Перайсьці да зьместу

Пудакоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пудакоў, трансьліт. Pudakoŭ
Населены пункт
Краіна Беларусь
Вобласьць Гомельская
Раён Хвойніцкі
Сельсавет Паселіцкі
Першыя згадкі 1734
Часавы пас
Каардынаты 51°52′04″ пн. ш. 30°08′20″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць
  • 53 чал. (2019)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 2346
СААТА 3254836076
Нумарны знак 3
Пудакоў на мапе Беларусі ±
Пудакоў
Пудакоў
Пудакоў
Пудакоў
Пудакоў
Пудакоў

Пудако́ў[1]вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавету.

Карона Каралеўства Польскага

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Найранейшую на сёньня згадку пра Пудакоў сустракаем у тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага 1734 года[a]. Паселішча належала да часткі Брагінскага маёнтку, якую трымалі ў заставе яшчэ ад серадзкага ваяводы пана Яна Канецпольскага паны Сілічы[3].

Герб Равіч паноў Ракіцкіх.

У 1754 годзе з 6 двароў (×6 — прыкладна 36 жыхароў) хутара Пудакоў Брагінскага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 27 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 3 злотых, 18 грошаў[4]. У тым жа годзе маёнтак (у т. л. Пудакоў) быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам войскім ашмянскім Францам Антоніем Ракіцкім.

Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.

4 кастрычніка 1787 года настаяцелем Кіеўскай катэдры, канонікам луцкім, візітатарам Оўруцкага дэканату Станіславам Стэцкім пры асістэнцыі каноніка кіеўскага, настаяцеля Астраглядаўскага касьцёлу Мацея Шэмяткоўскага ў Пудакове была завершана цырымонія хросту Ігнацыя Томаша Дамініка, народжанага 11 кастрычніка 1783 г., ахрышчанага ex aqua супэрыёрам сялецкім айцом Ізыдарам Багуслаўскім, ды Алаізія, Анелі і Марыяны, дзяцей Яна і Марыяны Васілеўскіх, а кумамі выступілі пан стражнік польны літоўскі Ян Аскерка з пані Багумілай Паўшынай, пан судзьдзя оўруцкі Міхал Паўша з пані Барбарай Аскеркавай[5].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Фальварак і вёска Пудакоў на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) — у межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[6].

У крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 года, Пудакоў названы ў пераліку паселішчаў, нібыта адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстаньні 1794 года[7]. Але Мікулічы, Байдакі, Пудакоў і іншыя паселішчы, якія раней належалі да Брагінскага маёнтку, пан М. Аскерка трымаў па сваёй жонцы пані Барбары Ракіцкай; на яе, відавочна, і былі запісаныя. Таму нядзіўна, што ўсе яны, урэшце, вернутыя сыну Рафалу Міхалу Аскерку, якому пашчасьціла вярнуцца зь сібірскай няволі. Гэта засьведчана ведамасьцю сяла Мікулічаў Богаяўленскай царквы 1801 году[8].

Пудакоў на мапе Менскай губэрні А. К. Фіцінгофа. 1846 г.

У шляхецкіх рэвізіях 1811 і 1816 гадоў сказана, што фальварак Пудакоў з 12 прыгоннымі стражніка польнага Рафала Аскеркі арандаваў пісар, потым судзьдзя гранічны рэчыцкі Пётар Дамінік, сын Шымана, Бельскі[9], а эканомам у яго на 1811 год — Юзаф Шкарупскі[10]. Згодна з «Фармулярнай ведамасьцю» Мікуліцкай царквы 1822 году, вёска Пудакоў з 35 душамі мужчынскага і 33 душамі жаночага полу нібыта яшчэ належала пану Рафалу Аскерку[11], які спачыў, аднак, у 1818 годзе[12].

У кліравой ведамасьці за 1847 год запісана, што за 2 вярсты ад Мікуліцкай царквы ў 26 і 1/4 двара[b] Пудакова жылі 105 мужчын і 124 жанчыны[13].

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 246 жыхароў вёскі Пудакоў зьяўляліся прыхаджанамі Мікуліцкай Богаяўленскай царквы[14].

У парэформавы час вёска адміністрацыйна належала да Мікуліцкай воласьці. Паводле кліравой ведамасьці за 1869 год у 34 дварах Пудакова было 136 мужчын і 155 жанчын[c][15]. У пачатку 1870 года тут — 110 мужчын-гаспадароў зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Пудакоўскага сельскага таварыства[16]. У кліравой за 1875 год паведамляецца пра 35 двароў, у якіх жыхарамі — 140 мужчын і 174 жанчыныы[17].Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Пудакоў заставаўся ў прыходзе Мікуліцкай царквы[18]. Перапіс 1897 года паказаў у Пудакове наяўнасьць 71 двара з 458 жыхарамі, капліцы, ветрака[2]. Згодна зь ведамасьцю Мікуліцкай царквы за 1903 год, у Пудакове налічвалася 59 двароў, у якіх жылі 236 асобаў мужчынскага і 219 жаночага полу верных[19].У 1909 годзе ў вёсцы было 107 двароў, 660 жыхароў[20].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пудакоў у складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[21].

Пудакоў, Веляцін, Лісьцьвін, Мікулічы на мапе 1924-26 гг.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

З 8 сьнежня 1926 года вёска Пудакоў — цэнтар сельсавета Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі БССР. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Паселіцкага сельсавету. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны прамень», працавалі вятрак і кузьня. З 20 лютага 1938 года Пудакоў — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі і прапалі бязь вестак 67 вяскоўцаў, адну жыхарку расстралялі акупанты[22].

З 8 студзеня 1954 года вёска — у Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году ў Пудакове налічвалася 528 жыхароў[2].

  1. Не з XIX ст., як меркаваў С. В. Марцэлеў[2]
  2. Так запісана ў крыніцы. Але, як сьведчыць іерэй Расьціслаў Бандарэнка, меліся на ўвазе не вясковыя сядзібы, а царкоўныя двары, кожны зь якіх мусілі складаць 4 мужчынскія душы.
  3. Болей, чым у Веляціне!..
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. 1 2 3 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 455
  3. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285
  4. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 191
  5. НГАБ у Менску. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 165адв.—166
  6. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  7. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 73
  8. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40420. А. 55адв.-57
  9. Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 12. S. 12
  10. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 18, 268; Спр. 244. А. 65—67
  11. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40552. А. 66
  12. Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 208
  13. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41952. А. 125адв.
  14. Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 681
  15. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40899. А. 147адв.
  16. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  17. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40937. А. 160адв.
  18. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 97
  19. НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41139. А. 202адв.
  20. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 166
  21. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  22. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна. — Мінск: БЭ, 1993. С. 172, 268—269