Інструкцыя па трансьлітарацыі
Інструкцыя па трансьлітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага альфабэту — мэтад запісу лацінскім пісьмом беларускіх геаграфічных назваў пры стварэньні мапаў і геаграфічных даведнікаў, прызначаных для міжнароднага выкарыстаньня, ухвалены пастановаю Дзяржаўнага камітэту па зямельных рэсурсах, геадэзіі й картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 году)[a]. Стваралася на аснове традыцыйнае беларускае лацінкі, распрацаванае Браніславам Тарашкевічам[1]. На пэўным этапе цалкам супадала з клясычнай нацыянальнай лацінкай, аднак пазьней у інструкцыю патаемна ўнесьлі зьмены — без тлумачэньняў прычынаў зьмянілі перадачу мяккага l[2]. Увогуле жа, паводле сусьветнае практыкі, пры наяўнасьці ў пэўнай мове традыцыйнага лацінскага альфабэту ўсе ўласныя назвы (ня толькі геаграфічныя), якія належаць гэтае мове, мусяць нязьменна перадавацца ў лацінапісьмовай прасторы іншых моваў. Асобныя сыстэмы трасьлітарацыі ствараюцца толькі для тых моваў, якія гістарычна ня маюць лацінскага альфабэту[3].
Апошнюю вэрсію распрацаванае інструкцыі афіцыйныя ўлады Беларусі перадалі на разгляд Працоўнае групы ААН па раманізацыях Групы экспэртаў ААН па геаграфічных назвах (UNGEGN)[4] і прапанавалі да ўжытку ў якасьці нацыянальнае на IX канфэрэнцыі ААН па стандартызацыі геаграфічных назваў[5]. У 2013 годзе UNGEGN зацьвердзіла гэтую вэрсію ў якасьці сыстэмы трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі[6].
4 красавіка 2023 году рэжым Лукашэнкі апублікаваў пастанову, якая скасавала трансьлітарацыю для беларускай мовы на аснове традыцыйнай беларускай лацінкі, замест якой увялі фактычна тую ж трансьлітарацыю, што ўжываецца для расейскай мовы. У апублікаваным дакумэнце няма ані сыстэмнасьці, ані навуковага грунту, пастанова груба парушае правілы і нормы стварэньня нацыянальных сыстэмаў трансьлітарацыі наагул і ігнаруе беларускую мову, у прыватнасьці яе гукавую сыстэму і графічныя традыцыі. Адзначаецца, што гэта чарговы крок да зьнішчэньня беларускай нацыянальнальнай ідэнтычнасьці[7]. Неўзабаве ў публічнай прасторы Беларусі замест лацінкавых назваў зьмясьцілі расейскамоўныя[8].
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інструкцыя замяняе папярэднія адпаведныя нормы й устанаўляе абавязковыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь правілы перадачы лацініцай беларускіх геаграфічных назваў пры стварэньні ў Рэспубліцы Беларусь картаграфічных і іншых вырабаў, прызначаных для міжнароднага выкарыстаньня. Перадача беларускіх назваў на лацініцу ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці зь іх афіцыйна зацьверджаным напісаньнем на беларускай мове. Пры браку беларускамоўных афіцыйных матэрыялаў за аснову бяруцца назвы, традыцыйныя ў мэтавай мове, пры гэтым магчымыя выпраўленьні скажэньняў.
Пры гэтым правілы не пашыраюцца на тапонімы іншых краінаў з афіцыйна прынятай лацінскай сыстэмай пісьма (тапонімы перадаюцца на мапах у адпаведнасьці з нацыянальнай формай напісаньня кожнае зь дзяржаваў) і на тапонімы сумежных краінаў з афіцыйна прынятай кірылічнай сыстэмай пісьма (назвы тапонімаў перадаюцца ў адпаведнасьці з сыстэмамі лацінізацыі геаграфічных назваў гэтых дзяржаваў).
Пры выбары вялікіх ці малых літараў, злучнага ці асобнага напісаньня, напісаньня праз злучок захоўваецца адпаведнае беларускае напісаньне.
У паказьніках геаграфічныя назвы разьмяшчаюцца ў адпаведнасьцю з пасьлядоўнасьцю асноўных літараў беларускае нацыянальнае лацінкі: a, b, c, č, d, е, f, h, i, j, k, l, m, n, o, p, r, s, š, t, u, v, z, ž, y.
Дыякрытычныя знакі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апроч звычайных літараў лацінскага альфабэту выкарыстоўваюцца лацінскія літары з трыма рознымі дыякрытычнымі знакамі:
Правілы трансьлітарацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зацьверджаныя правілы трансьлітарацыі ў адпаведнасьці з Інструкцыяй:
Літара кірыліцы | Літара лацініцы | Прыклад ужываньня |
А а | A а | Аршанскі — Aršanski |
Б б | B b | Бешанковічы — Biešankovičy |
В в | V v | Віцебск — Viciebsk |
Г г | H h | Гомель — Homieĺ, Гаўя — Наŭjа |
Д д | D d | Добруш — Dobruš |
Е е | Je je[* 1] | Ельск — Jеĺsk, Бабаедава — Babajedava |
ie[* 2] | Лепель — Liepieĺ | |
Ё ё | Jo jo[* 1] | Ёды — Jody, Вераб’ёвічы — Vierabjovičy |
io[* 2] | Мёры — Miory | |
Ж ж | Ž ž | Жодзішкі — Žodziški |
З з | Z z | Зэльва — Zeĺva |
І і | I i | Іванава — Ivanava, Іўе — Iŭje |
Й й | J j | Лагойск — Lahojsk |
К к | K k | Круглае — Kruhlaje |
Л л | L l | Любань — Liubań |
М м | M m | Магілёў — Mahilioŭ |
Н н | N n | Нясвіж — Niasviž |
О о | O o | Орша — Orša |
П п | P p | Паставы — Pastavy |
Р р | R r | Рагачоў — Rahačoŭ |
С с | S s | Светлагорск — Svietlahorsk |
Т т | T t | Талачын — Talačyn |
У у | U u | Узда — Uzda |
Ў ў | Ŭ ŭ | Шаркаўшчына — Šarkaŭščyna |
Ф ф | F f | Фаніпаль — Fanipaĺ |
Х х | Ch ch | Хоцімск — Chocimsk |
Ц ц | C c | Цёмны Лес — Ciomny Lies |
Ч ч | Č č | Чавусы — Čavusy |
Ш ш | Š š | Шуміліна — Šumilina |
’ (апостраф) | не перадаецца | Раз’езд — Razjezd |
Ы ы | Y y | Чыгірынка — Čyhirynka |
Ь ь | адсутнічае | Чэрвень — Červień |
Э э | E e | Чачэрск — Čačersk |
Ю ю | Ju ju[* 1] | Юхнаўка — Juchnaŭka, Гаюціна — Hajucina |
iu[* 2] | Любонічы — Liuboničy | |
Я я | Ja ja[* 1] | Ямнае — Jamnaje, Баяры — Bajary |
ia[* 2] | Вязынка — Viazynka, Bаляр’яны — Valiarjany |
Заўвагі:
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першую рэдакцыю Інструкцыі па трансьлітарацыі беларускіх геаграфічных назваў афіцыйна зацьвердзілі ў 2000 годзе, але пра гэта шырока не паведамлялася. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць», які выйшаў у 2003 годзе, трансьлітарацыя цалкам супадае з клясычнай лацінкай.
У кастрычніку 2006 году ў Таліне на канфэрэнцыі экспэртаў ААН па тапаніміцы пастанавілі, што беларускія тапонімы ў лацінскім шрыфце будуць захоўваць асаблівасьці беларускае артаэпіі. Пры гэтым галоўны спэцыяліст сэктару картаграфіі Беларускага дзяржаўнага камітэту маёмасьці Натальля Аўраменка паведаміла, што інструкцыя па трансьлітарацыі стваралася на аснове беларускае лацінкі, распрацаванае Браніславам Тарашкевічам[1], хоць беларускай лацінкай у поўным сэнсе яна ня можа лічыцца, бо ёсьць выняткова сыстэмай трансьлітарацыі.
Зьмены й дапаўненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2006 і 2007 гадох у афіцыйную фармулёўку Пастановы й спосабаў трансьлітарацыі ўносіліся зьмены, асноўныя зь якіх палягалі ў перадачы літары «ў» як «ŭ» замест «ú», і спалучэньняў літараў «дзь», «зь», «ль», «нь», «сь», «ць» як «dź», «ź», «ĺ», «ń», «ś», «ć» адпаведна замест ранейшых спалучэньняў «dz'», «z'», «l'», «n'», «s'», «c'»; перастаў выкарыстоўвацца апостраф.
Выкарыстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адной зь першае мапаў, створаных з выкарыстаньнем правілаў трансьлітарацыі паводле Інструкцыі, была турыстычная мапа Беларусі, выдадзеная ў 2005 годзе Камітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі й картаграфіі. Назвы геаграфічных назваў у ёй прыводзіліся ў адпаведнасьці з рэдакцыяй Інструкцыі, якая дзейнічала на той час: «Barysaú», «Červien´» «Mar´ina Horka»[9].
Празь некалькі гадоў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белгеадэзія» выдала новыя мапы, назвы ў якіх адпавядалі дзейнай выпраўленай рэдакцыі Інструкцыі. Прыкладна ў той самы час у цэнтры Менску зьявіліся паказальнікі на гістарычныя раёны гораду й станцыі мэтро, назвы на якіх перадаваліся ў адпаведнасьці з Інструкцыяй па трансьлітарацыі.
У жніўні 2009 году кампанія Google у сваім сэрвісе мапаў Google Maps адкрыла магчымасьць рэдагаваньня мапы Беларусі. Мяркуецца, што беларускія геаграфічныя назвы на іншых мовах, апроч беларускай і расейскай, будуць перадавацца ў адпаведнасьці з гэтай Інструкцыяй.
Ужываньне ў Менскім мэтрапалітэне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя выявы | |
---|---|
Схема ліній | |
Станцыі па адной лініі |
У жніўні 2012 году на станцыі «Інстытут Культуры» Менскага мэтрапалітэну зьявілася новая схема лініяў мэтро, дзе назвы станцыяў дублююцца ў адпаведнасьці з Інструкцыяй па трансьлітарацыі[10][11]. Тры месяцы пазьней, у лістападзе 2012 году, з уводам трох новых станцыяў Менскага мэтрапалітэну — Грушаўкі, Міхалова, Пятроўшчыны — новыя схемы з назвамі станцыяў, дубляванымі лацінскім альфабэтам у адпаведнасьці з Інструкцыяй, таксама зьявіліся на пэўных іншых станцыях і ў цягніках мэтро[12].
Зьяўленьне новых схемаў атрымала шырокі розгалас у грамадзтве, у беларускім сэгмэнце інтэрнэту разгарнуліся шырокія дыскусіі датычна мэтазгоднасьці выкарыстаньня такое сыстэмы[12][13][14]. Тым часам кіраўніцтва Менскага мэтрапалітэну паведаміла, што сыстэма трансьлітарацыі была прынятая на паседжаньні тапанімічнае камісіі пры Савеце Міністраў ад 4 кастрычніка 2012 году, вынікам якое стала пастанова дубляваць назвы станцыяў літарамі лацінскага альфабэту ў адпаведнасьці з Інструкцыяй па трансьлітарацыі[12].
Разам з гэтым, на станцыі Пляц Леніна назвы былі прадубляваныя лацінскімі літарамі не ў адпаведнасьці з Інструкцыяй. Гэта тлумачыцца тым, што станцыя «Плошча Леніна» была першай станцыяй, дзе зьявіліся ўказальнікі й інфармацыйныя шыльды новага ўзору, і з прычыны непаразуменьня першапачатковыя назвы былі перададзеныя літарамі лацінскага альфабэту іншым спосабам[15].
Адрозьненьні ад клясычнае лацінкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Спосаб трансьлітарацыі, прапанаваны ў апошняй рэдакцыяй Інструкцыі, практычна цалкам супадае зь перадачай назваў клясычнае лацінкай. Між імі можна вылучыць толькі два значныя разыходжаньні й адно нязначнае:
- Паводле Інструкцыі, трансьлітарацыя назваў адбываецца з афіцыйнага варыянту іхнага напісаньня, і таму асыміляцыйная мяккасьць з пэўнымі іншымі асаблівасьцямі правапісу не пазначаецца, у той час як у клясычнай лацінцы яна захоўваецца: Niasviž (паводле Інструкцыі) — Niaśviž (лацінкай), Ikazń (паводле Інструкцыі) — Ikaźń (лацінкай). Іншымі словамі, напісаньне лацінкай адназначна адпавядае напісаньню клясычным правапісам (тарашкевіцай), а напісаньне геаграфічных назваў паводле Інструкцыі адназначна адпавядае напісаньню афіцыйным правапісам (наркамаўкай).
- У лацінцы цьвёрды гук [л] перадаецца літарай «Ł» («ł»), а мяккі [л’] — літарай «L» («l»). У Інструкцыі ж прапаноўваецца для пазначэньня цьвёрдага гуку [л] выкарыстоўваць літару «L» («l»), а для мяккага гуку [л’] — літару «Ĺ» («ĺ»): Fanipaĺ (паводле Інструкцыі) — Fanipal (лацінкай), Lahojsk (паводле Інструкцыі) — Łahojsk (лацінкай).
- Лацінка дапускае факультатыўнае выкарыстаньне літары «g», што адпавядае гуку [ґ], які дастаткова рэдка выкарыстоўваецца ў беларускай мове. Ужываньне літары «g» правіламі Інструкцыі па трансьлітарацыі не прадугледжваецца ўвогуле.
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку прафэсаркі й доктаркі філялягічных навук Ніны Баршчэўскай напісаньне кшталту lies, якое выкарыстоўваецца ў прапанаванай сыстэме трансьлітарацыі, можа прывесьці да памылковага дыфтангічнага вымаўленьня, бо ў некаторых беларускіх гаворках на поўдні Беларусі, а таксама на Падляшшы выступае дыфтонг ie[16], што вымаўляецца як гук [i], які плаўна пераходзіць да [e][17].
Як адзначае беларускі мовазнаўца Вінцук Вячорка, увядзеньне гэтага адрозьненьня было патаемным і беспадстаўным: літара Ll у самой лацінскай мове азначае «паўмяккі», на беларускае вуха мяккі гук. Пры гэтым зьмена ягонага характару на цьвёрды, сярод іншага, пагаршае пазнавальнасьць беларускага напісаньня запазычаньняў[18]. Адпаведна, трэба адрозьніваць лацінку як нацыянальны альфабэт ад афіцыйнае раманізацыі тапонімаў[2][19].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Афіцыйная назва дакумэнта: «Инструкция по транслитерации географических названий Республики Беларусь буквами латинского алфавита». Дакумэнт апублікаваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь (выпуск №3, 11 студзеня 2001 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б ААНаўскія мапы: ніякіх больш Byelorussia’ў, Наша Ніва, 17 кастрычніка 2006 г.
- ^ а б Вячорка В. SŁUCAK. Ці Slutsk? Беларуская лацінка, трансьліт і рэпутацыя слаўнага гораду, Радыё Свабода, 28 траўня 2020 г.
- ^ Вячорка В. І кірыліца, і лацінка нам не чужыя, Радыё Свабода, 27 кастрычніка 2017 г.
- ^ Афіцыйная старонка UNCEGN
- ^ National System of Geographic Names Transmission into Roman Alphabet in Belarus
- ^ Report on the Current Status of United Nations Romanization Systems for Geographical Names / Compiled by the UNGEGN Working Group on Romanization Systems Version 4.0, February 2013
- ^ Што ня так з увядзеньнем новай сыстэмы трансьлітарацыі. Тлумачыць мовазнаўца, Радыё Свабода, 4 красавіка 2023 г.
- ^ Лявон Вольскі, Да чаго давялі лібэралізацыя зь беларусызацыяй, альбо Зьмена дэкарацыяў па-беларуску, Budzma.org, 4 кастрычніка 2023 г.
- ^ Некаторыя кавалкі мапы
- ^ Беларуская лацінка вяртаецца на мапы, Радыё Свабода, 28 жніўня 2012 г.
- ^ Новая схема минского метро, minsk1067
- ^ а б в Жарсьці па лацінцы — мэтрапалітэн не зьбіраецца нічога мяняць, Радыё Свабода, 8 лістапада 2012 г.
- ^ Першая кроў: беларуская лацінка ў метро, Budzma.org, 7 лістапада 2012 г.
- ^ Plošča Lienina ці Plošča Lenina: як правільна на беларускай лацінцы?, Наша Ніва, 9 лістапада 2012 г.
- ^ Ці заменяць «правільную англійскую» на Плошчы Леніна на беларускую лацінку?, Наша Ніва, 5 студзеня 2013 г.
- ^ Niama patreby refarmavać našuju łacinku, Łacinka.org, 2007 г.
- ^ Максімюк Я. Let’s write and read Podlachian, Радыё Свабода, 17 сакавіка 2008 г.
- ^ Вячорка В. Чаму Тарашкевіч пісаў «пляны» і «лёзунгі»? Пра важную рысу клясычнага правапісу, Радыё Свабода, 31 студзеня 2019 г.
- ^ Kamusella T. Who is afraid of the letter Ł? Łacinka and the Belarusian dictator // New Eastern Europe. Issue 3, 2021.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Пастанова Дзяржаўнага камітэту па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь № 15 ад 23 лістапада 2000 году ў рэдакцыі па стане на 1 лютага 2009 году
- 8/16668 О внесении изменений и дополнений в Инструкцию по транслитерации географических названий Республики Беларусь буквами латинского алфавита
- Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь. Нарматыўны даведнік [у 6-ці тамах]. Мн.: Тэхналогія, 2003—2010. Выданьне ўлічвае зьмены, прадыктаваныя прыняцьцем Інструкцыі па трансьлітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага альфабэту.