Перайсьці да зьместу

Міхась Белямук

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхась Белямук
Дата нараджэньня 15 сакавіка 1924(1924-03-15)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 31 кастрычніка 2014(2014-10-31) (90 гадоў)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак навуковец, грамадзкі дзяяч
Навуковая сфэра гісторык[d]
Псэўданімы Беластоцкі, Дубок і Чаромха
Сябра ў Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне

Міхась Белямук (15 сакавіка 1924, вёска Голя на Берасьцейшчыне31 кастрычніка 2014) — беларускі грамадзкі дзяяч, гісторык, выдавец. Ганаровы сябар Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі (1993).

Нарадзіўся ў сям’і даволі заможных сялянаў, якія мелі ў вёсцы Голя гаспадарку на 30 гэктарах. Бацька Павал і маці Ганна, акрамя Міхася, мелі яшчэ трох дачок: Маню, Тоню й Ніну. Апошняя памерла ў зусім маленькім узросьце. З 1928 году Белямукі жылі на хутары. Бацька належыў да сельскагаспадарчай арганізацыі, атрымліваў спэцыялізаваныя часопісы, набываў гатунковыя саджанцы яблыкаў, ігрушаў, сьліваў, вішняў, пародзістых цялят, авечак, курэй.

У Голі Міхась Белямук скончыў чатырохклясную пачатковую школу.

Бацька быў у мясцовай праваслаўнай царкве сьв. Міхала Арханёла скарбнікам. У 1935 г. Павал Белямук быў сярод тых, хто выступіў супраць палянізацыі праваслаўнага набажэнства, якой заняўся ў парафіі малады сьвятар Пісканоўскі. За навукаю бацькі, што яны — не палякі, Міхась падчас нядзельнай багаслужбы, калі сьвятар пачаў чытаць Эвангельле па-польску, публічна заклікаў школьных сябраў дэманстратыўна пакінуць царкву, сьледам за якімі выйшлі і старэйшыя вернікі. За гэты ўчынак Міхась быў пабіты да крыві школьным настаўнікам. Бацька вымушаны быў адвезьці сына да лекара-беларуса ў Высока-Літоўск, які параіў напісаць заяву ў паліцыю. Імкнучыся спыніць палянізацыю ў царкве, бацька Міхася Белямука зьвярнуўся да самога палескага архіяпіскапа Аляксандра Іназемцава. У хуткім часу сьвятар, які імкнуўся праводзіць у парафіі палянізацыю, быў прыбраны.

За ўчынак у царкве супраць палянізацыі праваслаўнага набажэнства Міхась атрымаў гадавую адзнаку па паводзінах «нездавальняючую». За гэта яго не хацелі прымаць у сямігодку ў Высока-Літоўску, думалі, што ён нейкі бунтар. Дзякуючы пратэкцыі бацькавага знаёмага — мясцовага адукаванага агранома й вэтэрынара Віктара Рода з маёнтку Каралін, тым ня менш, змог паступіць і скончыць яе на «выдатна». Паўгоду правучыўся ў гімназіі ў Берасьці.

Вайна і паваенны лёс

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З прыходам Саветаў вымушаны быў спыніць навучаньне ў Берасьці, які меў памежны статус, і давучваўся у дзесяцігодцы ў Высока-Літоўску. Правучыўся год, і пачалася нямецкая акупацыя. Вярнуўся ў родную вёску Голя, пачаў дапамагаць бацьку па гаспадарцы.

Бацька Міхася Белямука Павал і Мікола Назарук — стары беларускі дзяяч, адвакат — прыкладалі стараньні, каб зарганізаваць у Высока-Літоўску аддзел Беларускага камітэту, які меў сядзібу ў Беластоку.

У 1942 годзе сям’я Белямукоў, да якой прыехала ў госьці радня, ледзь не загінула ад кінутай у вакно савецкімі партызанамі гранаты. Больш за ўсіх пацярпела сястра Міхася Белямука Маня — аскепкі гранаты пасеклі яе сьпіну. Маня два месяцы праляжала ў шпіталі, падлячылася, але ў 1944 годзе памерла ад сухотаў.

Пасьля здарэньня з гранатай сям’я Белямукоў палічыла за лепшае перабрацца ў Высока-Літоўск. Міхась Белямук разам з бацькам быў выкліканы ў паліцыю і арыштаваны за незаконнае захоўваньне зброі. Паводле ваеннага часу за гэта пагражаў расстрэл. Дзякуючы дапамозе адваката Міколы Назарука і заступніцтва у Беластоку былога настаўніка нямецкай мовы ў Вільні Эгера, які меў на той час чын афіцэра гестапа, празь дзесяць дзён Белямукоў выпусьцілі. Праз месяцаў сем-восем Міхася Белямука загітавалі запісацца на курсы ў афіцэрскую школу, якая мела арганізоўвацца ў Менску, дзеля чаго такіх, як ён з Беластоцкай акругі сабралі ў Беластоку.

У час нямецкай акупацыі быў афіцэрам Беластоцкага батальёну Самааховы[1]. Камэндантам батальёну, у якім з 1943 году служыў Міхась Белямук, быў прызначаны стары царскі афіцэр-беларус Іван Гелда. Калі Савецкая армія пачала наступленьне на захад, разам з часткай жаўнераў беларускага батальёну на чале з Матысікам вырашыў адступаць на Прусію. Потым праз Бэрлін і дацкі Орхус трапіў з групай жаўнераў-беларусаў у Нарвэгію. У Бэрліне разам з Матысікам пабываў у штаб-кватэры БЦР, дзе адбылася сустрэча зь Езавітавым, Кушалем і Васіленем. Паводле ўспамінаў М. Белямука, тыя далі ім даручэньне, каб навязалі ў Нарвэгіі сувязі з заходняй выведкай. У Нарвэгіі разам з іншымі жаўнерамі жыў у бараках у лесе, дзе будавалі бункеры, па нядзелях наведваў праваслаўную царкву ў Осла. Праз пэўны час батальён, дзе служыў Міхась Белямук, перавезьлі ў Ларвік, а адтуль — у Драмэн. Там беларусы й жаўнеры Вэрмахту склалі зброю.

З Нарвэгіі перабраўся ў несавецкую зону акупацыі ў Брэмэн, дзе адшукаў польскі лягер і, як польскі грамадзянін, з групай беларускіх жаўнераў з яго батальёну зарэгістраваўся там. Пэўны час жыў у беларускіх лягерах перамешчаных асобаў у Нямеччыне. Шукаючы сваіх бацькоў у Нямеччыне, пабываў у розных асяродках, дзе жылі беларусы. Празь нейкі час яго брэмэнскі лягер перанесьлі ў Кобург. Быў прысутным ў Рэгенсбургна Зьезьдзе беларусаў Нямеччыны, на размове з япіскапамі Апанасам і Філафеем, падчас якой Аляксандар Орса й бацька Родзькі сталі перад тымі сьвятарамі на калені, молячы, каб ня ехалі ў Мюнхэн падпісваць акт аб далучэньні БАПЦ да Расейскай Зарубежнай Царквы. З Кобургу Міхась Белямук перабраўся ў Міхэльсдорф, дзе здаў экстэрнам матуральныя іспыты ў гімназіі і адправіўся ў ЗША.

Зь лета 1944 году выправіліся на эміграцыю і бацькі Міхася Белямука. Пасьля вайны бацькі Міхася Белямука, калі праз вёску Голя была праведзена новая савецка-польская мяжа, засталіся жыць, памерлі і былі пахаваныя ў Польшчы. Там жа зь сям’ёю жыла сястра Антаніна.

У 1949 годзе Міхась Белямук зь Нямеччыны эміграваў у ЗША, дзе даўно жыў яго дзед. У Амэрыцы Міхасю Белямуку дала прытулак другая жонка дзеда, часова забясьпечыўшы яму дах над галавой і харчаваньне. Навучаўся на гістарычным факультэце ўнівэрсытэту ў Каламбусе, Агаё[2], аднак атрымаць вышэйшую адукацыю ў яго не атрымалася. Затым пераехаў у Кліўлэнд. Прыехаў у Кліўленд у самы крызысны час, калі на ўсіх прадпрыемствах бракавала працоўных месцаў. Уладкаваўся ў кампанію, якая вырабляла такарныя станкі для вайсковай галіны, дзе яму паабяцалі кар’ерны рост. У выніку ў гэтай кампаніі прапрацаваў 32 гады, у 1982 г. выйшаўшы на пэньсію.

Стаў адным з арганізатараў беларускага жыцьця ў Кліўлэндзе, стваральнікаў мясцовага аддзелу Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня. З 1954 году быў старшынём Згуртаваньня беларускай моладзі ў Кліўлэндзе.

З 1991 году быў ініцыятарам і выдаўцом гістарычнага часопісу «Полацак». Аўтар шэрагу публікацыяў, у тым ліку на гістарычныя тэмы. Выдаў успаміны («Свайго лёсу не мінеш»).

Выкарыстоўваў псэўдонімы: Дубок, Міхась.

  • Вытокі беларускіх пячаткаў = Origins of byelorussian seals. — Кліўлэнд, Агаё, 1986. — 47 с.
  • Свайго лёсу не мінеш. Вільня, 2006.
  • Вялікі князь Вітаўт і ягоная маестатная пячатка // «Białoruskie Zeszyty Historyczne». № 31, чэрвень 2009. ISSN 1232-7468.
  • Нумізматыка. Сфрагістыка. Успаміны. Менск, 2010. — 212 с.
  1. ^ Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. — Менск, 2002.
  2. ^ Памёр дзеяч беларускай эміграцыі Міхась Белямук // Наша Ніва, 1 лістапада 2014 г.
  • Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. — Менск: БГА, 2002.
  • Міхась Белямук. Беласток – Осла – Брэмэн – Кліўленд / Адзінец Аляксандар. Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў. Зборнік успамінаў. — Менск : Мэдысонт, 2007. — 704 с., [28] с. іл. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 11).