Перайсьці да зьместу

Газатранспартная сыстэма Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ґазатранспартная сыстэма Беларусі — разгалінаваная сыстэма для забесьпячэньня спажыўцоў прыродным ґазам для яго ўжываньня ў народнай гаспадарцы і бытавых патрэбах на тэрыторыі Беларусі. Складаецца з маґістральных ґазаправодаў, ґазаправодаў у аднаніткавым вылічэньні (дыямэтар ад 100 да 1400 мм), ґазаправодаў-адводаў ды разьмеркавальных сеткаў нізкага ціску, а таксама побач ґазаразьмеркавальных станцыяў і ґазасховішчаў.

Кароткая гісторыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Беларусі ґазыфікацыя пачалася ў 1960 годзе пасьля сканчэньня будаўніцтва маґістральнага ґазаправода Дашава (Украіна) — Івацэвічы — Менск і адгалінаваньня на Гомель ад ґазаправода Дашава — Кіеў — Масква. У 1961—1965 рокі прыродны ґаз атрымалі Берасьце, Баранавічы, Горадня, Слонім, Ваўкавыск, Ліда і іншыя месты, вёскі ды прадпрыемствы.

Новы этап у разьвіцьці ґазыфікацыі быў зьвязаны з уводам у карыстаньне ў 1974 годзе магутнае ґазатранспартнае сыстэмы Таржок — Менск — Івацэвічы (тры ніці ґазаправодаў). У Беларусь пачаў паступаць прыродны ґаз з Расеі, ад буйных радовішчаў Заходняе Сыбіры ды Комі АРСР. Пашырылася будаўніцтва ґазаправодаў-адгалінаваньняў да буйных і сярэдніх местаў Беларусі. Спажываньне ґазу рэзка ўзрастае: 1965 р. — 2,2 млрд м³, 1970 р. — 3,1, 1975 р. — 3,5, 1980 р. — 14,8, 1995 р. — 13,5, 2000 р. — 17,1, 2004 р. — 19,6 млрд м³. Электрастанцыі, раённыя ды прамысловыя кацельні былі пераведзеныя на ґаз, яны сталі спажываць 2/3 агульнага аб’ёму паставак прыроднага ґазу.

Значна павялічылася спажываньне ґазу як прамысловае сыравіны для тэхналяґічных патрэбаў у прамысловасьці, у камунальна-бытавой гаспадарцы. Вялікая роля ґазу ў якасьці хімічнае сыравіны — для вытворчасьці плястмасаў, мінэральных угнаеньняў («Горадня Азот») і іншае прадукцыі.

Пасьля катастрофы на ЧАЭС галоўная ўвага была нададзеная пытаньням ґазыфікацыі пацярпелых раёнаў і забесьпячэньня іх мешканцаў экаляґічна чыстым палівам, для чаго інтэнсіўна вялося будаўніцтва ґазаправодаў-адводаў да малых местаў і сельскіх населеных пунктаў. Надзейнасьць ґазазабесьпячэньня прыкметна павысілася.

Сучаснае ґазазабесьпячэньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цяпер ґазазабесьпячэньне ў Рэспубліцы Беларусі і транзітнае транспартаваньне прыроднага ґазу забясьпечвае ґазатранспартная сыстэма (ГТС), якую эксплюатуе і разьвівае ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь»: ён улучае ў сябе ґазаправоды такое працягласьці[1]:

  • 6983 км у аднанітачным вылічэньні;
  • 2821 км маґістральных ґазаправодаў;
  • 4162 км ґазаправодаў-адводаў і разьмеркавальных сетак нізкага ціску.

Дапаможнымі структурамі ў сыстэме ґазазабесьпячэньня Беларусі ёсьць:

  • 6 лінейных кампрэсарных станцыяў (КС) і 16 кампрэсарных цэхаў агульнаю магутнасьцю 640,6 МВт;
  • 2 падземныя сховішчы ґазу з КС магутнасьцю 9,1 МВт;
  • 223 ґазаразьмеркавальныя станцыі (ҐРС);
  • 6 ґазавымяральных станцыяў (ҐВС);
  • 24 аўтамабільныя ґазанапаўняльныя кампрэсарныя станцыі (АҐНКС) з усталяванаю сумарнаю прадукцыйнасьцю ў 9000 заправак у суткі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ ВАТ «Белтрансгаз»