Перайсьці да зьместу

Вольная Беларусь (рух)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вольная Беларусь (сакратарыят)»)
«Вольная Беларусь»
Абрэвіятура «ВБ»
Дэвіз Жыве Беларусь!
Дата ўтварэньня 2020 (4 гады таму)
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Мэта захаваньне народнай самасьвядомасьці беларусаў
Штаб-кватэра Варшава
Месцазнаходжаньне Польшча
Дзейнічае ў рэгіёнах ЗША, Летува, Нарвэгія і Нямеччына
Афіцыйныя мовы беларуская
Каардынатар Зянон Пазьняк
Старшыня Віктар Каралькоў
Сакратарка Алена Самусева
Асноўныя асобы Павал Вусаў, Юры Беленькі
Кіроўны орган Каардынацыйная ўправа
Колькасьць супрацоўнікаў 8 (2022 год)
Колькасьць валянтэраў звыш 80 (2022 год)
Сайт bns-volnayabelarus.org

«Вольная Беларусь» — міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне Польшчы, заснаванае ў ліпені 2020 году прадстаўнікамі беларускай дыяспары з ЗША і 3-х краінаў Эўропы ў выглядзе аднайменнага сакратарыяту.

Ад кастрычніка 2022 году мела Статут і Каардынацыйную ўправу.

  • Сакратарыят. Абірае каардынатара. Прапаноўвае стратэгію на зацьвярджэньне Вальным соймам.
  • Вальны сойм. Зьбіраецца ў Варшаве аднойчы на 2 гады. Складаецца з дэлегатаў суполак руху, якія налічвалі ад 2-х да 20 асобаў. Абірае Каардынацыйную ўправу на чале са старшынёй і Кантрольную камісію. Зацьвярджае прапановы дзейнасьці.
  • Каардынацыйная ўправа. Налічвае 5 асобаў. Ладзіць сумесную дзейнасьць суполак і апавяшчае пра яе ў Сеціве. Выдае брашуры і кнігі.
  • Кантрольная камісія. Налічвае 3 асобы. Сочыць за выкананьнем Статуту і грашовымі дачыненьнямі ў суполках. Складае справаздачу пра свае назіраньні перад Вальным соймам[1].

У красавіку 2017 году варшаўскае выдавецтва «Беларускія ведамасьці» выдала Народную праграму «Вольная Беларусь» на 72-х старонках накладам 300 асобнікаў. 9-ю суаўтарамі праграмы выступілі: доктар мастацтвазнаўства Зянон Пазьняк, доктар паліталёгіі Павал Вусаў, эканаміст Павал Мірановіч, доктар сельскагаспадарчых навук Юры Цехановіч, доктар філялёгіі Лявон Баршчэўскі, фінансіст Анатоль Горскі і тры дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Папкоў, Юры Беленькі і Мікалай Крыжаноўскі. Праграма ўлучала 4 разьдзелы: 1) «Палітычная сыстэма»; 2) «Эканоміка, фінансы, падаткі, зямля, энэргетыка»; 3) «Адукацыя, навука, культура»; 4) «Асоба, сям'я, грамадзтва, дзяржава»[2]. У Сеціве праграму абнародаваў партал «Беларуская салідарнасьць»[3]. Затым яе разьмясьцілі на сваіх сайтах Беларускае радыё «Рацыя»[4] і інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат»[5], а па ўтварэньні ў 2020 годзе і Беларускі нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь»[6].

У ліпені 2020 году 7 прадстаўнікоў беларускай дыяспары з 4-х краінаў заснавалі Беларускі нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь». Сярод сябраў сакратарыяту было 4 дактары навук, у тым ліку палітоляг Павал Вусаў ў Польшчы. Каардынатарам выступаў старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк у ЗША. Таксама ў склад сакратарыяту ўвайшлі Аляксандар Адамковіч у Летуве, Юры Беленькі і магістар інфармацыйных навук Віталь Зайка ў ЗША, Анатоль Міхнавец у Польшчы і Юры Цехановіч у Нямеччыне. 9 жніўня 2020 году абнародавалі Мэмарандум аб стварэньні Беларускага нацыянальнага сакратарыяту за мяжой Беларусі. У Мэмарандуме адзначалася, што сакратарыят: 1) стаіць на пазыцыях Беларускага Адраджэньня, 2) прызнае цягласьць беларускай дзяржаўнасьці ад Вялікага Княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі і акту 25 сакавіка 1918 году, Рэспублікі Беларусь і акту дзяржаўнай незалежнасьці 25 жніўня 1991 году; 3) кіруецца Канстытуцыяй Беларусі ад 15 сакавіка 1994 году; 4) прызнае нацыянальныя дзяржаўныя сымбалі Беларусі — герб Пагоня, бел-чырвона-белы сьцяг і гімн БНР; 5) карыстаецца праграмай «Вольная Беларусь» 2017 году ў дзяржаўным будаўніцтве[7].

9 лютага 2021 году намесьнік старшыні КХП БНФ Юры Беленькі стварыў канал сакратарыяту на «Ютубе» і стаў яго весьці[8]. 23 студзеня 2022 году сакратарыят зьвярнуўся зь лістом аб прызнаньні расейскай акупацыі Беларусі да ўрадаў 15 краінаў у сувязі з пагрозай расейскага уварваньня ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі[9]. Прадстаўнікі некалькіх урадаў далі станоўчы адказ на зварот, як і старшыня Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен[10].

2 кастрычніка 2022 году ў Варшаве (Польшча) адбыўся Ўстаноўчы сход Руху «Вольная Беларусь» з удзелам 24-х дэлегатаў ад суполак у ЗША і 4-х краінах Эўропы — Летуве і Нарвэгіі, Нямеччыне і Польшчы. На сходзе абралі Каардынацыйную ўправу, якую ўзначаліў Віктар Каралькоў. Напярэдадні Вальнага сойму сябры Руху набылі мікрааўтобус для палка імя Кастуся Каліноўскага. На самім сходзе абвясьцілі пра збор сродкаў на баявы бесьпілётнік для палка імя Каліноўскага. Вальны сойм ухваліў Прынцыпы і Статут Руху, а таксама 2 Рэзалюцыі (Заявы): «Аб барацьбе з акупацыйным рэжымам у Беларусі і падтрымцы змагарнай Украіны», «Аб разьвіцьці беларускага нацыянальна-культурнага асьветніцтва». У якасьці Прынцыпаў Руху «Вольная Беларусь» абвяшчаліся: 1) дзяржаўная незалежнасьць Беларусі; 2) дзяржаўная беларуская мова; 3) вольнае дэмакратычнае грамадзтва; 4) імпэрыялістычная Расея — вораг беларускага народу і пагроза для існаваньня незалежнай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі; 5) вяртаньне законнай Канстытуцыі 1994 году для разьвіцьця новага дзяржаўнага і дэмакратычнага ладу ў Беларусі; 6) вяртаньне беларускага дзяржаўнага бел-чырвона-белага сьцяга і герба Пагоня; 7) парлямэнцкая рэспубліка; 8) выбары Вярхоўнай Рады новага 1-га скліканьня паводле мажарытарнага ладу да аднаўленьня партыяў; 9) скасаваньне супярэчнага Канстытуцыі 1994 году і нацыянальным інтарэсам заканадаўства, ухваленага падчас кіраваньня Лукашэнкі; 10) выхад з падпісаных Лукашэнкам дамоваў аб саюзе з Расеяй і іншымі дзяржавамі; 11) рэгіянальная бясьпека на падставе Балта-Чарнаморскай супрацы; 12) супраца з ЗША і дэмакратычнымі дзяржавамі Эўропы, Аўстраліяй і Канадай, Новай Зэляндыяй і Японіяй, а таксама з Арганізацыяй Паўночнаатлянтычнай дамовы і іншымі міжнароднымі арганізацыямі, што яднаюць дэмакратычня краіны; 13) падтрымка Ўкраіны ў вайне супраць расейскай агрэсіі; 14) дэсаветызацыя і дэрусіфікацыя; 15) вызваленьне і рэабілітацыя палітычных вязьняў; 16) люстрацыя[11][12].

Сябрамі Каардынацыйнай управы сталі: сакратарка Алена Самусева, Андрэй Вітовіч і Алесь Паўловіч, а таксама Ларыса Самсонава[13]. 4 студзеня 2023 году сябры Руху «Вольная Беларусь» перадалі для дабраахвотніцкага палка імя Кастуся Каліноўскага баявы бесьпілётнік «Кажан Е 630» і лекі. Бесьпілётнік папярэдне набылі на ўкраінскім заводзе за сродкі, сабраныя за кошт ахвяраваньняў ад беларускай дыяспары ЗША і Польшчы[14].

26 студзеня 2023 году Зянон Пазьняк сустрэўся з байцамі палку Каліноўскага ў Кіеве (Украіна). Тамсама Пазьняк і Вусаў сустрэліся з дэпутатамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны, што ўваходзілі ў міжфракцыйную групу «За дэмакратычную Беларусь»[15]. 30 студзеня Зянон Пазьняк прыехаў на фронт расейска-ўкраінскай вайны ў Бахмут (Данецкая вобласьць), дзе сустрэўся з шырэйшым колам ваяроў палка Каліноўскага[16]. Яго суправаджалі Павал Вусаў і Зьміцер Шчыгельскі. 4 лютага 2023 году Рух «Вольная Беларусь» паставіў на ўлік у Польшчы Фундацыю «Вольная Беларусь», каб працягваць збор ахвяраваньняў на падтрымку палку Каліноўскага[17].

  1. ^ Статут Нацыянальна-вызвольнага руху // Беларускі нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь», 6 кастрычніка 2022 г. Архіўная копія ад 7 кастрычніка 2022 г. Праверана 8 кастрычніка 2022 г.
  2. ^ Зянон Пазьняк, Павал Вусаў, Сяргей Папкоў, Юры Беленькі, Павал Мірановіч, Лявон Баршчэўскі, Юры Цехановіч, Мікалай Крыжаноўскі. Народная Праграма «Вольная Беларусь». — Варшава: Беларускія ведамасьці, 2017. — 72 с. — 300 ас. — ISBN 978-83-935476-7-8
  3. ^ Сяргей Навумчык. Пазьняк: Нашай праграмай могуць карыстацца беларускія сілы, якія пяроймуць ўладу пасьля Лукашэнкі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 20 красавіка 2017 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.
  4. ^ Народная Праграма «Вольная Беларусь» // Беларускае радыё «Рацыя», красавік 2017 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.
  5. ^ Народная Праграма «Вольная Беларусь» // Інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат», красавік 2017 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.
  6. ^ Народная Праграма «Вольная Беларусь» // Беларускі нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь», 2021 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.
  7. ^ Паведамленьне (Мэмарандум аб стварэньні Беларускага нацыянальнага сакратарыяту за мяжой Беларусі) // Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, 9 жніўня 2020 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.
  8. ^ «Вольная Беларусь» (інфармацыя) // «Ютуб», 9 лютага 2021 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.
  9. ^ Зянон Пазьняк. Заява аб акупацыі Беларусі // Партал «Беларуская салідарнасьць», 24 студзеня 2022 г. Праверана 14 верасьня 2022 г.
  10. ^ Дзьмітры Гурневіч. Пазьняк: Нацыянальны рух робяць нацыяналісты, а ня людзі, якія сабраліся рабіць зь Ціханоўскай каралеву Елізавету // Беларуская служба Радыё «Свабода», 21 ліпеня 2022 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.
  11. ^ Паведамленьне аб Вальным сойме Руху // Беларускі нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь», 4 кастрычніка 2022 г. Архіўная копія ад 5 кастрычніка 2022 г. Праверана 8 кастрычніка 2022 г.
  12. ^ Вітаўт Сіўчык. Зянон Пазьняк кліча ў свой рух «Вольная Беларусь» // Тэлеканал «Белсат», 6 кастрычніка 2022 г. Праверана 8 кастрычніка 2022 г.
  13. ^ Паведамленьне аб Вальным сойме Руху // Беларускі нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь», 4 кастрычніка 2022 г. Архіўная копія ад 5 кастрычніка 2022 г. Праверана 8 кастрычніка 2022 г.
  14. ^ Баявы дрон на ўзбраеньні палка Каліноўскага // Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, 7 студзеня 2023 г. Архіўная копія ад 9 студзеня 2023 г. Праверана 12 студзеня 2023 г.
  15. ^ Зянон Пазьняк сустрэўся з Палком Каліноўскага і палітыкамі ў Кіеве // Беларуская служба Радыё «Свабода», 26 студзеня 2023 г. Архіўная копія ад 30 студзеня 2023 г. Праверана 9 лютага 2023 г.
  16. ^ Зянон Пазьняк прыехаў у Бахмут разам з ваярамі палка Каліноўскага // Партал «Новы час», 30 студзеня 2023 г. Праверана 9 лютага 2023 г.
  17. ^ Нацыянальна-вызвольны рух «Вольная Беларусь» зарэгістраваў Фундацыю «Вольная Беларусь» // Партал «Беларуская Салідарнасьць», 4 лютага 2023 г. Праверана 9 лютага 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]