Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 09:49, 3 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Сакральнае збудаваньне
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў
Касьцёл Сьв. Тамаша Аквінскага
Касьцёл Сьв. Тамаша Аквінскага
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′12.8″ пн. ш. 27°33′32.6″ у. д. / 53.903556° пн. ш. 27.559056° у. д. / 53.903556; 27.559056Каардынаты: 53°54′12.8″ пн. ш. 27°33′32.6″ у. д. / 53.903556° пн. ш. 27.559056° у. д. / 53.903556; 27.559056
Канфэсія каталіцтва
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Дата заснаваньня XVII ст.
Дата скасаваньня 1950
Статус Ахоўная зона
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў — колішні рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Менску. Дзейнічаў у пач. XVII ст. — 1832 року. Займаў пляц на Высокім Рынку плошчай каля 2 га, абмежаваны вуліцамі Дамініканскай, Валоцкай і Юраўскай (частка кварталу сучаснага Палаца Рэспублікі).

У склад комплексу ўваходзілі мураваныя будынкі касьцёла і кляштарнага корпусу, а таксама драўляныя гаспадарчыя пабудовы: 2 флігелі, стайня, сьвіран, студня і іншыя, у паўночна-заходняй частцы пляцу знаходзіўся сад; увесь комплекс абкружаў высокі мур зь вялікай уяздной брамай[1]. Кляштарныя збудаваньні ўшчэнт зруйнавалі ў 1950 року. Да нашага часу захаваліся падмуркі ды скляпеньні, што патрабуюць дэталёвага археалягічнага дасьледаваньня[2].

Гісторыя

У 1605 року ўдава ваяводы вэндэнскага Крыштапа Слушкі Соф’я (з Завішаў) фундавала ў Менску драўляны касьцёл, які ў 1605 року перайшоў да манахаў-дамініканаў[3][4]. Паводле сьведчаньня Ўладзіслава Сыракомлі, першы менскі каталіцкі кляштар падтрымала шляхта, якая вярталася празь места з выправы на Маскву. Яна зладзіла збор у фонд кляштару, што атрымаў назву «капытковага»[5]. Гэта была плата за правядзенне кожнага каня празь мескую заставу. Пазьней у інтэр’еры дамініканскага касьцёла зьмясьцілі восем гербаў ініцыятараў гэтага збору. Неўзабаве аднак здарыўся пажар, па якім у 1615 року ваявода менскі Пётар Тышкевіч падараваў манахам пляц для ўзьвядзеньня мураваных будынкаў касьцёла і кляштару. Станам на 1623 рок касьцёл згадваецца як «нядаўна закладзены»[6]. Мяркуецца, што яго збудавалі ў 16201640[7] роках і асьвяцілі ў гонар сьвятога Тамаша Аквінскага, найбольш славутага прадстаўніка дамініканскага ордэна, філёзафа і прапаведніка.

Дамініканскі касьцёл і кляштар знаходзіліся непадалёку ад паўднёвай лініі мескіх умацаваньняў — землянога вала з ровам і бастыёнамі. У другой палове XVII ст. кляштарны комплекс зьяўляўся адным з абарончых фарпостаў места. У маскоўскіх дакумэнтах часоў Трынаццацігадовай вайны (16541667) згадваецца, што з касьцёла можна было весьці «полковой и подошвенный и мушкетный бой»[8] Падарожнікі, якія праязджалі празь Менск, адзначалі пышнасьць і багацьце дамініканскага касьцёла, а стольнік Пятра I П. Талстой, які спыняўся тут у 1697 року, захапляўся ягоным арганам. Вядома, што ў 16921696 роках арганістам у касьцёле служыў К. Мурашкевіч, а з 1698 — К. Ластоўскі[9][3]. Сёньня дакладна не вядома, колькі законьнікаў-дамініканаў было ў Менску ў першай палове XVII ст. Захаваліся толькі дакладныя зьвесткі пра канец XVIII ст. — станам на 1796 рок у кляштары знаходзіліся чатыры законьнікі[10].

У 1703 року завяршылася ўзьвядзеньне новага кляштарнага комплексу, а ў 1709 року распачалася «рэстаўрацыя касьцёла, асабліва другой паловы нэфу, якую належала выраўняць разам з капліцамі астатняй часткі касьцёла». У XVIII ст. адбылася яшчэ адна рэканструкцыя касьцёла, для чаго ігумен праваслаўнага манастыра Сьвятых Пятра і Паўла М. Данілеўскі аддаў дамініканам у арэнду цагельню ўва ўрочышчы Нядзьвежын. У 1781 року менскі бургамістар і старшыня цэху муляроў М. Макарэвіч склаў кантракт з пробашчам Б. Рыбчынскім на будаўнічыя працы[3]. У выніку рэканструкцыяў XVIII ст. кляштарны комплекс атрымаў незвычайную «ансамблевую» кампазыцыю — стварэньне двух плянаў-кулісаў, разгорнутых у прасторы[11].

Валоцкая вуліца, удалечыні на рагу з Дамініканскай — касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага, здымак 1860-х рокаў

З утварэненем Менскай дыяцэзіі ў 1798 року частку корпусу дамініканскага кляштару перадалі пад рэзыдэнцыю біскупа. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 рокаў расейскія ўлады зачынілі кляштар (19 ліпеня 1932), касьцёл пачаў дзейнічаць як парафіяльны пад тытулам Найсьвяцейшай Тройцы[3]. У 1840-я рокі кляштарныя будынкі перабудавалі пад каталіцкую сэмінарыю[12], але па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 рокаў, з 1869 року комплекс выкарыстоўваўся пад вайсковыя кашары. Дзесьці на працягу XIX ст. касьцёл страціў свае бакавыя вежы[13]. У 1880-я рокі зьявіўся праект прыстасаваньня былой дамініканскай бажніцы пад мескі тэатар, аднак яго не ажыцьцявілі[2]. У пач. XX ст. касьцёл выкарыстоўваўся менскім пажарным дэпо[14]. Каля 1907 року верх франтона касьцёла разабралі, а на ягоным месцы зьявілася драўляная назіральная пажарная вышка.

5 ліпеня 1926 року комплекс касьцёла і кляштару дамініканаў узялі пад ахову дзяржавы[15]. У часе заняцьця Менску савецкімі войскамі ў 1944 року кляштарны комплекс быў пашкоджаны. У 1945 року БССР атрымала ад Нямеччыны кантрыбуцыю на аднаўленьне будынкаў[16], а ў канцы 1940-х выканалі першасную кансэрвацыю касьцёла[2]. Аднак у 1950 року кіраўніцтва БССР канчаткова зацьвердзіла новы генэральны плян Цэнтральнай плошчы, паводле якога пасярод яе ўзводзіўся манумэнт Сталіну, а на месцы колішняга кляштару разьбіваўся сквэр[16].

Пад покрывам ночы, у 1950 року савецкія ўлады ўзарвалі выбітны помнік архітэктуры. Ягоныя камені выкарысталі для падмуркаў новых будынкаў Менску[16]. У 1985 року на Кастрычніцкай плошчы пачалі будаваць Палац Рэспублікі, а ў 1986 року археолягі адкапалі падмуркі дамініканскага касьцёла Сьвятога Тамаша Аквінскага. Ягоныя сьцены месцамі дасягалі 3-мэтровай таўшчыні, на фасадах выявілі байніцы ніжняга бою, прыстасаваныя для страляніны з мушкетаў. Зянон Пазьняк, які браў удзел у раскопках, у адным з артыкулаў прыгадваў, што калі археолягі дабраліся да пласта XVII ст., то выявілі некалькі дзясяткаў шкілетаў з праламанымі альбо прастрэленымі чарапамі[16].

Галерэя

Архітэктура

Рэканструкцыя кляштарнага комплексу. Малюнак В. Сташчанюка

Архітэктурны ансамбль дамініканскага кляштару меў выразную прасторава-разгорнутую кампазыцыю, першы плян якой стварала ўваходная брама, на другім — ішоў беспасярэдне галоўны фасад касьцёла, а ў якасьці своеасаблівага фону выступалі муры кляштарнага корпусу.

Кляштарныя пабудовы разам з садам займалі пляц 9949,5 м², апроч таго меліся ўладаньні ў іншых частках Менску, якія агулам складалі 5445 м² і здаваліся ў арэнду месьцічам[17].

Касьцёл

Элемэнтам-дамінантай кляштарнага комплексу зьяўляўся касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага, які займаў кутняе становішча ў ягонай плянавальнай структуры.

Вонкавыя выявы
Раскопкі падмуркаў касьцёла ў 2-й пал. 1980-х рокаў.

Касьцёл — помнік архітэктуры стылю барока, збудаваны паводле канону 3-нэфавай 6-слуповай бязьвежавай базылікі з 2 капліцамі ў паўднёва-заходніх частках бакавых нэфаў[12]. Высокі карабель храму на галоўным фасадзе завяршаў шмат’ярусны фігурны шчыт, моцна раскрапаваны карнізнымі пасамі, руставанымі пілястрамі, плястычнымі ліштвамі лучковых і аркавых аконных праёмаў, бакавымі валютамі, дэкаратыўнымі вазамі і інш. Маляўнічасьць фасаду значна ўзбагачвалі купальныя 8-гранныя ратонды-капліцы над бакавымі нізкімі нэфамі. З паўночна-заходняга фасаду да апсіды далучалася прастакутная ў пляне закрыстыя[14].

Дамініканская вуліца, праваруч касьцёл. Здымак 2-й пал. XIX ст.

Цэнтральны нэф перакрыўся цыліндрычнымі скляпеньнямі, бакавыя — крыжовымі[12]. Інтэр’ер упрыгожвалі фрэскавая размалёўка і барокава-ракайльныя стукавыя алтары — галоўны і 12 кулісных каля 6 міжнэфавых слупоў[18]. Вялікі алтар з абразом Сьвятога Тамаша быў на «сьцяне ў оптыцы маляваны», леваруч ад яго знаходзіліся алтары Панны Марыі Ружанцовай, Сьвятога Тадэвуша, Сьвятой Барбары, Сьвятога Вінцэнта, Сьвятой Кацярыны і Сьвятога Міхала; праваруч — алтары Укрыжаваньня, Сьвятога Дамініка, Беззаганнага Зачацьця Панны Марыі, Сьвятога Яцка і Сьвятога Яна Непамука. Яшчэ 2 алтары былі ў капліцах; у левай, фундацыі Глябовічаў, — пад тытулам Сьвятой Марыі Магдалены, у правай, распісанай фрэскамі Мукі Пана, фундацыі Завішаў, — пад тытулам Маці Божай Балеснай. Таксама на гзымсах мелася 8 ляпных гербаў фундатараў і апекуноў кляштару[14].

На хорах над нартэксам стаяў найбольшы і напрыгажэйшы ў Менску арган — на 24 галасы. У 1830-х роках паслухаць арган у дамініканскі касьцёл прыходзіў будучы кампазытар Станіслаў Манюшка, які жыў у будынку насупраць[16].

Уваходная брама

Кляштарная брама

На адлегласьці перад галоўным фасадам касьцёла стаяла незвычайная ўваходная брама, якая складалася зь дзьвюх сымэтрычных 3-ярусных вежаў-званіцаў з арыгінальным завяршэньнем у выглядзе чатырох дыяганальна разьмешчаных магутных валютаў, увенчаных барокавымі сыгнатуркамі. Вежы злучаў уваходны порцік, вырашаны накшталт трыюмфальнай аркі[19].

Кляштар

Кляштарны корпус — прастакутны ў пляне выцягнуты 2-павярховы будынак калідорнага плянаваньня з высокім вальмавым дахам — далучаўся пад простым кутом да прэзьбітэрыя і канца бакавога нэфа касьцёла і зьліваўся зь ім у адзіны манумэнтальны і строгі масіў. Цэнтральная частка фасаду вылучалася рызалітам[2]. Памяшканьні кляштару перакрываліся крыжовымі скляпеньнямі[12].

Апроч мураванага кляштарнага корпусу, меліся драўляныя гаспадарчыя пабудовы: 1-павярховы дом з калідорам, падзелены на кухню зь пякарняй і жытло для прыслугі (1825); пуня са стайняй на 4 кані і хлеў (1833); амбар, зьвязаны зь лядоўняй (1823); студня з павецьцю на чатырох слупах (1833)[20].

Сучаснасьць

Вонкавыя выявы
Эскізная прапанова аднаўленьня касьцёла Сьвятога Тамаша Аквінскага.

Існуе праект аднаўленьня касьцёла Сьвятога Тамаша Аквінскага на захаваных да нашага часу падмурках. Спэцыялісты архітэктурнай сэкцыі Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Андрэй Ларры і Антон Вантух на падставе навукова-дасьледчых матэрыялаў распрацавалі эскізную прапанову аднаўленьня помніка.

У 2011 року Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падрыхтавала зварот да ўладаў Менску з абгрунтаваньнем дадзенай прапановы[21].

Крыніцы

  1. ^ У. Дзянісаў. Кляштар дамініканцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 322—323.
  2. ^ а б в г У. Дзянісаў. Кляштар дамініканцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 323.
  3. ^ а б в г Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 438.
  4. ^ Уладзімер Дзянісаў. Касьцёл сьв. Сымона і сьв. Алены. — Менск, 1996. С. 6.
  5. ^ Уладзіслаў Сыракомля. Мінск. — Мн.: «Голас Радзімы», 1992. С. 77.
  6. ^ Беларускі архіў. Т. 3. С. 123.
  7. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 141.
  8. ^ Беларускі архіў. Т. 3. С. 204.
  9. ^ Тамара Ліхач. Ордэн дамініканцаў і развіццё музычнай культуры Беларусі // «Наша Вера» № 2 (12), 2000.
  10. ^ Уладзімір Дзянісаў. Касцёлы г. Мінска ў XVI — пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ)
  11. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 141—142.
  12. ^ а б в г Уладзімір Дзянісаў. Менскі кляштар дамініканцаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 294.
  13. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 66.
  14. ^ а б в Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 439.
  15. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 301.
  16. ^ а б в г д Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў (Менск). Radzima.orgПраверана 3 сакавіка 2011 г.
  17. ^ Слюнькова И. Монастыри восточной и западной традиций. — М., 2002. С. 293.
  18. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 188.
  19. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 142.
  20. ^ Слюнькова И. Монастыри восточной и западной традиций. — М., 2002. С. 292—293.
  21. ^ Астапович предложил Мингорисполкому восстановить костел Святого Томаша Аквинского (рас.). Naviny.byПраверана 3 сакавіка 2011 г.

Літаратура

  • Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Каталіцкія святыні: Мінcка-Магілёўская архідыяцэзія. — Мн., «Про Хрысто», 2003. ISBN 985-6628-38-5.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; маст. І. Бокі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  • Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Менск: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Тамара Габрусь. Святыні ордэна прапаведнікаў // «Наша Вера» № 3 (25), 2003.
  • Денисов В. Н. Площадь Свободы в Минске. — Мн.: Полымя, 1985. — 80 с.
  • Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси / Рос. акад. архитектуры и строит. наук. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — 600 с.: ил. ISBN 5-89826-093-5.

Вонкавыя спасылкі

Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў (Менск)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Шаблён:Link FA