Беларуска-фінскія дачыненьні
Беларусь |
Фінляндыя |
---|---|
Дыпляматычныя місіі | |
Амбасада Беларусі ў Фінляндыі |
Аддзяленьне Амбасады Фінляндыі ў Менску |
Амбасадары | |
Аляксей Самасуеў | Кіраўніца Ліса Валента |
Беларуска-фінскія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Фінляндыі.
На 2023 год Амбасада Беларусі ў Фінляндыі месьцілася ў Хэльсынкі па Паўночнай Магазыннай вуліцы, д. 4 (ваколіца Каартынкаўпункі або Вартавы горад). Наведнікаў прымалі ў панядзелак, аўторак і чацьвер ад 8:30 да 15:30[1]. Грамадзяне Фінляндыі маглі прыляцець у адзін з аэрапартоў Беларусі безь беларускай візы на 30 дзён[2].
У Менску працавала Аддзяленьне Амбасады Фінляндыі ў Летуве і Беларусі паводле сумяшчальніцтва. Аддзяленьне Амбасады знаходзілася на плошчы Свабоды, д. 11 (Цэнтральны раён)[3].
Гандаль
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 траўня 1992 году ў Менску ўрады Беларусі і Фінляндыі заключылі Пагадненьне аб гандлёвай і эканамічнай супрацы, што набыло моц 21 сакавіка 1993 году. 24 чэрвеня 1997 году падпісалі Пагадненьне аб міжнародных аўтамабільных зносінах, якое набыло моц 24 красавіка 2004 году. 8 чэрвеня 2006 году ў Менску заключылі Пагадненьне аб садзейнічаньні ажыцьцяўленьню і абароне інвэстыцыяў, якое ўступіла ў сілу 10 красавіка 2008 году. 18 сьнежня 2007 году падпісалі Пагадненьне аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня і папярэджаньні ўхілення ад выплаты падаткаў у дачыненьні да падаткаў на даходы, што набыло моц 13 ліпеня 2009 году[4].
У 2007 годзе беларускі экспарт у Фінляндыю склаў 50,8 млн даляраў ЗША, а імпарт з Фінляндыі — 63,5 млн даляраў[5]. Зь 2008 году ў Беларусі і Фінляндыі па чарзе кожныя пару гадоў сталі ладзіць двухбаковыя эканамічныя форумы[6]. 18 сьнежня 2009 году заключылі Пагадненьне аб супрацы і ўзаемадапамозе ў мытных справах, што ўступіла ў сілу 24 студзеня 2011 году[4]. У 2012 годзе беларускі экспарт дасягнуў 175,1 млн даляраў, а імпарт — 75,1 млн даляраў. У 2012 годзе аснову экспарту беларускіх тавараў склалі: нафтапрадукты, соль, футра, жалеза і вырабы зь нелегаванай сталі. З Фінляндыі завозілі: алавяныя вырабы, муку, крухмал, збожжа і травы, трыкатажнае палатно, цэлюлёзную драўніну і фабравальнікі. Сярод іншага, у Беларусь пастаўлялі фінскія мабільныя тэлефоны «Нокія» (Эспаа) і плаўлены сыр «Валіё». На 2014 год у Беларусі налічвалася 25 прадпрыемстваў з фінскім капіталам. Сярод іх найбольшым быў бровар «Лідзкае піва» (Гарадзенская вобласьць), які выкупіў фінскі вытворца напояў «Олві» (Ісалмі, край Паўночнае Сава)[5]. Сярод іншага, у 2015 годзе «Паўночны інвэстыцыйны банк» (Хэльсынкі) і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця пазычылі «Горадняводаканалу» 11,7 млн эўра на разбудову ачыстных збудаваньняў сьцёкавай вады, а «Берасьцеводаканалу» — 10 млн эўра[7].
31 траўня 2018 году 6-ы Беларуска-фінскі эканамічны форум прайшоў у горадзе Саванлінна. За 2016—2020 гады таваразварот вырас з 101,2 млн дал. да 162 млн даляраў. На 1 студзеня 2021 году ў Беларусі дзейнічала 27 прадпрыемстваў з фінскім капіталам, зь іх 20 — замежных і 7 — сумесных. За 2021 год узаемны гандаль склаў 191,5 млн даляраў ЗША, зь якіх 151,4 млн даляраў прыпала на таваразварот. Фінскі імпарт тавараў у Беларусь скараціўся да 128,1 млн даляраў і складаўся з 428 найменьняў тавараў. Зь Беларусі пастаўлялі 124 віды тавараў. Экспарт беларускіх паслугаў упаў да 31 млн даляраў, а імпарт паслугаў з Фінляндыі — да 9,1 млн даляраў. У Беларусь паступіла 8,4 млн даляраў укладаньняў з Фінляндыі на чыстай аснове, а зь Беларусі ў Фінляндыю — 1,1 млн даляраў. У выніку ў Беларусі назапасілі 70,4 млн дал. фінскіх укладаньняў, зь іх 70 млн даляраў наўпроставых. У Фінляндыі дзейнічалі Беларуска-фінскія гандлёвая палата і асацыяцыя[6].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]26 лютага 1992 году ўрады Беларусі і Фінляндыі аднавілі дыпляматычныя дачыненьні пасьля адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці[5]. У кастрычніку 2008 году міністар замежных справаў Фінляндыі Аляксандар Стуб наведаў Беларусь. У кастрычніку 2009 году візыт у адказ зрабіў міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў[8]. 1 кастрычніка 2010 году ў Менску адчынілі Аддзяленьне Амбасады Фінляндыі ў Беларусі[5].
5 сьнежня 2011 году запрацавала Амбасада Беларусі ў Фінляндыі. 24 кастрычніка 2013 году амбасадар Беларусі ў Фінляндыі Аляксандар Астроўскі ўручыў даверчыя граматы фінскаму прэзыдэнту Саўлі Ніінісьцё. У 2013 годзе распачаліся штогадовыя кансультацыі між МЗС Беларусі і Фінляндыі. У красавіку 2014 году правялі 4-ы Беларуска-фінскі эканамічны форум У верасьні 2016 году фінскім амбасадарам у Беларусі па сумяшчальніцтве стаў К. Мікхэльсан. 2 красавіка 2017 году міністар вонкавага гандлю Фінляндыі К. Мюкянен правёў у Менску сустрэчы з першым намесьнікам старшыні ўраду Беларусі Васілём Мацюшэўскім і міністрам энэргетыкі Беларусі Ўладзімерам Патупчыкам. У верасьні 2017 году кіраўніком аддзяленьня Амбасады Фінляндыі ў Беларусі стаў Й. Хэйсканэн. 12 верасьня 2017 году міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч сустрэўся са сваім калегам П. Рыысіка ў Хэльсынкі. У сакавіку 2018 году ў Парлямэнце Фінляндыі стварылі групу сяброўства зь Беларусьсю, у якую ўвайшло 7 дэпутатаў. Яе ўзначаліў сябар Нацыянальнай кааліцыйнай партыі В. Рудман. У красавіку 2018 году ў Нацыянальным сходзе Беларусі ўтварылі групу супрацы з фінскім парляментам, якую ўзначаліў старшыня Пастаяннай камісіі міжнародных справаў і нацыянальнай бясьпекі Сяргей Рахманаў. 25 лістапада 2019 году міністар замежных справаў Фінляндыі Пека Хаавіста сустрэўся з А. Лукашэнкам і міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем у Менску[8].
Беларускія амбасадары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Валянцін Вялічка (1994—1997)
- Міхаіл Марыніч (1999—2001)
- Уладзімер Дражын (2006—2013; паводле сумяшчальніцтва)[5]
- Аляксандар Астроўскі (2013—2018)
- Аляксей Самасуеў (зь 2018 году)
Фінскія амбасадары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Хары Мякі-Рэйніка (на 2013 год)[9]
- Крыстэр Мікельсан (на 2017 год; паводле сумяшчальніцтва)[10]
- Ар'я Маканен (2022 год)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Міжнародныя дагаворы і іншыя міжнародна-прававыя дакумэнты паміж Рэспублікай Беларусь і Фінляндыяй // Амбасада Беларусі ў Фінляндыі, 2023 г. Праверана 7 сакавіка 2023 г.
- ^ Інфармацыя аб бязьвізавым перамяшчэньні праз аэрапорты Рэспублікі Беларусь // Партал «Беларусь. Факты», 2022 г. Праверана 8 сакавіка 2023 г.
- ^ Аддзяленьне Амбасады ў Менск (фін.) // Партал «Амбсады Фінляндыі», 2023 г. Праверана 8 сакавіка 2023 г.
- ^ а б Міжнародныя дагаворы і іншыя міжнародна-прававыя дакумэнты паміж Рэспублікай Беларусь і Фінляндыяй // Амбасада Беларусі ў Фінляндыі, 2023 г. Праверана 8 сакавіка 2023 г.
- ^ а б в г д Яўгенія Рупакова. Нашыя рэкі — фінскія берагі // Зьвязда : газэта. — 4 красавіка 2014. — № 62 (27672). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Гандлёва-эканамічнае і інвэстыцыйнае супрацоўніцтва // Амбасада Беларусі ў Фінляндыі, 2023 г. Праверана 8 сакавіка 2023 г.
- ^ Супрацоўніцтва ў прыродаахоўнай сфэры // Амбасада Беларусі ў Фінляндыі, 2023 г. Праверана 8 сакавіка 2023 г.
- ^ а б Двухбаковыя адносіны Беларусі і Фінляндыі // Амбасада Беларусі ў Фінляндыі, 2023 г. Праверана 8 сакавіка 2023 г.
- ^ Макей правёў сустрэчу з паслом Фінляндыі // Газэта «Наша ніва», 21 лютага 2013 г. Праверана 8 сакавіка 2023 г.
- ^ Дзьмітры Гурневіч. «Адукацыя, законы і нацыянальны дух» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 6 чэрвеня 2017 г. Праверана 8 сакавіка 2023 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навіны // Амбасада Беларусі ў Фінляндыі, 23 лютага 2023 г. Праверана 8 сакавіка 2023 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
|