1983 г. быў намесьнікам дэкана, а з 1983 па 1998 г. — дэкан геаграфічнага факультэту. Адначасова, з 1980 па 2003 г. — загаднік катэдры геадэзіі і картаграфіі.
У 1968 абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Спэцыялізацыя і разьмяшчэньне сельскай гаспадаркі Менскай вобласьці». У 1989 яму было прысвоена званьне прафэсара.
Р. А. Жмойдзяк прымаў актыўны удзел у грамадзкім жыцьці ўнівэрсытэту — чалец Прэзыдыюму і сэкцыі картаграфіі навучальна-мэтадычнага аб’яднаньня па геаграфічнай адукацыі ўнівэрсытэтаў СССР, чалец рэдкалегіі часопісаў «Вестник БГУ» і «Падарожнiк».
У 1996 годзе Р. А. Жмойдзяк абраны чальцом-карэспандэнтам Міжнароднай Акадэміі навук экалёгіі і бясьпекі жыцьцядзейнасьці (МАНЭБ).
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Р. А. Жмойдзяк — аўтар блізу 200 навуковых і навучальна-мэтадычных працаў, падручнікаў для вну па тапаграфіі і картаграфіі. Шмат увагі надае падрыхтоўцы выданьняў картаграфічнай прадукцыі. Пад кіраўніцтвам Жмойдзяка падрыхтаваны вучэбны Атлас Рэспублікі Беларусь (1990, 1998, 2000).
Прызнаньне заслуг
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За значны ўнёсак у разьвіцьцё геаграфічнай навукі, падрыхтоўку кваліфікаваных спэцыялістаў — географаў-картографаў, прапаганду геаграфічных ведаў Р. А. Жмойдзяк узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савету БССР, нагрудным знакам Мінвну СССР «За отличные успехи в работе», знакам «Отличник картографии» Галоўнага ўпраўленьня геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў СССР, граматай XXIII Міжнароднага геаграфічнага кангрэсу, ганаровымі граматамі і мэдалём Геаграфічнага таварыства СССР і інш. У 1992 г. прафэсару Р. А. Жмойдзяку прысвоена ганаровае званьне «Заслужаны работнік народнае адукацыі Рэспублікі Беларусь».