Вялікае Княства Літоўскае (1811)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мапа Літвы і Русі (межы Вялікага герцагства Літоўскага)

Вялі́кае Кня́ства Літо́ўскае (Плян Агі́нскага) — прапанаваны Міхалам Клеафасам Агінскім у 1811 року праект дзяржавы на тэрыторыі васьмі губэрняў Расейскай імпэрыі: Віленскай, Валынскай, Гарадзенскай, Віцебскай, Магілёўскай, Менскай, Кіеўскай, Падольскай, а таксама Беластоцкай вобласьці і Тарнопальскай акругі. Плянавалася стварыць дзяржаву ў процівагу герцагству Варшаўскаму.

Плян Агінскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ідэя стварэньня з заходніх губэрняў Расеі асаблівай правінцыі была выказаная сэнатарам М. К. Агінскім на абедзе ў імпэратара 13 красавіка [ст. ст. 25 красавіка] 1811. 15 траўня [ст. ст. 27 траўня] 1811 граф Агінскі прадставіў цару цыдулку, дзе абгрунтоўваў уключэньне ўкраінскіх губэрняў у склад новага дзяржаўнага ўтварэньня[1]. Кіраваньне герцагствам было прапанавана перадаць вялікай княгіні Кацярыне Паўлаўне, сястры імпэратара.

Мэтай расейскага імпэратара Аляксандра I была нэўтралізацыя прафранцускага ўплыву ў «польскіх губэрнях» і ўмацаваньне сваіх пазыцыяў. Аднак ня менш важным, калі не галоўным, было жаданьне Аляксандра I максымальна выкарыстоўваць чалавечы і матэрыяльны (харчовы) рэсурсы Беларусі.

22 кастрычніка [ст. ст. 3 лістапада] 1811 Агінскі ў лісьце выклаў імпэратару падрабязнае бачаньне стваранай дзяржавы, распрацаванай групай магнатаў (М. К. Агінскі, Ф. К. Любецкі, Л. Плятэр(pl), Т. Ваўжэцкі і інш.). Прапаноўваліся наступныя крокі:

На думку графа Агінскага, падобны крок выбіў бы ініцыятыву з рук Напалеона, прымусіў палякаў бачыць у Аляксандры I абаронцу іхняе Радзімы. У выпадку ж вайны з Францыяй Польшча выступіць на баку Расеі, і тады імпэратар павінен прыняць польскую карону.

1 сьнежня Агінскі прадставіў яшчэ адну цыдулку, у якой раіў імпэратару не абмяжоўвацца стварэньнем Вялікага Княства Літоўскага, а прапанаваў аднавіць Польскае каралеўства і пазьней аднавіць дзеяньне Канстытуцыі 3 траўня[1]. Аднак познай восеньню Аляксандар I, адмовіўшыся ад ідэі прэвэнтыўнай вайны супраць Напалеона, перастаў цікавіцца плянамі стварэньня герцагства і заняўся ўзмацненьнем абароны. Узімку 1812 року пасьля апошняй сустрэчы з Агінскім імпэратар больш ня згадваў пра аўтаномію і вярнуўся да плянаў абвяшчэньня Польскага каралеўства.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палітычныя задумы М. К. Агінскага і ягоных паплечнікаў засталіся незрэалізаванымі, аднак паспрыялі пэўнай кансалідацыі буйных землеўласьнікаў вакол ідэі адраджэньня Радзімы з дапамогай царызму. Акрамя таго, былі ўпарадкаваныя пытаньні ўнутранай палітыкі царызму ў заходніх губэрнях.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]