Лужасна
Лужасна | |
трансьліт. Lužasna | |
![]() Будынак земляробчай школы | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Віцебскі |
Сельсавет: | Мазалаўскі |
Насельніцтва: | 1850 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 212 |
Паштовы індэкс: | 211311[1] |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 55°15′6″ пн. ш. 30°8′8″ у. д. / 55.25167° пн. ш. 30.13556° у. д.Каардынаты: 55°15′6″ пн. ш. 30°8′8″ у. д. / 55.25167° пн. ш. 30.13556° у. д. |
Лужасна на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Лужасна | |
![]() |
Лу́жасна[2] — вёска ў Беларусі, пры ўтоку ракі Лужасянкі ў Дзьвіну. Уваходзіць у склад Мазалаўскага сельсавету Віцебскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1850 чал. Знаходзіцца за 12 км ад Віцебску, за 2 км ад чыгуначнай станцыі Лужасна.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Археалягічныя помнікі каля Лужасна (гарадзішча і селішча) сьведчаць пра тое, што людзі жылі тут ужо ў глыбокай старажытнасьці. У XV—XVI стагодзьдзях мясьціна згадваецца як уладаньне вялікіх князёў.
У 1530 годзе Лужасна — цэнтар воласьці ў валоданьні Маладзеняў. У вёсцы існавала царква Сьвятога Мікалая. У Вялікую Паўночную вайну пастоі і праходы войскаў, а таксама эпідэмія спустошылі Лужасна, тут застаўся 1 селянін, а навокал, як пісаў відавочца, толькі магілы ды сьляды былых сядзібаў, якія зарасьлі быльнягом. У 1717 годзе Лужасна — каралеўшчына, дзе было больш за 30 гаспадароў-сялянаў, якія мелі 1/8 — 1/3 службы. Яны плацілі 150 злотых чыншу, апрача гэтага аддавалі ўладальніку 90 салонак збожжа, 10 пудоў мёду, урадніку — 24 салонкі збожжа. Мелася карчма. У 1740 годзе тут пачала працаваць мукамольная вытворчасьць.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Лужасна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Віцебскім павеце. У вёсцы разьмяшчаўся збожжазапасны магазын, 14 верасьня рэгулярна праводзіўся кірмаш. У 1863 годзе на мукамольнай вытворчасьці працавала 10 работнікаў, выраблялася мукі на 27 тыс. рублёў. У 1900 годзе пры царкоўнапрыходзкай школе, якая існавала з 1863 году, адкрыўся інтэрнат на 30 месцаў. На 1903 год існаваў вятрак, на 1905 аднайменны маёнтак (1 двор, 7 жыхароў) належаў Віцебскаму сельскагаспадарчаму таварыству, якое валодала 13 дзесяцінамі зямлі; засьценак (3 двары, 9 жыхароў) меў 39 дзесяцінаў зямлі; цьвінтар (3 двары, 9 жыхароў) належаў царкве, якая мела 38 дзесяцінаў зямлі. У 1909 годзе ў вёсцы адкрылася земляробчая школа.
1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Лужасна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала вёску разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Лужасна вярнулі БССР. На 1926 год тут было 9 двароў, на 1941 год — 11, на 1 студзеня 2003 году — 542.
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- XIX стагодзьдзе: 1834 год — 374 чал.
- XX стагодзьдзе: 1926 год — 35 чал.; 1941 год — 45 чал.; 1999 год — 1803 чал.
- XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2003 год — 1876 чал.[3]; 2010 год — 1850 чал.
Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Лужасна працуюць Дзяржаўны аграрны каледж, базавая школа, школа-інтэрнат, пошта.
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Гарадзішча
- Земляробчая школа (XIX ст.)
- Царква Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа (1815)
- Царква Покрыва Прасьвятой Багародзіцы (1908)
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Краявіды Лужасна
-
Земляробчая школа
-
Паштовая станцыя
-
Царква Покрыва Прасьв. Багародзіцы
-
Царква, з боку апсіды
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Лужесно - список улиц. Телефонный код 8-021(2)
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 172
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Віцебскага р-на. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2004.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Віцебскага р-на. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2004. — 772 с.: іл. ISBN 985-02-0647-0.
- Łużeśno // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 837.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Лужасна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Лужасна , Radzima.org
- Лужасна (рас.), Глёбус Беларусі