Кобрынскае княства
Кобрынскае княства | ||||
| ||||
Кобрынскае княства на пачатак XVI стагодзьдзя | ||||
Сталіца | Кобрынь | |||
Найбуйнейшы горад | Кобрынь | |||
Форма кіраваньня Князь кобрынскі
|
Гедзімінавічы, Кобрынскія | |||
Цяпер зьяўляецца часткай | Беларусі |
Ко́брынскае кня́ства — удзельнае княства ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, у басэйне рэчак Мухаўцу і Кобрынкі. Існавала ў 1404[1]—1519 роках. Сталіца — Кобрынь. Уладаньне князёў Кобрынскіх з роду Гедзімінавічаў.
Узьнікненьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Валынскае княства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З часу першае згадкі Кобрынская зямля знаходзілася ў валоданьні валынскіх князёў. Упершыню места Кобрынь згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1287 рокам, калі валынскі князь Уладзімер Васількавіч пакінуў яго ў спадчыну сваёй жонцы Вользе Раманаўне[2]:
Въ имѧ Ѡ(т)ца и С(ы)на и С(вя)т(а)го Д(у)ха м(о)л(и)твами С(вя)тыа Б(городи)ца и Прис(но)д(е)в(и)ца М(а)рья и с(вя)т(ы)хъ Агг(е)лъ. Се язъ, кнѧзь Володимѣръ, с(ы)нъ Василковь, вноукь Романовъ, пишоу грамотоу. Далъ есмь кнѧгинѣ своеи по своемь животѣ городъ свои Кобрынь и с людми, и з данью: како при мнѣ даяли, тако и по мнѣ - ать дають кнѧгинѣ - моеи. Иже далъ есмь еи село свое Городелъ и с мытом. А людье како то на мѧ страдалѣ, тако и на кнѧгиню мою по моемь животѣ. Аже боудеть кнѧзю городъ роубити... |
||
—Духоўная грамата Уладзімера Васількавіча яго княгіні на Кобрынь і некалькі сёлаў (1288)[3] |
Барацьба за Валынь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку XIV стагодзьдзя Галіцка-Валынскае княства прыйшло ў заняпад. Па сьмерці манарха Юрыя-Балеслава Трайдзенавіча на княства пачаў прэтэндаваць Любарт Гедзімінавіч, бо ягоная жонка была стрыечнай сястрой памерлага.
Канкурэнцыю Любарту склаў польскі кароль Казімер III, які ў 1349 захапіў Львоў, Галіч, Уладзімер-Валынскі, Берасьце і пацясьніў Любарта з Валыні. У выніку дзьвюх польска-літоўскіх войнаў у 1366 року Казімер мусіў быў адмовіцца ад большай часткі сваіх набыткаў, а пра Кобрынь напісаў, што той з ваколіцамі належыць вялікаму князю літоўскаму Альгерду. Ад Альгерда места перайшло да ягонага сына Фёдара.
Фёдар Ратненскі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па сьмерці бацькі ў 1377 Фёдар, не жадаючы прызнаць сюзерэнам свайго браценіка Ягайлу, дабраахвотна прыняў ленную прысягу Людвіку I Вялікаму — каралю Вугоршчыны і Польшчы. Гэты факт паказвае на тое, што Фёдар Альгердавіч (празваны Ратненскім) валодаў сваім удзелам (местамі Ратна, Любамль, Кашэрск і прылеглымі тэрыторыямі) незалежна ад валынскага князя Фёдара Любартавіча. 23 кастрычніка 1386 Фёдар Альгердавіч усё ж прынёс прысягу Ягайлу[4]. Меў трох сыноў: Рамана, Юрыя (Гурку) Красьнічанскага і Сангушку[5] — якія й падзялілі бацькоўскі ўдзел. Князем кобрынскім стаў Раман Фёдаравіч.
Кобрынскае княства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раман Фёдаравіч
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раман Фёдаравіч (каля 1394 — пасьля 1416)[6] упершыню згадваецца пад 1387 рокам як князь Кобрыня. Гэты рок прынята лічыць пачаткам узьнікненьня дынастыі кобрынскіх князёў[7]. У 1404 вялікі князь Вітаўт пацьвердзіў правы Рамана на Кобрынь, а таксама Грушава, Прохаў, Несухож і Мілянавічы[8]. Цягам XV стагодзьдзя княства існавала ў ВКЛ як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная і судовая акруга; падзялялася на Кобрынскую і Прушанскую (Пружанскую) воласьці[9].
У 1411—1416 роках Раман мешкаў пры двары караля, пасьля 1416 ягонае імя ў крыніцах ня згадваецца[6].
Сямён Раманавіч
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па сьмерці Рамана князем Кобрынскім стаў ягоны сын Сямён Раманавіч (каля 1400 — каля 1460[8]. Падчас грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1431—1435 рокаў Раман адным зь першых выступіў на баку Сьвідрыгайлы, аднак у бітве з каралеўскім ваяводам Грыцько Кірдыевічам быў разьбіты[8]. За падтрымку Сьвідрыгайлы быў пазбаўлены Ратны[6]. Раман быў у шлюбе з Ульянай (пам. каля 1494[6]) — дачкой Сямёна Іванавіча Гальшанскага па мянушцы Люты[6].
Іван Сямёнавіч
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апошнім мужчынскім прадстаўніком княскай дынастыі быў Сямёнаў сын Іван (каля 1430 — пасьля 1491[6]). Іван Сямёнавіч разам са сваёй жонкай Фядорай (дачкою Івана Рагацінскага) шмат ахвяравалі на будаўніцтва і забесьпячэньне цэркваў і кляштараў. На іхнія грошы былі ўзьведзеныя царква ў Дабучыне[8], а таксама Спаскі манастыр у Кобрыні, у якім яны й былі пахаваныя[7]. Іван Сямёнавіч не пакінуў па сабе нашчадкаў.
Фядора Іванаўна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па сьмерці Івана Сямёнавіча вялікі князь Аляксандар пацьвердзіў права Фядоры на валоданьне трацінай княства. У 1492 року яна выйшла замуж за Юрыя Пацэвіча (пам. 1506)[6]. Па ягонай сьмерці Фядоры давялося судзіцца за права валоданьня княствам. У 1508 року[6] Фядора перахрысьцілася ў каталіцтва пад імем Соф’я і выйшла замуж за віленскага ваяводу і канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла (1440?—1512[6]). Фядора памерла ў 1512 року.
Ганна Сямёнаўна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апошняй кіраўнічкай княства была дачка Сямёна Раманавіча Ганна. У 1481 на яе вясельлі з князем Фёдарам Іванавічам Бельскім была зьдзейсьненая спроба замаху на вялікага князя Казімера. Пасьля няўдалага замаху Бельскі мусіў быў уцячы ў Маскву[6]. Ганна ня здолела атрымаць дазвол выехаць да мужа і пасьля 1495 року[6] была выдадзеная замуж за маршалка Вацлава Станкавіча Касьцевіча. Па сьмерці Ганны ў 1518 року вялікі князь Жыгімонт Стары надаў В. Касьцевічу пажыцьцёвае права валоданьня землямі жонкі на правах арэнды[8]. Кобрынь з прылеглымі землямі зрабіўся староствам[10], адміністрацыйна падпарадкаваным вялікаму князю, ад імя якога праводзілася кіраваньне[7].
Па сьмерці В. Касьцевіча ў 1532 староства ў якасьці павету ўвайшло ў склад Падляскага ваяводзтва, уладаньне каралевы Боны. У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566) Кобрынскі і Камянецкі паветы ўлучаныя ў склад Берасьцейскага павету[11].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Дзярнович О. Берестейский повет до и после Реформы 1565—1566 гг.: к истории административно-территориальных единиц в Великом княжестве Литовском // Ukraina Lithuanica. — К., 2009. — Т. І. — С. 44.
- ^ Кобрин // Города Беларуси
- ^ Духоўная грамата Уладзіміра Васількавіча яго княгіні на Кобрын і некалькі сёл (1288). Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы.. Праверана 9 лістапада 2011 г.
- ^ Шабульдо Ф. М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. — Киев: Наукова думка, 1987. — 181 с.
- ^ Насевіч Г. В. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 стагоддзяў(недаступная спасылка). — Мінск, 1993.
- ^ а б в г д е ё ж з і к Войтович Л. Князівські династії Східної Європи (кінець IX — початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль. Історико-генеалогічне дослідження. — Львів: Інститут українознавства ім. І. Крип’якевича, 2000. — 649 с — ISBN 966-02-1683-1. (укр.)
- ^ а б в История Кобрина // Геоинформационная система. Беларусь.
- ^ а б в г д Барысюк Ю. А. Князі Кобрынскія(недаступная спасылка).
- ^ Валерый Пазднякоў. Кобрынскае княства // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 219.
- ^ Климчук Ф. Д. Некоторые дискуссионные вопросы средневековой истории Надъясельдья и Погорынья // Palaeoslavica, XII. 2004, No 1. — Cambridge, Massachusetts. — С. 5—28.
- ^ Кобрынскае княства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 117.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2