Геаграфічны цэнтар Беларусі
Каардынаты: 53°31′50″ пн. ш. 28°2′38″ у. д. / 53.53056° пн. ш. 28.04389° у. д. Геаграфічны цэнтар Беларусі — пункт зямной паверхні з геаграфічнымі каардынатамі (шырата: 53°31’50,76’’; даўгата 28°2’38,00’’). Нацыянальны сымбаль глябальнай прывязкі беларускай дзяржавы да плянэты Зямля.
Знаходзіцца за 70 км на паўднёвы ўсход ад Менску, каля вёскі Антанова Навасёлкаўскага сельсавету Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці.
Вызначэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пошукавыя работы былі выкананыя ў 1996 годзе. 82-й экспэдыцыяй аб’яднаньня «Белгеадэзія» сумесна зь фірмай «Аэрагеакарт» па спэцыяльнай праграме з выкарыстаньнем мапаў маштабу 1:200 000 і штучных спадарожнікаў Зямлі.
На паверхні зямлі замацаваны двайным геадэзічным маналітам і аформлены згодна з патрабаваньнямі для пунктаў зыходнай геадэзічнай дзяржаўнай апоры (абазначаны пірамідай, пад якой пастаўлена пліта з надпісам «Геаграфічны цэнтар Беларусі»). Каардынаты геаграфічнага цэнтру Беларусі і трох яго спадарожнікаў занесеныя ў Дзяржаўны геадэзічны каталёг у якасьці пунктаў дзяржаўнай геадэзічнай сеткі.
Практычнае выкарыстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мяркуецца практычнае выкарыстаньне геаграфічнага цэнтру Беларусі ў якасьці ўласна беларускай зыходнай астранома-геадэзічнай даты са сваёй арыентацыяй на целе геоіда і рэфэрэнц-эліпсоіда, прыбліжанага да паверхні Беларусі. У выніку зьмяншаецца скажэньне лініяў і плошчаў пры праектаваньні іх на паверхню адноснасьці і стварэньні картаў інжынэрнага прызначэньня.
Як дабрацца зь Менску
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вёска Антанова знаходзіцца за 1,5 км ад ст. Вендзеж (Гомельскі кірунак, не даяжджаючы дзьвюх станцыяў да ст. Пухавічы).