Прыватбанк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
ПриватБанк
ПриватБанк.png
PrivatBank Headoffice.jpg
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 1992
Уласьнікі Кабінет міністраў Украіны[d]
Краіна Украіна
Разьмяшчэньне Дніпро, Украіна
Ключавыя фігуры Пэтар Крумганзл[1]
Галіна банкаўская справа
Лік супрацоўнікаў 25300
Даччыныя кампаніі LiqPay і ПрыватБанк
Аўдытар Ernst & Young

«Прыватба́нк» (па-ўкраінску: ПриватБанк) — найбуйнейшы паводле памераў актываў украінскі банк і лідэр розьнічнага банкаўскага рынку Ўкраіны, зарэгістраваны 19 сакавіка 1992 году. Чыстыя актывы «Прыватбанку» на 1 студзеня 2018 году складалі 259 млрд грыўняў (19,3% ад актываў ўсіх банкаў ва Ўкраіне). «Прыватбанк» валодае другой паводле колькасьці сеткай аддзяленьняў і найбуйнейшай сеткай банкаматаў і тэрміналаў сярод банкаў Украіны. На пачатак 2018 году ў сетцы працавала каля 7,2 тысячы банкаматаў, 13,3 тысячы плацежных тэрміналаў і 141 тысяча гандлёвых POS-тэрміналаў. Нацыянальная сетка банкаўскага абслугоўваньня «Прыватбанку» ўключае ў сябе каля 2240 аддзяленьняў. «Прыватбанк» зьяўляецца найбуйнейшым эмітэнтам і экваерам плацежных карткаў ва Ўкраіне. На пачатак 2018 году банкам эмітавана больш за 30 млн карткаў, што складае больш за палову ад усёй колькасьці выпушчаных украінскімі банкамі плацежных карткаў. Банку належыць сыстэма грашовых перакладаў «PrivatMoney» і самы папулярны ва Ўкраіне інтэрнэт-банкінг і плацежная сыстэма «Приват24». Таксама банк выступае экваерам электроннай аплатнай сыстэмы «LiqPay».

«Прыватбанку» належыць аднайменны даччыны банк у Латвіі, а таксама філіялы ў Італіі, Партугаліі і на Кіпры. Паводле зьвестак брытанскага часопіса «The Banker», у 2016 годзе «Прыватбанк» займаў 16-е месца ў рэйтынгу найбуйнейшых банкаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і 627-е месца ў рэйтынгу топ-1000 сусьветных банкаў[2]. З моманту заснаваньня і па 2016 год банк уваходзіў у фінансава-прамысловую групу «Прыват» украінскіх алігархаў Ігара Каламойскага і Генадзя Багалюбава. 18 сьнежня 2016 году праз праблемы з плацежаздольнасьцю была праведзена нацыяналізацыя «Прыватбанку». З тых часоў установа на 100% знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці. З прычыны ўліваньня зь Дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны велізарных сродкаў у статутны капітал банку для падтрыманьня ягонай плацежаздольнасьці пасьля нацыяналізацыі ўстанова ў 2016 годзе зафіксавала страты ў памеры 135 млрд грыўняў (61,5% ад памеру ўсіх ейных актываў на канец таго году)[3].

Галоўны офіс «Прыватбанку» разьмешчаны ў горадзе Дніпры. 24 красавіка 2017 году юрыдычны адрас банку быў зьменены з гораду Дніпра на Кіеў, аднак кіраўніцтва і ўсе службы галоўнага офісу працягваюць працаваць у Дніпры[4]. Паводле клясыфікацыі Нацыянальнага банку Ўкраіны «Прыватбанк» зьяўляецца адным з трох сыстэмна важных банкаў ва Ўкраіне ў 2018 годзе[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Прыватбанксховішча мультымэдыйных матэрыялаў