Вікіпэдыя:Абраныя артыкулы/2009-09

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Менская ратуша

Менск — сталіца і найбольшае места Беларусі, на рацэ Сьвіслачы пры ўтоку ў яе ракі Нямігі. Адміністрацыйны цэнтар Менскай вобласьці і Менскага раёну, аднак не ўваходзіць у іх склад. Плошча 348,85 км². Насельніцтва на 2018 год — 1 982 444 чалавекі. Знаходзіцца за 70 км на паўночны захад ад геаграфічнага цэнтру Беларусі. Вузел чыгунак на Берасьце, Вільню, Гомель, Маскву, аўтамабільных дарог на Воршу, Віцебск, Лагойск, Маладэчна, Ашмяны, Берасьце, Слуцак, Гомель, Магілёў і іншыя.

Менск — даўняе маґдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэґіёну. Належыць да ліку старадаўніх местаў Усходняй Эўропы. Сталіца ўдзельнага княства, найбольшага ў Вялікім Княстве Літоўскім ваяводзтва і Беларускай Народнай Рэспублікі. У наш час палітычны, эканамічны, сацыяльны, культурны і навуковы цэнтар Беларусі. Тут захаваліся падмуркі старажытнай царквы на Замчышчы, царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, комплекс жаночага і мужчынскага базылянскіх манастыроў Сьвятога Духа, Траецкі манастыр базылянак, комплексы кляштараў бэрнардынак з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Язэпа (абодва ў стылі віленскага барока), фраґмэнты езуіцкага калеґіюму і касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, забудова Траецкага і Ракаўскага прадмесьцяў, гасьціны двор, палацы Празьдзецкіх і Ваньковічаў, помнікі архітэктуры XII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша (адноўлена), кляштарныя комплексы францішканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія, кармэлітаў з касьцёлам Сьвятой Марыі Магдалены і баніфратаў з касьцёлам Сьвятога Яна, помнікі архітэктуры XVI—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі. Значную частку мясцовых славутасьцяў зьнішчылі за савецкімі часам: забудову і культурны пласт замка, царкву Сьвятога Духа (рэнэсанс, адноўлена на захаваных падмурках), кляштарныя комплексы бэнэдыктынак з касьцёлам Сьвятога Войцеха (віленскага барока) і дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Тамаша Аквінскага, вежу і большую частку езуіцкага калегіюму, Халодную сынагогу (ґотыка), палацы Радзівілаў і Сапегаў, Юбілейную капліцу, забудову вуліцы Нямігі, помнікі гісторыі і архітэктуры XI—XIX стагодзьдзяў.
(артыкул цалкам…)

Іншыя абраныя артыкулы · Кандыдаты ў абраныя