Аўгустын
Аўгустын | |
Aurelius Augustinus | |
Аўгустын | |
Сьвяты | |
---|---|
Сьвецкае імя | Аўрэліюс Аўгустын |
Нарадзіўся | 13 лістапада 354 |
Памёр | 28 жніўня 430[1] (75 гадоў) |
Шануецца | каталіцтва, праваслаўе |
Галоўная сьвятыня | Сан П’етра ін Сьель д’Ора, Павія |
Дзень памяці | 28 жніўня (каталіцтва), 15 (28) чэрвеня (праваслаўе) |
Патрон | піваварства, тыпаграфія, тэалёгія |
Атрыбуты | дзіця, голуб, пяро, ракавінка, разьбітае сэрца |
Аўрэ́ліюс Аўгусты́н (па-лацінску: Augustinus Sanctus; 354—430) — філёзаф, прапаведнік, хрысьціянскі багаслоў і палітык. Сьвяты каталіцкай царквы, лічыцца блажэнным у праваслаўі. Адзін з Айцоў Царквы, аказаў велізарны ўплыў на заходнюю філязофію і каталіцкую тэалёгію. Частка зьвестак пра Аўгустыны атрыманая зь яго аўтабіяграфічнай «Споведзі» («Confessiones»).
Праз маніхейства, скептыцызм і нэаплятанізм прыйшоў да рымскага хрысьціянства, вучэньне якога аб грэхападзеньні і памілаваньні зрабілі на яго моцнае ўражаньне. У прыватнасьці, ён бароніць (супраць Пэлагія) вучэньне аб перадвызначэньні: чалавеку загадзя перадвызначана Богам блажэнства ці пракляцьце. Чалавечая гісторыя, якую Аўгустын выкладае ў кнізе «Пра град Божы», «першай сусьветнай гісторыі», паводле яго ёсьць барацьба двух варагуючых царстваў — царства прыхільнікаў усяго зямнога, ворагаў Божых, гэта значыць сьвецкага царства (лац. civitas terrena ці diaboli), і царства Божага (лац. civitas dei). Пры тым ён атаясамлівае Царства Божае, у адпаведнасьці зь ягонай зямной формай існаваньня, з рымскай царквой. Аўгустын вучыць аб тым, што пры стварэньні сьвету Бог залажыў у матэрыяльны сьвет у зародку формы ўсіх рэчаў, зь якіх яны пасьля самастойна разьвіваюцца. Аўгустын стаў пачынальнікам напрамку нэаплятанізму ў хрысьціянскай філязофіі (аўгустынізма), які панаваў у Заходняй Эўропе да XIII стагодзьдзя, калі яго зьмяніў хрысьціянскі арыстотэлізм Альбэрта Вялікага і Тамаша Аквінскага.
Яго памяць адзначаецца Каталіцкай царквой 28 жніўня, Расейскай праваслаўнай царквой — 15 чэрвеня па старым стылі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўгустын нарадзіўся 13 лістапада 354 году ў афрыканскай рымскай правінцыі Нумідыя, у Тагасьце (цяпер Сук-Арас у Альжыры). Першую адукацыю атрымаў ад хрысьціянкі-маці, аднак яго бацька быў паганцам. У маладосьці Аўгустын быў цалкам сьвецкім чалавекам, шукаў асалодаў, захапляўся лацінскай літаратурай. Скончыўшы школу ў Тагасьце накіраваўся ў бліжэйшы культурны цэнтар — Мадаўру. Восеньню 370 году ён накіраваўся на трохгадовае навучаньне рыторыцы ў Картаген.
Прага да чагосьці вышэйшага абудзілася ў ім толькі пасьля чытаньня «Hortensius» Цыцэрона. Ён зацікавіўся філязофіяй, пачаў чытаць Біблію, далучыўся да папулярнае тады сэкты маніхеяў, зь якім заставаўся разам каля 10 гадоў, але не знайшоўшы нідзе задавальненьня, амаль зьняверыўся і толькі знаёмства з плятанічнай і нэаплятанічнай філязофіяй дапамагло яму знайсьці выйсьце для сябе. У той самы час выкладаў рыторыку спачатку ў Тагасьце, а потым у Картагене. У «Споведзі» Аўгустын падрабязна спыніўся на 9 гадох, змарнаваных ім на «шалуху» маніхейства. У 383 годзе нават духоўны маніхейскі лідэр Фаўст ня даў рады адказаць на ягоныя пытаньні.
Тады ж, у 383 годзе Аўгустын выправіўся з Афрыкі ў Рым, каб знайсьці настаўніцкую працу ў Рыме, але ўжо ў 384 годзе атрымаў працу настаўнікам красамоўства ў Мэдыяляне (сёньня Мілян). Тут, дзякуючы мясцоваму біскупу Амброзіюсу, бліжэй пазнаёміўся з хрысьціянствам, і гэтая акалічнасьць, у зьвязку з чытаньнем пасланьняў апостала Паўла, зрабілі радыкальную перамену ў ягоным ладзе думак і жыцьця. Гэтай падзеі Каталіцкая царква прысьвяціла асобнае сьвята (3 траўня).
Прачытаўшы некаторыя трактаты Плятына на лаціне, Аўгустын азнаёміўся з нэаплятанізмам, які прадстаўляў Бога як нематэрыяльнае трансцэндэнтнае Быцьцё. Наведаўшы прапаведзі Амброзіюса Мэдыялянскага, Аўгустын зразумеў рацыянальную перакананасьць раньняга хрысьціянства. Паводле паданьня аднойчы ў садзе Аўгустын пачуў голас дзіцяці, які казаў яму наўгад адкрыць пасланьні апостала Паўла, дзе яму патрапілася «Пасланьне да рымлянаў». Пасьля таго ён, разам з маткай, братам, абодвума стрыечнымі братамі, сябрам Аліпіюсам і двумя вучнямі, аддаліўся на колькі месяцаў ў Касыцыяк, на вілу аднаго зь сяброў. На ўзор цыцэронавых «Тускулянскіх гутарак», Аўгустын склаў некалькі філязофскіх дыялёгаў.
На Вялікдзень 387 году Аўгустын разам з сваім сынам прыняў хрост ад Амброзіюса. Пасьля вярнуўся ў Афрыку, папярэдне прадаўшы ўсю сваю маёмасьць і амаль цалкам раздаўшы ўсё бедным. Пэўны час прабавіў у строгай самоце кіраўніком духовай грамады і ў 391 годзе, уступіўшы ў духовае званьне з санам прэсьбітара, заняўся дзейнасьцю прапаведніка. У 395 годзе быў пасьвечаны ў біскупы ў Гіпоне.
Аўгустын памёр 28 жніўня 430 году, падчас першай асады Гіпона вандаламі. Пасьля некалькіх перапахаваньняў ягоныя парэшткі ў 1842 годзе зноў былі вернутыя ў Альжыр і захоўваюцца ля помніка Аўгустыну на развалінах Гіпона.
Палітычныя погляды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўгустын даводзіў перавагу духовай улады над сьвецкай. Дзяржава патрэбная празь сілу грэхападзеньня чалавека і няздольнасьці самастойна выйсьці на шлях веры. Успрыняўшы вучэньне Аўгустына, царква абвесьціла сябе зямной часткай Божага граду, і пазыцыянавала сябе як вярхоўнага арбітра ў зямных справах. Аўгустын рэзка супрацьпастаўляў царкву і дзяржаву. Сваім меркаваньнем пра тое, што «град зямны», то бок дзяржаўнасьць, зьвязаны з царствам д’ябла, ён паклаў пачатак многім сярэдневечным ерасям. Але адначасова ён абмяркоўваў ідэю абнаўленьня «граду зямнога» ў рэчышчы хрысьціянскай цноты: усе формы кіраваньня павінны паважаць Бога і чалавека.
Спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сваёй філязофскай і тэалягічнай аргумэнтацыі Аўгустын быў пад уплывам стаіцызму, плятанізму і нэаплятанізму, асабліва працаў Плятына, аўтара «Энэадаў», верагодна, праз пасярэдніцтва Парфіра і Гая Марыюса Віктарына. Некаторыя нэаплятанічныя канцэпцыі ўсё яшчэ прыкметныя ў раньніх працах Аўгустына. Ягоныя раньнія і ўплывовыя працы пра чалавечую волю, цэнтральную тэму ў этыцы, сталіся аб’ектам дасьледаваньня пазьнейшых філёзафаў, як то Шапэнгаўэра, К’еркегора і Ніцшэ. На яго таксама паўплывалі працы Вэргіліюса, вядомага сваім навучаньнем мовы, і Цыцэрона, вядомага сваім навучаньнем мастацтву аргумэнтацыі[2]. Аўгустын, разам з Амброзіюсам, Геранімам і папам Грыгорыюсам Вялікім, уважаецца адным з чатырох вялікіх лацінскіх Айцоў Царквы[3].
У філязофіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Філёзаф Бэртран Расэл быў уражаны разважаньнямі Аўгустына пра прыроду часу ў «Споведзі», станоўча параўноўваючы іх з вэрсіяй Імануіла Канта, паводле якой час ёсьць суб’ектыўным[4]. Каталіцкія тэолягі звычайна прытрымліваюцца перакананьня Аўгустына, што Бог існуе па-за часам у «адвечнай сучаснасьці», а час існуе толькі ў створаным Сусьвеце, бо толькі ў прасторы час можа быць усьвядомлены праз рух і зьмены. Ягоныя разважаньні пра прыроду часу цесна павязаныя з разглядам здольнасьці чалавека да захаваньня памяці.
Фрэнсіс Ейтс у сваёй працы «Мастацтва памяці» (1966) сьцьвярджала, што кароткі фрагмэнт з «Споведзі», дзе Аўгустын апісвае, як уздымаецца па лесьвіцы і ўваходзіць у неабсяжныя палі памяці[5], ясна дэманструе, што старажытныя рымляне ведалі, як выкарыстоўваць відавочныя прасторавыя і архітэктурныя мэтафары як мнэманічную тэхніку дзеля арганізацыі вялікіх аб’ёмаў інфармацыі. Філязофскі мэтад Аўгустына, асабліва яскрава выяўлены ў «Споведзі», працягваў уплываць на кантынэнтальную філязофію цягам XX стагодзьдзя. Ягоны апісальны падыход да наўмыснасьці, памяці і мовы, як гэтыя фэномэны перажываюцца ў сьвядомасьці і часе, прадбачыў і натхніў ідэі сучаснай фэнамэналёгіі і гермэнэўтыкі[6]. Эдмунд Гусэрль адзначаў, што аналіз сьвядомасьці часу быў старажытнай праблемай апісальнай псыхалёгіі і тэорыі спазнаньня, і менавіта Аўгустын быў першым мысьляром, які глыбока адчуў велізарныя цяжкасьці, павязаныя з вывучэньнем гэтага, бо працаваў над памянёнымі пытаньнямі амаль да роспачы[7].
Мартын Гайдэгер спасылаецца на апісальную філязофію Аўгустына ў некалькіх месцах сваёй працы «Быцьцё і час». Ганна Арэнт пачала сваю філязофскую дзейнасьць з дысэртацыі пра канцэпцыю любові ў Аўгустына. Маладая Арэнт імкнулася паказаць, што філязофская аснова vita socialis у Аўгустына можа быць зразумелая нешта, што грунтуецца на любві да бліжняга, абумоўленай разуменьнем чалавецтва як адзінага цэлага[8]. Філязофская спадчына Аўгустына працягвае ўплываць на сучасную філязофію дзякуючы ўнёскам і пасьлядоўнікам гэтых мысьляроў XX стагодзьдзя.
У тэалёгіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тамаш Аквінскі быў пад моцным уплывам Аўгустына. Што тычыцца тэмы першароднага граху, Аквінскі прапанаваў больш аптымістычны погляд на чалавека, чым Аўгустын, у тым, што паводле ягонай канцэпцыі чалавек захаўваў прыродныя здольнасьці розуму, волі і пачуцьцяў нават пасьля грэхападзеньня, але страціў надзвычайныя дары[9]. У сваіх працах Аўгустын вучыў, што віна Адама, якая перадаецца ягоным нашчадкам, значна аслабляе, але не зьнішчае, свабоду волі, у той час як пратэстанцкія рэфарматары Мартын Лютэр і Жан Кальвін сьцьвярджалі, што першародны грэх цалкам зьнішчыў свабоду волі[10].
Згодна зь Леяй Рукбі, аргумэнты Аўгустына супраць магіі, якія адрозьнівалі яе ад цуду, былі вырашальнымі ў барацьбе раньняй Царквы супраць паганства і сталі цэнтральнай тэзай у пазьнейшым асуджэньні вядзьмарства і чараўніцтва. На думку прафэсара Дыпака Лала, бачаньне Аўгустына нябеснага гораду паўплывала на сьвецкія праекты і традыцыі Асьветніцтва, марксізм, фрэйдызм і экалягічны фундамэнталізм[11]. Пост-марксісцкія філёзафы Антоніё Нэгры і Майкл Гарт карысталіся бачаньнем Аўгустына, асабліва з «Гораду Божага», у сваёй кнізе па палітычнай філязофіі «Імпэрыя». Аўгустын паўплываў на многіх сучасных тэолягаў і аўтараў, такіх як Джон Пайпэр. Ганна Арэнт, ўплывовы палітычны тэарэтык XX стагодзьдзя, ня толькі напісала сваю доктарскую дысэртацыю па філязофіі на аснове працаў Аўгустына, але і працягвала выкарыстоўваць ідэі мысьляра цягам усёй сваёй кар’еры. Людвіг Вітгенштайн шмат цытаваў Аўгустына ў сваёй працы «Філязофскія дасьледаваньні», як з захапленьнем, гэтак і робячы зь яго спарынг-партнэра дзеля распрацоўкі сваіх уласных ідэяў.
У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Вехі» папа Бэнэдыкт XVI называў Аўгустына адным з найбольш важных мысьляроў, якія глыбока паўплывалі на ягонае мысьленьне.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярод самых вядомых твораў вылучаюць:
- «Пра град Божы» (лац. De civitate Dei)
- «Споведзь» (лац. Confessiones), духовая біяграфія
- «Пра Троіцу» (лац. De Trinitate)
- «Аб свабоднай волі» (лац. De libero arbitrio)
- «Перагляды» (лац. Retractationes).
Варта таксама згадаць ягоныя «Meditationes», «Soliloquia» і «Enchiridion» альбо «Manuale».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ Mendelson, Michael (24.03.2000). «Saint Augustine». The Stanford Encyclopedia of Philosophy.
- ^ William Dool Killen (1871). «The Old Catholic: Or the History, Doctrine, Worship, and Polity of the Christians». T T Clark Edinburgh. — С. 90. — ISBN 978-0-85323-479-1.
- ^ Russell, Bertrand (1945). «A History of Western Philosophy». Simon & Schuster. — С. 352—353.
- ^ «Confessiones» Liber X: commentary on 10.8.12.
- ^ De Paulo, Craig J. N. (2006). «The Influence of Augustine on Heidegger: The Emergence of an Augustinian Phenomenology». Lewiston, New York: Edwin Mellen Press. — ISBN 978-0-7734-5689-1.
- ^ Husserl, Edmund (2019). «The Phenomenology of Internal Time-Consciousness». Indiana University Press. — С. 21. — ISBN 978-0-253-04199-9.
- ^ Chiba, Shin (1995). «Hannah Arendt on Love and the Political: Love, Friendship, and Citizenship». The Review of Politics. 57 (3): 505—535. — doi:10.1017/S0034670500019720.
- ^ Cross & Livingstone 2005. С. 1203.
- ^ Cross & Livingstone 2005. С. 1200—1204.
- ^ Lal, Deepak (1.03.2002). «Morality and Capitalism: Learning from the Past». No 812, UCLA Economics Working Papers from UCLA Department of Economics.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Cross, Frank Leslie; Livingstone, Elizabeth A. The Oxford Dictionary of the Christian Church. — Oxford: Oxford University Press, 2005. — ISBN 978-0-19-280290-3
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Августин Аврелий». Праваслаўная энцыкляпэдыя (рас.)
- Confessiones (Исповедь). Пераклад (рас.)
- Зборнік твораў Аўгустына (лац.)