Банк Грузіі
Каардынаты: 41°44′8″ пн. ш. 44°46′14″ у. д. / 41.73556° пн. ш. 44.77056° у. д.
груз. საქართველოს ბანკი | |
Тып | акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Лістынг на біржы | ГФБ: GEB |
Дэвіз | Адчуй будучыню[1] |
Заснаваная | 1903 |
Краіна | Грузія |
Разьмяшчэньне | Тбілісі |
Адрас | Ваке-Сабуртальскі раён, вул. Гагарына, д. 29а[2] |
Ключавыя фігуры | Арчыл Гачэчыладзэ[3], Ніл Янін[4] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | фінансавыя паслугі[d] |
Паслугі | аплатная картка, банкаўскі рахунак, валютныя апцыён і ф'ючарс, грашовы перавод, давернае кіраваньне, лізінг, пазыка, страхаваньне, уклад |
Абарачэньне | ▲993,053 млн лары[5] (2018 г.; $371,554 млн) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲476,173 млн лары (2018 г.; $178,162 млн) |
Чысты прыбытак | ▲343,528 млн лары (2018 г.; $128,532 млн) |
Лік супрацоўнікаў |
|
Матчына кампанія | Група «Банк Грузіі» (Лёндан, Ангельшчына) |
Даччыныя кампаніі | АТ «Гальт і Тагарт», «Лізінгавая кампанія Грузіі», ААТ «Беларускі народны банк» |
Аўдытар | ТАА «Эрнст і Янг» (Ангельшчына) |
«Банк Гру́зіі» («БГ») — найбольшы прыватны банк Грузіі, заснаваны ў 1903 годзе.
На 2019 год АТ «Банк Грузіі» валодаў 34,4 % сродкамі банкаўскай галіны краіны і выдаў 32,4 % ад абсягу пазыкаў. Банку належалі 33,9 % ад абсягу ўкладаў і 35,5 % уласнага капіталу ў галіне[6]. У Грузіі банк меў 2 даччыныя прадпрыемствы: 1) АТ «Гальт і Тагарт», што ажыцьцяўляла брокерскія паслугі і давернае кіраваньне; 2) «Лізінгавая кампанія Грузіі», заснаваная ў 2001 годзе ў якасьці «Тбілунівэрсалбанку», набытага ў 2005 годзе[7]. За мяжой працавалі 2 прадстаўніцтвы ў Ангельшчыне і Вугоршчыне (Будапэшт), а таксама даччыныя ААТ «Беларускі народны банк» і «Фінансавыя ўкладаньні Грузіі» ў Ізраілі (Тэль-Авіў)[8].
Карэспандэнцкія стасункі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2019 год АТ «Банк Грузіі» падтрымлівала карэспандэнцкія стасункі з 43 банкамі ў 27 краінах:
- 18 банкамі ў 11 краінах Азіі — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты («Банк Усходу», Дубай), Азэрбайджан (3: «Міжнародны банк Азэрбайджану», «Паша-банк» і «Унібанк» у Баку), Армэнія (2: ЗАТ «Амэрыябанк» і «Армэканомбанк» у Ерэване), Грузія (Нацыянальны банк Грузіі), Ізраіль («Работніцкі банк», Тэль-Авіў), Індыя («Восевы банк» у Мумбаі, штат Магараштра), Казахстан («Казкамэрцбанк», Алматы), Кітай (3: ТАА «Будаўнічы банк Кітаю» і ТАА «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю» ў Пэкіне, ТАА «Сельскагаспадарчы банк Кітаю» ў Шанхаі), Сынгапур (ТАА «Заморска-кітайскі банк»), Турэччына (3: АТ «Банк актыўных укладаньняў», АТ «Бізнэсбанк Турэччыны» і АТ «Будаўніча-крэдытны банк» у Стамбуле), Японія («Банк Сумітома-Міцуі», Токіё);
- 3 банкамі ў 2 краінах Паўночнай Амэрыкі — ЗША (2: «Даверная кампанія Нямецкага банку ў Амэрыцы» і «Сіцібанк», Нью-Ёрк) і Канада («Банк Монрэалю», правінцыя Квэбэк);
- 22 банкамі ў 14 краінах Эўропы — Ангельшчына («Сіцібанк», Лёндан), Аўстрыя («Райфайзэнбанк», Вена), Беларусь («Беларускі народны банк»), Бэльгія («Галоўны бэльгійскі крэдытбанк», Брусэль), Вугоршчына (ААТ «Банк Краёвага ашчаднага фонду», Будапэшт), Італія (АТ «Унікрэдытбанк», Мілян), Нарвэгія (ААТ «Нарвэскі банк», Осьлё), Нямеччына (3: «Зямельны банк Бадэн-Вюртэмбэргу» ў Штутгарце, АТ «Камэрцбанк» і «Нямецкі банк» у Франкфурце-на-Майне), Польшча («Усеагульная каса ашчаднасьці», Варшава), Расея (7: «Аб'яднаная разьліковая сыстэма», «Ашчадбанк», «Зьнешгандальбанк», «Ківі-банк», «Транскапіталбанк» і «Юністрым» у Маскве, ТАА «Плацежны цэнтар» у Новасыбірску), Украіна («Прыватбанк», Дняпро), Францыя («Агульнае таварыства», Парыж), Швайцарыя (АТ «Зьвяз швайцарскіх банкаў», Цюрых) і Швэцыя («Швэдзкі прыватны банк», Стакгольм)[9].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1903 годзе ў Тбілісі (Каўкаскі край, Расейская імпэрыя) заснавалі «Банк Грузіі». У 1922 годзе камуністычны ўрад Закаўкаскай СФСР нацыяналізаваў банк, які пазьней перайменавалі ў «Жылсацбанк». У 1994 годзе яго прыватызавалі і перайменавалі ў АТ «Банк Грузіі». У 1998 годзе буйным пайшчыкам стаў Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (Лёндан, Ангельшчына). У 2001 годзе паі «Банка Грузіі» разьмясьцілі на Грузінскай фондавай біржы. Адначасна банк пачаў трымацца Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасьці і яго буйным пайшчыкам стала ТАА «Нямецкае кіраўніцтва капіталаўкладаньнямі» (Гамбург). У 2002 годзе буйным пайшчыкам становіцца Міжнародная фінансавая карпарацыя (Вашынгтон, ЗША). У 2004 годзе «Банк Грузіі» набыў «Брытанска-Каўкаскую страхавую кампанію». У 2005 годзе далучылі «Тбілунівэрсалбанк» і паі «Банка Грузіі» разьмясьцілі на Венскай біржы (Аўстрыя). У лютым 2006 году «Банк Грузіі» набыў маёмасьць «Інтэлектбанка». У лістападзе 2006 году банк стаў першым прадпрыемствам Грузіі, што разьмясьціла глябальныя дэпазытарныя расьпіскі на Лёнданскай фондавай біржы. У 2007 годзе ва Ўкраіне набылі «Унівэрсальны банк разьвіцьця і партнэрства». 28 траўня 2008 году «Банк Грузіі» набыў 70 % паёў «Беларускага народнага банку» за $34,2 млн[10]. 15 чэрвеня 2012 году паі «Банка Грузіі» ўлучылі ў лёнданскі біржавы індэкс «ФТСЕ250». На верасень 2012 банк лічваў 197 аддзяленьняў. 31 студзеня 2015 году набылі грузінскае падразьдзяленьне ўкранскага «Прыватбанку» (Дняпро).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Слоган (груз.) // ААТ «Банк Грузіі», 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
- ^ Кантактныя зьвесткі (груз.) // АТ «Банк Грузіі», 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
- ^ Управа (груз.) // ААТ «Банк Грузіі», 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
- ^ Наглядальная рада (груз.) // АТ «Банк Грузіі», 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
- ^ Кансалідаваная фінансавая справаздача АТ «Банк Грузіі» і даччыных прадпрыемстваў за 2018 год (анг.) // АТ «Банк Грузіі», 13 сакавіка 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
- ^ Пра «Банк Грузіі» (груз.) // АТ «Банк Грузіі», 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
- ^ Даччыныя прадпрыемствы ў Грузіі (груз.) // АТ «Банк Грузіі», 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
- ^ Даччыныя прадпрыемствы за мяжой (груз.) // АТ «Банк Грузіі», 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
- ^ Карэспандэнцкія банкі (груз.) // АТ «Банк Грузіі», 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
- ^ Сямён Печанко. Беларускі народны банк Грузіі // Газэта «Наша ніва», 13 траўня 2008 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Банкаматы і аддзяленьні АТ «Банк Грузіі» (груз.)
- ААТ «Беларускі народны банк»
- Кантакт (анг.) // АТ «Гальт і Тагарт», 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
- Нашыя кантакты (анг.) // ТАА «Група «Банк Грузіі» (Лёндан, Ангельшчына), 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |